Беларуская Адысея
Андрэй Чэмер
Памер: 375с.
Мінск 2006
Цераз некалькі дзён нас выгрузілі. А незадоўга ізноў кудысь павязьлі. Падзялілі нас на групы і паразсылалі ў розныя мейсцы. Помніцца, як мы апынуліся ў невялікім горадзе Форст. Пасьля нядоўгага адпачынку устанавілі надвары ў шарэнгу, і падышоўшыя нейкія людзі нас аглядалі. Пасьля выбіралі, хто па адным, хто па дзьве-тры асобы, і вялі недзе. Пазьней я даведаўся, што гэта былі недалёкія баўэры (гаспадары), якія падбіралі сабе парабкоў.
Я быў даволі чыста апрануты і далека не атлетычнай будовы, і мяне баўэры забракавалі. Калі нас мала асталося, да мяне падышоў нейкі “гэр” у акулярах і спытаў па нямецку, якая мая прафесія. Я адказаў: “Лерэр" (настаўнік).
Ду шпрыхт дойч? спытаўся ён, крыху ажывіўшыся. Я адказаў, што крыху знаю нямецкую мову, навучыўся трошкі гаварыць на Шлёнску і ў Познані.
0, гут-гут! сказаў ён. А з дрэвам працаваць не даводзілася? спытаў яшчэ. Я сказаў, што на хутары быў лясок, усяк прыходзілася. Тады ён падышоў, памацаў мае мускулы (я раней крыху займаўся спортам) і коратка дабавіў:
Пойдзеш са мною. Будзеш у тартаку (зэгэверк) працаваць. A калі я паказаў на жонку і спытаў , што ж будзе з ёю, гэты інжынер сказаў, што знойдзецца работа і для яе. Вось так на пэвен час вырашыўся мой лёс у чужым краі.
Нас замэльдавалі куды трэба, выдалі скупыя прадуктовыя картачкі, выдзялілі на падстрэшшы маленькую цёмную каморку і паясьнілі, што там мы будзем начаваць. А ўдзень працаваць на тартаку.
У гэтым горадзе было тры лагеры: для італьянцаў, украінцаў, французаў і ангельцаў пазьней мы даведаліся, што найлепей вялося ангельцам і французам. Іх лепей кармілі, і яны атрымлівалі пасылкі з дому. А найгорш было ўкраінцам і остарбайтарам, кармілі якіх зусім дрэнна, а працаваць даводзілася многа і цяжка.
Мне пашанцавала, што будаўнік-інжынер узяў нас на сваю адказнасьць да сябе. Можа таму, што яму спадабалася мая жонка, якая была выкладчыцай нямецкай мовы. Яе нават не прыцягнулі да цяжкай работы.
Мне, прывычнаму да фізычнай працы, было ня вельмі цяжка падвозіць нямецкім рабочым піламатар’ялы і адвозіць іх, укладаць. A таксама акорваць прывезеныя на тартак хваіны. Падбіраць і адвозіць пілавіны. Бяда толькі, што ежы не хапала, праўды, хто меў грошы, то мог у мясцовай краме купіць гатовую мешаніну брушкі (варанай) з дабаўкай дробна пасечанай кількі, а таксама дробныя ячменныя крупы. А вось хлеб нават за грошы ня было дзе купіць. Прадавалі выключна на картачкі...
Ад доўгага недаядання слабейшыя людзі зусім худнелі і паміралі. I я стаў “прамышляць”.У нас быў такі распарадак: прцаваць разам з рабочымі (немцамі) ад званка да званка. А пасьля, спарадкаваўшы рабочае мейсца, я мог выйсьці на горад, пад варункам, што вярнуся на сваё месца да пачатку “шпэрцайту” (забароненага часу). Я строга выконваў гэтае правіла. Бо калі б мяне пазьней азначанага часу забрала жандармерыя, то абавязкова загналі б у лагер.
Аб гэтым былі мы строга папярэджаны. I так вось вышаўшы раз на край гораду, ідучы па вузкай вулачцы, убачыў я за плотам маладзіцу, якая каля свае хаты секла дровы. Гаспадарскім вокам я адразу пазнаў гэта былі ня дровы, а вішневае ды яблычнае галлё. Сьлёзы, а ня дровы! Аднак высушаныя яны былі цьвёрдыя, як жалеза. Ці ж для жанчыны такая праца?.. Я адчыніў нявысокую брамку і, падышоўшы да гэтай незнаёмай кабеты, нічога не гаворачы, узяў у яе з рук сякеру і стаў сячы на кароткія палены (бачыў, якія яна секла) гэтае сухое ламачча.
