Чалавек, які скраў Сьцяну Плачу 15 ізраільскіх апавяданьняў у перакладах Паўла Касьцюкевіча

Чалавек, які скраў Сьцяну Плачу

15 ізраільскіх апавяданьняў у перакладах Паўла Касьцюкевіча
Выдавец: Логвінаў
Памер: 210с.
Мінск 2009
51.36 МБ

 

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
Увечары гасьцінныя гаспадары прывезьлі яго ў шыкоўны бардэль мадам Антоніюс. «Адзіны бардэль у сьвеце, які прадае гадавыя абанэмэнты», — шапнуў князю ягоны дарадца. Тут князь рупліва праверыў праўдзівасьць усіх пагалосак і чутак наконт анатамічных перавагаў, якія прыпісваліся абісынскім дзяўчатам, і калі яму прапанавалі нахіліцца над лабком адной зь іх, дык ягоны твар міжволі расквеціўся ўсьмешкай, бо з парожніны дзявочай плоці ўзьняўся погуд далёкіх часоў, дзіўнае шапаценьне марскіх хваляў і, як падалося князю, завабныя песьні тапельцаў ды енкат сырэнаў, а Зога, яго гаротная альбанская служанка, малай драбніцай не аддала ў тую ноч душу ад рэўнасьці і страты адведзенай князю крыві.
«Залагоджаны і ўсьцешаны, князь падняўся на палубу «Мірамара» і адплыў зь Зямлі фараонаў на Сьвятую Зямлю», — паведаміў штатны пісарчук бацькам князя і апісаў рабізну ля берагоў дэльты Ніла і сумежных балот, а таксама вялізных мяккацелых дугоняў, што плёхаліся
ў цеплаватай вадзе, ды жаўцізну філістыйскіх пяскоў і чарноцьце скал яфскага порта. Але ж на фотакартцы ляжаў бледны, змардаваны маладзён. Александрыйскія прысмакі ўсё яшчэ цьвялілі вантробы княскага цела, і дзясяткі гусянятаўбылі выкінутыя за борт «Мірамара», дзе, трохі пазмагаўшыся, сканалі ў салёнай вадзе, і нават чайкі, дарма што сама сьмярдзючыя і сама драпежныя сярод птушак, грэбавалі імі.
У яфскім порце князя сустрэў чарговы губэрнатар, барада якога патыхала рыбай і порахам. Князь папрасіў, каб яму паказалі сходы, зь якіх у кітовую пашчу спусьціўся прарок Ёна, і загадаў весьлярам падплыць як мага бліжэй да скалы, дзе колісь прыкавалі Андрамэду. Абед князю падалі ў тамтэйшым касьцёле і там жа паказалі слоік, у якім плёхалася каламутнабялесая вадкасьць, растлумачыўшы, што гэта «малако Дзевы Марыі». У вокамгненьне востры боль працяў цела Антона, падобны да таго болю, які раптам праймае пэрсіянак, калі іхнія мужчыны пачынаюць ім здраджваць, але свайму лекару Рувэну-Якіру Прэсьядучу князь апісаў той боль як «Нібыта ў жывот запхнулі пясочны гадзіньнік», потым паправіўся: «Зусім не! Нібыта скрыўленую голку!», пасьля заенчыў і сказаў: «нібыта запхнулі каханьне, але ж не ў жывот, а ў пячонку», і хаця боль заўжды зьвястуе няшчасьце, князь ня сьцяміў намёку, залез у сваю лёгкую брычку і пакіраваў у Ерусалім.
Ля самай брычкі, круцячы насамі, беглі чатыры вялізных сабакі-пастухі, а на іх масыўных шыях былі навязаныя мяхі з грашыма. Перад брычкай і пасьля яе ехалі шэсьць падводаў з дарадцамі і куфрамі. Аркестр, ганаровая варта турэцкага войска і дзікая мяшанка зь дзяцей, мух, хадакоў, асьліц, жабракоўузьнялі вакол князя вялікі гоман і пыл. Адвячоркам картэж абмінуў працэсію расейскіх пілігрымаў, і ўражаны князь дзіваваўся, што ў авангардзе і ар’ергардзе той
