— Дарон, — цярпліва пытаю, — навошта табе трус? Табе трыццаць год. Трусоў дораць дзеткам да шасьці. —Ат, праўда, я ўжо старэнькі, — раздражнёна адказвае ён і ставіць шклянку поруч. — У мяне адно больш дыскаў і ў два разы больш часопісаў, чым было ў дваццаць. Еось і ўсё. Я думаў, да трыццаці прыдбаю вілу на беразе мора і ажанюся з сэкс-бомбай, якая мне будзе даваць штоночы. Паслухай, Нурыт, — кажа ён рашуча, — мне тут дзіцятка захацелася. Ага, думаю, дзіцятка. Дзіва што. Мяне дрыготка бярэ, калі я прыгадваю свае мары, што лопнулі, як мыльны булдырок. Я мроіла зрабіцца топ-мадэлькай. Уяўляла, як пятнічным адвячоркам крочу па вуліцы Шэнкін, абняўшыся з Джонам Траволтам, і ўсе проста зацінаюцца ад зайздрасьці. Худнею на два кіло, атрымліваю Нобэля і ўздымаюся на сцэну ў чорнай міні-сукні ў абліпку зь вялізным дэкальтэ. I раблюся багатай. I нехта піша пра мяне песьню. He, я не жадаю слухаць сваіх прыяцеляў, як ім карціць мець дзіцятка. Нават у іхні дзень народзінаў. «Толькі тае і бяды! Дык забульбень сабе якое, — адказваю. — Але лепей ужо чытай каталёг». Аднак ён працягвае назаляць. Проста зацяўся на сваёй расцудоўнай ідэі-фікс. «Слухай, — кажа зь імпэтам, — а табе ня хочацца завесьці дзіцятка?» Я красамоўна гляджу на яго і гавару: «Дарон!» «Што? — абураецца ён. — Гэта жтак файна — мець дзіцятка. У аднаго майго сябра якраз нарадзілася нядаўна. Толькі ўяві. Вяртаесься з працы, прымаеш душ, завальваесься на канапу і кладзеш немаўлятка сабе на жывот». Я слухаю яго і думаю: «Божа ты мой, Божа! Якое красамоўства! I калі ён яшчэ хоць хвіліну будзе трындоліць, дык мне зробіцца сумна, надта сумна. I каму гэта трэба?» Таму я раздражнёна зноў перапыняю: «Добра. Зразумела. Ясна». Расчараваны, ён глядзіць на мяне, але ж нічога ня кажа. Мы на бальконе заарандаванай кватэры: напаўляжым на плястыкавых крэслах. Пад намі — вуліца Лорда Мэлчэта, а наўкола нікне прычэплівы і зусім летні вечар. П’ём халодную гарэлку і праганяем яе айчынным ліманадам. — Файна — зусім як летам, — прастаючыся, кажа Дарон. —Ага, вясна, — адказваю, — ты хоць цяміш, хлопча, вось-вось Пэсах. Мой бацька кліча мяне ў Ерусалім. — Паедзеш? —Даймае страшна. Кажа, прыяжджай, пабудзем габрэямі хоць раз на год. Я сказала, што ў мяне працы па горла, і хай ён адзін будзе габрэям раз на год. — Ага, — кажа Дарон, — зразумела. Вясна. Вясна. Яна кроіць мяне без нажа: як грымотныя вібрацыі, што ўзьнікаюць пры сутыкненьні некалькіх ракет, гэтак вясновы вечар скаланае мае гармоны. Я прачынаюся раніцой, бачу сонца і гэтак цешуся. Вось, сонца! Ура, сонца! А ўвечары — выбух бомбы: у мяне пачынаецца татальны покрыш надзеяў. Я думаю пра сваё апошняе каханьне. Ен цяпер жыве ў Нямеччыне і неўзабаве вернецца на радзіму. Я бачу ў думках, як ён прыходзіць да мяне дамоў, грукаецца ў дзьверы і ўсё такое. I мяне захлынае хваля аптымізму, нібыта жыцьцё насамрэч цудоўнае. Нібыта ён не маніў, калі казаў «чакай мяне». Ведаеце, вясна — гэта бомба, набітая слодычнымі жадункамі і тугой. Надта вялікі цяжар для сэрца. «Можа, улетку з намі адбудзецца штось фантастычна добрае? — кажу я Дарону і адчуваю, як патроху п’янею. Ён бярэ маю руку і пяшчотна абяцае: «Нурыт, удваццаць адзін год ты зьлётаеш на Месяц». I мы сьмяемся. 