Беларуская Адысея
Андрэй Чэмер
Памер: 375с.
Мінск 2006
А для мяне існаваў яшчэ адзін плюс прысутнасьць Сланеўскага. Яго спакойны, зраўнаважаны характар, філасофскі падход да людзей і зьяваў, прыроджаная і набытая ў жыцці мудрасьць дабрачынна ўплывалі на кожнага, хто з ім сутыкаўся. Нядрэнныя былі ад-
носіны з бухгалтэрыяй, дзе амаль усе былі мясцовымі. У падлягаючых да камбіната прадпрыемствах працавалі ў большасьці сумленныя людзі (якіх на Літве большы працэнт, чым на Беларусі), наша праца ішла гладка, без ніякіх асаблівых падзеяў ці скандалаў.
Мая гаспадыня Якушына жыла тут даўно і была знаёма са ўсімі раённымі начальнікамі, а найбліжэй з нашым дырэктарам. Яна працавала настаўніцай разам з жонкай дырэктара. Таксама цесна сябравала з Анастасіяй Сланеўскай.
У нашым доме на партэры было памешканне старшыні райвыканкома, які паходзіў са Смаленшчыны, яго матка, прыехаўшы ў адведзіны да сына, зьдзівіла мяне беларускай мовай, якой яна карысталася. У нас з гэтым начальнікам устанавіліся добрыя і шчырыя адносіны. Ён быў акуратны ў рабоце, ня браў хабароў і наогул быў справядлівым чалавекам.
Аднаго разу у мяне ўзьнік канфлікт з дырэктарам. Ён дзесь згубіў, ці перадаў некаму патрэбны дакумент. Пасколькі гэта датычыла эканамічных справаў, ён зьвярнуўся да мяне. Я пераглядзеў свае паперы і сказаў што ў мяне няма. Тады ён стаў папракаць, што ў мяне прападаюць дакументы і зажадаў, каб я яшчэ раз перашукаў. Я ў катэгарычным тоне адказаў яму, што шукаць больш няма сэнсу у мяне гэтага дакумента няма.
Дык хто ж яго мог узяць?! чапляўся Амараліеў.
Хіба Пушкін! кінуў я рэпліку.
Рэакцыя дырэктара была такая, што ён зьняў належную мне гадавую прэмію. Я падаў скаргу ў Міністэрства, адтуль прышоў загад у Райвыканком, і прэмія была выплачана. А паперка знайшлася ў нарміроўшчыцы...
Гэта аднак быў пачатак аканчальнага разладу ў маіх адносінах да дырэктара. Дагэтуль у шматгадовай службовай кар’еры гэта быў у мяне першы такога характару выпадак (калі не лічыць лжывасьці лагернага Ксенжука).
Узьнік канфлікт з гэтым гора-дырэктарам і ў Валунты. Ён хутка знайшоў сабе лепшае мейсца ў Шырвінтах (49 км ад Вільні). Даведаўшыся пра гэта, я папрасіў яго спытаць, ці ня знойдзецца там месца для мяне. Валунта, выязджаючы, абяцаў.
У гэтым часе здарылася бяда: захварэў і памёр Ігнат Сланеўскі. Згодна з яго запаветам, мы адвязьлі яго ў родную вёску Сенну, каля Любчы, дзе жыла яго маці. Многа людзей праводзіла, разьвітвалася з пакойным “касірам”гісторыкам, а яшчэ больш сабралася на яго паховіны. Меў 70 гадоў. Асталася толькі памяць пра яшчэ адну ахвяру крывавага Джугашвіл і-Сталі на... Едучы з гэтых паховін, я думаў:
Калі ж на сьвеце установіцца дэмакратычны, свабодны і справядлівы лад?.. Як відаць пакуль будзе існаваць імперыя, датуль будзе панаваць дыктатура і бязпраўе, прымус, лагеры і рабства.
I ўсё ж такі ёсьць надзея! Гісторыя паказала, што нават пазбаўленыя волі і ўсіх людзкіх правоў рабы Рымскай імперыі ўмелі паўставаць і перамагаць!.. Значыць прыдзе канец і чырвонай імперыі!.. Асвабодзяцца ня толькі беларусы, украінцы, грузіны, малдаване і сатэліты імперыі Балгарыя, Венгрыя, Югаславія, Польшча, Чэхаславакія і Румынія, але і якуты, бураты, татары, комі, мардоўцы і ўсе паняволеныя нацыі... I дні гэтага вызвалення з дэспатычнай, дзікай няволі будуць найвялікшымі сьвятамі на планеце!..
