Беларуская Адысея
Андрэй Чэмер
Памер: 375с.
Мінск 2006
Гэты аргумэнт пераважыў. 3 цяжкасьцю падняліся жанчыны, і мы ў ранейшым парадку рушылі ў бок Скаржыска. Даволі халодная раніца нас асьвяжыла, крыху дадала сіл, ды і сапраўды, па роўнай дарозе было намнога лягчэй ісьці. У Скаржыску мы апынуліся перад самым усходам сонца... Тут зноў усе прыселі і меркавалі пасілкавацца
скромнымі рэшткамі ежы. Але я катэгарычна запратэставаў, бо вычуваў, што хутка наляцяць самалёты і скінуць тут нямала бомбаў. Даслоўна з енкамі і стогнамі падняліся спадарожніцы, і мы папляліся на працілеглы край невялікага горада.
Ня ўсьпелі мы нават кіламетра адысьціся ад Скаржыска, як пачуўся далекі гул нямецкай эскадры. Ён хутка набліжаўся і раптам паветра ўскалыхнулі выбухі бомбаў... Нам гэта ўжо ня было страшным, нашай дарогі самалёты не бамбілі.
Некалькі разоў мы спрабавалі спыніць вайсковыя аўтафургоны, каб пасадзіць хоць бы жанчыну з дзецьмі. Тым болып, што ей трэба было ехаць у Познань, Нажаль, вайскоўцам было забаронена “падвозіць” цывільных спадарожнікаў I яны, пераважна нават не спыняючыся, нас абміналі. I ўсё ж такі нейкі малады афіцэр спыніў свой фургон. Даведаўшыся, што жанчына з дзецьмі ня можа дабрацца дадому (у Познань), гэты паручнік зьлітаваўся і, рызыкуючы быць пакараным, усё ж такі забраў нашу Ванду з дзеткамі. Нават ня ўсьпела з намі разьвітацца... Далейшы шлях вёў да мястэчка Шыдловец.
Цяпер я пачуў сябе, як “кум каралю”! Усё ж такі на паўпуда палягчэла!.. Але, шчыра кажучы, мяне больш цешыла, што маладзіца з дачушкамі шчасьліва дабярэцца дахаты!.. Як бы ня было, але шкада добрых людзей. Рэшта ўсё нажыўное, пачалася апошняя пакута нашай бежанскай “галгофы”. 3 Радома нас згадзіўся падвязьці якісь мужык на двуконным возе. Прышлося заплаціць, але я з сабою прыхваціў заробленыя ў Катавіцах грошы. Усюды за ўсё расплачваўся, не кажучы нічога дзяўчатам. Вайна!.. Важна жыццё чалавека, а не манеты ці паперкі.
У Шыдлоўцу нас незнаёмыя людзі прынялі надзвычай гасьцінна, нават цёпла. Пасялілі ў асобным чыстым і прасторным пакоі, пакармілі смачным і спажыўным абедам, нават пасьцель нарыхтавалі. Мы адпачылі і адаспаліся ня трэба лепей. Аднак ішла вайна. А да Варшавы было няблізка.
Мы ад душы падзякавалі гасьцінным гаспадарам і не расплачваюючыся (грошай ад нас не ўзялі), пайшлі далей шукаць шчасьця. Дапыталіся, дзе можна разьлічваць на якісь транспарт. Г эта была вельмі важная праблема, бо ўсе мы здорава падбіліся і пяшком наўрад ці далёка зайшлі б. На шчасьце хутка дапыталіся, што параконны воз
едзе бяз груза на Радом. He таргуючыся я заплаціў дзесятку (ці дзьве) і незадоўга фурманка кранулася. 3 грашыма тады мала хто лічыўся рашалася справа жыцця. Як жа раскошна і шчасьліва мы чуліся, седзячы на жмені саломы і апіраючыся на рэбрах драбінах пустога воза!. Адпачывалі ногі і цела, ніхто нас не бамбіў...
Нажаль, гэтае зманлівае шчасьце трывала коратка. Цераз 2030 хвілін мы пачулі кашмарны гул бамбоўцаў. Вісклівае рычанне пікіроўшчыкаў, грамавыя выбухі бомбаў... Усё гэта трывала хвіліны (ці сэкунды?), самалёты, выпусьціўшы наастатку кулямётную чаргу, зьніклі за гарызонтам.
Насустрэч нам з крыкам і лямантам мчаліся людзі, стрымгалоў, у дзікім галёпе з прарэзьлівым іржаннем коні і запрэжаныя вазы, якія праз момант пераварочваліся і разьбіваліся... Дыміліся побач дарогі ямы ад выбухаў.
