• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларуская Адысея  Андрэй Чэмер

    Беларуская Адысея

    Андрэй Чэмер

    Памер: 375с.
    Мінск 2006
    88.52 МБ
    Першым такім “настаўнікам” быў інтэрнаваны з Беларусі (адступаючы ад бальшавіцкіх войскаў) Аляксей Цітавіч. Прозьвішча яго мы ня ведалі. Гэта быў яшчэ малады мужчына, добра адукаваны, высокай культуры і шматгранных ведаў.
    Магчыма ён ніколі раней не працаваў у школе, аднак меў ярка выражаныя здольнасьці педагога. I калі набралася нас каля 15 хлапчукоў і дзяўчат, ён перапытаўшы, падзяліў нас на класы (1 -шы, 2—гі і 3-ці). З’езьдзіў у Наваградак і дзесь там здабыў некалькі сшыткаў і мапу. Бацька зьбіў з дошчачак і памаляваў на чорны колер выгабля-
    ваную “дошку”. Замест партаў выкарыстоўваліся сталы і пачалася навука.
    Аляксей Цітавіч не размаўляў па-беларуску (ён быў расеец). Аднак мы яго разумелі, а калі трапляліся незразумелыя словы, то іх ён тлумачыў прыкладамі, альбо замяняў іншымі, больш зразумелымі славамі. Цераз якісь месяц ці два навучанне наладзілася. Настаўнік нас многаму навучыў ня толькі ў галіне ведаў, але і выхавання. Акрамя гэтага, ён многае ўмеў рабіць сваімі рукамі, майстраваў з дрэва цікавыя галоўкі ды іншыя фігуркі, памагаў у патрэбе бацькам.
    Пасьля заканчэння года, Аляксей Цітавіч, згодна дагаворанасьці, атрымаў ад сялян 40 ці 50 пудоў збожжа і новы, закуплены для яго касьцюм. Выехаў ён у Варшаву і прыслаў адтульпісьмо, што ўладзіўся, як інжынер, пры будове мастоў. Мы шчыра яго шкадавалі.
    Другою настаўніцай, на наступны год, была Кацярына Міхайлаўна, маладая яшчэ жанчына. Аставалася яна на тых жа ўмовах, аднак такога пасьпяховага супрацоўніцтва, як з папярэднім настаўнікам, не атрымалася.
    Трэцім педагогам згадзілася працаваць Ганна Пятроўна (украінка з паходжання). Яна была добрым спецыялістам і педагогам у поўным сэньсе гэтага слова. Пасьля году яе навучання бадай палова з нас ні ў якія школы больш не хадзіла.
    Возера Сьвіцязь
    ГІМНАЗІЯ
    У гэтым часе адгрымела вайна, ўстанавіліся новыя граніцы, мы апынуліся ў межах польскай дзяржавы. Хоць Беларусь падтрымлівалі некалькі краінаў, асабліва Чэхаславаччына, аднак ашуканская палітыка Пілсудзкага і няўмелае выкарыстанне палітычнай сытуацыі А. Луцкевічам і некаторымі іншымі палітыкамі (тыпу Алексюка), нашу Радзіму падзялілі гвалтам, супраць волі народу, бальшавіцкая імперыя і Польшча, якой не ўдалося склеіць сваёй імперыі “одможа до можа
    I ўсё ж такі нешта падобнае на “вясну народаў” адбывалася. Павевы дэмакратыі закранулі і наш народ. У большых цэнтрах Беларусі зьявіліся сярэднія беларускія школы (гімназіі, сэмінарыі), наладзіліся родныя выдавецтвы, беларускія арганізацыі. Ажывала культурная дзейнасьць.
    Даведаўшыся, што ў Наваградку адчынена беларуская гімназія, бацька вырашыў паслаць туды вучыцца мяне. Пра старэйшага брата Алеся і слых прапаў (ён быў паранены ў часе вайны). У школьным веку заставаліся я і старэйшы брат Валянцін, вельмі здольны да навукі.
    Па суседзтву, у вёсачцы Сялішчы жыў Хведар Чубрык, які скончыў Наваградзкую гімназію. Пагаварыўшы з ім, бацька даверыў яму падрыхтаваць мяне да экзаменаў у гэтую школу. Ад нашага хутара да Сялішчоў было каля двух кіламетраў дарогі. I я разам з Тамарай Баранцэвіч (бацька настаўнік) і стрыечным братам Паўлам Анішчыкам, штодня бегалі да Чубрыка, які рыхтаваў нас па ўсіх вымаганых экзаменам прадметах.