Жанчына моўчкі, са зьдзіўленнем пазірала на маю работу. Інструмент быў добра навостраны, а сячы дровы мне ня ў першыню, і работа спарылася, горба галля меншала на вачах. Крыху пастаяўшы, маладзіца пашла ў свой акуратны, прыгожа памаляваны домік. Можа цераз гадзіну я глянуў, што сонца нізка, і мне пара вяртацца, тым болып, што работа была скончана. Усадзіўшы сякеру ў калодку, я выцер лоб (крыху прыпацеў) і стаў апранаць свой каптан, што начапіў на плот.
Але ў гэты момант вышла даволі мілавідная гаспадыня і звонка гукнула мне:
Найн, найн!.. У адной руцэ яна трымала вялізную лусту хлеба, намазанага шмальцам і накрытую нарэзанай каўбасою, а ў другой руцэ высокую шклянку... віна!.. Вы працавалі і зарабілі! сказала яна. Я падзякаваў, прысеў на калодку і хутка расправіўся з гэтым пачастункам. Жанчына выняла з кішэнкі і падала мне чатыры маркі і некалькі прадуктовых талончыкаў. Я стаў катэгарычна аднеквацца. Сказаў, што за малую работу яна мяне накарміла, і больш мне нічога не належыць. Але яна ня менш катэгарычна вапхнула мне “аплату” ў кішэню і дабавіла, што ўсё справядліва і няма аб чым больш гаварыць...
Іншым разам, таксама надвячоркам я ўбачыў, як пажылая жанчына касіла ў даволі вялікім агародзе авёс. Пераскочыўшы цераз плот, я падыйшоў да яе. Кабета спынілася і апусьціла касу. Я папрасіў у яе паспрабаваць, ці не забыўся касіць. Яна недаверліва глядзела на незнаёмага чужаземца і маўчала.
Узяў я касу і прыгледзеўся да яе: маленькая, кароценькая і лёгенькая, як бы спецыяльна для жанчыны ці падлетка зроблена. Ручка дароблена нізка, мне прышлося прыгінацца, каб каса ішла нармальна, не зразала зямлі і не пакідала высокага ржышча. Аднак хутка я прылаўчыўся і пайшоў класьці шырокія (мужчынскія) пракосы. Жанчына пастаяла, паглядзела, што ў мяне работа ідзе складна і хутка, і спытала, ці я змагу скасіць увесь гэты загон. Пасколькі час дазваляў, я згадзіўся.
Каса была добра накляпаная, касілася добра (нідзе ні каменчыка, ні кратавення), я нават не прымарыўся канчаючы абкошваць агарод. За гэтую работу гаспадыня добра накарміла, дала новую сарочку і харчавыя карткі на хлеб і макароны. Ад грошай я катэгарычна адмовіўся.
Пачуўшы, што ў інжынера Крааля жыве дзяцюк, які ведае гаспадарскія работы і амаль бясплатна памагае жанчынам у іх цяжкай працы, немкі пачалі прыходзіць да мяне з просьбамі выручыць іх у мужчынскіх работах. Бо іх мужыкі на фронце, і няма каму ім дапамагчы. Я адказаў, што ахвотна памагу, але я не магу сам сабой распараджацца трэба прасіць каменданта лагера. Калі ён дазволіць, то я заўсёды рад выручыць жанчыну ў кожным выпадку.
Камендант, пачуўшы ад нямецкіх гаспадыняў, што ёсьць добры работнік “аўслендэр”, які ахвотна ім дапамагае, але патрабуе дазволу каменданта, задаволена ўсьміхаўся і абяцаў, што выдасьць такі дазвол. Ён выклікаў мяне да сябе, спытаў, ці праўда, што я памагаю бясплатна нямецкім жанчынам. I калі я пацьвердзіў гэта, ён спытаў, чаму я так раблю?
Жанчыны ня вінаваты, што ідзе вайна і іхнія мужыкі, браты ці зяці на франтах. Дык як жа ім не спачуваць і не памагчы?..
Гут-гут! сказаў камендант. Ты правідлова думаеш. Памагай ім сколькі можна... Вайна!
Гэты год закончыўся для нас шчасьліва (хоць нічога шчасьлівага не адбылося). Мы выжылі!
Тым часам набліжаўся фронт. Каторагась дня мы пачулі далёкія выбухі артылерыі. Учасьціліся налёты амэрыканскай авіяцыі. Няраз я наглядаў высока ў небе серабрыстыя ключы самалётаў, якія ляцелі бамбіць чарговы цэнтр нямецкай прамысловасьці. Сьпярша, нібы чароды белакрылых птушак, засланялі неба паветраныя эскадры, a пасьля даносіўся грозны, магутны гул бамбавозаў, выклікаючы ў душы трывогу і неакрэсьленыя надзеі.
