Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак
Курт Вонэгут
16+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 418с.
Мінск 2019
Калі цырульны квартэт выконваў «Пачакаем да сьвітаньня, Нэлі», самалёт упоркнуўся
ў вяршыню гары Шугарбуш у штаце Вэрмонт. Усе, за выняткам Білі Пілігрыма і другога пілёта, загінулі. Во як бывае.
Першымі, хто прысьпеў на месца катастрофы, былі аўстрыйцы, інструктары па горных лыжах зь вядомай лыжнай базы, якая знаходзілася ніжэй. Абглядаючы кожнае цела, яны перакідваліся фразамі па-нямецку. На іх галовах былі чорныя шапкі-маскі з двума прарэхамі для вачэй і чырвонымі пампонамі на макаўцы. Інструктары выглядалі як выпацканыя вуглём страхавітыя лялькі з вырачанымі вачыма ды зблытанымі валасамі. А яшчэ яны былі падобныя да беласкурых людзей, якія дзеля сьмеху пераймаюць чарнаскурых.
Білі праламіла чэрап, але ён заставаўся ў прытомнасьці, хаця і ня ведаў, дзе цяпер знаходзіцца. Ягоныя вусны безупынку варушыліся. Тады адно з пудзіл нахілілася і прыціснула да іх сваё вуха, каб дазнацца, якімі будуць, можа быць, апошнія словы гэтага чалавека.
Білі Пілірым падумаў, што пудзіла мае нейкае дачыненьне да Другой сусьветнай вайны, і прашаптаў яму свой адрас: «Шляхтгоф фюнф».
Білі Пілігрыма адвезьлі да падножжа гары на табагане. Страхотныя пудзілы кантралявалі спуск пры дапамозе тросаў і мэлядычных, на манер тырольскіх песьняў, просьбаў саступіць дарогу. Ля самага дна цясьніны лыжня пабегла побач са слупамі пад’ёмніка. Білі Пілігрым убачыў над сабой маладых людзей у зыркай вопратцы з элястычнай тканіны. Яны былі абутыя ў вялізныя боты і мелі сонечныя акуляры на паўтвара, якія нібы вытыркаліся зь іхніх чарапоў. Лыжнікі падымаліся да гары, седзячы ў хісткіх жоўтых крэслах. Білі Пілігрыму падумалася, што ён бярэ ўдзел у новым этапе Другой сусьветнай вайны, поўным нябачаных раней дзівосаў. Білі Пілігры-
му гэта падабалася. Збольшага ўсё падабалася Білі Пілігрыму.
Яго адвезьлі ў маленькую прыватную лякарню. 3 Бостану прыляцеў слынны нэўрахірург і тры гадзіны апэраваў Білі Пілігрыма. Два дні Білі Пілігрым заставаўся ў непрытомнасьці, і яму сьніўся мільён розных эпізодаў, некаторыя зь якіх ён перажыў насамрэч. Сапраўдныя эпізоды былі яго вандроўкамі ў часе.
Адзін з тых сапраўдных эпізодаў быў зьвязаны зь яго першым вечарам у будынку бойні. Ён і стары небарака Эдгар Дэрбі пхалі пустую двухколую тачку па брудным праходзе паміж пустымі загонамі для сьвіней. Яны ішлі на камунальную варыўню па вячэру для ўсіх палонных. Іх суправаджаў шаснаццацігадо-
вы немец зь імем Вэрнэр Глюк. Восі тачкі былі змазаныя тлушчам зарэзанай жывёлы. Во як бывае.
Сонца толькі што завалілася за небакрай, і яго апошнія водбліскі асьвятлялі горад з тылу, вымаўлёўваючы падобныя да невысокіх уцёсаў абрысы дамоў спаміж вясковых пустэчаў і спусьцелых двароў для жывёлы. Горад быў зацямнёны супроць авіяналётаў таму Білі Пілігрыму ня выпала ўбачыць, як Дрэздэн дорыць, можа быць, самае прыемнае, на што здольны начны горад, — зіхаценьне дрыготкіхагнёў.
Начныя агні маглі б прыгожа адлюстроўвацца ў шырокай рацэ, якая цякла там. Гэта была Эльба.
Дрэздэн быў родным горадам зусім яшчэ юнага канваіра Вэрнэра Глюка. Вэрнэр ніколі раней у будынак бойні не заходзіў, і таму ня надта ведаў, дзе тут шукаць варыўню. Ён
быў такі самы штыкля, як Білі, і нават магло падацца, што Вэрнэр — ягоны малодшы брат. Яны і праўда былі далёкімі сваякамі — але ніколі пра гэта не даведаліся. Вэрнэра Глюка ўзброілі музэйным экспанатам: цяжэзным аднастрэльным мушкетам з васьмігранкавай руляй без нарэзу. Да мушкету Вэрнэр Глюк прымацаваў штых, які нагадваў пруток для вязаньня і ня меў крывясыдёку.
