• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларуская Адысея  Андрэй Чэмер

    Беларуская Адысея

    Андрэй Чэмер

    Памер: 375с.
    Мінск 2006
    88.52 МБ
    Са Шведам шчырыя і цёплыя адносіны захаваліся ў нас па сёнешні дзень.
    Зусім іншага складу быў Юзьвюк. Гэта быў адзін з нямногіх людзей, якія спаткаў у сваім жыцці, як умеў працаваць. Паўтараю: умеў, бо знаць работу гэта яшчэ не азначае умець яе выконваць. Мы, напрыклад, усе знаем, як будуецца хата, робіцца шафа, стол, дзьверы, печка. Але зрабіць стол, паставіць хату або печку і многае іншае мы ня ўмеем.
    Некаторыя народы у першую чаргу немцы, ангельцы, амэрыканцы даўно зразумелі вялікую вагу гэтай праблемы. Яны шырока, у афіцыйным дзяржыўным масштабе вырашылі гэтую праблему. У іх інжынер-будаўнік сам, сваімі рукамі можа выканаць тыя працэсы (прыёмы), якімі пры пабудове карыстаецца любы рабочы, альбо майстар. Кожная дзяўчына, перш чым выходзіць замуж, год альбо два вучыцца шыць, мыць, варыць, даглядаць дзяцей. I гэта дало ім магчымасыдь не прадукаваць для свайго ж народу нейкага барахла (замест належнай, якаснай вопраткі), або выпускаць машыны і прылады, якія цераз тыдзень псуюцца і патрабуюць капітальнага рамонту і Т.Д--
    Сёння весь сьвет знае, што калі хочаш мець якасную, моцную, добрую машыну, або прыладу, абутак ці апарат, то купляй нямецкую, японскую або швэдзкую. Тады твой трактар ня будзе ржавець у полі, твая машына ў нармальных умовах ламацца і кансэрва атручваць.
    Я, наглядаючы за стылем працы Юзьвюка, мімаволі заўважыў штодзенны парадак у яго.працы, паперах, прыладах. Усяго было столькі, сколькі неабходна, усё стаяла на сваім мейсцы, усё нязьменна было гатова для неабходнай працы. Пры чым гэтая праца была чоткай, яснай, незаганна выконванай. Юзьвюку ня прыходзілася шукаць якогась дакументу, справаздачы, падручніка і працэс работы быў наладжаны як анкерскі гадзіннік.
    Неяк я не ўцярпеў і спытаўся ў яго:
    Скажыце, хто навучыў вас працаваць?.. Бо я бачу, што стыль вашай работы далёка выходзіць за рамкі нашага (пераважна) нехлямяжнага жыцця. Дзе і ў каго вы вучыліся?
    Сакратар засьмяяўся:
    Я тое самае і ў вашай рабоце заўважаю... А дзе ж вы вучыліся?
    Я расказаў, як вучыўся ў Познані, а пасьля на Шлёнску трапіў пад кіраўніцтва др. Булаўскага і як ён навучыў мяне працаваць.
    Выявілася, што матка Юзьвюка была немкай. Зразумела, што яна, гадуючы хлопца, прывучала яго ня толькі працы, але і добрай якасьці работы. А дзеля гэтага трэба было шмат чаму павучыцца і цьвёрда засвоіць на практыцы. I вось цяпер, у рэальным самастойным жыцці плады яе выхавання вельмі спатрэбіліся.
    Займаючыся разбудовай дзейнасьці кулыурнага сектару БГКТ, я цесна пасябраваў з невялічкім ансамблем “Лявоніха”, які выступаў з канцэртамі ня толькі ў Беластоку, але (перадусім) часта выязджаў у вёскі і мястэчкі Беласточчыны. Праграма (выпрацаваная за годы дзейнасьці Лобача) была размаітай, цікавай і зьмястоўнай. Выкоывалася на добрым, можна сказаць, прафесійным узроўні. Кіраўнік танцавальнай групы Крупа добра знаў сваю работу. Беларускія народныя танцы (у добра пашытых нацыянальных касьцюмах) заканамерна выклікалі захапленне вясковых і гарадзкіх гледачоў. Оля Андрэюк і яе сябрыні эмацыянальна выконвалі Лявоніху, Польку-Юрачку ды іншыя беларускія танцы. Люба і Янка Блізьнюкі мелі прыгожыя, лірычныя (аксамітныя) галасы. Некаторыя з іх рэпертуару журботна-трагічныя песьні бралі за душу, паланілі слухачоў і хвалявалі іх да сьлёз. Выдатна сэкундавалі ім Юрка Гаурылюк, Марыська Мароз ды іншыя сябры ансамбля.
