Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак
Курт Вонэгут
16+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 418с.
Мінск 2019
Во як бывае.
— Гэта здарылася насамрэч? — спыталася Мэгі Ўайт.
Яна не вылучалася розумам, але выклікала моцны поцяг рабіць зь ёю дзетак. Толькі зьмеціўшы Мэгі, мужчыны адразу ж хацелі напоўніць яе дзецьмі. Аднак у Мэгі не вялося дзетак. Яна карысталася супрацьзачаткавымі сродкамі.
— Зразумела, насамрэч! — адказаў ёй Траўт. — Калі я напішу пра што-небудзь, чаго не было, і паспрабую гэта прадаць, дык мяне могуць пасадзіць у турму, бо гэта ж махлярства'.
Мэгі верыла кожнаму слову:
— А я і ня думала...
— Дык падумайце!
— А-а, зразумела, гэта як рэкляма! У рэклямнай абвестцы ты мусіш казаць праўду, інакш мецьмеш праблемы з законам.
— Менавіта. Той жа артыкул крымінальнага кодэксу.
— Вы аднойчы і пра нас напішаце кнігу?
— У сваіх кнігах я апісваю ўсё, што са мной здаралася.
— Тады я буду сачыць за тым, што кажу.
— Маеце рацыю. Але ж я не адзін, хто чуе вас. Бог таксама прыслухоўваецца. I ў Судны Дзень ён апавядзе вам усё, што вы сказалі ды зрабілі. I калі высьветліцца, што вашыя словы і ўчынкі былі благія, дык гэта скончыцца для вас вельмі кепска, бо гарэцьмеце ў полымі давеку, і боль ад пякельных апёкаў не суцішыцца ніколі.
Небарака Мэгі паблякла. Паверыўшы і гэтаму, яна засталася стаяць аслупянелая.
Кілгор Траўт шалёна зарагатаў. Ікрынка вылецела зь ягонага роту і прызямлілася Мэгі ў дэкальтэ.
Затым адзін з прысутных аптамэтрыстаў папрасіў увагі. Ён узьняў тост за Білі Пілігры-
ма ды Валенсію, гадавіну вясельля якіх сёньня сьвяткавалі. Згодна з плянам, калі ўсе пілі тост, цырульны квартэт «Чувашы» грымнуў песьню, а Білі Пілігрым і Валенсія, абняўшыся за плечы, проста зьзялі ад шчасьця. У прысутных заблішчэлі вочы. Песьня называлася «Мая старая хеўра».
«Гэй, паслухайце, — пяялася ў песьні, — я б ўсё аддаў, каб убачыць зноў маю старую хеўру». I ўсё такое. Трохі пазьней ішлі такія словы: «Вы бывайце, бывайце, сябры й таварышкі! Зьніклі з вачэй каханкі й хлапчыскі. Хай Бог дабраславіць вас!» I ўсё такое.
Зьнячэўку, дзякуючы песьні і сьвяточнай нагодзе, Білі Пілігрым адчуў, як ім апаноўвае сум. Рэч у тым, што ў яго ніколі не было ані сваёй хеўры, ані каханкі, ані сябрукоў. Але ўсё адно ён адчуў сум. Тым часам квартэт пакутна экпэрымэнтаваў з акордамі: узяў вельмі кіслы акорд, потым — яшчэ кісьлейшы за першы, за імі сэрыю зусім ужо невыносна кіслых, якія перабіў задушна-салодкі
акорд, але на астатак прагучаў яшчэ адзін кіслы. Арганізм Білі Пілігрыма вельмі бурна зрэагаваў на гэтую зьмену акордаў. Рот напоўніўся смакам ліманаду, а твар недарэчна выцягнуўся, нібыта яго расьцягвалі на катавальнай аснадзе, якая называецца дыба.
Твар Білі Пілігрыма выглядаў настолькі дзіўна, што за ім пачалі сачыць з трывогай. Госьці падумалі, што ў яго, мусіць, сардэчны прыступ, і Білі Пілігрым як бы пацьвердзіў гэта, калі падышоў да крэсла і зьняможана апусьціўся на яго.
Запанавала ціша.
— Ой, божачкі! — выгукнула Валенсія, нахіліўшыся да мужа. — Ты ў парадку?
— Так.
— Ты кепска выглядаеш...
— Ды не. Я ў поўным парадку.
Гэта было праўдай, за выняткам таго, што ён ня мог сабе патлумачыць, чаму гэтак дзіўна паўплывала на яго песьня. Білі Пілігрым ніколі ня меў ад самога сябе сакрэтаў, а тут выявілася, што недзе ў глыбінях сьвядомасьці ён хавае нейкую таямніцу. Аднак ён ня мог зразумець, якую.
