• Газеты, часопісы і г.д.
  • Беларуская Адысея  Андрэй Чэмер

    Беларуская Адысея

    Андрэй Чэмер

    Памер: 375с.
    Мінск 2006
    88.52 МБ
    Багдановіч Янка родам з Вішнева (недалёка Валожына), паходзіў з беднай сялянскай сям’і. Першыя навукі і узгадаванне атрымаў у Базыльянскіх мурах Вільні, дзе мясцілася Беларуская Гімназія і беларускі Дзіцячы Прытулак. Скончыўшы гімназію і Педагагічны Інстытут, працаваў настаўнікам у школе Новай Вілейкі (чужой школе беларускай ня было). Ажаніўся з мудрай і добрай Янінай (літоўкаю), выгадавалі дзьве дачкі і сына.
    Гэта быў адзін з самых блізкіх маіх сяброў. Шмат разоў я быў у іх доме на Жырмунах, дзе заўсёды панаваў лад і цёплая, родная, сямейная атмасфера. Акрамя сучаснасьці, нас спалучала мінуўшчына: блізкія сябры Найдзюкі, Арсеннева, Шутовічы, Адам Станкевіч, А. Клімовіч, Пятро Сяргіевіч, Павел Каруза і дзесяткі іншых сапраўдных дэмакратаў і патрыётаў нашай пакрыўджанай Бацькаўшчыны.
    Ад пачатку пасьляваеннага адраджэнскага руху Янка актыўна ўключыўся ў нашы грамадзкія мерапрыемствы. Часта выступаў на сустрэчах і сходах, каб падзяліцца з малодшымі сябрамі сваім шматгадовым досьледам. Пахаваны на антокальскіх магілах побач свае дарагой Яніны недалёка ад касьцёла Пятра і Паўла.
    Ляшковіч Ніна даволі актыўна дзейнічала ў часе панавання камуністаў (з навуковым нахілам працы). Аднак, пасьля ўстанаўлення дэмакратычных уладаў поўнай незалежнасьці рэспублікі, устрымалася ад кантактаў з беларускімі згуртаваннямі. Яе адносіны да былых палітвязьняў-беларусаў былі выразна халодныя. Я асабіста ня меў да яе ніякіх прэтэнзій: справа поглядаў прыватная справа кожнага чалавека.
    Фёдарава Вольга здольная мастачка, добрая беларуска. Удзельніца ў стварэнні кінафільма, прысьвечанага Рыгору Шырме (пастаноўка Л. Гедравічуса з Менска). Пасьля нечаканай сьмерці мужа пажыла нядоўга і сама нечакана памерла.
    Зіна Талкачова (Бондар) жыла ў Наваградку (там была замужам за Гена Плескачом). Пасьля яго сьмерці аканчальна пераехала ў Вільню. Аднак ня толькі гады, але і цяжкія перажыванні адабралі здароўе, і нядоўга тут пажыўшы, памерла на пачатку дзевяностых гадоў. Была спакойнай, добрай і сумленнай жанчынай. Згод-
    на з традыцыяй беларускіх школ, нідзе і ніколі не адракалася ад роднай мовы і звычаяў сваіх продкаў.
    Каруза Павел вядомы ў сваім часе дэпутат (пасол) у польскім сойме, здольны кампазытар і фальклярыст, цесна сябраваў з менскімі навукоўцамі, прайшоў багаты і трагічны жыццёвы шлях. Падобна Я. Шутовічу, А. Клімовічу і многім іншым дзеячам і спецыялістам Віленшчыны, не ўбярогся ад правакацый і энкавэдзісцкіх лагераў. Добра пазнаў “шчаслівае жыццё разьвітога сацыялізму”.
    Сялянскі сын (з Ваўкалаты на Віленшчыне), нарадзіўся Каруза ў 1906 годзе. Беларускія школы былі забаронены ня толькі на Беларусі, але і ва ўсёй імперыі, і Паўліку прышлося вучыцца на чужой мове. I толькі пасьля 1920 года паступіў у 4-ты клас Віленскай Беларускай гімназіі. Пазьней вучыўся ў Кансэрваторыі і закончыў яе па класу тэорыі і кампазыцыі. Працаваў у Беларускім банку, у ТБШ (Таварыстве Беларускай Школы). Быў выбраны дэпутатам (паслом) у польскі сойм. Працаваў разам з Ярэмічам, А. Станкевічам і др..
    У рэдкія свабодныя гадзіны займаўся фальклёрам і кампазытарскай творчасьцю. Аднойчы, яшчэ будучы студэнткай, Марыя Маслоўская (Скурко) скантактавала Паўла з падполлем Менска. У выніку, яго абманам звабілі ў Менск. Там пасадзілі ў турму, і сьледчы ОГПУ Обэрфельд (Ізраэліт з г. Лодзь у Польшчы) абвінаваціў у “шпіянажы”... Закончыліся допыты ў 1935 г. адпраўкаю ў лагер, а з 1937 па 1945 Салаўкі...
