Беларуская Адысея
Андрэй Чэмер
Памер: 375с.
Мінск 2006
Няраз нам прыходзілася выгружаць цудоўныя букавыя плахі для перапрацоўкі на футляры для гадзіннікаў, радыёапаратаў і г.д..
Начальннкам гэтага лагера (калоны) быў шэранькага выгляду, сярэдніх гадоў чалавек. Меў ён страшнае прозьвішча Ежов. Але быў нядрэнным начальнікам.
Неяк запытаў мяне, ці я ўмею маляваць, трэба выпускаць насьценную газэтку (агітацыйная брахня і ў лагерах была апорай камунізму). Я сказаў, што не прафесіянал, але мастацтва для мяне знаёмая галіна. Тады ён даў мне аркуш ватмана і жменю неахайна (малаграматна) напісаных артыкулаў. Вызваліў ад іншай работы і завёў у спакойны куток, дзе я мог заняцца маляваннем.
Для мяне, даўно асвоіўшага журналісцкія навыкі, аформіць і аздобіць насьценную газэтку было “плёвым дзелам”. Ежоў быў вельмі задаволены. Калі я яму аднойчы расказаў усю праўду пра мае жыццё і арышт, няволю, ён парадзіў:
А почему тебе не напнсать заявленвя в Верховный Суд с просьбой о пересмотре дела?.. Я дам соответствуюіцую характерястнку...
Нічога з гэтага ня выдзе, запярэчыў я. Першы раз я ні ў чым ня быў вінаватым, а далі “вышку”...
Аднак, Яжоў цераз пару дзён паўтарыў сваю прапанову:
Ты всё такн напішів н дай мне пересмотреть. Что ты теряешь? Теперь ведь другве времена...
Я, падумаўшы, напісаў і падаў начальніку. Назаўтра ён мне вярнуў заяву, кажучы, каб я выкінуў усю “лірыку” пра нясправядлівасьць, крыўду і зьдзек.
- Гэта ні к чаму, сказаў ён. Пішы проста і коратка, па дзелавому. I прасі, каб цябе асвабадзілі. Больш нічога ня трэба.
Перапісаўшы, я зноў аддаў яму сваю заяву. А тым часам суседзкі начальнік, які часта да нас зайходзіў, пабачыў маю работу і папрасіў Яжова, каб той адпусьціў мяне да яго.
- Мне трэба абарудаваць барак, і твой мастак мне карціны напіша для належнага афармлення.
Ня ведаю, як яны дамовіліся, але праз тыдзень ці два мяне перавялі ў асноўную калону лагера. Між іншым, у гэтым лагерным комплексе было шэсьць мужчынскіх калонаў і чатыры жаночых. Там, куды мяне перавялі, было дзьве тысячы чалавек. Сустрэў тут былога вучня Касьцюка з Наваградчыны, Саракапыта з прыгарада Наваградка і яшчэ некалькі знаёмых дзяцюкоў. Адзін з іх працаваў тут кавалём, а раней быў маім суседам з Валяўскай вуліцы Наваградка.
Начальнік дзесь дастаў для мяне фарбы і пэнзэлі. На працягу некалькіх месяцаў я напісаў яму пару дзесяткаў пейзажаў, з якіх большасьць прыаздобіла наш барак. Нейкім чынам пра мяне даведаўся галоўны інжынер маёр Кучынскі. Выклікаў мяне і, пагаварыўшы, запрапанаваў быць на заводзе яго сакратаром, адначасна узначаліўшы кіраўніцтва БРНЗа (Бюро рацыяналізацыі і вынаходства). Зразумела, я ахвотна згадзіўся на такую прапанову. I перастаў хадзіць на агульныя работы.
Клімат быў тут мяккі, амаль што ня было вялікіх марозаў. А ўвосень, калі дазволілі выходзіць без канвою, шмат грыбоў, ягад, гарэхаў. Расьліннасьць мала розьнілася ад нашых беларускіх лясоў і палёў, толькі што лясы цягнуліся без канца-краю, і лёгка было заблудзіцца. Аднойчы, у хмарную, сырую раніцу, я выбег ў лес пашукаць грыбоў. Іх аднак было няшмат, і я адыходзіў усё далей і далей ад знаёмых мейсц. 3 пустым кошыкам не хацеў вяртаца (сябры будуць падсьмейвацца) і нарэшце забраўся ў незнаёмую глуш. Бо могуць другі раз ня пусьціць, альбо чаго добрага абвясьціць пабег!..
Аглядзеўся: у лесе цёмна, на небе сплашныя хмары, немагчыма акрэсліць, дзе ўсход, а дзе захад... Пайшоў наўгад. Мімаволі апана-
ваў мяне страх, дрэнна будзе, калі заблуджуся! Тут можна і тыдзень блудзіць з голаду аслабнеш.
