Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму  Маю Ласіла

Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму

Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
80.23 МБ
Каб аддзячыць Сакары, вернікі пастанавілі вылучыць Юсі Пуніту кандыдатам у дэпутаты сейма. Яны ўзяліся за справу вельмі чынна, але так пакрыёму, што анічога не ведаў нават сам кандыдат. Пра хрысціянскую высакароднасць і ўсёдаравальнасць прапаведніка яго злоснік павінен быў даведацца нечакана. Грэшнікі ўбачаць, якая вялікая сіла хаваецца ў веры.
Болей за ўсіх старалася новая нявеста Сакары ўдава Хайвенінен. Яна не толькі рашуча падтрымала кандыдатуру Пуніту, але і даведалася аднекуль, што ленсман і суддзя хочуць прапіхнуць Юсі ў прысяжныя засядацелі. Гэта, несумненна, паспрыяла б кандыдату і на выбарах у сейм.
«Калі паны цягнуць гэтага мужыка ў прысяжныя, дык, відаць, ён і сапраўды не абэлтух»,— разважалі некаторыя. Але і тут першае слова сказалі не паны, a Сакары, бо пра розум Юсі Пуніту людзі ўпершыню пачулі ад новага прапаведніка.
Такім чынам, слава Сакары Колістая расла як на
дражджах, а разам з ёю пайшлі ўгору і акцыі Юсі Пуніту. Яго ўсё радзей называлі Юсі-дурань, бо цяпер важылі на новых вагах *.
*
А ў доме пастара Пёндзінена ўсё дашчэнту заблыталася. Абражаная падступнасцю Туомаса Ійда пакінула гаспадароў: яна не магла нават жыць пад адной страхою з гэтым мярзотнікам.
— Падумаеш, ён да мяне астыў! — пагардліва сказала яна Туомасу на адвітанне.— Няхай бы ты зусім скарчанеў. Такіх, як ты, вешалак на штаны — хоць вазамі вазі!
Цяпер Ійда працавала ў пана пісара і нават паспела ўжо заручыцца з яго парабкам. Замест яе Пёндзінен узяў за прыслугу нетутэйшую дзяўчыну Херту і адразу займеў сабе новы клопат.
Клопат быў маленькі, але даволі прыкры. Туомас аднекуль дачуўся, што Сакары Колістая зусім не памёр, а толькі з’ехаў кудысьці і неўзабаве вернецца. Значыць, ажаніцца з яго жонкаю ўвішны парабак ужо не мог. Шчыра кажучы, Туомас не надта засмуціўся. Ён з прыемнасцю пачуўся вольным чалавекам і вырашыў сысціся з Хертай, балазе тая паглядала на яго даволі прыязна.
I вось аднойчы, гадзін каля дзвюх ночы, пастару Пёндзінену заманулася напіцца вады, і ён, стараючыся не шумець, зайшоў у кухню, дзе спала Херта. Ён хацеў адно папрасіць простай зямной вады, каб наталіць смагу.
I тут ён з жахам убачыў, што Херта не адна. Калі б высокамаральны чытач быў, як некалі наша прамаці Ева, няздатны чырванець і не меў бы патрэбы ў
1 Гульня слоў: punittu — узважаны (фінск.).
фігавым лістку, я без выкрутаў сказаў бы: Херта ляжала ў Туомасавых абдымках. Пастар жахнуўся і пачаў ушчуваць парабка, але як чалавек далікатны ён гаварыў вельмі ціха, бо баяўся разбудзіць пані Амалію.
Туомас, вядома, зараўнаваў і не зважаў ні на якія папрокі. Калі ж пастар Пёндзінен прыгразіў парабку пакараннем, той спакойна напіўся вады з дзежкі і дзёрзка адказаў:
— А мне напляваць! Я таксама язык навязваць не буду. Няхай усе ведаюць, як пастар у адным споднім краўся да Херты сярод ночы.
— Туомас! — бездапаможна вырачыўся Пёндзінен.— Ты... ты... Ты ж сам быў на кухні!
Аднак Туомас плюнуў скрозь зубы і запярэчыў: маўляў, калі ідзе гаворка пра мараль, дык тут, на кухні, парабак мае перад пастарам вялікую перавагу.
— Калі ў ложак да пакаёўкі кладзецца парабак — гэта адно, а калі пастар — зусім іншае,— ляніва, але ўпэўнена адказаў ён.
