Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак
Курт Вонэгут
16+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 418с.
Мінск 2019
4 Young Men's Christian Association — Хрысціянская асацыяцыя для маладзёнаў — міжнародная валанцёрская арганізацыя.
3 басэйну Білі Пілігрыма закінула ў 1965-ты. Яму сорак адзін, і ён едзе ў дом састарэлых «Сасновы бор», каб адведаць немачную маці, якую сам адправіў туды які месяц таму. Маці захварэла на запаленьне лёгкіх, і не было надзеі, што яна ачуняе. Пасьля гэтага яна пражыла яшчэ шмат гадоў.
Ейны голас амаль зьнік, і, каб пачуць маці, Білі Пілігрым мусіў усутыч прыціснуць вуха да зьбялелых вуснаў. Відавочна, яна мелася сказаць нешта важнае.
— Як... — пачала была маці, але голас перасёкся. Маці выбілася зь сілаў.Яна спадзявалася, што ёй не давядзецца прамаўляць увесь сказ, што Білі яго сам працягне.
Але ж Білі Пілігрыму было няўцям, што маці мае на ўвазе.
— Што «як», мама? — Білі Пілігрым заахвочваў яе дагаварыць сказ да канца.
Маці зь цяжкасьцю каўтнула сьліну, і на яе вачах зьявіліся сьлёзы. Яна сабрала парэшткі
энэргіі з усяго свайго змардаванага цела — нават з пальчыкаў на нагах ды з кончыкаў палыдаў на руках. Нарэшце, назапасіўшы дастаткова моцы, прашаптала ўвесь сказ:
— Як я зрабілася такою старою?
Састарэлая Білава маці замлела, і гожая мэдсястра вывела Білі з палаты. Якраз тады, калі Білі Пілігрым выходзіў на калідор, вывезьлі цела аднаго старога, пакрытае прасьціной. У свой час той стары быў вядомым маратонскім бегуном. Во як бывае. Гэта, дарэчы, было яшчэ да таго, як Білі Пілігрым пашкодзіў галаву ў авіякатастрофе і стаў публічна даводзіць існаваньне лятальных сподкаў і вандроваку часе.
Білі Пілігрым сеў на крэсла ў пачакальні. Ён пакуль ня быў удаўцом. Ён адчуў нешта мулкае пад тугой набіўкаю крэсла. Пашнарыўшы, выцягнуў кнігу Ўільяма Брэдфарда
Г'юі «Сьмяротны вырак для жаўнера Словіка». Гэта было апісаньне сапраўднай справы шарагоўца Эдзі Д. Словіка, вайсковы білет №36896415, адзінага амэрыканскага жаўнера, расстралянага за баязьлівасьць з часоў Грамадзянскае вайны. Во як бывае.
Білі прачытаў думку вайсковага праўніка, які займаўся пераглядам справы Словіка. Выснова была такая:
Словік кінуў выклік аўторытэту ўлады, і дысцыпліна ў войску залежала ад того, як улада адкажа на гэты выклік. Калі сьмяротны вырак за дэзэртэрства меўся быць ужыты хоць дзе, дык ён мусіў быць ужыты менавіта цяпер, у гэтай справе, але ня ў якасьці карнай меры або пакараньня за парушэньне закону а як захад дзеля аднаўленьня дысцыпліны, адно пры наяўнасьці якой войска здольнае супрацьстаяць ворагу. У той справе не рэкамэндавалася задавольваць просьбу аб памілаваньні, і мы таксама паўстрымаемся ад гэтага.
Во якбывае.
Білі Пілігрым прымружыў вочы ў 1965-ым, а расплюшчыў ужо ў 1958-ым. Ён на банкеце ў гонар юніёрскай каманды па амэрыканскім футболе, у якой гуляе ягоны сын Робэрт. Трэнэр, стары кавалер, кажа прамову, і яго душыць ад хваляваньня.
— Я б, далібог, палічыў за гонар адно падносіць ваду гэтым хлопцам, — кажа ён.
Білі Пілігрым прымружыў вочы ў 1958-ым, а расплюшчыў у 1961-ым. Гэта конадзень Новага году, і Білі Пілігрым да агіды налупіўся на пагулянцы, дзе ўсе або самі былі аптамэтрыстамі, або пабраліся з аптамэтрыстам шлюбам.
Звычайна Білі Пілігрым ня п’е, паколькі вайна зьнішчыла ягоны страўнік, але тут ладна нажлукціўся і цяпер першы і апошні раз
у жыцьці здраджвае сваёй жонцы Валенсіі. П'яны Білі Пілігрым неяк пераканаў жанчыну пайсьці зь ім у пральны пакой і сесьці на газавую сушылку, якая вуркатала.
