Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
— Калі ў справы веры палезуць розныя невукі і
прайдзісветы, дык атрымаецца не каша, а адзін грэх, таму з такімі прапаведнікамі добрай кашы не зварыш.
— Дапраўды, дапраўды,— пагадзіўся гаспадар.
Ён паабяцаў грунтоўна вывучыць дзейнасць Сакары і, калі толькі яму ўдасца выявіць тут ерась, данесці на прапаведніка ў кансісторыю.
— Калі кансісторыя падтрымае нас, я гатовы быць абвінаваўцам,— сказаў задаволены ленсман.
Ён цешыўся поспехамі і чакаў прыезду новага суддзі, каб зрабіць Пуніту прысяжным засядацелем і яшчэ бліжэй наблізіцца да расплаты з Сакары. Ен яшчэ не атрымаў ад пастара Пёндзінена ліст, дзе той паведамляў, што просіць прапаведніка Сакары Колістая дапамагчы яму, ленсману, на выбарах. Акрыялы кандыдат у дэпутаты сейма не ведаў, што ў яго ўжо з’явіўся небяспечны канкурэнт Юсі Пуніту, кандыдатуру якога прыхаджане выставілі па рэкамендацыі яго заклятага ворага Сакары.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Жыццё ў ленсманавым доме было змрочнае, напружанае і нялёгкае. Вось і зараз пані ленсманіха збіралася ісці на заняткі гуртка па вышыванню, але не мела на тое аніякае ахвоты: лепей ужо быць жонкаю злачынцы, чым жонкаю дурня ці нават вар’ята.
А тут яшчэ з’явіліся новыя клопаты. Сёння пані ленсманіха атрымала ліст ад жонкі свайго родзіча сенатара і ад баранесы Вуорыківі. Яны віншавалі будучага дэпутата сейма, будучага фогта і будучага сенатара з поспехамі ў палітычнай кар’еры і абяцалі неўзабаве выказаць яму віншаванні асабіста. Гэта ж не будзе куды вачэй падзець, калі такія госці прыедуць і пра ўсё даведаюцца. Які сорам!
Расхваляваная пані са змрочным выглядам штосьці шыла. Сам ленсман, паспаўшы пасля абеду, спра-
баваў чытаць газету. Пудэ, гэты непапраўны агіднік, разваліўся пасярод пакоя і, задраўшы ўгору лапы, бессаромна выставіў напаказ усю сваю гаспадарку. Ён нешта вычварыў у вёсцы, уцёк ад расправы і цяпер шчасна адпачываў.
Кайса-Лійса прынесла каву. Выходзячы з пакоя, яна заўважыла амаральную паставу Пудэ і спынілася.
— Цьфу! — плюнула яна і абурана прабурчала: — He могуць ужо сабаку прывучыць да людскіх паводзін.
Гаспадары збянтэжана перамаўчалі. Пані, урупіўшыся ў работу, шыла.
— Ва ўчарашняй ці ў нядзельнай газеце пішуць, што...— прамармытаў ленсман, гартаючы газетныя старонкі.— Ага, гэта за аўторак. Дык вось, тут пішуць, што ленсмана з Яалу, майго аднакласніка Кнуута Бернхарта Пімпооніуса, прызначылі фогтам. Між іншым, калісьці мы лічылі яго даволі дурным. У нашым класе ён быў па паспяховасці дзевятнаццаты, а я — чацвёрты.
Ён паглядзеў на жонку. Якая яна прыгожая, яго Еню Сесілія!
— Дык вось... я быў чацвёрты. Праўда, не адразу. Гэта пасля таго, як Хінка Парала памёр, а Хуга Рогеруса выгналі за п’янку. Потым яшчэ чатырох выключылі. Вось тады я і зрабіўся чацвёртым. Каб выгналі і тых трох, што стаялі перада мной, дык быў бы і першы. Шкада, што яны нічога такога не вычварылі і засталіся вучыцца.
Пані ленсманіха цяжка ўздыхнула, і ў пакоі зноў павісла цішыня.
— Ну што, Еню Сесілія...— пачаў гаспадар, але адказу не дачакаўся.
На шчасце, Пудэ быў, як зазвычай, побач.
— Ах ты, паганец! — закрычаў ленсман, схапіўшы кій.— Зноў выставіў сваё багацце!
Пудэ ніколі не меў чыстага сумлення, а таму заў-
сёды трымаўся напагатове. Убачыўшы кій, сабака імгненна знік пад канапаю.
— Злягчаць гэтую поскудзь трэба,— сурова сказаў ленсман.— Тады і звычкі зменяцца.— I ён адразу загадаў Кайсе-Лійсе прывесці свайго жаніха старога Цырынена, даўняга ворага ўсёй мужчынскай часткі вакольных сабак, катоў і іншай жывёлы.
