Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак
Курт Вонэгут
16+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 418с.
Мінск 2019
ды не дасі, таму мы проста не зважаем на іх. Мы іх ігнаруем. Мы бавім вечнасьць, сузіраючы прыемныя імгненьні — такія, як сёньня ў заапарку. Неблагі ж дзянёк?
— Так.
— А вось гэтаму зямляне якраз могуць навучыцца, калі моцна захочуць: ігнаруй змрочныя часы і запыняйся на сьветлых.
— А-а, — сказаў Білі Пілігрым.
Хутка пасьля таго, як Білі Пілігрым паклаўся спаць, ён выправіўся ў часе да яшчэ аднаго неблагога імгненьня: шлюбнай ночы з Валенсіяй Пілігрым, у дзявоцтве Мэрбл. Ужо мінула шэсьць месяцаў, як ён выпісаўся з шпіталю для вэтэранаў. Білі Пілігрым быў у поўным парадку. Ён скончыў Іліюмскую школу аптамэтрыі, увайшоўшы ў тройку найлепшых вучняў у клясе з сарака сямі чалавек.
Цяпер ён ляжаў з Валенсіяй у ложку, а ложак стаяў у чароўнай студыі, пабудаванай ля прыстані на мысе Эн, штат Масачусэтс На другім беразе зіхацелі агні Глостэру. Лежачы на Валенсіі, Білі Пілігрым кахаўся зь ёю. Адным з вынікаў гэтай дзеі стане нараджэньне Робэрта Пілігрыма, які будзе праблемным падлеткам у школе, але ж выправіцца, калі трапіць у шэрагі славутых «зялёных бэрэтаў».
Валенсія ніколі не вандравала ў часе, але мела жывую фантазію. Калі Білі Пілігрым кахаўся зь ёю, Валенсія ўяўляла сябе славутай у гісторыі жанчынай. Яна была каралевай Ангельшчыны Лізаветай Першай, а Білі Пілігрым — Крыштопам Калюмбам.
Білі Пілігрым енкнуў, як енчаць маленькія іржавыя завесы. Ён толькі што спаражніў у Валенсію зьмесьціва сваіх семявых мяшэчкаў, зрабіўшы ўласны ўнёсак для «зялёных
бэрэтаў». Вядома, што, паводле тральфамадорцаў, кожны «зялёны бэрэт» павінны мець ня больш і ня менш як сем бацькоў.
Тут Білі Пілігрым скаціўся са сваёй вялізманнай жонкі, на чыім твары застыг захоплены выраз, нават пасьля таго, як ён выйшаў зь яе. Білі Пілігрым лёг гузікамі свайго сьпіннога мозгу паралельна краю матраца і заклаў рукі за галаву. Цяпер ён багатыр. Яго ўзнагародзілі за тое, што ён пабраўся шлюбам зь дзяўчынаю, зь якой ніхто ў цьвярозым розуме не пагаджаўся ажаніцца. Ягоны цесьць падарыў Білі Пілігрыму новы «Б’юік-Роўдмастэр», а таксама дом, набіткаваны рознымі электрычнымі прыборамі, ды зрабіў яго дырэктарам свайго найбольш прыбытковага адзьдзяленьня, Іліюмскага, дзе Білі Пілігрым меў магчымасьць зарабіць як найменей трыццаць тысячаў даляраў у год. Няблага. Ягоны бацька быў простым цырульнікам.
Як сказала Білава маці: «Заглянула сонца і ў Пілігрымава аконца».
Мядовы месяц прамінаў сярод гаркаватасалодкіх містэрый бабінага лета Новай Англіі.
У апартамэнтах маладых адна са сьценак цалкам складалася з рамантычных шкляных дзьвярэй. Дзьверы можна было адчыніць зь сярэдзіны і выйсьці на гаўбец, пад якім пачыналася алейная гавань.
Зялёна-аранжавы буксір, які ўначы здаваўся чорным, прагрукатаў поруч з бальконам — не далей як за восем мэтраў ад іхняга шлюбнага ложка. Неасьветлены буксір накіроўваўся ў мора. Яго пусты трум, напаўняючыся гукамі, рабіў песьню рухавікоў насычанай і гучнай. Прычал падхапіў мэлёдыю, а потым да яго далучылася сьпінка ложка. Буксір ужо аціх удалечыні, а сьпінка ложка не змаўкала яшчэ доўга.
— Дзякуй, — нарэшце вымавіла Валенсія.
Сьпінка ложка сьпявала камарыную песьню. — Няма за што.
— Мне было хораша.
— Я ўсьцешаны...
Тут Валенсія заплакала.
— Штотакое?
— Я такая шчасьлівая!
— Добра.
— Я думала, ніхто ніколі не захоча са мною ажаніцца.
— А-а, — вымавіў Білі Пілігрым.
— Я для цябе пахудзею.