Пёндзінена напаткалі новыя пакуты. Пастара ўвесь час тачыў страх, што Туомас праз сваю злосць або праз дурасць раззвоніць аб яго начных прыгодах на ўвесь прыход. I гэта цяпер, перад выбарамі! I ў дадатак якраз тады, калі Сакары абвясціў яго прыдуркам. Карацей, пастар трапіў у нявыкрутку.
*
Мінулася некалькі дзён. Выбарчая кампанія набірала размаху. Пасля Туомасавых пагрозаў пастар Пёндзінен лічыў сваё становішча амаль безнадзейным. Аднак ён не склаў рук і старанна рыхтаваў перадвыбарную казань, спадзеючыся, што красамоўства дапаможа яму ўратавацца.
Тэмаю казані было, вядома, блізкае пастараваму сэрцу пытанне веры. Пастар меў на мэце яшчэ раз да-
весці, што спасцігнуць чалавечую дуіпу можна толькі праз веру.
Казань пачыналася словамі: «О чалавек! Вочы і вушы здрадзяць табе, а вера — ніколі». Далей ішло даўжэзнае і мудрагелістае тлумачэнне гэтага тэзіса. Пастар меўся сказаць, што чалавек почасту несправядліва асуджае бліжняга свайго. На падставе адных толькі пушчаных несумленнымі людзьмі плётак ён можа палічыць бліжняга свайго дурным, сквапным, злым і нават распусным. «Але калі мы паглядзім на чалавека праз чыстае акно веры,— гаварылася ў KasaHi далей,— дык убачым, што ў яго зусім іншае сэрца, іншыя думкі і мары». Пастар крыху падумаў і працягваў: «Шмат хто з тых, каго людзі маюць за дурняў, аказваюцца перад госпадам мудрымі, як прарокі. Вядома, калі ў іх ёсць сапраўдная хрысціянская вера, якая не хавае ў сабе аніякага сумніву». Гэтая думка падалася яму найбольш удалаю. «Злыя языкі пасыпаюць брудным пяском дарогу бліжняга свайго, аднак калі ў нашых сэрцах ёсць шчырая вера, дык мы ўбачым пад гэтым брудам сапраўдны шлях свой». Тут у пастара з’явіліся некаторыя сумненні. Яму здалося, што думка выказана даволі туманна. Пёндзінен доўга думаў і чухаў патыліцу. Ён хацеў па-хрысціянску любіць бліжняга свайго Туомаса, але штосьці замінала яму пранікнуцца такой любоўю. Неўпрыкмет пастараву душу зноў агарнула безнадзейнасць.
*
Быў позні вечар. Пані Амалія ўжо пацалавала пастара і сказала «дабранач», а ён яшчэ сядзеў у задуменні. Атрыманне прыхода здавалася яму цяпер справаю сумніцельнай, і пастар Пёндзінен пачаў ужо думаць пра іншы занятак на ніве гасподняй.
Ён зноў успомніў прыход Іса-Тулас *, пра які марыў у гады вучэння, просячы госпада паслаць яго, Пёндзінена, менавіта туды. У царкоўным матрыкуле, гэтай сапраўднай Бібліі фінскага Сіёна, у гэтай прыемнай і суцяшальнай кнізе, значылася, што даходы пастара ў прыходзе Іса-Тулас складаюць толькі 26 745 марак 69 пені, хоць папраўдзе яны былі на дзесяць тысяч марак вышэй.
На жаль, пробст гэтага прыхода быў яшчэ жывы. Але, на шчасце, яму было ўжо 78 гадоў, прычым яго бацька памёр акурат у такім самым веку. Каб жа знайсці ў сенаце добрага знаёмага ці якога сваяка...
Абдумваючы сваё невясёлае становішча, пастар успомніў раптам, што Сакары пайшоў прапаведаваць слова боскае ў воласць ленсмана Каксінайнена, адзін з дзядзькоў якога быў сенатарам, а другі — біскупам. Пёндзінен ведаў і тое, што ленсман хоча прайсці на выбарах у сейм, а адтуль трапіць у сенат. Нявызнаныя шляхі дапамогі боскай, але кожнаму зразумела, што сенатар — гэта не першы-лепшы прыхаджанін з пустымі кішэнямі.
Дзіўныя дзеі твае, божа! У гэтую горкую хвіліну смутку ў пастаравай душы нарадзілася жаданне дапамагчы на выбарах бліжняму свайму ленсману Каксінайнену. Царкве было б выгадна мець паболей удзячных ёй людзей.
