Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
— Аман! А што гэта за аман? — запытаўся сямігаловы.
— Аман — значыцца «на здароуе»,— ахвотна растлумачыў Сакары.— Калі верыш, дык на здароўе.
I тут ён даўмеўся, што яму, як апосталу Пятру, гасподзь даў ключы ад царства нябеснага, а таксама права адпускаць грахі.
— Адпускаю табе і ўсім вар’ятам грахі вашыя! — урачыста абвясціў Сакары.— Дарую вам усе грахоўныя сувязі з жанчынамі! Кожны з вас атрымае на небе крышталёвую карону, а таксама дванаццаць пульхных жонак і дзевак-пакаёвак, каб слугавалі вам... I яшчэ кожны з вас атрымае там фатэль для сябе, крэслы для жонак, а таксама па дзежцы гарэлкі, адпаведную колькасць кілішкаў і вялікае кантэле. А за тое, піто вы выракліся розуму, я павяду вас на неба ўрачыстым маршам.
— Вядзі! — зарадаваўся вар’ят, рагочучы на ўсю глотку.— Вядзі нас на неба, ды хутчэй, так, каб аж пыл курэў!
Такім чьінам, план у Сакары быў гатовы: каб выратаваць грэшнікаў, ён павядзе ўсіх насельнікаў вар’ятні проста ў рай. Па дарозе ён завітае да Эўлаліны, згуляе з ёю вяселле і, забраўшы жонку з сабой, рушыць разам з усёй грамадою далей, на неба. Потым ён выкліча туды сваіх астаніх нявест і будзе жыць радасна і шчасліва.
— Там, на небе, усе нашыя нягоды кончацца і пачнецца вечная радасць і вясёлы вэрхал,— пераконваў ён сямігаловага сябра.— Мы прыйдзем туды вясёлым маршам, і кілішкі нашыя будуць поўныя чароўнай веры, як соты — мёду.
*
Вар’ятня загула, нібы патрывожаны вулей. Сакары сабраў усіх падапечных і аб’явіў, што павядзе іх на неба. Усе былі згодныя вырушыць у гэтую ж ноч. Тут
Сакары ўспомніў ленсманавы словы пра тое, што мудраю гаворкай можна зрабіць вар’ята разумным, і вырашыў скарыстацца з гэтае нагоды.
— Усе вы тут вар’яты...— пачаў ён.
— I я? — прастадушна пацікавіўся нехта.
— I ты, і ты,— супакоіў яго Сакары і казаў далей: — Але, калі завезці з вар'ятамі разумную гаворку, яны зробяцца зусім як нармальныя.
Усе радасна засмяяліся.
— Дык вось, калі я завёў з вамі разумную размову, вы павінны паразумнець.
Натоўп паразумнелых вар’ятаў шчыра радаваўся.
Да паходу на неба ўсё было гатова. Сакары заставалася адно навесці парадак і растлумачыць, як трэба сябе паводзіць у раі.
— Спачатку мы пралезем праз ігольнае вушка, потым пройдзем праз жамчужную браму, а чацвёра самых вялікіх лайдакоў застануцца на падворку, каб дапамагаць анёлам граць на жалейках і спяваць святочныя песні. Самыя прыстойныя з вас пойдуць са мною ў вялізную залу з рубінаў і сапфіраў, дзе Давід грае на арфе для Саламонавай маткі, а прарокі Білеам, Аўраам, Ісаак і Іакаў сядзяць у фатэлях і таксама слухаюць, прычым абапал Іакава стаяць дзве яго жонкі... Мы пройдзем праз гэтую залу і спынемся ў вялізнай, светлай і прыгожай зале, дзе пры сценах сядзяць, трымаючы на каленях кантэле, прыстойныя жанкі, дзе чырванеюць, стоячы каля дзвярэй, абвешаныя тысячамі каштоўных камянёў дзяўчаты, а ў кожнай з тысячы жырандоляў гарыць па тысячы агнёў. 3 дзвярэй той бакоўкі, дзе царскія дочкі націраюць Лазара мёдам і святым бальсанам, на нас будзе ласкава глядзець пабожная Сара. Але мы трапім у светлыя пакоі толькі пасля таго, як жанчыны спяюць алілую і зашморгнуць фіранкі, пасля таго, як пачне сутоньвацца і ў гэтым таямнічым прыцемку дзяўчаты з лямпамі ў руках не-
куды знікнуць, а святыя жанкі пачнуцца шаптацца ім услед. Вось тады нашы пакоі будуць гатовыя.
Натоўп вар’ятаў уважліва слухаў.