Фіны, немцы, шведы, французы, датчане, амэрыканцы даказалі, да якога дабрабыту можа дабіцца свабодны народ...
Пасьля сьмерці Ігната Сланеўскага і выезду Валунты мяне амаль нічога не трымала ў Эйшышках. Праціўна было спатыкацца з нясумленным дырэктарам. I я сур’ёзна задумваўся, што трэба мне звальняцца і пераязджаць у Шырвінты. Будзе абясьпечана праца і кватэра. У той жа дзень я падаў заяву аб звальненні. I хоць дырэктар не хацеў адпускаць, я, ў законам вызначаны тэрмін, выехаў у Шырвінты. Нядоўгі перыяд працы ў гэтым сымпатычным гарадку быў апошнім перад новым і заключным месцам у нашай старой Вільні.
Шырвінты гэта пагранічча літоўскага і беларускага этнасу, скрыжаванне культур і ўплываў летувіскіх, беларускіх, польскіх (пасколькі значны працэнт каталікоў-беларусаў апалячаны) і расейскіх (шматвяковая расейская акупацыя). Гэты кангламерат спарадзіў даволі талерантнае, працавітае насельніцтва, што вычувалася так у гарадку, як навакольных сёлах. Недалёка Шырвінтаў яшчэ стаяла хата пагранічнікаў польска-літоўскай дзяржаўнай мяжы (1920-1939).
Камбінат не належаў да вялікіх, з бухгалтэрыяй (гал. бухгалтар Ванагас) і тэхнічным аддзелам у нас адразу стварыліся добрыя адносіны, і праца пайшла наладжана, у добрым супрацоўніцтве.
Мы з Валунтай і майстрам камбіната атрымалі па асобным пакоі кожны, паблізу мясьцілася нядрэнная завадзкая сталоўка, і жыццё пацякло па належным рэчышчам.
Акрамя бягучай работы, я абавязаны быў ня толькі планаваць дзейнасьць камбіната, але і выконваць месячныя, квартальныя і гадавыя справаздачы даволі вялікага абыйма і шмат у чым складАныя. Мне як эканамісту камбіната трэба было знаць прадукцыйныя працэсы будаўніцтва, пашыўнога цэха, шавецкага, тэхнічных галін і наогул усяго, што прадукавалася ў нашым прадпрыемстве. Я часта выязджаў у розныя пункты нашых падапечных майстэрняў і цэхаў. Бо, як даўно вядома, без фаховага кантролю не пазьбегнуць хаосу і злоўжыванняў.
Яшчэ раней, вярнуўшыся аканчальна з няволі, я ў часе канікулаў ці водпуску любіў наведваць Вільню. Мянялася ўлада, мянялася дзяржаунасьць, але горад ня траціў свае павабнасьці і прытульнасьці. Многа жыхараў аставалася на месцы, і можна было сустрэцца з многімі знаёмымі. Здаралася спаткаць і сяброў-аднадумцаў са студэнцкіх часаў, як Зіна Еўтухоўская, Зоя Каўшанка, нават Рулінскі і Карабач былыя вучні з сэмінарыі. Адвёўшы ў Вільні душу, я вяртаўся назад на сваю работу да чарговай паездкі.
Неяк прышло да мяне пісьмо. Гляджу на канверт: Вільня, Пакрашчо, Надзея Маркаўна Шнаркевіч. Памяць капаецца ў даваенных, студэнцкіх гадах, але памятяецца толькі прозьвішча. А твар, постаць?.. He магу прыпомніць. Разрываю канверт, чытаю... I даведваюся, што Надзея Маркаўна жонка быўшага дырэктара Радашкоўскай гімназіі Язэпа Шнаркевіча. Яна піша, што, даведаўшыся мой адрас, вырашыла напісаць і запрасіць, каб я наведаў іх гэта значыць, яе і Людвіку Антонаўну Войцік, якая жыве на другім краі горада у лесе. Яны цікавяцца маім жыццём і доляю нашых супольных знаёмых.
Гэтае простае і цёплае пісьмо мела для мяне вялікае значэнне: пабываўшы ў іх гасьціннай хаце над Віленкай, недалёка Пушкінскага дому, пазнаёміўся я з жанчынай, якая была вызначана мне
лёсам, і з якою дажываю апошнія гады жыцця. Але усё па парадку.
Хоць пазнаёміліся мы з Алёнай Зінкевічанкай у 1967 годзе, дайшло да нашых далейшых кантактаў толькі ў пачатку сямідзесятых. Між гэтымі датамі быў двухгадовы перапынак, зьвязаны з маім ваяжом у Польшчу.