Жанчына таксама ледзь трымалася на нагах. Яна дапамагла Білі Пілігрыму сьцягнуць зь сябе элястычны пояс
— Дык пра што ты хацеў са мной пагаварыць? — спыталася жанчына.
— Ды ўсё ў парадку, — адказаў Білі Пілігрым. Ён шчыра думаў, што ўсё было ў парадку. Ён не мог згадаць імені жанчыны.
— Чаму ты дазваляеш клікаць сябе Білі, а ня Ўільямам?
— Дзеля мэтазгоднасьці, — адказаў Білі Пілігрым.
Гэта было праўдай. Ягоны цесьць, уладальнік школы аптамэтрыстаў, які ўзяў Білі Пілігрыма ў справу, быў геніем маркетынгу. Ён параіў зяцю ўсяляк заахвочваць людзей клікаць яго «Білі», бо ласкава-памяншальная форма трывала захрасьне ў іхніх галовах. Да
таго ж гэта дадасьць яму крышачку загадкавасьці, паколькі дарослых людзей зазвычай не завуць Білі. Ледзьве пазнаёміўшыся зь Білі Пілігрымам, кліенты стануць лічыць яго сябрам.
Тым часам ў гасьцёўні ўсчаўся гвалт — усе выказвалі пагарду да жанчыны і Білі Пілігрыма, а сам ён неўзабаве апынуўся ў салёне свайго аўтамабіля. Там ён марна шукаў стырно.
Найважнейшым цяпер было знайсьці стырно. Сьпярша, Білі на ўдачу, усё роўна як вятрак, закалашмаціў навокал выпрастанымі рукамі. Калі гэта не дало плёну, ён пачаў мэтадычна шныпарыць такім чынам, каб не прапусьціць стырна. Ён уладкаваўся каля левых дзьвярэй і пачаў старанна абмацваць кожную пядзю прасторы перад сабой. He знайшоўшы стырна, перасунуўся яшчэ на пятнаццаць санты-
мэтраў управа ды пачаў шукаць ізноў. Гэтак ён пакрысе дабраўся да правыхдзьвярэй, але стырна не знайшоў. Тады ён зрабіў выснову, што нехта скраў стырно. Раззлаваны Білі Пілігрым адрубіўся.
Білі Пілігрым сеў на задняе сядзеньне сваёй машыны — вось чаму ён не знайшоў стырна.
Цяпер нехта тузае яго. Ён адчувае, што ўсё яшчэ п'яны і ўсё яшчэ злуе, бо ў яго скралі стырно. Білі Пілігрым вярнуўся на Другую сусьветную вайну, у тыл да немцаў, а тузае яго Роланд Ўіры.
Роланд Ўіры схапіў Білі Пілігрыма загрудкі і вытнуў аб дрэва. Потым тузануў назад ды піхнуў у тым кірунку, куды, на думку Роланда Ўіры, мусіў крочыць Білі Пілігрым.
Білі Пілігрым зьнерухомеў, а потым страсянуў галавою.
— Ідзіце вы... — вымавіў Білі.
— Чаго?
— Хлопцы, ідзіце вы ўжо безь мяне. Са мной усё будзе добра.
— 3 табой што будзе?
— Усё будзе добра.
— Халера, ты хворы ці што? — прагундосіў Роланд Ўіры празь пяць слаёў мокрага хатняга шаліка. Білі Пілігрым ніколі ня бачыў твару Ўіры. Аднойчы паспрабаваў унаявіць яго, і ўяўленне намалявала вобраз жабы ў акварыюме.
Недзез паўкілямэтра РоландЎіры піхаў Білі Пілігрыма наперад і даваў яму высьпяткаў. Выведнікі тым часам чакалі пасярод замерзлага ручая. Яны пачулі сабачы брэх. А таксама як нехта кліча сабак — кліча як паляўнічы, які выдатна ведае, дзе знаходзіцца ягоная здабыча.
Высокія берагі ручая надзейна хавалі выведнікаў ад чужых вачэй. Білі, сьмешна валюхаючыся, спусьціўся з адхону. За ім ступаў Ўіры, які бразгатаў, ляскатаў, зьвінеў і палаў імпэтам.
— Вось ён, хлопцы! — сказаў Роланд Ўіры. — Ён ня хоча жыць, але мы яго прымусім. Калі ён выкараскаецца з гэтай калатнечы, будзе вінаваты «тром мушкетэрам» сваё жыцьцё.
«Тут у балцы Білі Пілігрым, — падумаў Білі Пілігрым, — лёгка ператварыўся б у пару. Калі б яго пакінулі на хвілінку аднаго, дык ён нікога больш не даймаў бы сваім існаваньнем. Ён ператварыўся б у пару і растаў сярод вершалінаў».
