Беларуская Адысея
Андрэй Чэмер
Памер: 375с.
Мінск 2006
Зараз жа я скінуў ваенную форму (каб ня трапіць у якісь нямецкі лагер) і аддаў у майстэрню перафарбаваць на чорны колер. Перапрануўся ў свой цывільны касьцюм. Адразу ж паўстала пытанне: што ж рабіць далей? Межы яшчэ былі закрытыя, транспарту ніякага, работы таксама...
Дзяўчаты і іх мама ўгаворвалі пасядзець спакойна, адпачыць. Жыццё з бегам часу неяк наладзіцца, а тады будзе відней што рабіць і куды ехаць. А тым часам... Паводле умоваў капітуляцыі, палякам дадзена было тры дні для навядзення парадку ў горадзе, расчысткі вуліц, заваленых глыбамі паваленых будынкаў, шклом, засыпанымі людзьмі і г.д... Тэрмінова павінны былі адрамантавацца электрастанцыя і вадапровады і т.д...
Нарэшце, адбылася дэфіляда ўваходу пераможцаў у заваяваны горад. Я, як шэраговы грамадзянін сталіцы, стаяў на ўзбоччы і глядзеў на гэты трыумфальны марш. На сонцы ззялі бліскучыя шлемы і
новенькая сучасная зброя, магутная ваенная тэхніка з грохатам, у стройным парадку прасоўвалася па цэнтральнай магістралі, маршыравала пяхота...
Зьдзіўлялі сытыя, чырвоныя твары салдат, выкармлены, здаровы выгляд і сказаў бы, завідная стройнасьць афіцэраў. 3 нейкім падраздзяленнем прайшлі магутныя, выпасьвеныя коні. Над гэтым парадным шэсьцем лунала вясёлая і чоткая маршавая музыка.
Мы ўзіраліся і дзіву даваліся: як жа такая магутная, дасканальна вымуштраваная і узброеная да зубоў армія не змагла адалець польскіх жаўнераў, пазбаўленых такой навейшай зброі і тэхнікі?.. I вельмі аддаленых ад такой сытасьці?..
Чаму прышлося голадам і поўнай перавагай здабываць горад, не заслонены ані лініяй Мажына, ані лініяй Зыгфрыда (магутнымі ваеннымі бетоннымі ўмацаваннямі)?... Мімаволі прыходзіла думка, што калі б Польшча мела такую авіяцыю і артылерыю, як немцы, то ім наўрад ці ўдалося б адалець гэты край і яго народ. У выніку ўсяго, у мяне заканамерна стварыўся і ўмацаваўся навек узнёслы вобраз адважнага, гераічнага народу, які ў цяжкія і трагічныя дні, у абліччы сьмерці ня страціў свае людзкой і нацыянальнай годнасьці. Які праявіў масавую пагарду сьмерці перад горам і няшчасьцем чалавека і нацыі.
Гэты вобраз не пакідае мяне да сёнешняга дня. I часам дзіўлюся, як такая нацыя можа цярпець у пэўныя перыяды верхаводзтва шавіністычных, ці анархісцкіх прайдохаў?.. Чаму і адкуль родзяцца гарладзёры, якія патрапяць дурманіць такую нацыю і змушаць яе адракацца ад шляхотных і вялікіх ідэяў?
На працягу некалькіх дзён нямецкія ваенныя ўлады ў кожным квартале сталіцы ўстанаўлялі бясплатныя для насельніцтва кухні. Разоў некалькі я таксама падходзіў да гэтых кухняў і атрымліваў добрую порцыю густога макароннага супу з мясам. Многія бралі гэтакую порцыю ў свае тэрмасы ці іншую пасуду і нясьлі дамоў пакарміць сваіх дзяцей ці старых бацькоў. Чарга строга і хутка пасоўвалася на працягу гадзіны, або даўжэй, пакуль вялікі кацёл ня быў поўнасьцю вычарпаны. У іншых мейсцах выдаваўся (прадаваўся) хлеб. Выглядала, што голад Варшаве не пагражаў.
Дома (дзе я разам з Лігонямі заставаўся) я заўважаў, што прадук-
таў асталося няшмат. Трэба было думаць пра якуюсь працу, альбо тэрміновы выезд. I тады якаясь суседзкая сям’я запрапанавала мне перайці да іх.
Пражывём! казаў гаспадар, немалады ўжо чалавек. Знайдзем якую небудзь работу, будзе зарабатак, будзе і харч. Я з удзячнасьцю прыняў прапанову і перайшоў да гэтых добрых людзей. Свае пісталеты я добра змазаў, закруціў у прашмальцаваную анучку і закапаў каля сьцяны гэтага дому. I вось каторага дня чытаю ў газэце (стаў выходзіць “Роботнік”), што праз тыдзень закрываецца праезд на Беларусь... Доўга думаць было некалі. Я яшчэ правёў на вакзал Стасю на Шлёнск пачалі хадзіць рэгулярныя цягнікі. А развітаўшыся з ёю, сабраў свае сьціплыя манаткі і, пакінуўшы гаспадарам поўны ўдзячнасьці ліст (яны былі дзесь на рабоце), закінуўшы рукзак за плечы, накіраваўся на Келецкі шлях. Гэта была самая простая і кароткая дарога.