— Усё гэта кожны з вас мусіць ведаць так, каб ад зубоў адскоквала, таму што на небе парадак такі самы, як у войску.
Вар’яты зноў зарадаваліся і зашумелі, а Сакары натхнёна казаў далей:
— I воеь калі мы будзем жыць ужо на небе, на сёмуху я пашлю фінскаму народу па сем языкоў у кожны рот, каб яны служылі слову боскаму і не забываліся памінаць у малітвах мяне, Сакары Колістая. Аман!
Перад самым ужо адыходам ён растлумачыў вернікам, як лёгка трапіць на неба.
— Трэба толькі адмовіцца ад розуму і спакусіцца верай. Тады адразу заззяюць перліны нябесныя, і ты ўжо не саб’ешся з дарогі, нават калі будзеш ісці з завязанымі вачыма. I тады адступяцца ад нас усе непамыслоты зямныя, і плач, і скрыгат зубоўны.
Натоўп быў шчаслівы. Вар’ятам праглася трапіць на неба як мага хутчэй. Сакары даў каманду, і грамада выступіла ў свой векапомны паход. Спярша трэба было зайсці да Эўлаліны, потым павярнуць да сялібы Сакары, ад якой да неба ўжо зусім блізка.
Навакольныя жыхары заўважылі, што вар’ятня апусцела, толькі наступнае раніцы. Калі высветлілася, у які бок накіраваліся хворыя разам з загадчыкам, наўздагон паслалі конную пагоню. Як усё адбылося і якую ролю адыграў тут Сакары? Адказу на гэтыя пытанні пакуль што не было.
Так закончылася дзейнасць адзінага фінскага прарока, магутнага абаронцы веры прапаведніка Сакары Колістая, які нястомна змагаўся супраць празмернай мудрасці свайго народа. Ён раскатурхаў і абудзіў безліч людзей, якія — вядома, кожны на свой капыл —
пачалі ратаваць душу. Адны шукалі і баранілі свой розум, другія ўадначас рупіліся і пра чужы, і кожны лічыў страшэннаю абразаю, калі пра яго казалі, што ён не такі разумны, як Сакары Колістая. Праўда, была адзіная істота, якая не клапацілася пра розум анізвання. Гэтай адзінаю на свеце істотай, што атрымала не толькі розум, але і здольнасць карыстацца ім, быў галоўны герой нашай аповесці ленсманаў сабака Пудэ.
Цяпер ужо ўсё вядома. Удзячная бацькаўшчына заўсёды з пашанотаю будзе ўзгадваць свайго выдатнага сына Сакары Колістая, які да ўсіх яе нягучных і заслужаных тытулаў, такіх, як «радзіма праўды, рунаў, мудрасці, сарамлівага выхваляння і сціплай самасвядомасці», дадаў яшчэ адно найменне: «радзіма вялікага Сакары Колістая, магутнага грукату і слоўнага грому». Гэта зямля, да якой мы толькі праз адны заслугі Сакары імкнёмся адусюль, як багамольцы да зямлі запаветнай. Гэта зямля, якой мы прысягаем на вернасць і вечную адданасць, сядаючы на параход, які назаўсёды павязе нас у Амерыку, у краіну сала і долараў.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Хаціна Юсі Пуніту стаяла акурат на тым гасцінцы, па якім вырушыў на неба Сакары са сваёй хеўрай. He дзіва, што прарок, завяршаючы зямную дзейнасць, вырашыў завітаць да Юсі, які некалі страшэнна зняважыў ягоную годнасць.
У хаціне гэтага кандыдата ў дэпутаты сейма было нявесела. Юсі і Майя не ведалі, ці вялікі штраф давядзецца заплаціць судоваму прыставу. А раптам прыстаў забярэ апошнюю карову? Як жыць тады? Гаспадары былі змрочныя, як дзве навальнічныя хмары.
Вось і цяпер кагадзе заціхла сварка. Майя, хоць і не была пабожнаю, заспявала нейкі іісалом. Зрэшты,
яна заспявала яго, каб пазлаваць мужа. Сам Пуніту сядзеў у куце і курыў.
Псалом скончыўся. Гадзіннік прабіў палову другой, і яго ўдары ўпалі ў густую цішыню. Майя прала і нібыта сама сабе бурчала:
— Такае ды стукае гэты гадзіннік як ашалелы. А людзям тут хутка не будзе чаго на зуб пакласці.
— He трэба было мянціць языком! Ды яшчэ разумнага чалавека вар’ятам абзываць.
Майя вырашыла адпомсціць мужу маўчаннем. Такая ідэя прыйшла ёй у галаву ўпершыню і вельмі спадабалася. Няхай Юсі хоць на сцены ад злосці лезе, яна не прамовіць ні слова. Яна падцяла вусны і, сярдзіта наморшчыўшы лоб, круціла калаўрот.