Недзе зноўку забрахаў вялікі сабака. Узмоцнены страхам, рэхам і зімняй цішай, сабачы брэх гучаў як бронзавы гонг.
Васямнаццацігадовы Роланд Ўіры прашыўся паміж выведнікамі і як бы атуліў крыламі, паклаўшы цяжкія рукі ім на плечы:
— Дык што мушкетэры будуць рабіць зараз?
Білі Пілігрым занурыўся ў салодкія галюцынацыі. У сухіх і цёплых белых шкарпэтках ён коўзаецца па падлозе бальнай залі. Вялікі натоўп захоплена крычыць. Але ж цяпер Білі Пілігрым не вандруе ў часе: катаньня па бальнай залі ніколі не было і ніколі ня будзе. Гэта ўсяго толькі насланьнё ў хлопца, які канае ў чаравіках, набіткаваных сьнегам.
Адзін з выведнікаў схіліў галаву і дазволіў сьліне зьляцець зь языка долу. Другі зрабіў тое ж самае. Яны вывучалі бясконца малы ўплыў сьліны на сьнег і сусьветную гісторыю. У іх былі невысокія, зграбныя постаці. Яны безьліч разоўхадзілі за лінію фронту, дзе прыпадабняліся да лясных зьвяроў: жылі ад імгненьня да імгненьня, ратаваліся страхам, думалі сьпінным мозгам бездапамогі галаўнога.
Цяпер яны выкруціліся з-пад пяшчотных рук-крылаў Роланда Ўіры. Яны сказалі яму, што лепей, каб ён і яго таварыш знайшлі каму здацца ў палон. Чакаць іх яны больш ня буДУЦЬ.
I яны кінулі Білі Пілігрыма і Роланда Ўіры ў балцы.
Білі Пілігрым працягваў коўзацца па залі, робячы піруэты ў сваіх белых шкарпэтках, піруэты, якія болывасьць людзей палічыла б немагчымымі — такімі мудрагелістымі былі кручэньні, тармажэньні на лычку перад самым бартком і ўсё такое. Крыкі натоўпу працягваліся, але іх тон мяняўся разам з тым, як трызьненьне Білі Пілігрыма ператваралася ў падарожжа ў часе.
Білі перастаў коўзацца. Цяпер — восень 1957-га, ён за трыбунай у кітайскай рэстарацыі гораду Іліюму, штат Нью-Ёрк. Сябры дабрачыннага Клюбу львоў наладзілі яму стаячую авацыю. Яго толькі што абралі старшынём, абавязкова трэба нешта сказаць. Білі Пілігрым бледны ад страху: дапушчаная жахлівая памылка. Усе гэтыя заможныя, самаві-
тыя людзі, якія прыйшлі сюды, зараз убачаць, што абралі сабе ў старшыні сьмеху вартага недалэнгу з прарэзьліва-танклявым галаском — менавіта такім, які ён меў падчас вайны. Білі Пілігрым каўтнуў паветра, адчуваючы, што замест галасавых зьвязак у ягоным горле ўштукавана выразаная зь вербнага прутка сьвістулька. Горш за тое — яму бракавала словаў. Натоўп аціх. На ружовых тварах застыглі ўсьмешкі.
Білі Пілігрым адкрыў рот і адтуль вылецеў глыбокі зык. Ягоны голас ператварыўся ў вытанчаны інструмэнт. Ён жартуе так, што выклікае хвалю сьмеху. Голас становіцца сур’ёзным, потым зьвініць показкай і нарэшце завяршае прамову ў ціхмяна-чароўным рэгістры. Тлумачэньне гэтаму цуду наступнае: Білі Пілігрым наведваў курсы аратарскага майстэрства.
Цяпер Білі Пілігрым зноў вярнуўся на замёрзлы ручай, дзе Роланд Ўіры зьбіраўся выбіць зь яго ўсе духі.
Роландам Ўіры апанаваў урачысты гнеў. Яго зноў пракінулі. Ён запіхнуў пісталет у кабуру. Ён засунуў нож у похвы. Нож з трохгранкавым лязом і крывясьцёкамі на ўсіхтрох гранках. Пасьля затрос Білі Пілігрымам, грукаючы ягоным шкілетам аб бераг.
Роланд Ўіры скуголіў і румзаў праз усе слаі хатняга шаліка. Ён пачаў казаць нешта невыразнае пра тую ахвяру, якую прынёс дзеля Білі. Роланд Ўіры засяродзіўся на пабожнасьці і адвазе «трох мушкетэраў», палымяна намаляваў бліскучымі фарбамі ўсе іх дадатнасьці, іх шляхетнасьць, нязводны гонар і тую неацэнную службу, якую яны саслужылі хрысьціянству.