Да 1973-году праца йшла пасьпяхова, без ніякіх непаразуменняў і няпрыемнасьцяў. Калі ня лічыць, што энкавэдзісты раз выклікалі галоўнага інжынера для выясьнення на-
Шчасьлівы пэрыяд у Шырвінтах шых з ім адносін. Як відаць, якісь стукач “переусердствовал” і набрахаў нейкую лухту. Ніякіх канкрэтных вынікаў з гэтага ня было.
Сярод мясцовага жыхарства я чуўся як дома. У аснаўной большасьці гэта былі такія ж працавітыя і спагадлівыя людзі, як і наваградчане. Руплівыя, не скупыя, але дастаткова ашчадныя, з прыроджаным тактам і культурай у нашых суадносінах, не стваралі канфліктных сытуацый, амаль нідзе і ніколі ня чулася ні сварак, ні хамства.
Крыху новай для мяне зьявай былі тут моднымі супольныя вечарыны ў большыя гадавыя сьвяты. Найчасьцей для сустрэчы Новага Году маладыя, а таксама маласямейныя людзі запрашаліся ў мясцовы, даволі прасторны і добра абсталявыны рэстаран. Загадзя аплачваліся “столікі” па дзьве, або чатыры асобы. Столікі былі хораша накрыты, з кветкамі, бутылкай шампанскага і гарэлкі, піва, і ўсё гэта каштавала 5-7 рублёў. Быў заказаны аркестр, які граў для слуху і для танцау, стаяла прыбрана адпаведна ёлка, працавала абслуга. У буфеце можна было
нядорага ўзяць сабе дабаўку да таго, што мелася на століку, як хто хацеў.
I характэрна, што на працягу некалькіх такіх вечарын я не заўважыў ніводнага выпадку п’яных, ці хуліганскіх эксцэсаў. Танцы, песьні, гутаркі, сьмех і жарты, новыя знаёмствы стваралі цёплы, вясёлы сяброўскі клімат, і амаль ніхто раней вызначанай гадзіны не пакідаў такой вечарыны. У выхадныя дні групы шырвінцян адпачывалі часта каля рэчкі, альбо над возерам (як яго зрабілі). Увосень многія хадзілі ва ўсім даступныя блізкія і далёкія лясы па грыбы, летам па ягады.
Па маёй просьбе гарадзкія ўлады выдзялілі для мяне “сотку” зямлі на градкі. Я ўскапаў дзірван, ачысьціў ад пырніку і пайшоў да аднаго з добрых прыгарадных гаспадароў купіць воз гною. Як вядома, на пустой зямлі нішто ня хоча расьці. Я пазнаёміўся, сказаў, дзеля чаго мне патрэбны гной, і гаспадар адразу падвёў мяне да хлява і паказаў стойла (каровы), з якога я мог адразу выкідаць гной на падагнаны за акном воз.
У вызначаную мне пору я прышоў з добрымі віламі і за паўдня накідаў вялікі воз высока закладзеныя драбіны. Папрасіў каня і вывез угнаенне на свае грады. Адвёўшы воз і каня, я спытаў гаспадара, сколькі ж з мяне належыцца за такі воз угнаення? Гаспадар махнуў рукою і сказаў:
Што мне з вас браць?.. Гадуўце на здароўе!..
А тады такі воз угнаення цаніўся 2-3 паўлітры, a то і болей... I гэта быў не адзін выпадак. У характары мясцовых людзей пераважна сумяшчаліся спагаднасьць і дабрата, разважлівасьць і мудрая жыццёвая філасофія. Без скрупулёзнай нямецкай разьліковасьці і грузінскай (часта безагляднай) шчодрасьці.
Даглядаючы свае градкі (цыбулю, часнык, памідоры, пасолю, крыху кветак і ранняй бульбы), я мімовалі наглядаў за працаю суседзяў з аднаго і другога боку.
Заўважыўшы, што маладзіца побач, перш чым засадзіць свае градкі, разграбае пальцамі землю і выкідае карэнчыкі пустазелля, я падышоў і падаў ей маленькія грабелькі, каторымі я выграбаў карэнчыкі і каменне.
О, не!.. Дзякую, але граблямі я не зраблю так, як рукамі. Пальцамі я вычуваю кожны карэнчык, а граблі...
Толькі тады я, зьдзівіўшыся, зразумеў, чаму некаторыя жанчыны ў зямлі длубаюцца і бульбу выграбаюць рукамі, а не капачом. Колькі практычнага розуму і працавітасьці трэба мець маладой жанчыне, каб адмовіцца ад чырвоных ногцяў і выпешчаных рук...