Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
— Раней, вядома, былі мы тут усе цёмныя...— сур’ёзна казаў далей возчык.
Ён баяўся, што Сакары заўважыць непрыстойныя
паводзіны каня, і не зводзіў з жывёліньі вачэй. Каняка таксама не драмаў і абдумваў свой паганы план.
Нарэшце возчык адважыўся загаварыць пра кандыдата ў сейм. Толькі цяпер Пюкялайнен даведаўся, што Сакары абвясціў ленсмана вар’ятам. Яшчэ пільней гледзячы на свайго разбэшчанага каня, возчык пачаў распытваць прапаведніка пра гэтую дзіўную справу.
— Усё праўда,— пацвердзіў Сакарьі.— Хутчэй блыху на рыбіне знойдзеш, чым кропельку розуму ў галаве ў пана ленсмана.
Пюкялайнен даў веры і надта засмуціўся, што ленсман так цяжка захварэў.
— Добра было б, каб гасподзь падказаў нам каго разумнейшага,— прамовіў ён.— Там, у сейме, трэба ўсё ж у зямных справах штосьці петрыць.
— Дык выбірайце Юсі Пуніту,— прапанаваў Сакары.
Пюкялайнен, ведаючы, што гэта зацяты вораг пана прапаведніка, спачатку вельмі здзівіўся. Але Сакары, каб адпомсціць Юсі Пуніту, упарта паўтараў, што той — чалавек надзвычай разумны.
— Ён аж занадта разумны. Яму сам д’ябал сваёй меркаю розум адмераў.
Толькі тады ў галаве ў пабожнага Пюкялайнена прасвятлела, і ён зразумеў хрысціянскую высакароднасць і ахвярнасць прапаведніка: той не проста казаў добрыя словы пра свайго страшэннага ворага, але нават прапаноўваў абраць таго ў сейм. Гэта не звычайны прыхаджанін, які зычыць ворагу толькі кепства і сніць у снах, як звесці з ім парахункі. Вазак глядзеў на Сакары, як на святога. Ён паверыў усяму, што пачуў ад прапаведніка, і вельмі баяўся, што бязбожны конь зганьбіць яго, Пюкялайнена, перад гэтым святым чалавекам. Ён раз-пораз пастукваў каня пугаўём па хвасце, каб агіднік не надта задзіраў яго.
— Такая ўжо грахоўная прырода ў чалавека,— пабожна і пакорліва сказаў Пюкялайнен.— Станеш яго будзіць, дык не разбудзіш да спраў боскіх аніколі.
— Можна абудзіць, можна! — упэўнена сказаў Сакары.— Трэба толькі грукаць мацней.
Пюкялайнен важна пагадзіўся.
— Я таксама абудзіўся, толькі калі добра загрукаталі,— зазначыў прапаведнік.
Каб прыспаць пільнасць Пюкялайнена, яго стары конь прыкінуўся зусім прыстойным, але гаспадар адразу ж раскусіў гэтую хітрасць і сачыў за брыдкай жывёлінай яшчэ болып уважліва.
— Я спярша не верыў ні ў бога, ні ў чорта,— казаў далей Сакары.— А вось як пачуў з усіх бакоў стукат і грукат, тады і прачнуўся. Толькі тады і дапяў, які гэта страшэнны грэх — залішні розум.
— Тпру, тпру! — закрычаў Пюкялайнен, баючыся, каб конь не зняславіў яго.
— Залішні розум? — перапытаў вазак.
Так яны дапялі да самага галоўнага.
— Калі паставіць мяне побач з пастарам Пёндзіненам,— гаварыў Сакары,— дык я чалавек маленькі. Але там, дзе трэба стукаць і грукаць, я пудла не дам!
Пюкялайнен мусіў паверыць і тут.
— У нас у прыходзе розуму хапае,— падтрымаў ён гаворку.— У школах жа вучаць.— I, памаўчаўшы, сур’ёзна дадаў: — А цяпер вось і новую вар’ятню завялі. Усё як у людзей.
Але тут у размову ўмяшаўся конь. Ён высока задраў хвост і даказаў сваё засведчанае тысячагоддзямі права рабіць тое, чаго вымагае ад яго прырода. Няхай сабе седаком будзе хоць сам арцыбіскуп, а фурманам — ганаровы сябра таварыства высокай маралі «Сіняя стужка», ніхто не пазбавіць яго, каня, права задзерці хвост і зрабіць усё, што робіцца ў такіх выпадках.