Вышаўшы на шырокую, гладкую вуліцу, я накіраваўся на усход, разьлічваючы, што мне удасца пад’ехаць з кім небудзь. Аднак адмахаў пару кіламетраў і ніхто не згадзіўся мне дапамагчы. Нарэшце, мінуўшы горад, каля нейкай крамы я пабачыў двуконную, амаль пустую фурманку. Спыніўся каля воза і пачакаў, пакуль падыдзе гаспадар. Даведаўшыся, што гэты чалавек едзе ў самыя Кельцы, адкуль ужо не так далёка была Беларусь, я папрасіўся, каб ён узяў мяне з сабою. Селянін агледзеў мяне з ног да галавы і спытаў:
А цо пан да?.. Дрога далека...
Я вам заплачу, сколькі належыцца, адказаў я. Грошы я меў, бо ў Катавіцах заашчадзіў некалькі соцень злотых.
Эт... Цо мі пенёндзе?.. Цо за не купіш?.. Можэ, цо з убраня?.. Я выцягнуў з рукзака генеральскія порткі з люксуснага матэрыялу і яшчэ зусім новыя боты і паказаў яму. У мужыка засьвяціліся вочы, ён перавярнуў іх, памацаў і схаваў у свой мяшок.
Но, то інна розмова... Трохэ пшэконсімы і поедземы. До ноцы бэндземы в Кельцах. Коне добрэ...
Мне крыху шкада было генеральскіх портак (думаў, бацьку аддаць), але іншага выйсця ня было. Трэба сьпяшацца, бо немцы могуць перакрыць мяжу...
Мы селі на воз, гаспадар дастаў хлеб і добры кусок сала, цыбулю. Перш адрэзаў і падаў мне добрую лусту хлеба і грам дзьвесьце сала, а рэштай заняўся сам. Я, згаладнелы, як воўк, накінуўся на гэты ласунак і сьцерабіў усё да апошняй крошкі...
Тады выгадней расселіся і паехалі. Коні беглі жвава, шлях быў свабодны, амаль пусты. Мяне хутка закалыхала, і вочы самі зачыніліся.
Прыехалі ў Кельцы каля дзесятай ці адзінацдатай гадзіны ўночы. Гаспадар пагаварыў з гаспадыняю і сказалі мне, што поначы мне некуды ісьці, пераначую ў іх. Падала вячэру, ад якой я і ня думаў адмаўляцца. Пабядавалі, што прайграна вайна, і мне паслалі ў пакоіку, на падлозе.
Каля першай гадзіны ночы я раптам прачнуўся ад непаўстрымнай рвоты. На згаладалы арганізм прыняў зашмат ежы... Гаспадыня прачнулася, падцерла ўсё, і цераз якой паўгадзіны я зноў заснуў. Назаўтра, выпіўшы шклянку гарбаты, падзякаваў гаспадарам, якія ўжо больш нічога з мяне не ўзялі (як з франтавіка) і пайшоў лавіць транспарт на Драгічын, каб адтуль дабірацца да Наваградка. Ізноў пашанцавала, яшчэ перад полуднем дабраўся да мясцовасьці, адкуль мяне маглі (за плату) нелегальна пераправіць на савецкі бок Буга.
Перавозчыку заплаціў дзесяць залатовак за перавоз (на лодцы) і апынуўся на беларускай тэрыторыі. Побач ішоў нейкі малады жыдок, які адсюль накіроўваўся ў Львоў. He прайшлі мы і сотні мэтраў, як пачуўся аднекуль крык:
Стой!..
Мы крыху пастаялі, але нікога не ўбачыўшы ізноў пайшлі ў напрамку горада. Крыкі “стой” прадаўжаліся і мы зноў прыпыніліся. Урэшце пабачылі чалавека, які так упарта крычаў. Ён бег з гары, ад стараны крэпасьці. За ім ішоў яшчэ адзін. Аказалася, што першы салдат савецкай арміі, а другі камандзір (сержант, ці хто, тады я не разьбіраўся ў ваенных чынах).
Почему не останавлнваешься? гукнуў тэнарком шчуплы, мізэрны салдацік, настаўляючы стрэльбу.
Таму, што мы ж нікуды не ўцякаем, ідзём да вас...
Всё равно надо остановнться!.. Што несёте?.. Сннмай рюкзак!..