— Га?
— Я сяду на дыету. Я стану прыгожай для цябе.
— Ты мне падабаесься такой, якая ты ёсьць.
— Ты сур'ёзна?
— Сур'ёзна, — адказаў Білі Пілігрым.
Дзякуючы вандроўкам у часе, ён бачыў большасьць момантаў іхняга шлюбу і наперад ведаў, што ўсё будзе як мінімум сьцерпна.
Вялікая яхта з назваю «Шахэрэзада» праплыла за лічаныя мэтры ад шлюбнага ложка. Яе рухавікі ўзялі нізкую ноту арганнага рэгістру. Усе агні на яхце гарэлі. Двое прыгожых маладых людзей у вячэрніх строях, мужчына і жанчына, стаялі ля парэнчаў на карме, цешачыся каханьнем, марамі і хвалямі за кільватэрам.
Яны таксама мелі мядовы месяц. Гэта былі Лэнс Рамфурд зь Ньюпарту, штат Роўд Айлэнд, ды яго маладая жонка Сінтыя Лэндры, школьнае каханьне Джона Ф. Кенэдзі з Гаяніс-Порт, штат Масачусэтс.
3 усяго гэтага атрымалася невялікае супадзеньне. Праз шмат гадоў Білі Пілігрым будзе ляжаць у палаце разам зь дзядзькам Лэнса, гарвардзкім прафэсарам Бэртрамам Коўплэндам Рамфурдам, афіцыйным гісгорыкам вайскова-паветраных сілаў ЗША.
Калі гэтыя прыгожыя маладыя людзі паплылі сабе, Валенсія пачала дапытваць свайго сьмешнага з выгляду мужа пра вайну. Зямным жанчынам уласьцівыя прастадушныя пераскокі з хараства і сэксу на ваенныя нягоды.
— Ты калі-небудзь думаеш пра вайну? — спыталася яна, паклаўшы руку яму на сьцягно.
— Сяды-тады, — адказаў Білі Пілігрым.
— Гляджу я на цябе сяды-тады, — прамовіла Валенсія, — і ў мяне зьяўляецца такое дзіўнае адчуваньне, што ты проста набіткаваны сакрэтамі.
— Дзе там, — адказаў Білі Пілігрым.
Вядома, ён хлусіў, бо пакуль што нікому не казаў пра свае вандроўкі ў часе, пра Тральфамадор і ўсё такое.
— Ты проста павінны мець нейкія сакрэты з вайны. Добра, хай сабе не сакрэты, але такія рэчы, пра якія ты не жадаў бы казаць.
— Ды не.
— Я ганаруся, што ты ваяваў. Ці ты ведаеш гэта?
— Цяпер ведаю.
— Гэта было жахліва?
— Сяды-тады...
Неспадзеўкі сам для сябе Білі Пілігрым зрабіў адкрыцьцё, якое стурбавала яго дазваньня. Увасобленае ў словы, яно магло стацца добрай эпітафіяй для Білі Пілігрыма, а таксама для мяне:
УСЁ БЫЛО ЦУДОЎНА I ЗУСІМ HE БАЛЮЧА
— Ты б расказаў пра вайну, калі б я папрасіла цябе? — дапытвала Валенсія. У адной маленечкай парожніне свайго агромністага цела яна ўжо назапашвала матэрыял для «зялёнага бэрэта».
— Такі аповед будзе падобны да сну, — адказаў Білі Пілігрым. — А чужыя сны зазвычай ня вельмі цікавыя.
— Я чула, як ты аднойчы расказваў майму бацьку аб нямецкай расстрэльнай роце.
— А-а...
— Ты тады мусіў пахаваць таго чалавека?
— Так.
— А ён, перад тым, як яго расстралялі, бачыў цябе з рыдлёўкай?
— Так.
— Ён нешта сказаў?
— He.
— Ён быў напалоханы?
— Яго задурманілі ўколамі. У яго вочы як бы застылі.
— I яны прышпілілі на яго мішэнь?
— Паперку, — удакладніў Білі Пілігрым. Перапрасіўшы, ён вылез з ложка і пайшоў у цемру лазенкі, каб пасікаць. Ён пачаў шнарыць у пошуках выключальніка і, мацаючы шурпатыя сьценкі, адчуў, што вяртаецца ў 1944-ты, назад у лягерны лязарэт.
Сьвечка ў лязарэтным пакоі згарэла дашчэнту. Стары небарака Эдгар Дэрбі заснуў побач зь Білі Пілігрымам на раскладанцы. Сам Білі Пілігрым вылез з пасьцелі ды стаў шнарыць па сьценцы, шукаючы выйсьця, паколькі яму моцна карцела памачыцца.