Вэрнэр Глюк скіраваўся ў будынак, дзе, як падалося яму, магла знаходзіцца варыўня. Аднак варыўні там не было. Там месьцілася апранальня, да якой прылягаў пакой з шэрагам душавых галовак. У паветры клубілася густая пара. Сярод пары ўвіхалася каля трыццаці дзяўчат-падлеткаў, зусім без адзеньня. Гэта былі нямецкія ўцякачкі з разбамбаванага дазваньня Брэславу. Дзяўчаты таксама зусім нядаўна апынуліся ў Дрэздэне. Горад быў проста набіткаваны шматлікімі ўцекачамі.
Дзяўчаты стаялі з адкрытай галізной — глядзі сабе на здароўе. А з парогу на іх вырачы-
ліся Глюк, Дэрбі і Пілігрым: першы — жаўнердзіця, другі — настаўнік старэйшых клясаў, немалады і гаротны, а трэці — клоўн у тозе і срэбных ботах. Нарэшце дзяўчаты завішчалі. Закрыўшыся рукамі, павярнуўшыся сьпінаю і яшчэ нешта такое зрабіўшы, яны сталі страшэнна прыгожымі.
Вэрнэр Глюк, які раней ніколі ня бачыў аголенай жанчыны, зачыніў дзьверы. I для Білі Пілігрыма гэткае відовішча было ўпершыню. Дэрбі ж нічога новага для сябе тут не пачарпнуў.
Знайшоўшы варыўню, на якой раней гатавалі ежу для работнікаў бойні, тры недарэкі выявілі, што ўсе ўжо пайшлі дадому, акрамя адной жанчыны, якая нецярпліва іх чакала. Ейны муж загінуў на вайне. Во як бывае. Жанчына ўжо пасызела апрануць палітон і надзець каптур. Яна таксама прагнула пайсьці
дадому, хоць там яе ніхто не чакаў. На цынкавай стойцы, шчытна адна да адной, ляжалі яе белыя пальчаткі.
Для амэрыканцаў жанчына падрыхтавала два вялікія бідоны з супам. Яны грэліся на малым агні.
У дадатак да супу яна пакроіла хлеб, які склала ў некалькі стосаў.
Жанчына спыталася ў Вэрнэра Глюка, ці не занадта ён малады, каб служыць у войску. Глюк прызнаўся, што занадта.
Пасьля яна запытала Эдгара Дэрбі, ці не занадта ён стары, каб служыць у войску. Дэрбі пацьвердзіў, што занадта.
Білі Пілігрыма яна спытала, хто ж ён такі. Білі Пілігрым адказаў, што сам дакладна ня ведае і яму проста хацелася сагрэцца.
— Усе сапраўдныя жаўнеры загінулі, — сказала жанчына.
Яна мела рацыю. Во як бывае.
Яшчэ адзін рэальны эпізод, у якім апынуўся Білі Пілігрым, пакуль ляжаў непрытомны ў вэрмонцкай лякарні, адбыўся за месяц да налёту, калі палонныя працавалі на прымусовых работах у Дрэздэне. Амэрыканцы мылі шыбы, падмяталі падлогі, чысьцілі прыбіральні, расфасоўвалі слоікі па кардонных каробках і ставілі на іх пячаткі. Яны працавалі і на заводзе, дзе рабілі соладавы сыроп. Яго ўзбагачалі вітамінамі ды мінэраламі, бо ён прызначаўся для цяжарныхжанчын.
Смакам сыроп быў падобны да рашчыненага вадой мёду, які абкурылі ядлаўцовым дымам, і ўсе, хто працаваў на заводзе, усю зьмену навылёт употай чэрпалі яго лыжкамі. Яны не былі цяжарнымі, але таксама мелі патрэбу ў вітамінах і мінэралах. У першы дзень на працы Білі Пілігрым сыроп ня чэрпаў, хаця большасьць амэрыканцаў гэта ўжо рабіла.
Чэрпаць Білі Пілігрым пачаў на другі дзень. Па ўсім заводзе: на бэльках, у шуфлядках, за батарэямі — былі схаваныя лыжкі. Іх сьпехам хавалі, як толькі чулі, што нехта набліжаецца. За скраданьне сыропу маглі люта пакараць.
На другі дзень, мыючы батарэю, Білі Пілігрым знайшоў лыжку. За яго сьпінаю стаяў чоп зь неастылым яшчэ сыропам. Адзіным чалавекам, які бачыў Білі Пілігрыма з лыжкай, быў стары небарака Эдгар Дэрбі, які мыў шыбіну знадворку. Гэта была сталовая лыжка. Білі Пілігрым засунуў яе ў чоп і, павярнуўшы колькі разоў, зрабіў сабе ліпнючы лізунец ды засунуў яго ў рот.