3 палёгкай. Бязважкія як мушкі. «Аднойчы, — кажу я, — ты зробіш важнае навуковае адкрыцьцё». «А вось шчыра, — пытаецца ён, — чаго б ты хацела найбольш?» Але я маўчу. «Ну, засяродзься, — настойвае ён, — назаві сваё найвялікшае жаданьне». I я адказваю такім тонам, нібы пытаюся сама: «Каб Уры вярнуўся да мяне? Каб ён прыехаў зь Нямеччыны заўтра ранкам і сказаў: «Нурыт, як жа я смуткую, я зусім не магу безь цябе?» Дарон адпускае маю руку і ўшчувае: «Далібог, Нурыт, колькі можна!» А я прашу: «Калі ласка, не працягвай. Сама ведаю». Бо я не жадаю нічога чуць ця- пер, увечары, пасярод усяго гэтага буяньня. «Але гэта для цябе самой, ты сама павінна...» — усё ж пачынае Дарон. «Глядзі, япі», — перапыняюя і паказваю пальцам на вуліцу. 3 балькона відаць, як вілы вырыгваюць сваіх грашавітых насельнікаў, а насельнікі, кіруючыся ў кавярні, абдымаюцца перад тым, як налупіцца сьцюдзёнай «Сталічнай». Іх мазгі вярэдзяць назвы найноўшых салатаў. Узьнёслыя думкі пра гэта віруюць і пераплятаюцца ў іхніх галовах і мкнуць вонкі погудам і лямантам, які гэтыя людзі ўзьнімаюць на ўсю ваколіцу. Але гэта да лепшага. Бо як бы тут хоць на хвіліну, на адну-адзінюткую хвілінку зрабілася ціха, дык я пачула сваё ўласнае выцьцё: «Вярніся да мяне, калі ласка, калі ласачка, вярніся!» Дарон ідзе ў варыўню і прыносіць амаль пустую пляшку «сьмірнофкі». — Ведаеш, што зьдзіўляе найбольш? — кажа ён, прастаючы ногі. — Прачнуўся я сёньня, цалкам перакананы, што мне споўнілася дваццаць дзевяць. I толькі пачысьціўшы зубы і зрабіўшы каву, дапяў, што гэтага ня так. — Ты не дасі веры, каго я перастрэла ў пятніцу, — кажу, — Дані! Убачыла яго выпадкова ў гасьцях. Здурнець можна! Памятаеш Дані? Ён яшчэ быў хлопцам Талі дзесяць год? —Дані? — апускаючыся на крэсла, перапытвае Дарон, — Дані? Хіба ж ён ня ў Штатах? — Цяпер, дзядзька, валіся адразу: у яго ў Х’юстане бізнэс, зьвязаны з базамі дадзеных. Мала не гадзіну ён мне тлумачыў што там да чаго, але я так і ня сьцяміла як сьлед. Шкада, што ты яго ня бачыў. Такі япі — хавайся ў бульбу! У адведкі да бацькоў прыехаў. 3 жонкайамэрыканкай, С’юзэн. — 3 жонкай-амэрыканкай? — дзівуецца Дарон. — Бляндыністая такая краля, — удакладняю я і заплюшчваю вочы. Я прыгадваю сябе і сваіх аднагодкаў у дваццаць год, адразу пасьля дэмабілізацыі. Гэты горад зь яго спакусамі зацюкаў нас ушчэнт. Але тады мы ўсе яшчэ не пасьпелі пабратацца. Як хочаш завесьці сапраўдных сяброў у дваццаць, дык сьпярша належыць у іх утрэскацца па самыя вушы, потым зьнелюбіць і нарэшце перавесьці адносіны на чыста плятанічнае сяброўства. Мы гандлявалі бутэрбродамі: ад рана да рана гойсалі з плеценымі кошыкамі, прадаючы рудыя сэндвічы «Здароўе», што былі нашаткаванымі ўсялякім зяленівам і яйкамі ўкрутую. А ўначы маркітаваліся на беразе рэчкі-гразяцечкі, уяўляючы, што падраныя эўкаліпты наўкола — улоньне прыроды. Ну, вядома, так яно для нас і было. Яшчэ мы маглі, пачуваючыся круглымі шчасьліўцамі, мілавацца на матрацы перад скрыняй, якая паказвала толькі ярданскае тэлебачаньне. Мы сыходзілі з дому і нетаропка ехалі на ровары па вуліцы Бнэй-Дан адно для таго, каб выпрастацца на траве і пачуць, як яна храбусьціць, прымятая патыліцай. I лежачы на сьпіне, вачыма шукалі Альфу і іншых сымпатычных прыхадняў з космасу — герояў нашых улюбёных тэлефільмаў. I ўсе зоркі нашага маленства ўсьміхаліся нам зь цёмнага неба. Прыгадваючы гэта, я раптам упершыню адчула, што належу да нейкага канкрэтнага пакаленьня. — Мы былі сьвежанькія, як брокалі фірмы «Санфрост», — узрушана заўважае Дарон, калі я дзялюся зь ім сваімі ўспамінамі. — А