    Вярнуўшыся ўрэшце ў Віленшчыну, ажаніўся з добрай і здольнай, адданай жанчынай, і пражылі яны шчасліва аж да яе нечаканай сьмерці. Гэтага удару свайго трагічнага лесу Каруза ня змог нават зьмягчыць. Ён перастаў выходзіць, ні разу пасьля таго нават не паказваўся ў горадзе і сканаў дома. Пахаваны на Еўфрасіньеўскіх магілах у 1988 годзе.
    Мы с жонкай наведвалі яго да апошніх дзён жыцця, таксама як блізкая іх сябрыня Марыя Семянюк (доктарка).
    Янка Шутовіч. 3 гэтым пакутнікам камуністычных часаў нас зьвязвала паўвяковае шчырае сяброўства. Язэп і Часлаў Найдзюкі, кс. Адам Станкевіч, др. Станіслаў Грынкевіч, Рыгор Шырма, Пятро Сяргіевіч і цэлая плеяда іншых ахвярных і стойкіх адраджэн-
    цаў даваеннае пары не мянялі сваіх поглядаў і ніколі не здраджвалі роднаму краю і народу. А сумленнасьць і праўда непрыемлемы для камуністычных уладаў, і яны, зразумела, былі загадзя прыгавораны на загубу.
    Радзіўся Шутовіч у 1904 годзе (в. Шутовічы, Смаргонскага раёну). Ён больш вычуваў, чым разумеў, што родная мова так як колер вачэй і валос, рысунак твару, мера росту дадзена нам самой прыродай. А законаў яе мяняць нам не належыць, каб не калечыць сябе і сваіх патомкаў (нашчадкаў).
    Янка нязьменна трымаўся прынцыпаў прывітых яму яшчэ ў роднай гімназіі. I закончыўшы асьвету, працаваў у друкарстве, у рэдакцыях “Шляху Моладзі”, “Калосся”, “Беларускай Крыніцы” і інш.. У часе нямецкай акупацыі быў дырэктарам музэя Івана Луцкевіча. Адсюль яго і забралі энкавэдзісты, згодна з іх шаблонам вынішчання беларускай інтэлігенцыі.
    Вярнуўшыся з лагера, працаваў сторажам у Галярэі Мастацтваў. Памёр і пахаваны на Павільнюскіх могілках у 1974 годзе.
    Вольская Валянціна (Пучко), пераведзеная на работу ў Вільню ў першыя паваенныя гады, пазасталася тут назаўсёды. Адукаваная, зраўнаважаная жанчына не зьмяніла сваіх поглядаў і звычаяў. Ніхто з суседзяў ня мог сказаць, што гэтая беларуска дрэнны, ці абыякавы да ўсяго чалавек. Наадварот, яна дастойна нясла годнасьць і вартасьць беларуса.
    Яе бацька, быўшы педагог беларускай школы, і матка пераехалі ў шасьцідзесятых гадах да яе і сумесна гадавалі яе дачку напалавіну сірату. Старыя, нажаль, не дачакаліся вызвалення Беларусі і Летувы з акупацыйнага ярма. Валя таксама страціла здароўе і не змагла актыўна ўдзельнічаць у адраджэнскім руху. Аднак, усе яе сябры і знаёмыя заўсёды ўспамінаюць яе добрым словам.
    Паўлюкевіч Мікалай сын вядомага дзеяча Заходняй Беларусі (зьненавіджанага камуністамі, бо шукаў шляхоў супрацоўніцтва з палякамі) віленскі старажыл.
    He афішаваўся сваім “патрыятызмам”, але і не прадаваўся нікому. Вёў сябе дастойна, наведваў усе сустрэчы і мерапрыемствы, наладжваныя беларускімі згуртаваннямі. He навязваўся нікому з
    сваімі перакананямі і паслугамі, але ў выпадку патрэбы мог бы стаць карысным супрацоўнікам.
    Цімафееў Пётр найстарэйшы з беларусаў Вільні (яму сёння ідзе 106 год), быў блізкім чалавекам Якуба Коласа. Яны разам засаджвалі паўгектаравы сад каля дому Коласа (і яго жонкі Камінскай) у Павільнісе, дапамагаў гэтай сямейцы ў справах матар’ялаў і рамонтаў, даглядаў хаты, калі гаспадары выязджалі куды-небудзь.
    Пасколькі сям’я Якуба Коласа, асядаючы ў Менску, нічога (натарыяльна) не даручала Цімафееву, ён, займаючыся рознымі заняткамі, пасяліўся аканчальна ў цэнтры горада, у невялікім доміку з такім жа невялікім садзікам, і спакойна дажываў там свой справядлівы век. Яго ўжо мала закранае палітыка і грамадзкі рух.