Які сорам! Відаць, Пюкялайнен не здолеў бы растлумачыць, чаму ён так засаромеўся і раззлаваўся. Намаганнем волі ён утаймаваў гнеў, але дома, калі Сакары побач ужо не было, усё ж спагнаў злосць на гарапашнай жывёліне, якая так зняславіла яго перад божым чалавекам. Распрагаючы каня, ён выцяў яго аброццю і з нянавісцю выгукнуў:
— Каб з цябе жывога скуру злупілі!
Конь таксама ўшалеў. Адскочыўшы ад гаспадара, ён павярнуўся да яго задам і адказаў непрыстойным гукам, прычым такім моцным, што не пачуць яго маглі толькі глухія. Потым ён злосна махнуў хвастом і, нібыта збіраючыся брыкацца, пагрозліва павіляў азадкам. Пасля адбегся яшчэ далей і пачаў хапаць ашчэранай зяпаю траву.
*
Абуджаным да веры людзям з глухой вёскі казань Сакары падалася даволі цікавай. Быў цудоўны пагодлівы вечар, і двор выглядаў быццам куток дзе-небудзь на краі Эдэма. Непадалёку, на пашы, ціхамірна жавалі жвайку каровы, сярод якіх ляжаў вялізны бык. Ён злосна казеліў вочы на адну карову, і гэта трохі парушала ідылію.
— Калі ў клеці спіць бесклапотная кабета,— прапаведаваў Сакары,— дык яна не прачнецца, пакуль хто-небудзь не прыйдзе і не пастукае.
Святары ніколі не казалі так, каб чалавек невучоны іх адразу ж зразумеў, а словы новага прапаведніка былі простыя і ясныя, як вада і хлеб.
— Але калі я прыйду і пастукаю ў дзверы, яна прачнецца,— працягваў Сакары.
Гаспадарскі сабака спакойна разлёгся сярод двара і таксама слухаў казань.
— Калі ж яна не прачнецца з першага разу, я пастукаю зноў.
Удава Хайвенінен чхнула. Яе мары пачыналі здзяйсняцца.
— А калі ізноў не пачуе, я буду стукаць, пакуль яна не падымецца,— красамоўнічаў Сакары.
Во-во. He так лёгка нас, грэшных, разбудзіць. Лянівыя папы, што стукаюць абы-як, проста таму, што ім плоцяць за гэта грошы, нас не разбудзяць. Прыкладна такія думкі нараджала ў галовах у людзей гэтая вечаровая казань. Усё навокал было ціхамірна-бязгрэшна, адно раззлаваны бык па-ранейшаму касавурыўся на карову.
— Калі ж баба не прачнецца пасля стукату, я пачну грукаць!
Тут таксама ўсё было зразумела. Простыя і пранікнёныя словы адразу даходзілі да людскіх сэрцаў.
— Спачатку пагрукаю ціха, а як не дапаможа, пачну грукаць мацней і мацней.
Во як! Каб жа ўсе папы былі такія ж руплівыя!
— Ну а калі і гэта будзе марна, пачну грымець і грукацець так, што пазакладае вушы! — натхняўся Сакары.
Усё так! Пастар Пёндзінен, калі заязджаў сюды, таксама казаў пра тры ступені чалавечага абуджэння да слова боскага.
— Буду грукаць у дзверы і ў сцены...— плыло ў вечаровым паветры.— He дапаможа простая палка — вазьму даўбешку і буду грукаць далей. Буду малаціць, пакуль тая баба не прачнецца. А калі яна ўсё адно будзе дрыхнуць, пачну крычаць: «Гэй ты, пыхлівая і фанабэрыстая! Прачніся, бо я стукаў і грукаў ноч навылёт і, калі ты не адчыніш мне дзверы, буду грукаць яшчэ адну ноч!»
Голас прапаведніка ўзмацнеў:
— I тады жанчына падымецца. Няхай толькі паспрабуе спаць! Нават калі заткне вушы, каб не чуць, усё адно прачнецца і зразумее, што яе душа мусіць
прачнуцца, каб госпад замест фанабэрыі і мудрасці ўдыхнуў туды што-небудзь лепшае... Бо навошта чалавеку лішні розум?
Як моцна і як праўдзіва!
— Розум — гэта толькі ганарлівы певень,— грымеў прапаведнік.— Ён пнецца заляцець куды-небудзь вышэй, няхай сабе нават на кучу гною, а там выцягвае шыю, тупоча нагамі, лапоча крыламі і крычыць, які ён разумны. Але калі ты падыдзеш да яго гэтаксама, як Давыд да Галіяфа і да льва, і скажаш: «Ану-ткі выходзь на барацьбу, як Іакаў, пакажы сваю дужасць, калі ты такі гарласты», вось тады, тады... Тады, гарлаючы і лапочучы крыламі, ён пабяжыць ратавацца пад мост і будзе замятаць сляды свае смеццем і гноем!