Мінула імгненьне — і кожная клетачка ў Білавым целе запульсавала зьвярынай удзячнасьцю і ненасытнай ухвалай.
Нехта далікатна пагрукаў у шыбу. Там стаяў Эдгар Дэрбі, які ўсё бачыў. Ён таксама жадаў паспытаць трохі сыропу.
Тады Білі Пілігрым накруціў варыва на лыжку і для яго. Ён адчыніў акно і засунуў самаробны лізунец у разяўлены рот старога небаракі Эдгара Дэрбі. Мінула імгненьне — і Дэрбі заплакаў. Білі Пілігрым зачыніў акно ды схаваў лыжку. Да іх нехта набліжаўся.
За два дні да таго, як разбамбілі Дрэздэн, да палонных амэрыканцаў завітаў надзвычай цікавы госьць. Гэта быў Гоўард Ў Кэмпбэлмалодшы, амэрыканец, які зрабіўся нацыстам. Менавіта ён напісаў манаграфію пра ганебныя паводзіны амэрыканскіх ваеннапалонных. Цяпер Кэмпбэл болыл не дасьледаваў амэрыканскіх вязьняў. Ён прыехаў на бойню, каб завэрбаваць людзей для нямецкага вайсковага фармаваньня, якое называлася «Вольны амэрыканскі корпус». Кэмпбэл ініцыяваў стварэньне гэтага фармаваньня і быў
прызначаны яго камандзірам. Амэрыканцы меліся ваяваць выключна на Рускім фронце.
Кэмпбэл меў ардынарную зьнешнасьць, але быў апрануты ў экстравагантную, уласнага пакрою, уніформу. На галаве ў яго быў белы каўбойскі капялюш, на нагах — чорныя каўбойскія боты, аздобленыя свастыкамі і зоркамі. Яго цела шчыльна аблягаў блакітны гарнітур з жоўтымі лямпасамі, якія цягнуліся ад пахаў да лытак. Плечы пакрывала нашыўка з профілем Абрагама Лінкальна на бляклазялёным тле, а на рукаве побач з локцем красавалася павязка чырвонага колеру з блакітнай свастыкай у белым коле.
Цяпер у гэтым цэмэнтава-блёчным сьвінарніку ён тлумачыў палонным, што сымбалізуе ягоная павязка.
Білі Пілігрыма даймала пякотка, паколькі ўвесь дзень ён чэрпаў лыжкай соладавы сы-
роп. Пякотка нагнала сьлёзы, таму постаць Кэмпбэла скажалася дрыготкімі лінзамі салёнае вады.
— Блакітны сымбалізуе неба Амэрыкі, — тлумачыў Кэмпбэл, — а белы — расу першапраходцаў, якая пасялілася на гэтым кантынэнце, асушыла багны, расьцерабіла лясы, пабудавала дарогі і масты. Чырвоны колер — гэта кроў, якую шчодра пралілі за сваю Бацькаўшчыну амэрыканскія патрыёты.
Кэмпбэлу трапілася млявая публіка. Амэрыканцы працавалі цэлую зьмену на сыропнай фабрыцы і потым доўга ішлі па холадзе дадому. Яны былі схуднелымі і з запалымі вачамі. На іхняй скуры высыпалі маленькія болькі. Яны таксама былі ў ротавай парожніне, горле і кішачніку.
Соладавы сыроп, які палонныя чэрпалі на фабрыцы.утрымліваўтолькі малую частку ві-
тамінаў і мінэралаў, у якіх мае патрэбу арганізм чалавека.
Кэмпбэл прапаноўваў амэрыканцам ежу: біфштэксы, бульбяную кашу з падліваю, пірагі з начыньнем — варта толькі даць згоду на далучэньне да «Вольнага амэрыканскага корпусу».
— Некалі рускія ўсё адно пацерпяць ларазу, — дадаў ён, — і вас праз Швайцарыю выправяць на радзіму.
Нуль рэакцыі.
— Раней ці пазьней вам давядзецца змагацца супраць камуністаў, — зазначыў Кэмпбэл. — Дык чаму ня даць ім рады ўжо цяпер?
I тут высьветлілася, што Кэмпбэл не застанецца бяз годнага адказу. Стары небарака Эдгар Дэрбі, настаўнікстарэйшых клясаў, якому кон рыхтаваў хуткую сьмерць, нязграбна ўзьняўся з крэсла, каб зазнаць, можа быць, свой зо-
рны момант. У гэтым рамане вобмаль пэрсанажаў з характарам і амаль што адсутнічаюць эфэктныя сутыкненьні паміж дзейнымі асобамі, паколькі большасьць герояў прыгнечаныя вайной і ёсьць усяго толькі цацкамі ў руках сілаў, значна магутнейшых за іх. Вайна ўвогуле зьнеахвочвае людзей рабіцца адметнымі асобамі з характарам. Але цяпер, у гэты момант, стары Дэрбі выявіўся менавіта такой асобай.