• Часопісы
  • Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак  Курт Вонэгут

    Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак

    Курт Вонэгут

    16+
    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 418с.
    Мінск 2019
    42.11 МБ
    — Людзі, мусіць, зьдзівіліся б, калі б дазналіся, як шмат чаго ў сьвеце спраўджваецца дзякуючы малітве.
    — Ваша праўда, даражэнькая, — зь першага да апошняга слова.
    — А вашая маці вас часта адведвае?
    — Мая маці памерла, — адказаў Роўзвотэр. Во як бывае.
    — Ox, прабачце!
    — Яна, прынамсі, пражыла шчасьлівае жыцьцё да апошняй яго гадзінкі.
    — Гэта крыху суцяшае.
    — Але.
    — Ведаеце, Білаў бацька таксама памёр.
    Во як бывае.
    — Хлопчыку проста неабходны бацька.
    I гэты дуэт паміж дурной, пабожнай спадарыняй і буйным, спустошаным спадаром, скрай напоўненым рэхам прыязнасьці, доўжыўся да бясконцасьці.
    —	Ён быў найлепшым вучнем у групе, калі гэта здарылася, — дадала Білава маці.
    —	Мусіць, ён перапрацаваўся, — заўважыў Роўзвотэр.
    Ён трымаў кнігу, якую хацеў пачытаць, але зь ветлівасьці ня мог адначасова чытаць і гутарыць, дарма што адказваць Білавай маці
    было даволі лёгка. Кніга называлася «Шаленцы ў чацьвертым вымярэньні», аўтар Кілгор Траўт. Яна апавядала пра людзей, чые псыхічныя хваробы не падлягаюць лекаваньню, паколькі іх прычыны знаходзяцца ў чацьвертым вымярэньні, але лекары-зямляне, якія бачаць толькі ў трох вымярэньнях, ня ў стане нават уявіць гэтыя хваробы, ня кажучы ўжо пра тое, каб даць ім рады.
    Роўзвотэр вельмі ўпадабаў адную рэч, якую напісаў Траўт пра чацьвертае вымярэньне. Траўт лічыў, што крывясмокі, ваўкалакі, гобліны, анёлы і ўсё такое існуюць насамрэч, адно што ўсе яны знаходзяцца ў чацьвертым вымярэньні. Тамсама, паводле Траўта, існуе і Ўільям Блэйк, улюбёны паэт Роўзвотэра. Да таго ж, да чацьвертага вымярэньня належаць і рай зь пеклам.
    —	Ён заручыўся зь вельмі багатай дзяўчынай, — паведаміла маці.
    —	Выдатна, — адказаў Роўзвотэр, — грошы могуць істотна палегчыць жыцьцё.
    —	Вядома ж, могуць.
    —	Яшчэ як могуць.
    —	Ня вельмі прыемна жыць і за кожны шэлег калаціцца.
    —	Так, так. Добра, калі ёсьць крыху грошай на запас
    — Ейны бацька — уладальнік школы аптамэтрыі, дзе вучыцца Білі. Яшчэ ён мае сем прыёмных кабінэтаў у нашай частцы штату. Ён лётае на ўласным самалёце, і ў яго лецішча на возеры Джордж.
    —	Цудоўная мясьціна.
    Білі Пілігрым заснуў пад коўдрай. А прачнуўся прывязаным да ложка ў лягерным лязарэце. Ён расплюшчыў адно вока і ўбачыў старога небараку Эдгара Дэрбі, які чытаў «Чырвоны знак адвагі» пры сьвечках.
    Білі Пілігрым зноў заплюшчыў вока і ў сваіх успамінах пра будучыню ўбачыў старога небараку Эдгара Дэрбі перад расстрэльнай ротай на крушнях Дрэздэну. У гэтай роце было ўсяго толькі чатыры чалавекі. Білі Пілігрым некалі чуў, што ў расстрэльных ротах аднаму з жаўнераў даюць вінтоўку з халастым патронам. Білі Пілігрым сумняваўся, што тут, у нагэтулькі маленькай роце, у нагэтулькі зацяжной вайне, камусьці выдадуць халасты.
    Цяпер у лязарэт зайшоў ангелец-стараста, каб праведаць Білі. Гэта быў пяхотны палкоў-
    нік, якога паланілі ў Дункерку. Менавіта ён даў Білі Пілігрыму морфій. На падворышчы не ставала прафэсійнага мэдыка, і таму ўсіх лекаваў гэты палкоўнік.
    — Як наш пацыент? — спытаў ён Дэрбі.
    — Сьпіць як мёртвы.
    — Але ж насамрэч ён не памёр?
    — He.
    — Як добра — нічога не адчуваць і пры гэтым мець рэпутацыю жывога.
    Дэрбі без асаблівага імпэту стаў на «зважай».
    — Не-не, калі ласка — сядзіце як сядзелі! Тут на кожнага афіцэра прыпадае ўсяго толькі два шарагоўцы, і да таго ж усе шарагоўцы — хворыя, таму, мяркую, перабудзем бяз гэтых звычайных рытуалаў.