Убачыўшы, як вяртаецца звычайны колер на яго шчокі і як твар зноўку расплываецца ва ўсьмешцы, Білі пакінулі ў спакоі. Толькі Валенсія ды Кілгор Траўт не сьпяшаліся далучыцца да астатніх гасьцей. Кілгор Траўт цікаўна наблізіўся да Білі Пілігрыма.
— Ты якздань убачыў, — зазначыла Валенсія.
— Ды не...
Ён ня ўбачыў нічога такога, апрача таго, што насамрэч знаходзілася перад ім — чатырох сьпевакоў, гэтых чатырох звычайных людзей:
вялікавокіх, бязглуздых, з грымасамі пакуты падчас музычных пераходаў ад слодычы да кісьліні і назад.
— Дазвольце выказаць дапушчэньне? — сказаў Кілгор Траўт. — Вы, відаць, глядзелі праз акноўчасе.
— Праз што ён глядзеў? — перапытала Валенсія.
— Ён зьнянацку ўбачыў мінуўшчыну ці будучыню. Гэта так?
— Зусім не, — адказаў Білі Пілігрым.
Ён падняўся з крэсла, засунуў руку ў кішэню, намацаў там пушачку зь пярсыдёнкам і з адсутным позіркам уручыў яе Валенсіі. Білі хацеў зрабіць падарунак напрыканцы песьні, калі на іх былі б скіраваныя ўсе позіркі. Цяпер на іх глядзеў адно Кілгор Траўт.
— Гэта мне?!
— Ага.
— Ах, Божачкі! — сказала Валенсія. Потым яна выгукнула гэта так, каб усе пачулі. Госьці згуртаваліся вакол Валенсіі, а яна адчыніла
пушачку і сама мала не завішчала, убачыўшы сапфір з зоркай усярэдзіне.
— Ах, Божачкі! — паўтарыла Валенсія.
Гучна пацалаваўшы Білі Пілігрыма, яна залямантавала:
— Дзякуй, дзякуй, дзякуй!
Увесь вечар толькі і было размоваў, што аб цудоўных ювэлірных аздобах, якія Білі Пілігрым заўсёды дорыць Валенсіі.
— Ат, колькі можна! — сказала Мэгі Ўайт. — Валенсія ўжо была атрымала дыямэнт, які я толькі ў кіно бачыла, а ў жыцьці — дык першы раз.
Яна мела на ўвазе дыямэнт, які Білі Пілігрым прывёз з вайны.
Дарэчы, іншы трафэй, каронка, знойдзеная пад падшэўкай палітона імпрэсарыё, ляжаў у пушцы для запінак у адной з шуфлядак начнога століка. Білі Пілігрым меў шыкоў-
ную калекцыю запінак. У іхняй сям'і вялося дарыць яму па пары запінак на кожны Дзень бацькі. Цяпер у рукавах ягонай кашулі быў адзін з тых дарункаў. Запінкі каштавалі блізу ста даляраў. Яны былі зробленыя з старажытных рымскіх манэтаў. Сярод іншых Білі Пілігрым меў запінкі ў выглядзе маленькіх колаў рулеткі, што круціліся, як сапраўдныя. А яшчэ ў яго была пара, у якой у адну запінку быў уштукаваны сапраўдны тэрмомэтар, а ў другую — сапраўдны компас.
Білі Пілігрым пахаджваў сярод гасьцей і выглядаў цалкам нармалёва. Траўт ні на крок не адставаў ад яго, прагнучы дазнацца, што прымроілася Білі. Болынасьць раманаўТраўта была пра выкрыўленьні ў часе, экстрасэнсорныя здольнасьці ды іншыя неймаверныя рэчы. Траўт верыў у гэтыя зьявішчы і шукаў доказаў іх існаваньня.
— Табе калі-небудзь даводзілася бачыць, як сабака ступае на вялікае люстра, якое ляжыць на падлозе? — спытаўся Траўт.
— He, ніколі, — адказаў Білі.
— Сабака апускае вочы і зьнячэўку бачыць, што пад ім нічога няма. 3 гэтага яму пачынае здавацца, што ён стаіць на пустым паветры. I тады скрушны сабака кідаецца ўбок.
— Ня можа быць!
— Гэтак выглядаў і ты. Быццам зьнячэўку ўбачыў, што стаіш на пустым паветры.
Цырульны квартэт засьпяваў зноў, і Білі Пілігрым зноў пачуўся, нібы яго расьцягнулі на дыбе. Пачуцьцё, без сумневу, было зьвязанае з гэтымі чатырма людзьмі, а не з тым, пра што яны сьпявалі.