Пастар Пёндзінен неадкладна сеў пісаць ліст да Эўлаліны, нявесты Сакары — каб тая папрасіла жаніха падтрымаць ленсмана на выбарах. «Нагадай яму,— пісаў пастар,— што выбранне ленсмана ў сейм надзвычай важна для царквы, а значыць, гэтая справа дагодная богу». Пастар адправіў ліст і самому ленсману. «Ведаючы тваё добрае стаўленне да спраў духоўных і маючы надзею, што ты будзеш спрыяць царкве і да-
1	Вялікі даход (фінск.).
лей,— пісаў ён,— я загадаў місіянеру Сакары, сыну Анці Колістая, зрабіць усё, каб твае выбары прайшлі добра. Цвярдыня нашая — гасподзь, але не павінны мы забывацца і на дапамогу адзін аднаму і на ўдзячнасць бліжняму за добрыя справы. Кожны мусіць памятаць, што найлепшая падзяка — гэта карысная паслуга, якая можа спатрэбіцца не толькі чалавеку, але і вечнасці. Няхай заўжды будзе з табою, любы брат у Хрысце, літасць боская і мір. Вечна твой Ёган Рудольф Пёндзінен».
На зямлю апусцілася ноч. Пастар распрануўся. Пані Амалія падаравала яму споднікі нябожчыка пробста. Пёндзінен падумаў, што яны будуць завялікія, але ўсё ж надзеў іх. Няхай сабе і вялікія. Затое вельмі моцныя. Той, хто паслаў гэтыя споднікі, калінебудзь пашле яму і адпаведную таўшчыню.
*
У доме ў ленсмана ўсе былі як хворыя. Кайса-Лійса злавалася, што зусім знялюбела Какілайнену і яе планы наконт замужжа пайшлі дымам. Да таго ж і гаспадары прыдзіраюцца на кожным кроку!
Ці трэба казаць, якія цяжкія часіны надышлі ў жыцці нашага знаёмага Пудэ? Нават сам ленсман, уступаючы ў кантакт з навакольным светам, штораніцы бязлітасна тузаў сабаку і гнаў яго прэч. Праўда, той асабліва не крыўдаваў, бо глядзеў на сур’ёзны чалавечы свет вачыма вясёлага шэльмы. Паводле леташняга спіса і прэйскуранта светапогляд Пудэ меў нумар 1374 — гэткая фінская вынаходка, як і ўвогуле ўсе светапогляды, лапці і курныя лазні. А таму Пудэ бесклапотна бегаў да сваіх сябровак у вёску. Людзі казалі, што ленсманаў сабака парушае царкоўны спакой, але, да гонару нашага героя, трэба сказаць, пгго, убачыўшы ў руках у служкі палку, ён адразу ж прызна-
ваў мудрую сутнасць царкоўных законаў і гэтым вельмі нагадваў нас, хрысціян.
Дык вось, пастар Пёндзінен імкнуўся выратаваць сваю славу разумнага чалавека ў сваім прыходзе, а ленсман Каксінайнен займаўся тым самым у падведамнай яму воласці. Падсвядома ён адчуваў, што ўдачу хапае за хвост не той, хто сапраўды мудры, а той, каму пашэнціць пераканаць у сваёй мудрасці ўсіх астатніх. Вядома, ленсман лютай нянавісцю ненавідзеў Сакары і рабіў усё магчымае, каб знішчыць уплыў гэтага саматканага прапаведніка-баламута. Каксінайнен быў вельмі ўсцешаны, што на ягоны бок пачаў схіляцца сам пробст, якога напалохаў нечуваны размах распачатага Сакары вяртання да веры.
Надзвычайная папулярнасць Сакары пагражала аўтарытэту духавенства, і ленсман вырашыў прыцягнуць прапаведніка да адказнасці за пашырэнне ерасі. Вось і зараз ён сядзеў у пробста і чысціў усіх прапаведнікаў без духоўнага звання.
— Проста-такі бяда, брат пробст, з гэтымі блазнамі,— казаў ленсман.
3 двара пачуўся шалёны брэх: Пудэ распачаў там шыкоўную бойку.
— Чортава псіна! — вылаяўся ленсман, убачыўшы, што вычварае яго сабака, і пробстава жонка паспешліва зачыніла акно.
— Разумею, брат ленсман, разумею,— спагадліва падтрымаў размову аб прапаведніках пробст.
Раней ён ніколі не чыніў іншадумцам і ерэтыкам ніякіх уціскаў і цяпер слухаў ленсмана са здзіўленнем. Але трэба сказаць, што да гэтага здзіўлення дамешвалася і радасць, бо стары хацеў быць у сваім прыходзе адзіным духоўным настаўнікам і валадаром. Ленсман думаў угаварыць пробста выступіць супраць Сакары і абвясціць таго ерэтыком.