Нарэшце ўсё ж такі пашанцавала натрапіў на сьцежку, ды нават шырокую, праяздную. Але ў каторы бок накіравацца?.. Гэтая дарожка можа завясьці ў далёкі кут сьляды на запыленай дарожцы. Значыць, нехта ехаў з недалёкага паселішча? А можа, з глыбіні лесу дамоў?.. Прыпомніў, як было дома: выязджаў бацька раніцай з дому, а дахаты вяртаўся вечарам. Значыць, мне трэба не па сьлядах каня, а наадварот, супраць напрамку яго ходу вяртацца ў пасёлак (хоць свой, ці чужы).
Рашэнне было правільнае, і цераз паўгадзіны сьпешнай хады я дабраўся, амаль не спазьніўшыся, да свайго лагера і пабег на работу.
Мінула больш чым год. Аднаго дня выклікае мяне начальнік атрада і перадае пад распіску казённае пісьмо... Сэрцазакалацілася... Што ж там напісана? Я прыпомніў, што на маю заяву пракурору Комі АССР быў даволі хуткі адказ, што па маёй справе пракуратура апратэставала рашэнне суда і выслала адпаведную просьбу ў Вярхоўны суд СССР, каб перагледзелі справу і вызвалілі мяне з пад варты.
Пасколькі мінула ад таго часу шмат часу, а ніякага адказу ня было, я вырашыў, што мая справа засталася навекі пад сукном. А тут...
Вярхоўны суд паведамляў, што тэрмін зьняволення мне зьменшаны напалавіну: з 10—іді на 5 гадоў, і мне яшчэ асталося быць у няволі каля трох гадоў... Вось і начальнік Ежоў!.. Вярнуў мне пяць гадоў вольнага жыцця!..
Гэта быў дзень, што яшчэ раз даказаў: глядзі не на ярлыкі (мундзір, партыйнасьць, прафесію), а на чалавека, на яго ўчынкі, паводзіны, канкрэтныя факты! I толькі паводле гэтага ацэньвай людзей.
Ці то на падставе якогась даносу, ці якісь кантроль выявіў, што мяне трымаюць у лагеры звычайнага рэжыму. А мне ж паложаны строгі! I хуценька пераправілі мяне ў іншы мардоўскі лагер, дзе была мацнейшая варта і горшыя ўмовы бытавання. Аднак гэта мне ўжо было малаважна. Набліжаўся час вызвалення. Да таго ж я меў у лагерных паперах анатацыю, што працаваў у санчасьці і мяне праз некалькі тыдняў узялі на работу медбрата.
Лагерным звычаем, акрамя забойчай, знясільваючай працы, дазвалялі зэкам займацца спортам (!), самадзейнасьцю, канцэртамі. Kan-
цэрты ладзіліся начальствам, але поўнасьцю выкарыстоўваліся сілы зьняволеных. Нават існавалі аб’язныя, рэспубліканскія канцэртныя групы, якія ў аснаўным абавязаны былі вясьці агітацыйную і русыфікатарскую работу.
Вельмі рэдка здараліся выпадкі, калі прыязджалі вольныя артысты з тэатру. Аднак, у гады “оттепелн” два разы прыязджала да нас сьпявачка з Саранска Антонава Марыя. Гэта, таксама як Русланава, была няруская—мардоўка. Прыгожая, стройная (у нацыянальным мардоўскім строі), сьпявала яна пераважна расейскія песьні “Яміціік”, “Ах ты степь” і іншыя. Мела цудоўны, мяккі і эмацыянальны голас, захапляла нас, як і Русланава. Мы доўга перажывалі і памяталі яе цёплыя, шчырыя выступленні. Нажаль, гэта была вельмі рэдкая зьява.
У лагеры аднак, былі высокага класа майстры ва ўсіх галінах дзейнасьці: буравікі, архітэктары, інжынеры-канструктары, мастакі, планавікі, кампазітары і сьпевакі таксама. У выбраных для выездаў ансамблях бывалі і духаўнікі, якія пакрыёму (употай) спавядалі зьняволеных. Перавозілі, перадавалі зьвесткі з волі. I, зразумела, давалі часам высакавартасныя канцэрты.
А з інжынераў, напрыклад, быў спецыяліст з захаду Дабжаньскі, які кіраваў будаўніцтвам чыгуначнага дэпо ў Печарлагу. Аднак мяне тады ня ўзяў на работу, калі фармавалі нашу брыгаду.