Мы нават ня ўсьпелі адбегчы ад дарогі і схавацца ў блізкіх кустах. На шчасьце нашых перастрашаных коней патрапіў утрымаць фурман і, перачакаўшы некалькі мінут, упэўніўшыся, што самалёты не вяртаюцца, мы паехалі далей.
Воз быў моцны, коні добрыя, і нам удалося (часам ад’язджаючы ад шляху) цэлымі дабрацца да горада.
I тут, у гэтым вымушаным падарожжы, я стаў сам для сябе аб’ектам вывучэння як чалавек з нармальнага ператвараецца ў дзікага зьвера. Дагэтуль я высока ацэньваў немцаў за іх працавітасьць, умеласьць, арганізаванасьць. За культурныя, як правіла, добрыя адносіны да людзей. 3 некаторымі з іх я шчыра сябраваў. А вось тут, на роўнай дарозе, або ў цягніку прышлося “на ўласнай скуры” пераконвацца, хто такія немцы. “Вайна вайною, мімавольна думалася мне, але за што ж забіваць мірных, ня ў чым нявінаватых людзей? Нават інвалідаў, дзяцей, недалужных састарэлых дзядоў і жанчын?.. Як мог нармальны, здаровы дзяцюк абстрэльваць і разьбіваць пасажырскія вагоны, выварочваць цягнікі? Мардаваць мірнае жыхарства на дарогах і вёсках?..”
Гледзячы на гэтыя жахлівыя сцэны нялюдзкага зьдзеку (іначай ня скажаш), калецтва і нявінную кроў бунтавалася ўся істота чалавека, успыхвала варожасьць і нянавісьць. Мы тады ня ведалі, што такое “Майн кампф ” гітлераўская тэорыя нацыянал-сацыялізму. Нават на дум-
ку ня прыходзіла, што існуе начальства, якое загадвае жаўнеру забіваць (або спальваць) нявінных людзей. I кожны зьбіты вораг (здаралася і такое), кожнае забойства, расстрэл нямецкага пілота выклікалі злобную радасьць. Нават жаданне адпомсьціць гэтым дзяцюкам, выкармленым тым жа самым, а таксама іхнім сем’ям і паплечнікам.
Пакуль мы дацягнуліся да Варшавы, я зрабіўся сапраўдным ворагам немцаў. Прынамсі тых, якія прышлі мардаваць і эксплаатаваць чужы народ. Але да Варшавы яшчэ трэба было дайсьці...
Чым бліжэй заставалася да сталіцы, тым гусьцейшым рабіўся паток народу, што кіраваўся шукаць у Варшаве ратунку. Нават думкі не дапускалі, што сталіца можа быць занятая немцамі. Сярод тысяч пешаходаў трапляліся фурманкі, але ўсе яны былі запоўнены, як селядцамі ў бочцы, падбітымі пешаходамі.
Акрамя таго, нам прышлося ісьці начамі, бо ўдзень залішне часта здараліся налёты. Сьпярша я ставіў сваіх змардаваных дзяўчат каля пнёў тоўстых ліпаў ці дубоў, так, каб іх не відаць было з самалётаў. Гэта была гарантыя хоць супраць куляў. Пасьля мы ўцякалі, пачуўшы гул самалётаў у блізкі лес, або кусты і там нерухома ляжалі на зямлі. Але не заўсёды ўсьпявалі ўпору ўцячы. I вырашылі ісьці толькі начамі.
Жудасныя былі гэтыя маршы. Наўкруга гарэлі вёскі і мястэчкі. Зарава залівала ўсё начное неба. Выгада ад гэтага была адна мы бачылі пад нагамі дарогу. А з надыходзячым сьвітаннем хаваліся ў палявыя стагі, альбо прасіліся ў якую хату і там давалі нам месца пераспаць.
Дзяўчаты пераносілі ўсё лягчэй. А я зусім змардаваўся ад недасыпу. Уночы ідзём, а ўдзень хоць на хутары, ці ў вёсцы, пры набліжэнні самалётаў дзяўчаты мяне будзяць, бо самі баяцца налёту... Быццам я магу адагнаць гэтых бандзюгаў... Дайшло да таго, што я засынаў на хадзе. Раней падобнаго нават уявіць сабе ня мог. А тут іду, іду і ня ведаю, калі засынаю. Прачынаюся тады, як спаткнуся. Што я ні рабіў, нават вочы стараўся падпіраць, каб не закрываліся павекамі аднак нічога не атрымлівалася.
Нашыя начныя маршы спыніліся толькі тады, як мы дапляліся да гарадка Груец. Раніцай нам трапілася двуконная падвода, якой кіравала сама гаспадыня.
