Біялогія
Выдавец: Народная асвета
Памер: 230с.
Мінск 2017
Засяляючы паверхню сушы, пакрываючы значныя ўчасткі бязводных пустынь і багністых балот, пранікаючы ў глыбіні прэсных і салёных вадаёмаў, паднімаючыся высока ў горы, расліны фарміруюць раслінныя супольнасці, у якіх пражываюць розныя жывёлы. Лясы, лугі, вадаёмы — гэта і жыллё, і корм для жывёл. Без зялёных раслін жыццё на Зямлі, такім, якім мы яго ведаем, было б немагчымым.
■ Вывады. Расліны існуюць у выглядзе розных жыццёвых форм: дрэў, кустоў, кусцікаў, траў. ■ Травы бываюць аднагадовымі, двухгадовымі і шматгадовымі. ■ Дрэвы, кусты, кусцікі — шматгадовыя расліны. ■ Расліны забяспечваюць жыўленнем і кіслародам усе жывыя арганізмы.
Н1. Як вы лічыце, у сувязі з чым узніклі разнастайныя жыццёвыя формы раслін? 2. Прывядзіце прыклады вядомых вам дрэў, кустоў, кусцікаў. Чым яны адрозніваюцца? 3. У чым заключаецца адрозненне паміж аднагадовымі і шматгадовымі травамі? 4. Прывядзіце прыклады двухгадовых раслін. Абгрунтуйце, чаму іх так называюць. 5. Растлумачце, чаму без раслін немагчыма існаванне большасці бактэрый, усіх грыбоў і жывёл.
Выкарыстоўваючы рэсурсы Інтэрнэту (або іншыя крыніцы), знайдзіце звесткі пра тое, якой жыццёвай формай прадстаўлены банан. Складзіце кароткае паведамленне аб гэтай расліне. Дзе расце? Якой вышыні можа дасягаць? Якую даўжыню і шырыню маюць яго лісты? Колькі кілаграмаў пладоў атрымліваюць у сярэднім з адной расліны? У які час года збіраюць ураджай? Расказ запішыце ў рабочы сшытак.
Ці звярталі вы ўвагу, знаходзячыся ў вялікім лесе, які напоўнены вільгаццю, на своеасаблівы раслінны свет?
Амаль на кожным кроку тут сустракаюцца ўзорыстыя лісты папараці, якія нагадваюць велізарныя зялёныя пёры. У вільготных нізінах, ярах можна ўбачыць хвашчы, якія маюць выгляд маленькіх сосенак. А на паверхні вільготнай глебы або на камянях — далікатныя зялёныя дываны імхоў. Сярод травы можна адшукаць расліны з паўзучымі сцёбламі і прыўзнятымі жаўтаватымі «каласкамі» — гэта дзераза. Усе гэтыя расліны ніколі не цвітуць і не ўтвараюць пладоў і насення. Як жа яны размнажаюцца?
3 гэтай главы вы даведаецеся:
• якія расліны называюцца споравымі і чаму;
• як адбываецца размнажэнне споравых раслін;
• якое значэнне ў прыродзе маюць споравыя расліны;
• што такое торф, як ён утвараецца і дзе выкарыстоўваецца.
Вы навучыцеся:
• адрозніваць споравыя расліны ад іншых прадстаўнікоў расліннага свету;
• параўноўваць споравыя расліны паміж сабой, знаходзіць падабенства і адрозненні.
91
§19. Імхі
Паняцце аб споравых раслінах. Да споравых раслін адносяцца імхі, папараці, дзераза і хвашчы. Усе яны ўтвараюць споры, з дапамогай якіх распаўсюджваюцца. Таму іх і называюць споравымі раслінамі. (Успомніце, што такое спора.) Споравыя расліны жывуць у розных кліматычных умовах. Аднак большасць з іх расце на вільготных участках,
паколькі для перамяшчэння мужчынскіх гамет (сперматазоідаў) пры палавым працэсе ім неабходна вада.
Паняцце аб імхах. Бываючы ў лесе або збіраючы журавіны на балоце, вы, верагодна, бачылі невялікія зеленаватабялявыя або зеленаватабурыя расліны, якія растуць асобнымі астраўкамі або якія пакрываюць глебу суцэльным дываном. Гэта — імхі (мал. 76).
Распаўсюджанне і асяроддзе пражывання імхоў. У цяперашні час вядома каля 25 тыс. відаў імхоў, шырока распаўсюджаных на ўсіх кантынентах.
Асабліва шмат іх у вільготных трапічных лясах. Але нямала і ў іншых прыродных зонах Паўночнага паўшар’я, дзе на вялікіх плошчах імхі пераважаюць у раслінным покрыве.