Мы разьвязалі свае клумкі і сказалі, што зброі ў нас няма. Мы
людзі цывільныя... Салдацік пераглядзеў генеральскі абутак і мой касьцюм, вочы яго загарэліся, аднак ён упэўнена стаў даказваць:
Можете всё нестіі, нам не надо!.. У нас всё есть... Всё у нас есть...
Я глядзеў на яго абрынданую шынельку, худы твар і нейкія іншыя пачуцці радзіліся ў душы... Хутка камандзір сказаў: “Пошлн!”... I адзін спераду, а другі ззаду, павялі нас на горку, туды дзе стаяў касьцёл. Там пасадзілі ў нейкі пакоік і загадалі чакаць камандзіра.
Чакалі мы добрых пару гадзін. Камандзіра ўсё не было. Нарэшце, некалькі разоў праверыўшы нашы дакументы і праслухаўшы лагічныя довады, што вяртаемся, уцякаючы ад немцаў, дахаты, нас адпусьцілі. Я разьвітаўся са сваім спадарожнікам і пабег да цягніка, які ішоў на Ліду. Вагончыкі былі засьмечаныя, вокны павыбіваныя, дым і скразьняк студзілі разагрэтае цела. Пасажыраў было нямала, але ня цесна і хутка, як сонца схілілася к захаду, стала холадна. А ў душы разьлілася цяплыня і радасьць, што ўжо недалёка бацькоўскі дом і сем’я!
Нарэшце цягнік спыняецца ў Лідзе. Уражвае бруд, непрыбраны конскі гной, парваныя паперы, кавалкі афішаў ганяе па вуліцах вецер. Цісьне холад за плячыма. Можа зьмянілася пагода, а можа тут клімат халаднейшы, чым у Варшаве? Хоць яшчэ толькі кастрычнік... Матляюцца на будынках чырвоныя сьцягі... Ад усяго вее нечым чужым, хоць мы раней так чакалі гэтай улады!..
I зноў мне пашанцавала: нечакана сустрэў любімую настаўніцу, якая вышаўшы замуж пераехала ў Ліду ўсьлед за мужам. Яна таксама узрадавалася і запрасіла да сябе, адпачыць пасьля маіх франтавых прыгодаў. Даведаліся мы, калі і чым можна даехаць да Наваградка, і я з радасьцю згадзіўся пераначаваць у гэтай мілай сям’і. Ямёлкоўская (Шэмбэлювна) была аб’ектам майго дзяціннаюначага кахання... Яе педагагічны талент, лагоднасьць, шчырасьць і глыбокая дабрата размагнічвала нават самых “сухіх”, нават зласьлівых падросткаў. Хлапчукі глядзелі на яе, амаль як на сьвятую. За гады навучання мы не заўважылі ў яе ніводнай несправядлівасьці!.. I доўга сумавалі, як яе ня стала.
Назаўтра пані Галіна адвяла мяне ў дарогу і (было холадна) аддала свой шалік, каб не застудзіўся...
ДОМ, ШКОЛА, МЕНСК
Дома сустрэлі мяне з нехаванай радасьцю. Асабліва мама... Як заўсёды я ж быў найменшы з яе пяцярых сыноў.
Што, ж Ганна? Давай адзначым вяртанне “блуднага” сына, сказаў жартаўліва бацька. Пацякла гутарка пра ваенныя падзеі і наступіўшы лад. Ці будзе з гэтага ўсяго сапраўдны лад, бацька сумняваўся, але выказаўся вельмі асьцярожна. Яго цьвярозая сялянская галава не магла паверыць у тое, што (як ён гаварыў “кагал) награмаджаная куча будзе лепей працаваць, чым кожны гаспадар паасобку. Бо ці ж чалавек будзе даглядаць “нечыйга” каня так як свайго?.. Даглядаць чужых дзяцей так, як сваіх? Рабіць на чыімсь полі ў дождж і сьлякоту так, як на сваім палетку?.. Напэўна ўраджай і надоі і іншы прыбытак будзе меншы, горшы, чым на ўласнай зямлі...
Гэты просты, сялянскі разьлік сеяў у душы трывогу і недавер да новай улады. Хоць часам ён спыняў свае думкі і пачуцці, тлумачачы сам сабе, што можа ён сам не дарос да ўсяго гэтага новага ладу, што вучоныя людзі лепш разьбіраюцца... Аднак на кожным кроку ён бачыў начальства рускіх і жыдоў. I няраз даведваўся, што гэта былі шаўцы, краўцы, друкары ці агітатары, а не гаспадары... Дык як жа яны рязьбяруцца ў складанай сялянскай працы? Тут жа ня кожны селянін можа правідлова вырашыць, на якім куску зямлі можна сеяць грэчку, ці пшаніцу, а дзе садзіць бульбу, або пакінуць пад ячмень. Дык дзе ж там удала вырашыць рамясьніку, або друкару, ці афіцэру?..