Вось словы песьні, якую яны выконвалі, калі Білі Пілігрым удругі раз зблажэў:
Мяса па сорак, бавоўна — пятак,
Тры дні я галодны, бы нейкі жабрак. Пашлі, Божа, сонца, бо ўвесь час імжа, Нас рэжуць ліхія часы без нажа. Адкрыў я карчму, інтэр'ер пад асіну — Маланка спаліла карчму за хвіліну.
Нічога ня зрадзіш — усіх душыць морак, Пяць цэнтаў бавоўна і мяса па сорак. Бавоўна пяць цэнтаў, а будзе па сем, Гэткую ношу наўрад ці зьнясем...
I ўсё такое.
Білі Пілігрым уцёк на другі паверх свайго прыгожага белага дому.
Траўт пайшоў быў за ім па ўсходах, але Білі Пілігрым спыніў яго. Падняўшыся на другі паверх, ён зайшоў у прыбіральню. Білі Пілігрым сьпярша зачыніў, а потым замкнуў за сабой дзьверы. Калі ён павярнуўся ў цемры, дык адчуў, што ў прыбіральні ёсць яшчэ HexTa. Акрамя Білі Пілігрыма там быў ягоны сын.
— Тата? — пачуўся ў цемры голас сына. Робэрту, будучаму «зялёнаму бэрэту», тады споўнілася сямнаццаць. Білі Пілігрым любіў сына, але ня вельмі добра яго ведаў. Ён ніяк ня мог пазбыцца думкі, што і ведаць аб Робэрту няма чаго.
Білі пстрыкнуў выключальнікам. Робэрт сядзеў на ўнітазе са спушчанымі піжамнымі штанамі. На шыі ў яго вісела электрычная гітара на почапцы. Робэрт толькі сёньня купіў яе. Ён пакуль што ня ўмеў на ёй граць і, па сутнасьці, так ніколі і не навучыцца. Гітара была пэрламутрава-ружовай.
— Прывітаньне, сынку, — сказаў Білі Пілігрым.
Ён зайшоў у спачывальню, дарма што зьнізу чакалі госьці, якіх трэба было забаўляць. Лёг на матрац, уключыўшы «Магічныя пальцы». Матрац загойдаўся і выпудзіў сабаку з-пад
ложка. Гэта быў Спот. Старэча Спот быў тады яшчэ жывы. Спот паглядзеў на яго і зноўку скруціўся ў куце.
Білі Пілігрым напружыўся, разважаючы аб тым узрушэньні, якое на яго зрабіў квартэт, і выявіў сувязь з адным даўно перажытым эпізодам. Гэтым разам ён ня меў патрэбы вандраваць у часе. Дробна трасучыся, Білі проста аднавіў яго ў памяці.
У ноч, калі зруйнавалі Дрэздэн, ён знаходзіўся пад зямлёй, у лядоўні для мясных тушаў. Зьверху гуло, нібы па зямлі хадзілі казачныя волаты. Гэта былі фугасныя бомбы, якія выбухалі разам па некалькі штук. Волаты ўсё хадзілі і хадзілі. Як выявілася, падземная лядоўня была вельмі надзейным сховішчам. Адзінае, што адбылося тут — гэта дожджык з вапны. У лядоўні знаходзілася сто амэрыканцаў, чатыры іх канваіры і колькі тушаў са
злупленай скурай — а больш нікога. Астатнія канваіры перад самым авіяналётам пайшлі ў горад, каб скарыстацца выгодамі ўласных кватэр. Цяпер іхусіх пазабівала разам зь іхнімі сем’ямі.
Во як бывае.
Дзяўчат, якіх Білі Пілігрым бачыў аголенымі, таксама пазабівала, калі яны сядзелі ў больш плыткім сховішчы на другім баку бойні.
Во як бывае.
Нехта з канваіраў раз-пораз падымаўся па ўсходах да дзьвярэй, каб паглядзець, што творыцца звонку. Потым ён спускаўся назад і перашэптваўся зь іншымі канваірамі. На паверхні шалела бура з агню. Дрэздэн быў адным вялікім вогнішчам. Полымя гэтага вогнішча жэрла ўсё, што магло гарэць.
Да полудня наступнага дня было небясьпечна выходзіць са сховішча. Калі амэрыканцы з канваірамі нарэшце выбраліся на паверхню, неба засьціў чорны дым. Сонца было падобнае да сярдзітага залатога гузіка. А сам
Дрэздэн нагадваў Месяц, дзе нічога няма за выняткам мінэралаў. Камяні выпраменьвалі цяпло. Амаль усе людзі былі мёртвыя.
Во як бывае.
Канваіры, шалёна круцячы вачыма, пачалі інстынктыўна туліцца адзін да аднаго. Кожны паспрабаваў сказаць хоць нешта, потым яшчэ, але ніхто так нічога і ня вымавіў, дарма што раты адкрываліся безупынку. Усё гэта нагадвала нямую кінастужку з удзелам цырульнага квартэту.