На пытанне, дзе ў нашай зоне растуць імхі, адказ просты — практычна ўсюды. У любых лясах (ліставых, хвойных, змешаных), на балотах, лугах, на дрэвах, камянях (мал. 77). Нават на дахах і сценах дамоў. Некаторыя імхі жывуць у вадзе.
Мал. 76. Мох зязюлін лён і яго каробачкі са спорамі
Мал. 77. Мох, які расце на камені
92
Глава 6. Споравыя расліны
Асаблівасці будовы і працэсаў жыццядзейнасці іліхоў. Імхі — гэта невялікія (ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў), пераважна шматгадовыя травяністыя расліны. Цела большасці імхоў складаецца з простых ці разгалінаваных сцёблаў, пакрытых дробнымі лісточкамі. Таму іх называюць лістасцябловымі. У прыродзе існуюць імхі, якія не дыферэнцыраваны на сцябло і лісты (пячоначныя імхі).
На ніжняй частцы сцябла ў многіх імхоў утвараюцца ніткападобныя вырасты — рызоіды. Кожны рызоід уяўляе сабой выцягнутую клетку або некалькі клетак. Рызоідамі імхі прымацоўваюцца да грунту. Пры дапамозе рызоідаў імхі паглынаюць з глебы ваду і мінеральныя рэчывы. Адсутнасць сапраўдных каранёў абмяжоўвае паступленне вады з глебы. У сувязі з гэтым ваду імхі ўсмоктваюць таксама і ўсёй паверхняй цела. Таму яны могуць жыць практычна ўсюды — было б толькі паветра досыць вільготным.
Размнажаюцца імхі палавым і бясполым (утварэннем спор) спосабамі.
Разгледзім размнажэнне імхоў на прыкладзе зялёнага моху — зязюлінага лёну. У параўнанні з іншымі імхамі зязюлін лён — найбольш буйная расліна, дасягае ў вышыню 12—20 см (гл. мал. 76).
На верхавінах адных раслін гэтага моху фарміруюцца мужчынскія органы палавога размнажэння (такія расліны называюцца мужчынскімі). У іх утвараюцца мужчынскія палавыя клеткі са жгуцікамі — сперматазоіды. На верхавінах іншых раслін (жаночых) фарміруюцца жаночыя органы палавога размнажэння. Тут спее жаночая гамета — яйцаклетка. Мужчынскія і жаночыя расліны цесна датыкаюцца адна да адной. Падчас дажджу або пры густой pace сперматазоіды плывуць да яйцаклеткі і зліваюцца з ёй — адбываецца апладненне. Апладненне ў гэтым выпадку, як бачым, немагчыма без вады. Пры зліцці гамет утвараецца зігота. Гэта — палавое размнажэнне (мал. 78).
93
Мал. 78. Размнажэнне зязюлінага лёну
Зігота, якая ўтварылася, шматразова дзеліцца. 3 клетак, якія ўтвараюцца, фарміруецца каробачка на ножцы — спарангій. У ім спеюць споры. Утварэнне спор — гэта і ёсць бясполае размнажэнне. Пакрытая каўпачком каробачка нагадвае зязюлю, якая сядзіць на галінцы. Гэта падабенства дало падставу для назвы «зязюлін лён». Калі споры выспяваюць, каўпачок і вечка каробачкі адпадаюць, споры высыпаюцца і рассейваюцца ветрам.
Верагодна, вы не раз назіралі, як на месцы вогнішча ў лесе праз некаторы час з’яўляецца зялёны «пушок» імхоў.
94
Глава 6. Споравыя расліны
Адкуль тут узяліся імхі? Яны выраслі са спор, тых, што прыляцелі па паветры.
Калі споры трапляюць у спрыяльныя ўмовы, яны прарастаюць. У глебе з прарослай споры развіваецца доўгая тонкая разгалінаваная ніць зялёнага колеру, якая падобная на зялёную водарасць. У далейшым на ніцях утвараюцца пупышкі, з якіх вырастаюць пакрытыя лістамі маладыя расліны зязюлінага лёну. Адны з гэтых раслін мужчынскія, другія — жаночыя.
■ Вывады. Расліны, якія распаўсюджваюцца з дапамогай спор, называюцца споравымі. Гэта імхі, папараці, дзераза і хвашчы. ■ Імхі — невялікія травяністыя расліны, якія жывуць паўсюдна. ■ Цела большасці імхоў утворана сцяблом і лістамі; у многіх ёсць рызоіды. ■ Размнажаюцца імхі бясполым і палавым спосабамі.