Мне пісьменнікі не патрэбныя! сказаў ён нашым хлопцам, якія хацелі мне дапамагчы ў самыя цяжкія галодныя гады... Вось і такія “палітычныя” здараліся! Яны глядзелі толькі на ўласны, шкурны інтарэс. Гэты Дабжаньскі быў, здаецца, з Кракава. Ён лічыў беларуса ворагам “польскей рацыі стану”!.. Таго беларуса, які са зброяй у руках дабравольна бараніў ад акупацыі Варшаву... Так і хочацца сказаць: шавінізм горш каросты!
Усё мае свой канец. На Вялікдзень мяне забіралі чэкісты ў Шчэціне, на Вялікдзень павезлі ў няволю з Мондзіна, на Вялікдзень вяртаюся аканчальна на свабоду, на бесканвойнае жыццё. Ці аканчальна? Расейская прыказка (народная мудрасць!) гаворыць: “От сумы н от тюрьмы не зарекайся”... Можа і праўды! Немец маёр медыцынскай службы гаварыў у перасыльнай турме:
Россня страна беспредела, здесь всё может быть. Значыць, поўнай свабоды тут ня было, няма і не спадзявайся, што яна будзе!?.
Так меркаваў я, едучы дахаты. I думаў:
Я ж мог выехаць у Нямеччыну, альбо далей на захад, хоць бы ў Амэрыку, ці Аўстралію. Быў бы свабодным і заможным чалавекам... Аднак не зрабіў гэтага!.. Чаму? .. Што мяне да гэтага змусіла?..
He, дружа! шчыра запярэчыў я. Выехаць і я мог дзесяткі разоў... Але ў мяне ня было такога жадання, ні замеру. Я не абакраў, не забіў і не прадаў нікога. Жыў і працаваў сумленна. I мне, насуперак папярэджвання многіх людзей, што большавікі нясуць няволю і смерць рабунак і бяспраўе, не хацелася пакідаць свайго народу. Рашыў спраўдзіць усё сваімі вачыма, а тады ўжо рашаць, што рабіць і куды падавацца... Можа дзеля гэтага і застаўся ў Польшчы, вярнуўшыся на даваеннае мейсца работы?
Але ці мог гэта зразумець Луцкевіч, сын жыдоўкі, якога беларусы прынялі ў сваю вайскавую арганізацыю, так, як і яго малодшага брата Лявона, каб выратаваць ад расстрэлу? Бо Гэстапо адразу забрала б абодвых, і тады ніякія сілы не змаглі б іх выратаваць?..
Яны, бязумоўна ўцяклі б, бо ім пагражала няўхільная сьмерць. Іх думкі ні ў той час, ні цяпер не маглі натрапіць на той шлях, якім кіраваўся я. Ды ці ж я іх абвінавачваю за гэта? Ніколі!.. Юрка быў сумленны і добры чалавек. He займаўся інтрыжкамі і плёткамі, як некаторыя (нажаль!) нашыя “дзеячы”, якія, начапіўшы акуляры, разыгрываюць з сябе прафесараў (шасьцікласнікі!)
Прааналізаваўшы ў думках усё сваё жыццё і жыццё нашага забытага Богам народу, я зрабіў вывад: калі б прышлося пачынаць жыццё нанава, то я не змяняў бы свайго шляху. Так, перацярпеў шмат пакутаў і несправядлівасьці, але ж прайшоў “агонь, воду і медныя трубы”, пазнаў жыццё людзей ад самых вярхоў да самага дна. Зразумеў сапраўдную цэну сумленнасьці. Пераканаўся, што гэта самы каштоўны ў жыцці чалавека і народа дар.
Цяпер добра і цьвёрда знаю: сумленнасьць, чысьціня душы чалавека — гэта каштоўнасьць большая, чым любыя посьпехі, кар’ера і багацтва. Асабліва, калі яны нажываюцца не талентам і працай, а хітрыкамі, ашуканствам, грабяжом і крыўдай другіх людзей. А нават і коштам нядолі і гора другога чалавека...
Не!.. Калі б давялося яшчэ раз прайходзіць пра жыццё, я б шляху не мяняў.
У “САМАЙ СПРАВЯДЛІВАВАЙ” ЧЫРВОНАЙІМПЕРЫІ
Нарэшце Наваградзкая зямля!.. Тут прамільгнулі дзіцячыя і юнацкія гады. Адсюль я падаўся ў шырокі і таямнічы сьвет, пабываў у Польшчы, Чэхаславаччыне, Нямеччыне, ў Латвіі, Эстоніі, Расеі, Мардовіі, Комі... Заглянуў і на Украіну, Грузію, Крым, Малдавію... Усюды нібы розныя людзі, але адначасна зусім аднолькавыя.