    Дэрбі застаўся стаяць.
    — Вы выглядаеце старэйшым за астатніх, — зазначыў палкоўнік.
    Дэрбі адказаў, што мае сорак чатыры гады. Гэта было на два гады больш, чым палкоўні-
    ку, які расказаў, што ўсе астатнія амэрыканцы пасьпелі пагаліцца, толькі Білі Пілігрым і Дэрбі засталіся з бародамі. Затым прызнаўся:
    — Ведаеце, мы тут шмат уяўлялі сабе, як яно там на вайне, але ўсе лічылі, што ваююць сталыя мужчыны, такія, як мы з вамі. Мы зусім забыліся, што звычайна на вайну пасылаюць дзетак. Убачыўшы сьвежапаголеныя твары, я быў ашаломлены. «Божа ты мой! — сказаў я сабе. — Гэта ж крыжовы паход дзетак!»
    Палкоўнік спытаў у старога Дэрбі, якім чынам той трапіў у палон. Дэрбі расказаў, як апынуўся ў гайку сярод сотні перапалоханых жаўнераў. Бой працягваўся пяць дзён. Нямецкія танкі загналі гэтую сотню ў гушчар.
    Дэрбі апісаў тыя невыносныя прыродныя ўмовы, якія часам ладзяць адныя зямляне для іншых, калі не жадаюць больш, каб тыя, іншыя, насялялі Зямлю. Тое была страшэнная непагадзь: снарады-ападкі з жахлівым грукатам рваліся ля вершалінаў дрэваў, а жаўнераў абдавала зьлівай з нажоў, іголак і лёзаў.
    А ўнізе, джыгаючы значна шпарчэй за хуткасьць гуку, лес прашывалі маленькія кавалачкі сьвінцу ў медзяной абгортцы. Шмат каго пазабівала або параніла, расказаў Дэрбі. Во як бывае.
    Потым абстрэл скончыўся, і нейкі невідочны немец сказаў праз гукальнік скласьці зброю і выходзіць з гушчару, трымаючы рукі за галавой, інакш абстрэл пачнецца нанава і ня спыніцца, пакуль усіх у гэтым лесе не пазабівае.
    Тады амэрыканцы склалі зброю і выйшлі зь лесу, трымаючы рукі за галавой, бо яны хацелі жыць далей, калі ўжо зьявілася такая магчымасьць.
    Білі Пілігрым зноўку перавандраваў у вэтэранскі шпіталь. Коўдра ўсё яшчэ пакрывала ягоную галаву. Звонку была цішыня.
    — Мая маці сышла? — спытаўся Білі.
    — Ara.
    Білі Пілігрым вызірнуў з-пад коўдры. На крэсьле для наведнікаў сядзела ягоная нявеста. Яе звалі Валенсія Мэрбл. Валенсія была дачкой уладальніка Іліюмскай школы аптамэтрыі. Яна паходзіла зь вельмі багатай сям'і. Валенсія была ўвелькі з дом, паколькі ела і ела. Яна і цяпер жавала. Яна ела цукеркі «Тры мушкетэры». Валенсія насіла пукатыя акуляры ў каляровай аправе, якая зіхцела фальшывымі дыямэнтамі. Да бляску фальшывых камянёў далучыўся бляск сапраўднага дыямэнту на яе заручальным пярсьцёнку. Дыямэнт быў застрахаваны на тысячу васямсот даляраў. Білі Пілігрым знайшоў яго ў Нямеччыне. Дыямэнт быў ягоным трафэем.
    Білі Пілігрым не хацеў жаніцца з брыдкай Валенсіяй. Яна была адным з сымптомаў ягонай хваробы. Ён ведаў, што канчаткова зьехаў з глузду, калі пачуўуласны голас, які прапаноўваў Валенсіі руку і сэрца ды прасіў яе прыняць у якасыді дарунка пярсьцёнак з дыямэнтам.
    Білі Пілігрым сказаў: «Прывітаньне!» А Валенсія запытала, ці ня хоча ён цукерак, ён адказаў: «Не, дзякуй».
    Валенсія спыталася яго пра здароўе, а ён адказаў: «Значна лепей, дзякуй». Валенсія расказала, што ў школе аптамэтрыі ўсе спагадаюць яму і спадзяюцца, што ён неўзабаве акрыяе. Білі Пілігрым сказаў:
    — Калі ўбачыш нашых, перадай ім прывітаньне.
    Валенсія абяцала перадаць.
    Валенсія пацікавілася, ці ня трэба яму нешта прынесьці, але ён адмовіўся:
    — Ня трэба. У мяне тут ёсьць усё неабходнае.
    — А кнігі? — запытала Валенсія.
    — Я тут ляжу побач з, можа быць, найвялікшым прыватным кнігазборам фантастыкі
    у сьвеце, — сказаў Білі, маючы на ўвазе калекцыю навуковае фантастыкі Эльёта Роўзвотэра.