Нарэшце ён знайшоў дзьверы, якія адчыніліся і дазволілі яму, бязладна гіерастаўляючы ногі, выбегчы ў турэмную ноч. Білі Пілігрым ачмурэў ад морфію і вандровак у часе. Ён скіраваўся да аплеценай калючым дротам агароджы, аб каторую тутжа зачапіўся ўтузіне месцаў. Білі паспрабаваў адбегчыся, але калючкі не пускалі яго. Тады Білі Пілігрым выканаў невялікі танец ідыёта з агароджай: крок сюды, кроктуды і вяртаньне ў зыходную пазыцыю.
3 другога боку агароджы нейкі рускі палонны, які сам выйшаў памачыцца, убачыў Білавы скокі. Ён наблізіўся да недарэчнага пудзіла і паспрабаваў спакойна зь ім пагаманіць, най-
перш спытаць, зь якой яно краіны. Пудзіла, працягваючы свае танцы, не зважала на рускага палоннага. Тады ён адчапіў адну за адной калючкі ад вопраткі пудзіла, і яно, прытанцоўваючы, зьнікла ў ночы бяз слова падзякі.
Рускі палонны памахаў пудзілу на разьвітаньне, крыкнуўшы па-расейску: «Да пабачэньня!»
Стоячы пасярод турэмнай ночы, Білі Пілігрым дастаў свой стручок і пачаў паліваць зямлю. Пасьля неахайна схаваў яго ў штаны і сутыкнуўся з новай праблемаю: трэба было высьветліць, адкуль ён прыйшоў і куды яму цяпер вяртацца.
Але тут сярод ночы пачуліся роспачныя крыкі. Ня маючы лепшага выйсця, Білі павалачыўся ў кірунку да крыкаў. Яму зрабілася цікава, што там за трагедыя прымушае столькіх людзей лямантаваць штомоцы.
Білі Пілігрым наблізіўся, сам таго ня ведаючы, да задняй часткі клязэту, які складаўся з двух слупоў, адной папярочнай дошкі і дванаццаці вёдраў, што стаялі пад ёй. 3 трох бакоў гэтае няхітрае абсталяваньне асланялі загародкі, зробленыя з абрэзкаў піламатэрыялаў ды сплясканых бляшанак. Чацьверты, неасланёны бок выходзіў на абшытую рубэройдам сьценку бараку, у якім напярэдадні адбыўся банкет.
Білі Пілігрым рушыўуздоўжзагародкі і дайшоў да пункту, зь якога ўбачыў нядаўна зроблены надпіс на чорнай сьценцы. Яго намалявалі той жа ружовай фарбай, якая была скарыстаная для дэкарацыяў «Папялушкі».
Білава ўспрыманьне рэальнасьці настолькі сказілася, што яму падалося, быццам надпіс лунае ў паветры, як бы намаляваны на празрыстай бязважкай заслоне. А саму заслону ўсейваюць прыгожанькія бліскаўкі. Напраўдзе тое былі галоўкі цьвікоў, якія мацавалі рубэройд да бараку. Але Білі Пілігрым быў ня
ў стане ўявіць, на чым трымаецца гэтая магічная заслона, і таму зрабіў дапушчэньне, што, як і знарочыстыя крыкі жальбы, гэта частка нейкага невядомага яму рэлігійнага рытуалу.
Вось што казаў надпіс:
ТРЫМАЙЦЕСЯ ЧЫСЬЦІНІ, HE ПАКІДАЙЦЕ ПАСЬЛЯ СЯБЕ БРУДУ Ў ПРЫБІРАЛЬНІ!
Білі Пілігрым зазірнуў у клязэт. Лямант даносіўся менавіта адтуль. Усярэдзіне ўсё кішма кішэла ад амэрыканскіх жаўнераў са спушчанымі порткамі. Банкет пабудзіў у іхніх жыватах вульканічную дзейнасьць. Вёдры напоўніліся да берагоў або перапоўніліся цераз край.
Адзін амэрыканец, які быў недалёка ад Білі Пілігрыма, крычаў, што выпаражніў усе вантробы апроч мазгоў. Праз колькі імгненьняў ён заверашчаў:
— Вось яны лезуць! Вось яны лезуць!
Ён меў на ўвазе свае мазгі.
Гэта быў я. Тым амэрыканцам быў я. Тым крыклівым амэрыканцам быў аўтар гэтай кнігі.
Хістаючыся, Білі Пілігрым пакінуў гэтыя карціны пекла. Ён прайшоў паўз трох ангельцаў, якія назіралі за сьвятам экскрэмэнтаў з пэўнай адлегласьці. Ангельцы скамянелі ад гідлівасьці.
— Зашпілі штаны! — сказаў адзін зь іх.
Білі Пілігрым падпарадкаваўся. Раптам ён трапіў у дзьверы свайго лязарэту. Ён прамінуў іх і апынуўся на мысе Эн, дзе быў у свой мядовы месяц. Ён вяртаецца з лазенкі ў ложакда сваёй нявесты.