    Прыязджаючы з гэтым мастацкім гуртком, яго пастаноўкамі і канцэртамі, я цешыўся, наглядаючы, як радуюцца людзі, моладзь і пажылыя сяляне прыезду “Лявоніхі”. Роднае слова, блізкая для народу песьня і дэклямацыі, або пастаноўкі невялікіх п’ес заўсёды падымалі настрой людзей, якія ўласнымі вачыма пераконваліся, што яны, беларусы, ня горшыя за палякаў ці іншых людзей, што і сярод нас ёсьць асьвечаныя, здольныя і вартасныя людзі... Толькі доля наша горшая, камандуюць чужыя нам начальнікі...
    Здаралася, што на наш канцэрт пралазілі падпіўшыя шавіністы (тыпу варшаўскіх “Анткаў”), якія правакацыямі пробавалі зрываць нашае мерапрыемства. Так, напр., здарылася ў Заблудаве, дзе пара выпіўшых дзяцюкоў сваімі польскімі выкрыкамі і абразьлівымі выказваннямі мелі замер сарваць канцэрт. Зразумеўшы ў чым справа, я паставіў каля аднаго з гэтых тыпаў нашых дзябёлых дзяцюкоў, а сам
    стаў каля другога, і мы рэзка перапынялі іх грубыя, калі не сказаць хамскія, выхадкі. Адначасна нашая харыстка і танцорка са сцэны прасьпявала ім у твар: “Глупё гадаць вы умеце бо ў галовах вашых вецер!.. I яшчэ пару падобных прыпевак. Правакатарам, высьмеяным публікай, прышлося пакінуць памешканне.
    Нажаль, пасьпяховыя выступленні “Лявоніхі” былі бяльмом у воку шавіністычных уладаў. I цераз некалькі гадоў ансамбль быў палякамі зьліквідаваны. Недалёка адбегла польская ўлада ад камуністычнай.
    Неяк выбраліся мы ў чарговую вандроўку на пошукі экспанатаў для беларускага музею, што ўжо быў адкрыты ў Белавежы. Займаў ён там невялікі пакой, але ўжо было сабрана шмат старых вырабаў мясцовага насельніцтва. Ехалі мы невялікім аўтобусам у заплянаваную вёску і хадзілі па хатах сялян, выпрошваючы старыя, неўжываныя пераважна прадметы дамовага ўжытку, земляробскія прылады, рукадзельныя вырабы з дрэва, косьці, жалеза, палатна; вышыўкі і гафты бабак і прабабак, даўно ня ношаныя ды іншыя рэчы, прыгодныя толькі для музэя.
    Людзям тлумачылі значэнне музея, патрэбу гістарычнай памяці для будучага пакалення і наступных стагоддзяў. I людзі знайходзілі ў сваіх сундуках даўнейшыя галаўныя ўборы, вышытыя жаночыя і мужчынскія сарочкі, самадзельны абутак, ручныя вырабы мастацкага і практычнага прызначэння з дрэва і метала. Старыя сохі, пярсьцёнкі, а часам і якісь стары друк. Пры нагодзе я аглядаў сялянскія хаты, няраз упрыгожаныя разьбою вокны і падстрэшныя шчыты. А ўсярэдзіне пераважна хаты былі чыстыя, амаль усе засланыя падлогай, бывала, чыста вымытай і вышараванай да сьвежай жаўцізны. Гутарка мала адрозьнівалася ад наваградзкай, часам вычувалася сваяцкая з украінскай моваю. Здараліся двары, дзе нікога ня было, усе былі ў полі, на рабоце. Лета і вясна, а тым больш восень не чакае... Трэба ўпраўляцца.
    Такім чынам разрастаўся музей фальклёра-гістарычнага характару. Нажаль пазьней настала пара (мяне ўжо там ня было), калі палякі правялі чарговы паход супраць беларускай культуры. Ня толькі школы зачынялі (пераводзілі на польскую мову), але канфіскавалі і наш музей... Вывязьлі ўсе экспанаты “на пшэхаване” ды так і не вярнулі. Культурны грабёж...
    Вярнуўшыся з адной з такіх паездак, я даведаўся, што Юзьвяк напісаў дакторскую працу пра мастацкае афармленне сялянскіх будынкаў Беласточчыны. Ён мне паказаў цудоўную кнігу з сотняй ілюстрацый разьбы, арнамента шчытоў, падстрэшшаў, вокан і дзьвярэй у сёлах і хутарах беларускага сялянства Беласточчыны. Тады гэта быў яшчэ толькі машынапіс, кніга чакала свайго выдаўца. Ці вышла з друку гэтая вельмі цікавая і прыгожая кніжыца так і ня ведаю.