Аднак яе маўчанне толькі падбадзёрыла Юсі.
— Лепей бы замест языка ў рот гасподзь даў табе розуму ў галаву,— зацягнуўшыся, прамовіў ён.
Майя змоўчала. Яна наморшчыла лоб і яшчэ хутчэй пачала ганяць калаўрот.
— Хоць бы якая курыца знесла табе ў галаву штонебудзь разумнае,— падазрона касавурачыся на жонку, гнуў сваё Юсі.— Можа, тады б ты не совала язык куды не след.
Ён зноў скасавурыўся на жонку, але тая моўчкі прала. Гэта пачынала яго злаваць.
— Калі ўжо ў каго галава пустая, дык і язык у роце боўтаецца, быццам жук-гнаявік...
Майя нахмарыла бровы і зацята маўчала. Такога здзеку Юсі трываць болей не мог.
— Ты што, з галадухі язык праглынула? — шалёна зароў ён.
I тут здарылася зусім нечаканае. Дзіка гарлаючы, у хаціну ўварвалася хеўра чалавек на сорак. Гэта быў Сакары са сваімі вар’ятамі. Кожны з іх трымаў пад пахаю па адным, а то і па два парасяці, якіх япы па загаду свайго правадыра налавілі дарогаю.
— Парасятаў — шаноўнаму Пуніту! — закамандаваў Сакары, і ўмомант вока на падлозе радасна завішчэлі сорак чатыры парасяці.
Вар’яты рагаталі і цешыліся.
— Ну дык што ты нам скажаш, Юсі Пуніту? — з’едліва запытаўся Сакары.
— Божа-божа...— з жахам паўтарала Майя, а муж прабіраўся да яе, каб, калі спатрэбіцца, абараніць ад няпрошаных гасцей.
Сакары зноў адчуў сябе абражаным прарокам і з імпэтам сапраўднага прапаведніка ўзяўся ўзвялічваць свае заслугі.
— Спачатку я змярцвіў свой розум і пайшоў у вялікі град Веліял, каб прапаведаваць і прарочыць,— бессаромна хваліўся ён.— Там я абскуб розум яго народу, быццам курыцу. Ну дык рыхтуйся, Юсі Пуніту!
Уваччу ў Юсі пацямнела, а Сакары пагрозліва казаў далей:
— Хоць праўда горкая, нібы хрэн, хоць яна сушыць наша жыццё і робіць з мужчыны старую бабу, я скажу табе ўсю праўду пра тое, як я нястомна карчаваў у Веліяле розум.
— Божа-божа...— роспачна паўтарыла Майя.
— He лезь, цётка! — перабіў яе Сакары.
— Я не хвалюся, а толькі паведамляю табе, Юсі, усю горкую праўду, бо выхвалянне маё — гэта песня гнаевіка, які марна б’ецца галавой аб сцены, гэта яго салаўіны спеў, які людзі не разумеюць і тлумачаць кожны на свой капыл. А таму, кажучы, што я выкарчаваў у Веліяле ўсю грахоўную мудрасць, я не хвалюся, а папярэджваю. Я папярэджваю цябе, Юсі!
Душа Сакары напоўнілася верай і сілаю, і ён плёў далей:
— Калі я выкрываў розум, я прынёс у Веліял веру і слова і выратаваў гэты вялікі горад, бо народ слухаў мянс, як Ніневія — прарока Іёну. Цяпер жанкі-верні-
цы сядзяць там, нібыта квактухі, што хаваюць пад крыламі яйкі ад усяго свету, і з агідаю глядзяць на ўсе грахі вакол сябе, а на ўсе заляцанні пеўняў адказваюць ледзь прыкметньім пагардлівым узмахам хваста.
— Ну дык што, Пуніту? — перадыхнуўшы, помсліва запытаўся верхавод вар’ятаў.
Перапалоханая сям’я Пуніту пачувалася перад утрапёным прарокам прыкладна так, як разбураная Ніневія перад сваімі ворагамі.
— А што будзе, калі да веры дадаць яшчэ і слова, га? — выгукнуў Сакары.— А тое, што ў Веліяле я сабраў народ словам, бо зацугляў гэтае слова, як баявога каня, на якім мужы Веліяла з імем Саваофа на вуснах нападаюць на падступны розум, каб яго чорныя справы не павылазілі, як хохлікі, з цемры на белы свет. Твой розум, Юсі Пуніту, таксама трэба ўзважыць на шалях веры, і тады я памераю яго сваёй меркаю.