які я быў мужык! Толькі й думаў, каго б адпярдоліць. Уяўляеш, як бы я тады цябе напампаваў? — Супакойся, — прашу я, — людзі — не аўтаматы з кока-колай. —Ды я ўжо ня той, — стомлена адказвае ён. — Уяві, я зразумеў гэта месяц таму. Што я ўжо ня той. I ведаеш як? Бавіўся тут на адной пагулянцы. Вакол процьма шыкоўных дзевак, а мне пляваць. I толькі паўтараю сабе: нувось, ізноўпачынаць гэтую цягамоціну, кшталту: давай патанчым, а мо давай вып’ем што, іўякой школеты вучылася, і чым займаесься ўжыцьці... Дзяўчыны мінаюць паўзь мяне на вуліцы, а я ж як нічога ніякага. Араней толькі згледзіш бляндыначку — і ўмомант вока цябе надзіць, працінае ўсяго. Самае дарэчнае, на што я здольная, — гэта прамовіць: «А-а-а...». Зазвычай так кажа мая псыхалягічка. Раз на тыдзень я паведамляю ёй пра сваё жыцьцё, апавядаю, што мне пагана хоць разарвіся, і вельмі хочацца памерці, і што калі так будзе далей, дык я пакрышуся на кавалачкі. А яна ўважліва глядзіць на мяне і цягне: «А-а-а». Вось гэтаксама я цяпер, зьняможаная, гляджу на Дарона і кажу: «А-а-а». — Учора, — працягвае Дарон, — я пазнаёміўся зь дзяўчынай. Як мае быць дзеўка. Далібог, Нурыт! Дваццаць год. Гітарыстка, ці што... Карацей, а другой ночы яна мяне будзіць. Катурхае паўгадзіны. Кажа: «Прачынайся, Дарон, прачынайся. Калі ласка, калі ласка, уставай». Я ўрэшце прачынаюся і так, прыспаны, пытаю: «Чаго?» А яна мне: «Скажы, я цябе ўвогуле цікаўлю?» — Неверагодна! — Неверагодна, Нурыт, але факт. — Ну, а ты што? — А я ёй сказаў: страшэнна цікавіш, павярнуўся сьпінай і заснуў. Але перад тым падумаў: «Зірні як сьлед на мае прасьцінкі, зорачка, зірні, бо ты іх больш ня ўбачыш». Ат, мае гармоны ўжо ня тыя. Мне хочацца любові, кажу табе, Нурыт, любові. 3 гэтым не паспрачаесься. Сяджу, паволі каўтаю ліманад і адчуваю, як ён шчыпле і казыча горла. Думаю пра тое, колькі ўсяго было ў маіх руках, колькі розных магчымасьцяў я збаёдала. Тамленьне вясновага вечара буяе ўва мне, як хвароба. Я ўголас чытаю Дарону каталёг «Тавары—поштай». Надзіманыя падушачкі. Сочы- ва, якое ніколі не сапсуецца. Інавацыйныя шкарпэткі. Масажная машынка для ног. Але Дарон ня робіцца весялейшым. Я прыгадваю чароўныя дні народзінаў у дзяцінстве: з клоўнамі, фокусьнікамі, пакуначкамі зь сюрпрызамі, абаранкамі, цукеркамі і тортам. «Угу-угу...» He, яго мае ўспаміны не расчулілі, прынамсі ня гэтым разам. «Мне трыццатнік, — скардзіцца ён, — Нурыт, трыццатнік!». Я сілюся падбадзёрыць яго. Кажу: «Хлопча, трыццаць — гэта няшмат. У трыццаць год чалавек яшчэ малады». «Дзетам малады», — адказвае ён. I мае рацыю. Няма чым запярэчыць. Надоечы хадзіла да сяброўкі на вясельле. Надзела таненькія панчошкі, усю ноч трэслася ад холаду. Тыдзень таму езьдзіла зь сябрамі да гары Гільбоа, глядзець як квітнеюць касачы і макі. Вясна цісьне мне на псыхіку. Я зноўкудумаю праЎры. Гэй, што ты робіш цяпер? Каго абдымаеш? Я стаўлю келіх на парэнчы і кажу з надзеяй: «Хутка Уры вернецца зь Нямеччыны». «Хопіць, — раіць Дарон, — табе трэба выкінуць яго з галавы». «Ага, вядома ж, — адказваю, — ясная рэч». «Не, напраўду, — настойвае Дарон, — сапраўды, Нурыт, табе ўжо дваццаць дзевяць. Нельга, каб з табой штораз абыходзіліся, як зь дзяўчынкай. Нельга, разумееш?» Але я маўчу. Дарон кладзе далонь на маю руку, якая ляжыць на падлакотніку крэсла. «Ты мусіш быць цьвярдзейшая, — пяшчотна навучае ён. — Праўда. Дзеля сабой сябе. Нельга так кожны раз».