    Каторагась дня, Юзьвюк, Лобач і я, а таксама нейкі Куц, які працаваў у гарадзкой управе, сядзелі ў памешканні БГКТ і вялі выпадковую, жартоўную гутарку пра ўсякую драбядзень. Неяк Лобач сказаў, што абрыдзела тут жыць у гэтым шалмане і зьдзеку польскіх шавіністаў.
    Едзь-едзь на Беларусь! пажартаваў я, там папробуеш чэкісцкай ласкі, а можа і лагераў, дык будзеш ва ўсе лапаткі перціся назад...
    Ну!.. Ты прыдумаеш! Там дэмакратычны лад рабоча-сялянская ўлада. Сталіна даўно няма...
    Так мы пасьмейваліся і жартамі “паддзявалі” адзін другога, а пасьля пайшлі на піва. I што вы думаеце? Цераз дзень ці два мяне выклікаюць у беластоцкую паліцыю. У прасторным пакоі сядзелі два урадоўцы, як я дагадваўся, адзін камендант ваяводзкай управы паліцыі, а другі — сьледчы.
    Сьпярша камендант запытаў, як даўно я прыехаў (хоць яны ўжо ўсё пра мяне дасканальна ведалі), з якою мэтаю і што думаю далей рабіць. Я коратка адказаў, што жыву ў Польшчы другі год. Польшча мне ня чужая тут канчаў універсытэт, шмат гадоў працаваў і дабравольцам бараніў Варшаву у часе нямецкай інвазіі... А Беласточчына для мяне амаль родная, бо я працаваў тут дырэктарам школы і маю тут шмат блізкіх сяброў так беларусаў, як і палякаў. А калі ўсё пойдзе ладом, то можа ізноў пайду працаваць у школу.
    У часе гэтай размовы другі функцыянер (праўдападобна з польскага УБ г.зн. бясьпекі) часта ўмешваўся, задаючы колкія і нават злосныя пытанні і нешта запісваючы. Пратрымалі мяне каля гадзіны і разьвіталіся.
    Хутка выявілася, што Куц (які, як выявілася, быў стукачом) настрачыў на мяне данос і перадаў свайму начальству ў УБ. Хутка паліцыя выклікала Юзьвюка і дала яму такую галавамойку, так запалохала (яму ўпершыню прышлося мець справу з такой установаю), што ён запрапанаваў мне неадкладна выязджаць з Беластоку, хоць яму гэтага вельмі не хацелася.
    Сытуацыя была яснай: энкавэдзісты Беларусі баяцца, што я магу расказаць зашмат праўды пра жыцце ў савецкай імперыі. А на Беларусі такой пагрозы ня будзе, бо кожны крок будзе пад няспынным наглядам. He чакаючы на магчымыя далейшыя шыканы, я рашыў вярнуцца ў мае, стаўшыя прывычнымі, Эйшышкі... Як ні як, але там мяне ніхто ня трывожыў і не чапаў. Відаць, такі ўжо лёс.
    I пасля 20-месячнага “адпачынку” ў Польшчы, я шчасліва ізноў прызямліўся ў знаёмым старым мястэчку... на тую ж самую работу! Бо за час мае адсутнасьці новы эканаміст ня быў знайдзены. Сяк-так замяшчала мяне нарміроўшчыца Мортунайце. У Міністэрстве мяне з задаваленнем прывіталі знаёмыя, добразычлівыя жанчыны кіраўнікі аддзелу і начальнік Мінкявічус. Усё пайшло старой каляінай. Толькі прышлося выпраўляць і дарабляць многія “недадзелкі”нарміроўшчыцы. Ды знайсьці новую кватэру, якую мне рэкамендаваў дырэктар.
    Галоўным інжынерам у Эйшыскім камбінаце быў малады дзяцюк Казіс Валунта. Актыўны і даволі ініцыятыўны, ён меў вясёлы і кантактабельны характар. Акрамя таго, узгадаваны ў паласе мяшанага насельніцтва, дзе было многа “тутэйшых”, якія гаварылі на беларускай мове, а таксама праслойкі расейцаў і палякаў, жыдоў і родных яму летувісаў, ня быў шавіністам, і мы хутка пасябравалі — тым больш, што зьвязвала нас і работа. Улічыўшы, што “стукацтва” (даносы) на тэрыторыі Літвы было намнога менш пашырана, чым на Беларусі, альбо ў Расеі, атмасфера супрацаўніцтва на камбінаце была даволі добрай. Ня было ніякіх інтрыгаў, склокаў і наогул лішніх няпрыемнасьцяў.