Якія зразумелыя і моцныя параўнанні! Парасткі веры ў душах у слухачоў мацнелі і выпростваліся.
— Няхай розум кукарэкае, няхай колькі хоча крычыць пра сябе. Усё адно ганарысты певень не здолее знесці яйка. Толькі вера, гэтая пакорлівая курыца, можа несці яйкі, спяліць вінаград і раздаваць яго людзям!
У душах вернікаў, нібы птушаня ў галубіным кубле, пачала нараджацца сумота.
— Толькі словам і вераю ўратуецца фінскі народ! — Сакары быў у экстазе.— Толькі тады, як адпрэчыць мудрасць зямную і зрасцецца каранямі з чыстай вераю і шчырым словам, знойдзе ён дарогу ў рай. Той жа, хто давярае свайму розуму, ідзе спіною да Сіёна, і компас яго ў гэтым свеце паказвае толькі на тлустую кілбасу. I не прасвятліць гасподзь душу яго, а пашле яму замарачэнне, бо розум патрэбны тут гэтаксама, як прусак у супе, а пазнанне — гэтаксама як скочка на шлюбным ложы.
Сэрцы ў слухачоў трымцелі, быццам націнкі пад ветрам. Такія магутныя біблейскія параўнанні ўтаймоўвалі нават самых ганарлівых. Жанчыны расчуле-
на хіталі галовамі. Хтосьці плакаў. Зачараваны казанню натоўп сядзеў, нібыта перад уваходам на Сіён, a прапаведнік працягваў:
— Праўду кажу вам! Розум фінскага народа — тое самае што камень на дарозе: калі коціцца — шмат ад яго шуму, але захочаш уцяміць нешта і адкусіць ад яго кавалак, дык толькі зубы абламаеш! А таму розум твой, о фінскі народзе, ва ўсім свеце маюць за камень, які адкідваюць прэч! He дазваляй асуджаць розум твой! He пускай абабраных дзяцей тваіх у шлюбныя пакоі караля, бо страхалюднымі будуць там дзеці твае! Праўду кажу вам! Праўду кажу вам, што розум фінскага народа — тое самае што рогі на галаве ў быка. Розуму з іх не высмакчаш. Толькі вера, пакорлівая вера, паставіць цябе, о фінскі народзе, на праведны шлях. I прывядзе цябе шлях гэты да райскае брамы, як прывозіць туды асёл гаспадара свайго на спіне, бо спіна асліная — найлепшы трон чалавецам. I тады дарога твая будзе высыпана пальмавым лісцем і спрыяць табе будзе сам гасподзь, які нясе цяжар грахоў нашых.
Цудоўна! Зусім як па Бібліі! Слухачы былі зачараваныя, а прапаведнік тоўк сваё:
— О фінскі народзе, дбай болей пра чэрава, а не пра мудрасць сваю і тады не заблукаеш і не стомішся на дарозе ў рай — калі толькі ёсць у цябе слова і вера, бо моцная вера — адзіны паратунак, што даў табе гасподзь наш. Аман!
Палымяны прапаведнік Сакары Колістая яшчэ доўга ганьбіў і бэсціў мудрасць зямную, на біблейскіх прыкладах даводзячы, што яна прычынілася да ўсіх нягод і няшчасцяў фінскага народа. Сакары заклікаў слухачоў адпрэчыць грахоўны розум і кіравацца толькі вераю. Усім тым, хто пойдзе за ім і адмовіцца ад розуму зямнога, ён дакляраваў шчасце на небе. Сэрцы вяскоўцаў расталі, як масла на патэльні. Новая вера пасеяла зярняты нават у самых бесклапотных душах.
Удава Хайвенінен таго ж вечара запрасіла прапаведніка суцешыць яе і атрымала згоду. Выслухаўшы суцяшэнні, удава загаварыла сама. Яе красамоўства не саступала красамоўству Сакары, і ў той самы вечар аднавокая ўдава зрабілася яго нявестаю. Іншыя слухачы казані таксама не драмалі. Дзейнасць Сакары пачала даваць багаты плён.
*
Праведныя адносіны Сакары да яго лютага ворага Юсі Пуніту моцна ўразілі нават самыя абыякавыя сэрцы. He дзіва, што лік вернутых да бога людзей рос дзень пры дні. Па прыходзе прайшла магутная хваля абуджэння. Тыя, чые душы яшчэ ўчора спалі, сёння славілі пабожнасць і бездакорныя паводзіны новага прапаведніка.