Тут мы зноў мусім нібыта адхіліцца ад асноўнай сюжэтнай лініі, але гэта толькі здаецца, бо папраўдзе мы якраз набліжаемся да яе, каб пазнаёміцца з вынікамі дзейнасці галоўнага героя нашай мудрай кнігі.
Стары Цырынен заўсёды лічыў, што адклад не ідзе на лад. Прыбыўшы да ленсмана з усімі сваімі прычындаламі, ён выняў ніштаваты кавалак мяса і пасяброўску падміргнуў Пудэ. Наш герой выдатна ведаў, хто такі Цырынен і чым можна заплаціць за яго пачастунак. Але мяса выглядала такім смачным, піто адмовіцца ад яго было проста немагчыма. У галаве Пудэ імгненна склаўся план. Сабака дазволіў падступнаму Цырынену падысці да сябе і ў апошні момант выхапіў мяса ў старога з рук. Калі ж той паспрабаваў злавіць Пудэ, сабака балюча ўкусіў ворага за нагу і ўцёк. Стары брыдка вылаяўся і прыгразіў, што падасць на ленсмана ў суд. Аднак справу ўдалося замяць, бо ленсман паабяцаў заплаціць за лекі і за візіты доктара і даць яшчэ сто марак.
У гонар свайго выратавання Пудэ наладзіў вялікае свята. Ён абабег вёску, сабраў усіх сяброў і сапернікаў на доктараў падворак і ўчыніў там такую велізарную бойку, што ў яе мусілі ўмяшацца не толькі доктар з сямейнікамі, але і тыя, хто прыйшоў на заняткі вышывальнага гуртка. Найбольш перапала пісарчуковаму сабаку, які, між іншым, даводзіўся Пудэ сынам. Запрасіўшы сына на бойку, Пудэ па-бацькоўску адматлашыў яго, потым сцягнуў па дарозе дамоў кавалак смажанай курыцы, што прыгатавалі ў пастаравым
доме да прыезду губернскага пробста, а папалуднаваўшы, ціхенька прабраўся ў спальню і разлёгся на гаспадарскім ложку дакладна ў такой самай непрыстойнай паставе, якая надоечы абурыла пана ленсмана.
Трохі пазней ён спакусіў сучку свайго зласліўца Цырынена, што па часе прывяла старому чацвярых шчанюкоў. На выставе ў сабачым клубе кожны з іх атрымаў першую прэмію: залаты медаль і трыста марак. Пазней стары Цырынен прадаў шчанюкоў разам з медалямі па семсот марак за кожнага нейкім гарадскім панам і зарабіў на ўсім гэтым чатыры тысячы марак.
Пакінутая Какілайненам Кайса-Лійса выйшла замуж за Цырынена. Абое зрабіліся прыхільнікамі новай веры Сакары Колістая і жывуць шчасліва, бо стары (хоць па рамяству ён і вораг роду мужчынскага) сумленны грамадзянін і свае мужчынскія абавязкі выконвае гэтаксама старанна, як і службовыя.
*
Час ішоў, і тых, хто быў ублытаны ў гэтую дзівосную гісторыю, чакалі новыя неспадзяванкі.
Прыехаў новы суддзя Пека Лакінен, і ленсман параіў яму ўзяць у прысяжныя засядацелі Юсі Пуніту. Суддзя захацеў спачатку пазнаёміцца з кандыдатам і паклікаў яго да сябе. Назаўтра ленсман зайшоў да Лакінена, каб даведацца пра вынікі той размовы. Суддзя быў згодны.
— Дурнаваты мужык гэты Пуніту,— прамовіў ён, смакуючы грог,— але нашы засядацелі, як і царкоўныя старасты, ніколі не былі мудрацамі.
Такім чынам, яны зноў загаварылі пра мудрасць.
— Ды і навошта лішні розум простаму чалавеку? — казаў далей суддзя.— Абы ўмеў смаркачы з-пад носа выцерці і вывезці на поле свае смярдзючкі, а ўсё
астатняе... Ну, браце, за тваё здароўе!.. Так п’ецца, што аж ікаецца...
— На здароўе!
— Дык вось,— ікнуўшы, працягваў суддзя.— Народу гэтая раскоша не трэба. Я кажу пра розум. За народ усё вырашаюць чыноўнікі і вышэйшыя саслоўі. Ды яны, мужыкі, каб паразумнелі, дык зусім звар’яцелі б: пачалі б ад вялікага розуму скакаць ды трэсці азадкамі. На, браце, выпі!