Н1. Якія расліны называюцца споравымі? 2. Ахарактарызуйце будову зязюлінага лёну. 3. Як адбываецца размнажэнне зязюлінага лёну? 4. Якія ўмовы неабходны для палавога размнажэння імхоў? 5. Імхі не маюць дрэвавых форм. Як вы лічыце, чым гэта можна растлумачыць?
§ 20. Сфагнавыя імхі. Значэнне імхоў
На тарфяных балотах і ў сырых лясах суцэльным дываном разрастаецца серабрыстабелы мох сфагнум, або тарфяны мох.
Будова і размнажэнне сфагнуму. Сфагнум — шматгадовая расліна з моцна разгалінаваным сцяблом (мал. 79). На канцах верхніх галінак у сфагнуму развіваюцца каробачкі, у якіх спеюць споры. У адрозненне ад зязюлінага лёну і іншых зялёных імхоў сфагнавыя імхі не маюць рызоідаў. Яны ўсмоктваюць ваду і мінеральныя солі сцяблом і лістамі.
Сцябло і бакавыя галінкі большасці відаў сфагнуму пакрыты дробнымі светлазялёнымі лістамі. Кожны ліст скла
Мал. 79. Мох сфагнум, справа — клеткі яго ліста пад мікраскопам
даецца з аднаго слоя клетак двух відаў. Адны з іх жывыя, зялёныя, утрымліваюць хларапласты. Другія клеткі — мёртвыя, буйныя і бясколерныя, пазбаўленыя ядра і цытаплазмы. Мёртвыя клеткі размяшчаюцца паміж жывымі клеткамі (гл. мал. 79). Гэта ваданосныя клеткі. Абалонкі гэтых клетак маюць адтуліны, праз якія ўсмоктваецца вада. Ваданосныя клеткі лістоў і сцёблаў здольны праз поры паглынаць вялікую колькасць вады і доўга яе ўтрымліваць. Сфагнавыя імхі рэгулююць водны баланс экасістэм, у якіх растуць. Падчас моцных дажджоў яны паглынаюць і ўтрымліваюць Bafly. У засушлівы перыяд імхі паступова аддаюць ваду ў навакольнае асяроддзе.
► Сфагнавыя імхі — моцныя паглынальнікі (сарбенты). Некаторыя з іх здольны паглынуць колькасць вады, якая перавышае іх уласную сухую масу ў 20—25 і нават у 35 разоў.
Размнажаецца сфагнум гэтак жа, як і зязюлін лён, бясполым і палавым спосабамі.
Утварэнне і выкарыстанне торфу. У тых месцах, дзе пасяляецца сфагнум, назапашваецца шмат вільгаці. Чым мацней сфагнум разрастаецца, тым больш назапашваецца вады. Так пачынаецца забалочванне мясцовасці. 3 часам участак, заселены сфагнавымі імхамі, ператвараецца ў балота.
96
Ніжнія часткі парасткаў сфагнуму, якія адміраюць, разам з іншымі раслінамі паступова ператвараюцца ў торф. У слаях торфу захоўваюцца рэшткі раслін, якія жылі многа год таму і не разлажыліся, — карані, пні дрэў, лісты, часткі галінак, пылок. Гэтыя рэшткі разбураюцца не цалкам, таму што ў тоўшчы торфу мала кіслароду і працэс гніення ідзе павольна. Акрамя таго, сфагнум, які працягвае расці на паверхні, выдзяляе рэчывы, якія прыгнятаюць жыццядзейнасць бактэрый, што таксама перашкаджае гніенню.
Торф выкарыстоўваецца як паліва. У сельскай гаспадарцы торф ужываюць у якасці ўдабрэння, на подсціл жывёлам, для вырабу торфаперагнойных гаршкоў, для мульчыравання глебы (паверхневае пакрыццё глебы), што прадухіляе яе перасыханне і стрымлівае рост пустазелля.
3 торфу атрымліваюць драўняны спірт, карболавую кіслату, пластмасы, воск, парафін і іншыя каштоўныя матэрыялы.
► Наша краіна мае значныя запасы торфу. Распрацоўка тарфяных радовішчаў — важная галіна прамысловасці. Тарфянікі выкарыстоўваюць і як сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Аднак практыка паказала, што інтэнсіўнае асушэнне балот часта прыводзіць да змянення клімату і прыродных ландшафтаў, да парушэння воднага балансу на вялікіх тэрыторыях. Акрамя таго, многія сфагнавыя балоты жывяць вытокі рэк і ручаёў.