    Хутка праляцела лета і перад пачаткам школьнага году нас павязьлі на экзамін. Трапіўшы з глухога хутара ў шматлюдны з брукаванымі вуліцамі, тратуарамі і вялікімі каменнымі дамамі горад, я адурэў і так хваляваўся, што амаль ня “зрэзаўся”. I толькі спакойныя, умелыя паводзіны вопытнага педагога дырэктара Пятра Скрабца, памаглі мне апрытомнець і вытрымаць экзамены па ўсіх прадметах.
    Добра здалі экзамін і Паўлюк і Тамара. Цешыліся мы, вяртаючыся дахаты, задаволены былі і бацькі. Трэба было рыхтавацца да пераезду ў Наваградак, пачынаўся школьны год.
    Мы ужо вучыліся іграць
    Ад Мондзіна да Наваградка 16 кіламетраў. Пехатою хадзіць далёка. Прышлося шукаць кватэры, бо бурсы яшчэ ня было. Зрэшта прымалі туды найбяднейшых, беззямельных і сірот, з больш далёкіх вёсак. А мы лічыліся “сярэднякамі”. Дагаварыўся бацька з удавой на нашай (Валяўскай) вуліцы, якая жыла у крайняй хаце. Адсюль да школы было далекавата, каля кіламетра, але для маладых ног гэта ня мела значэння. Пагадзіліся адносна невялікай цаны за маленькі пакойчык, у якім стаяў столік, ложак, дзьве табурэткі. Ложак быў шырокі і спалі мы ўдваіх. Тут нам ніхто не перашкаджаў вучыцца (Паўлюк хадзіў у 1-шы клас, а я ў 3ці).
    Дагаварыліся, што Таўкачыха нам будзе варыць абед з прывезеных бацькамі прадуктаў (калі памяць ня мыляе па пуду мукі, два пуды бульбы, тры фунты сала і чатыры фунты круп на месяц). У Таўкачыхі былі старэйшыя за нас два хлопцы, Вацэк і Юзік, якія вучыліся ў польскай гімназіі. Абодва гралі на трубах, удзельнічалі ў школьным аркестры. Часам маці варыла ім асобна, а часам разам з нашай ежаю. Мы ў гэта не мяшаліся. Хлопцы былі добрыя, дэмакратычных поглядаў і ў нас з імі ня было ніякіх спрэчак. Хоць і не сябравалі. Яны ж усё такі “паны” палякі і гаварылі “по польскему”, а мы мужыкі... Зрэшты падобныя пытанні нас зусім ня турбавалі. Было дастаткова сваіх сяброў.
    За ўрокі ўзяліся мы пільна, хоць спакусаў палодырнічаць было шмат. Усё ж такі мы не забываліся, што дома бацькі цяжка працуюць і, як гаворыцца, адымаюць сабе кусок з рота, каб нас вывучыць, вывесьці “у людзі”. Гзта разумелі бадай усе вучні нашай пралетарскай гімназіі. I асобныя кампаніі гультаёў-пустазвонаў (або хуліганствуючай “сьмятанкі”) не прыжыліся. Тым больш, што выкладанне ішло на роднай мове, педагогі былі людзі простыя і адпаведна квалі-
    фікаваныя, лекцыі пераважна цікаўныя. Асабліва, калі выкладалі такія энтузіясты, як Міхась Чатырка, Ян Цеханоўскі, Пётр Скрабец a пазьней Антон Валынчык, Язэб Драздовіч.
    Я яшчэ ўдома навучыўся чытаць і многа кніжак перачытаў, пасьвячы каровы. А цяпер у школьнай бібліятэцы ды пазьней у гарадзкой, мог атрымаць неагранічаную колькасьць твораў любімых аўтараў: Тараса Гушчы, Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Жукоўскага, Іордана, Шыллера, Байрана, Гамэра і т. д. Я проста глынаў гэтую літаратуру і дзесь у закамарках душы высьпявала нясьмелая думка самаму напісаць нешта падобнае. Асабліва я “завідаваў” паэтам. I ўжо ў чацьвёртым-пятым класе (адначасна з Барысаглебскім) папробаваў напісаць верш.
    Было гэта ціхім рамантычным вечарам, калі мы былі на кватэры ў жонкі дырэктара Цеханоўскага, які на той час эміграваў у Францыю. Кватэра наша мясьцілася пры тагачасным Рынку, у самым цэнтры горада, у камяніцы Сроля Чорнага. Поўны месяц сыпаў серабрыстае сьвятло, будынкі і дрэвы выглядалі нібы казачныя, таемныя істоты. У позьнюю пору панавала цішыня... I ў маёй дзіцячай галаве, a дакладней дзесь на дне душы, радзіліся вобразы.