Ленсман з сур’ёзным выглядам выпіў. Тэма размовы яму не надта падабалася, і ён маўчаў.
— Весці за сабой сапсаванага розумам селяніна,— усё адно што цягнуць за рогі натурыстага быка,— зазначыў, запаліўшы цыгару, суддзя.
Дома ленсмана чакаў ліст ад пастара Пёндзінена. Добры ленсманаў гумор умомант знік. Пёндзінен паведамляў, што загадаў Сакары ўсяляк садзейнічаць яму на выбарах. Ленсман вылаяўся. Собіла ж яму настроіць пробста супраць свайго памагатага! На шчасце, ленсман яшчэ не ведаў, што ў перадвыбарнай барацьбе ў яго з’явіўся небяспечны сапернік — Юсі Пуніту, якому ён сам паспрыяў, уладкаваўшы Юсі прысяжным засядацелем, а значыцца, падняўшы яго аўтарытэт у выбаршчыкаў. Так ленсман трапіў у свой жа нерат. Калі б небарака пра ўсё гэта даведаўся, далібог, ён і сапраўды даў бы веры прапаведніку Сакары, які пусціў па прыходзе чутку, што бог не надзяліў пана ленсмана лішнім розумам.
*
Тым часам стары пробст Саарнанен старанна рыхтаваў абвінавачанне Сакары ў ерасі. Дзейнасць прапаведніка вельмі непакоіла пробста, і ён аддаўся гэтай справе ўсёй душою.
Быў вечар. Пробст пачаў распранацца, яго жонка
ў зручным светлым каптурыку і з акулярамі на кончыку носа яшчэ чытала «Новую Генавеву». Яны кагадзе гаварьілі пра вучэнне Сакары і Пёндзінена, а таксама пра іншыя праблемы веры.
— Калі прапаведнік ерасі ступіць на мой мазоль, дык гэтыя мудрацы толькі смяюцца,— сказаў пробст.— А калі дапячэ самім, як гэтаму ленсману, тады, каб уратаваць свой палец, пачынаюць рупіцца і пра маю нагу.
— Дапраўды так, любьі Рэйна Ансельмі! — сказала жонка, адарваўшьіся ад кнігі і пазіраючы на пробста вялікімі, украй поўнымі пабожнасці вачыма.— Як бачыш, у часы клопату свайго звяртаюцца моцныя людзі зямлі да бога і да слуг ягоных.
I яна зноў загаварыла пра вучэнне Сакары і Пёндзінена:
— Усе... Усе вакол асуджаюць недаўгавечную мудрасць. Адна толькі вера можа быць жыццядайнай.
Стары акурат сцягваў штаны.
— Няхай асуджаюць! — без асаблівых разваг і ваганняў адказаў ён.— Мудрасць таксама дарунак божы, а таму вера і мудрасць жывуць...
Тут ён нахіліўся, каб сцягнуць правую калашыну.
— ...вера і мудрасць,— упарта працягваў ён,— жывуць у гэтым тленным свеце, як два браты, і разумнейшы вядзе за сабою дурнейшага.
Пробст нарэшце сцягнуў калашыну з нагі.
— Усё ад бога,— дзёўб ён сваё, шукаючы цвік, каб павесіць нагавіцы.— I вера, і мудрасць — ад бога, таму і жывуць разам, як дзве калашыны. Куды адна, туды і другая. Іначай гэты створаны госпадам нашым свет быў бы аднаногі і паўштанны.
Нарэшце стары знайшоў цвік.
— Няхай вісяць! Як вера, так і мудрасць! — закончыў пробст, павесіўшы нагавіцы.
Ён у адным споднім даклыпаў да ложка і хутка
заснуў. Пробстава жонка яшчэ крыху пачытала «Генавеву», потым дастала карты і ўзялася варажыць, спрабуючы даведацца, што выйдзе з гэтага вучэння Пёндзінена і Сакары. Стары кот ускочыў на стол і пачаў сачыць за картамі, не раўнуючы як заўзяты варажбіт. У пакоі панавала праведная цішыня. Пробст ціха пасопваў, стары гадзіннік мірна адлічваў хвіліну за хвілінай.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
Увесь свой час Сакары аддаваў вар’ятні. Новы загадчык падабаўся ўсім работнікам, але асабліва яго ганараваў лайдак Хіпелайнен, які захапляўся Сакары яшчэ з тае пары, калі на сенажаці яны сачылі за «цягнем — пацягнем». Хіпелайнен упадабаў загадчыка не таму, што вызнаў яго шчырую душу, а з тае прычыны, што меркаваў цяпер зарабіць разы ў чатыры болей, чым раней.