Гэта была добрая жанчына і патрыётка свае Бацькаўшчыны. Даведаўшыся, хто мы і адкуль ідзём, яна перамясьціла свае грузы і мы сяк-так уціснуліся ў вялікі драбінясты воз. Што гэта была за раскоша! Ніхто ня зможа ўявіць, калі сам не прайшоў падобнага выпрабавання. Змардаваныя, намазоленыя ногі пачуліся, як у раі... А вочы амаль натыхмест закрываліся і ахапіў непрабудны, салодкі сон. Я ня чуў ні ўстраскі на выбоінах (коні беглі шпарка), ні гутаркі, грукату, выкрыкаў на дарозе. Хоць людзей станавілася больш ды больш. Значная частка бліжэй ляжачага насельніцтва ўцякала ў Варшаву, чакаючы, там ратунку і абароны ад варвараў дваццатага веку.
Аставалася каля пяці кіламетраў да сталіцы, калі наша дабрадзейка спыніла коней і сказала, што далей яна не паедзе. Мы шчыра і горача ей падзякавалі, грошай за дарогу яна не ўзяла. Наадварот, яшчэ нам дала з сабою нейкія сандвічы, ці штось падобнае паесьці, бо ў такім часе і з харчамі будзе цяжэй...
На шчасьце, гэтыя апошнія кіламетры мы прайшлі без абстрэлаў і бамбёжак. Бо ўжо хутка сьцямнела. I ў паўдзённы раён горада мы ўвайшлі каля апоўначы. Ледва дабраліся да якогась трамвайнага прыпынку. У цемнаце натыкаліся на ляжачых, сплячых людзей горад быў запруджаны ўцекачамі.
Нам трэба было дабірацца да адлеглага кварталу -Жолібож. Ніякага транспарту ў так позьнюю пору ня было. I прытуліцца недзе... Дзяўчаты рашылі дабірацца пехотаю. На Жолібожу была іх мама!.. Сустрэча, радасьць, адпачынак — адпачынак — адпачынак!.. I спакой каля мамы ня будзе страху...
Стогнучы ад збалелага перамучанага цела і неверагодных перажыванняў, мы падняліся з халоднай, астыўшай зямлі (усе папярэднія дні стаяла цудоўная, нарэдкасьць сонечная ў верасьні пагода) і папляліся ў напрамку адной з галоўных магістраляў. I нечаканае шчасьце! Амаль адразу ж насупраць нас едзе дарожка (рамізьнік на фаэтоне), ды не заняты!..
На нашую прапанову завязьці на Жолібож пачухаў патыліцу і сказаў, што тэта вельмі далёка, болын гадзіны язды...
Дык мы ж заплацім, што належыць, адазваўся я.
Цяпер туды і ехаць небясьпечна...
Пане! Мы ж пяшком прайшлі пад бомбамі і абстрэлам больш за паўсотні кіламетраў, а вы...
Ну то сядайце... Дзесяць злотых за такую дарогу...
Я адразу заплаціў, і мы паехалі. Колы мякка і бясшумна каціліся да канцавога прыпынку...На душы быў мір і спакой. Я шчыра цешыўся, што споўніў данае дырэктару Лігоню абяцанне: цэлымі і здаровымі даручыць яго дочкі мацяры. Цяжар гэтага ўвесь час гнятучага абавязку зьнік. На душы стала лёгка ды і рукам таксама я ў цэласьці давёз да яе мамы ня толькі жывы, незамянімы скарб, але і дамовыя зьберажэнні...
Сестры спачатку нешта гаманілі, але хутка, так як і я, задрамалі. I ўжо на Жолібожы, на цёмнай вуліцы пачулі зычны голас вазьніцы:
Прыехалі!.. Прашу выходзіць... A то скора сьвітаць пачне, мне трэба ўсьпець да ўсхода сонца вярнуцца на базу... пачнуцца бамбёжкі...
Мы горача яму падзякавалі, і Стася націснула званок. Цераз некалькі сэкундаў на верхнім этажы загарэлася сьвятло, і цераз адчыненае акно пачуўся голас: “Хто там?”
Мамачка! Гэта мы!.. Прыехалі з Катавіц!..
Ах!.. Mae каханыя!.. Трымайце ключ!.. Я апрануся...
Цераз хвіліну мы, са сваім невялічкім багажом, апынуліся ў памешканні цёткі дзяўчат, сястры іхняй мамы.
А дзе ж татка?.. азірнулася сп. Лігонёва. Хіба не прыехаў?..
Так... Ён мусіў там астацца... На радыё...