3 газэт мы ведалі, што ў паселішчах і пагранічных гарадах, занятых бальшавікамі, творацца страшныя падзеі рабуюць і забіваюць людзей без разбору, гвалцяць падрад усіх жанчын і т.дНепазьбежна паўставала думка: што ж рабіць далей?..
Пакуль мы раздумвалі, бальшавікі падышлі да самай рэчкі Найсэ (Нысы), што стала франтавою мяжой. Пачаўся артылерыйскі абстрэл горада. Вуліцы засыпаліся шклом і асколкамі цэглы, пачаліся пажары. На слупах зьявіліся плакаты і аб’явы аб эвакуацыі горада. Пазачыняліся фабрыкі і майстэрні. Сталі выязджаць нямецкія сем’і.
Мой гаспадар Крааль спытаў мяне, што мы думаем рабіць? Я сказаў, што сам ня ведаю. Яшчэ ж вайна ня кончана, можа адаб’юць бальшавікоў?..
Усё можа быць, разважаў Крааль. Фюрэр мае новую тайную зброю. Яна можа крута павярнуць ход вайны. Але... Бог беражэ беражонага. Мы тымчасам выязджаем такі загад.
Думаю цябе пакінуць тут вартаўніком, як на гэта глядзіш? Бо фронт гэта фронт! Можа пажар здарыцца, або снарад трапіць у будынак... Трэба пільнаваць...
Падумаўшы, я пагадзіўся, але папрасіў, каб ён даў мне якісь дакумент, бо жандармерыя можа нас адразу расстраляць, як шпіёнаў...
Крааль выдаў мне спраўку з пячаткай і подпісам фірмы, што мне даручана старажыць прамысловы аб’ект (тартак) і кватэру (дом), дзеля чаго ён просіць улады дапамагаць мне ў выкананні гэтага задання.
Спраўка вельмі спатрэбілася, калі пасьля эвакуацыі пачалі наведваць дом ваенныя і жандармскія “госьці”. Яны, як правіла, шукалі алкаголю, часам прадуктаў. Пазабіралі курэй, што трымала гаспадыня, трусоў, рэшткі прадуктаў. Але да нас прэтэнзій ня мелі.
Насупраць “нашага” дому загарэлася бензакалонка. Вялікі агонь ахапіў нават побач стаяўшыя ліпы, шугануў вышэй будынкаў. Агонь мог перакінуцца і на нашу старану вуліцы. Прымчалася пажарная ахова, выбег і я дабавіць (калі трэба) мужчынскія рукі. I толькі перабег я вуліцу, як у самую сярэдзіну забрукаванай вуліцы ўрэзаўся снарад!.. Выбух аглушыў мяне і пажарнікаў, кускамі зямлі і каменя сыпнуў глыбокую яму, з якой віўся чорна-сіні дым.
Ну і павязло вам! азваўся адзін з пажарнікаў, выціраючы замурзаны твар.
К ночы ізноў узьняўся артылерыйскі абстрэл з—за ракі. Снарады рваліся блізка, і дзьве жанчыны, якія былі ў доме, сышлі ў падвал, дзе зямля і тоўстыя сьцены больш надзейна бараніліся ад гібелі. Я ж заставаўся на верхнім паверсе, праз акно наглядаў, як ляцяць зялёныя ніткі трасіраваных пуляў. Часам за ракою бліскалі стрэлы. Але раптам весь дом задрыжаў дзесь трапіў паблізу вялікі снарад. Я ўспомніў пра жанчын, што яны там баяцца адны, і хутка пабег па сходах уніз. Толькі ўвайшоў у склеп, як страшэнны выбух страхануў сьцены, пасыпалася вапна і цэгла, падняўся туман пылу.
Бяжы наверх, можа пажар загарэцца, крыкнула напалоханая жанчына.
Мне мігнула такая самая думка, і я бягом кінуўся наверх.
У вуглу тога пакоя, дзе я мінуту назад стаяў (і дзе мы спалі), праз вялізную дзірку віднелася неба... Пакой быў запоўнены дымам і пылам, падлога засыпана цагляным пяском і абломкамі раскрышанай цэглы... Усе дзьверы выламаны, дзьверцы шкафаў уломаны ўсярэдзіну, пасьцелі і падушкі пасечаныя асколкамі... Аднак агню ня было. Я паволі пайшоў уніз.