    Сам Роўзвотэр ляжаў на суседнім ложку з кнігай, і Білі Пілігрым уцягнуў яго ў размову, спытаўшыся, што ён цяпер чытае.
    Роўзвотэр адказаў. Кніга называлася «Эвангельле з адкрытага космасу», аўтар Кілгор Траўт. У ёй апавядалася аб адным прыхадні зь іншай плянэты, які, дарэчы, быў вонкава вельмі падобны да тральфамадорца. Той прыхадзень досыць сур'ёзна займаўся вывучэньнем хрысьціянства, каб дазнацца, чаму хрысьціяне гэтак лёгка робяцца лютымі ды бязьлітаснымі. Ён выснаваў, што праблема, ці прынамсі яе частка, палягае ў нядбала напісаным Новым Запавеце. На думку прыхадня, адна з мэтаў Дабравесьцяў — навучыць людзей быць літасьцівымі да ўсіх і кожнага, наватда найніжэйшага з найніжэйшых.
    Але ж насамрэч Сьвятыя Эвангельлі вучаць наступнаму:
    Зьбіраючыся забіць кагосьці, упэўніся, што ў яго няма сур'ёзных сувязяў
    Во як бывае.
    Памылкай у прытчы пра Хрыста, лічыў прыхадзень з космасу, было і тое, што сам Хрыстос, хоць і выглядаў ня дужа самавіта, усё ж быў сынам наймагутнейшай істоты ў Сусьвеце. Чытачы з самага пачатку ведаюць пра гэта, і, калі яны даходзяць да месца, дзе Хрыста ўкрыжоўваюць, у іх натуральна зьяўляецца думка (тут Роўзвотэр гучна зачытаў урывак з раману):
    Авой, дарэмна схапілі гэтага хлопца, бо якраз яго, з сувязямі на самых вярхах, лінчаваць ні ў якім разе нельга!
    А з гэтай думкай узьнікае роднасная думка:
    Знакам тым, існуюць таксама іншыя, тыя, каго лінчаваць усё ж можна. Хто яны? Зразумело, людзі бяз сувязяў!
    Во як бывае.
    Той прыхадзень даў зямлянам у падарунак новае Эвангельле. Паводле яго, Ісус насамрэч быў нікім, звычайным чалавекам, і сядзеў косткай у горле шмат каму з уплывовых сучасьнікаў. Аднак усё яшчэ меўся сказаць тыя прыгожыя і блытаныя рэчы, якія сказаў у ранейшых Эвангельлях.
    Таму людзі ад няма чаго рабіць укрыжавалі яго ды ўвагналі крыж у зямлю. «Напэўна, — падумалі тыя, хто ўкрыжоўваў Хрыста, — адпомсьціць за яго ніхто ня прыйдзе». Гэтаксама мусілі падумаць чытачы, паколькі на старонках новага Эвангельля ім безупынку ўбівалася ў галаву, якім нулём бяз палачкі быў Ісус.
    Але ж тут, якраз перад сьмерцю нуля бяз палачкі, з громам і маланкаю расчыніліся нябёсы. I быў моцны голас Божы, які мовіў людзям, што ён усынаўляе гэтага жабрака, і дае яму ўладу і прывілеі, якія мусіць мець
    Сын Творцы Сусьвету, назаўжды і давеку. Бог сказаў:
    Згэтуль я страшна карацьму кожнага, хто будзе перасьледаваць жабракоў бяз сувязяў!
    Білава нявеста зьела ўсе цукеркі «Тры мушкетэры». Цяпер яна перайшла на «Мілкі Ўэй».
    — Ат, кіньце кніжкі! — прамовіў Роўзвотэр, шпурнуўшы Траўтаў твор пад ложак. — Гараць яны гарам!
    — Не-не-не, вельмі цікава! — запярэчыла Валенсія.
    — Божа, калі б толькі Кілгор Траўт умеў пісаць'. — выгукнуў Роўзвотэр.
    Ён меў рацыю. Непапулярнасьць Кілгора Траўта лёгка тлумачылася: ён быў жахлівым пісьменьнікам. Удалымі былі толькі ягоныя ідэі.
    — Я ня думаю, што Траўт калі-кольвек выпраўляўся за мяжу, — працягваў Роўзвотэр. — Божа літасьцівы! Ён увесь час пісаў пра зямлянаў, і яны ўсе ў яго — амэрыканцы. Але ж амаль ніхто на Зямлі ня ёсьць амэрыканцам!
    — Дзе ён жыве? — пацікавілася Валенсія.
    — Бог сьвяты ведае, — адказаў Роўзвотэр. — Наколькі мне вядома, я адзіны, хто прынамсі нешта чуў аб гэтым пісьменьніку. У кажнюткай яго кнігі новы выдавец. Але калі я спрабую дазнацца аб Траўту праз чарговага выдаўца, лісты вяртаюцца, бо выдавец збанкрутаваў.