    Нарадзіўся мой першы верш... Быў ён наіўны па зьместу, просьценькі і нявытрыманы па форме, мяняўся рытм, пераскоквала рыфма, але ўсё ж такі гэта быў верш!.. У Барысаглебскага атрыма-
    Наваградзкі замак у XVIII веку
    лася складней, ён стварыў нешта на падабенства санэта. Мы тады яшчэ ня ведалі, што перш чым за мастацтва трэба асвоіць рамясло, элементарныя правілы вершавання, якія фармаваліся доўгімі вякамі і ўрэшце былі прыняты як найбольш дасканалыя формы, класікамі літаратурнай творчасьці (Нізамі, Авідыем, Шэкспірам, Шыллерам, Міцкевічам, Максімам Багдановічам, Лермантавам, Жукоўскім і інішымі).
    Гэтыя выдатнейшыя мастакі мастацкага слова выпрацавалі найпрыгажэйшыя і найдасканальшыя на сёнешні дзень формы паэтычнай творчасьці і ніхто іх, пакуль што, не пераўзвысіў.
    Праўда, знайходзяцца сёння зялёнадзюбыя (альбо бесталанныя і бадай ня зусім сумленныя) “тварцы” паэтычных нэалагізмаў, якія бяруць на сябе сьмеласць даказаць, што няхлюйна зляпаныя столбікі слоў (часта ня маючыя ніякага лагічнага сэнсу) гэта “новая” форма паззіі. Так, як бяздарныя мазюкі, намаляваўшы жанчыну з шыяй жырафы, даказваюць аслупелым гледачам, што гэта “мадэрнісцкае мастацтва”... Калі я раз запытаўся ў такога “мастака” ці ён хацеў бы, каб яго жонка, ці дачка мела такую жырафіну шыю, або вока пад вухам, “мастак” нічога разумнага ня змог сказаць.
    I многія (думаю, што значная большасьць) сапраўдных, таленавітых паэтаў са шчырай апрабатай успрымае галоўны накірунак сённяшяй паэзіі Беларусі, Расіі і шэрагу іншых краін. Бо факт застаецца фактам прыгажэй за Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Гоя, расейскіх “Перадвіжнікаў” ніхто лепшых партрэтаў не намаляваў. Так як ніхто не дабіўся большага хараства ў марскіх пейзажах, чымся Айвазоўскі, які па сёнешні дзень застаецца маяком для адэптаў мастацтва.
    Аднак школа ёсьць школа. Трэба было вывучаць у першую чаргу свабодныя (выхадныя) дні, ды і то ня поўнасьцю. I нам прышлося толькі павярхоўна запазнацца з тэорыяй літаратурнай творчасьці па кніжцы “Тэорыі славеснасьці” бяссмяротнага Цімафеева. Гэтая кніжыца сапраўды асталася непраўзыдзенай па сёнешнія дні. Мы цьвёрда і беспамылкова ўсвоілі: перш чым брацца за іконы і партрэты, трэба навучыцца вокны і дзьверы маляваць. Перш чым шыць сукенкі і касьцюмы, трэба навучыцца дзяружку ці прасьціну зарубіць, мяшок пашыць.
    Недарма у прафесіянальных школах усіх галін пачыналі ад рангі вучня, чалядніка, “подмастерья”, а толькі ў канцы навукі здавалі эк-
    замін на майстра. Так робіцца на ўсім сьвеце і ў нашыя дні.
    Яшчэ дома, пасучы каровы, я вучыўся граць на скрьпцы. Браты Віцё з Валем выдзяўблі з сухога ліпавага пня “даўбанку”, нешта падобнае да мандаліны, дарабілі ручку (грыф), нацяг-
    нулі струны з тэлефону і назвалі гэта скрыпкай.
    Паглядзеўшы на фабрычны, змайстравалі ўручную смычок нацягнулі валоссе з хваста кабылы і сталі мы вучыцца граць... Маючы добры слух, навучыліся карыстацца з інструменту. Хутка я мог граць польку, “лысага”, “каробачку”, кадрыля... I часта граў, пасучы кароўку, альбо сьвіней. I вось цяпер у школе мне вельмі пашанцавала быў уключаны ў школьны аркестр. Пры гэтым легка было пераключыцца з аднаго інструмента на другі (мандаліну, гітару). Мне прыемна было належаць да школьнага хору і аркестру. Асабліва калі пасьля трох ці пяці лекцый у сапраўднага музыканта я навучыўся правільна трымаць скрыпку і мандаліну, і стаў лепей разумець музыку.
    Мая любоў да музыкі і пэўная, набытая ўмеласьць акампанаваць, выконваць песьні і танцы, у далейшым жыцці ня раз прыдалася і нават ратавала ў цяжкіх умовах жыццёвых эпізодаў. Падобнае было і з маляваннем. Пачаўшы карыстацца акварэллю і масьлянымі фарбамі, мне давялося ў пазьнейшым жыцці ня раз бьць “художнікам”. I зьявіліся на сьвет сотні маіх пейзажаў.