    Адольф Клімовіч. Немагчыма памінуць амаль усё жыццё зьвязанага з Вільняю, палымянага і нязломнага патрыёта інжынера Адольфа Клімовіча. Адзін з самых актыўных, здольных і ахвярных дзеячаў адраджэнскага беларускага руху, Клімовіч не хістаўся з боку ў бок (як некаторыя з разьдзьмуханай славай “патрыёты”, што шукалі ласкі Пілсудзкага, а іншым разам Джугашвілі і г.д... Як кажуць куды вецер вее).
    Клімовіч быў простым, непадкупным і нязьменна ахвярным патрыётам свае паняволенай Бацькаўшчыны. Ён ня шукаў славы і кар’еры. Ня строіў з сябе, запусьціўшы бараду і напяліўшы акуляры, “таямнічага мудраца”, ці прафэсара. Нікога ня ўводзіў у зман. За гэтакія перакананні і паводзіны атрымаў ад камуністаў высшую меру пакарання сядзеў у “адзіночцы”, чакаючы расстрэлу. Вышаў з гэтай камеры белы як сьнег. Але ўсё папарадку.
    Нарадзіўся Клімовіч у 1890 годзе, у беднай сялянскай сям’і в. Казанаўшчына, Сьвянцянскага раёну. Рана асірацеў. Вучыўся ў сьвянцянскай школе, а з 1919—га году у Віленскай Беларускай Гімназіі. Скарыстаў з магчымасьці прабрацца ў Прагу (дзе вучылі беларусаў бясплатна, давалі стыпендыю), пасьпяхова закончыў там агранамічны аддзел Палітэхнікі. Вярнуўся на Беларусь у 1928 годзе.
    Яго нягаснучая дзейнасьць па адраджэнню Бацькаўшчыны пачалося з 1915 г., калі пад кіраўніцтвам паэтаКазіміра Сваяка арганізоўваў першыя беларускія школы ў Сьвянцяншчыне (Клюшчаны і аколіцы). У 1918 годзе удзельнічае ў Беларускай Нацыянальнай Кан-
    фэрэнцыі ў Вільні. Будучы студэнтам, быў выбраны кіраўніком аддзелу Міжнародных Зносін АБСА (Аб’яднання Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў) ад 1924 па 1928 г.г. удзельнічаў у Міжнародных Зьездах і Кангрэсах.
    Літаратурная і публіцыстычная дзейнасьць Клімовіча распачалася ў 1921 г., калі арганізаваў першы беларускі часапіс моладзі “Маладое Жыццё”. А вярнуўшыся з Прагі ў Вільню, выдаваў беларускі часапіс “Самапомач” (1932-1939 г.г.) і “Крыніцу” (1940 г.). Выдаў некалькі папулярных кніжак у галіне сельскай гаспадаркі і каапэрацыі. Актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Кулыуры Беларускага Нацыянальнага Камітэту.
    У ваенныя гады працаваў на Віленшчыне настаўнікам у Беларускай наст. Сэмінарыі ў Лідчыне у галіне асьветы і гаспадаркі. A яшчэ пры польскай уладзе (1938) быў высланы з Вільні.
    He спынялася кіпучая дзейнасьць Клімовіча і ў часе нямецкай акупацыі. Ён выкарыстоўваў ўсе (вельмі абмежаваныя) магчымасьці для адраджэння беларускага школьніцтва і гаспадарчых, абаронных арганізацыяў.
    У 1953 годзе Клімовіча арыштоўваюць у Вільні (ён тут працаваў арганістам) і вывозяць у Маскву. Там Ваенны Трыбунал Маскоўскага Ваеннага Округа на закрытым паседжанні прысуджвае беларускага патрыёта да расстрэлу. Аднак, цераз два месяцы прыгавар быў заменен 25 гадамі цяжкіх лагераў. Вызваліўся пасьля сьмерці Джугашвілі.
    У 1970 годзе вялікі барацбіт-пакутнік закончыў жыццё. Пахаваны ў родных Клюшчанах. У Павільнісе астаўся яго сын і нявестка з сястрою. Архіў пакойнага забрала КГБ: гэты ідэйны і нарэдкасьць справядлівы чалавек нават пасьля сьмерці быў для іх страшны.
    Пасьля вызвалення з лагера, мне даводзілася часта быць у іх скромнай, невялікай кватэры на Лазьдзінах (вул. Жэручо). Жылі яныўдваіх з Вэранікай Шутовіч мірна і згодна, хоць і беднавата. Адольф у тым часе падлечваўся рознымі травамі здароўем ня мог пахваліцца. A Вэраніка чулася яшчэ моцнай. Ня гледзячы на страчанае здароўе, гаспадар ня жаліўся на свой лёс і, як гэта ня дзіўна, нашы думкі і перакананні сышліся на тым самым: калі б прышлося паўтарыць жыццё, мы пайшлі б тым жа самым шляхом, хоць бы і прадбачылі яго вынікі.