працэсіі ідуць мужчыны, а пасярэдзіне коціцца вялізны драўляны воз, на якім грувасьціцца неверагодна вялікі звон, вагою як найменей сем тонаў, і яго на вяроўках цёгам цягнуць сотня расейскіх жанчын. Ад выжыльваньня з усяе моцы жанчыны згіналіся крукам і стагналі, а мужчыны крапілі іх вадой і сьлязьмі, заахвочвалі крыкамі і мацавалі лаянкай. На чале працэсіі крочыў мажны селянін з акладзістай барадой, тварам паэта і шырокімі далонямі. Князь папрасіў сваіх дарадцаў спытаць селяніна, што азначаюць гэты звон і жанчыны, але расейскі пілігрым, уперыўшы ў дарадцаў страшныя праваслаўныя вочы, адмовіўся размаўляць, і князь працягнуў свой шлях не раўнуючы як антылопа, якую лёс неўзабаве мае кінуць у абдоймы бязьлітасных паляўнічых.
Насупраць ночы абоз стаў лягерам у маленькім запыленым гарадку, які мог пахваліцца — дарэчы, як і ўсе астатнія месты Сьвятой Зямлі, — адно жалю годнымі парэшткамі мінулых часоў. Вакол гарадка поўня срэбрыла старадаўнія аліўныя сады, «дрэвы, што былі пасаджаныя яшчэ за Цітам Флавіем Вэспасіянам» — як занатаваўу сваёй штодзённай справаздачы пісарчук. 3 вулічнай гразюкі вытыркаліся гранітныя капітэлі і мармуровы друз — шкілеты колісь велічных, але абрынутых у нябыт будынкаў, і фатограф засьмяяўся і пажартаваў, што ня здолее сфатаграфаваць іх, бо яны не стаяць на месцы. У гэтым гарадку таксама адбыўся ўрачысты прыём, пасьля якога тамтэйшы губэрнатар запрасіў князя паназіраць за спаборніцтвамі па анаталійскай барацьбе, улюбёнай уцехай турэцкіх жаўнераў. Лысыя бамбізы ў скураных нагавіцах нашмароўвалі цела алеем і пачыналі абдымацца, намагаючыся сапхнуць суперніка долу. Пах крыві, гразі і спэрмы напоўніў паветра. Князя званітавала, але яго яшчэ адвезлі абгледзець падземныя рэзэрвуары з вадой, што сілкавалі горад, а пасьля ён быў заахвочаны на апошнім узды-
ху ўскараскацца на званіцу. Адсюль, як распавёў князю губэрнатар, сам Напалеон стрэліў у аднаго гаротнага муэдзіна1 з-за шкоднай звычкі апошняга падымацца рана-ранкам на мінарэт і адтуль выводзіць свае надзвычай зычныя, што парушалі аўгусьцейшы сон, галашэньні. Губэрнатар намякнуў князю, што і зараз можна — і цяпер гэта ўжо нават ператварылася ў добрую завядзёнку — зацягнуць на мінарэт выпадковага месьціча, каб ацаніць майстэрства стральбы дарагіх госьцікаў, параўнаўшы яго з трапным стрэлам «Вялікага Арла». Але на глыбокае расчараваньне гаспадара князь запрасіўся ў ложак, дзе колісь спаў Банапарт, і пераначаваўтам у кампаніі з вошамі, якія з часоў тае гістарычнае ночы, як высьветлілася, і макулінкі ў роце ня мелі. Раніцой Зога дапамагла князю пацэліць у дзірку, у якую таксама вывальняўся ад водаў Напалеон, і гэтым разам князь адчуў шчымлівы боль, нібыта яго пахвіньне набіткавалі аскепкамі шкла. Ён застагнаў, падаўся назад і апусьціў сваю патыліцу на шырокія плечы служанкі, але неўзабаве ачуняў і выправіўся на банкет у англіканскую школу для дзяўчатак. Там ён абгледзеў іх вышыўкі і ў сваім нататнічку напісаў наступныя словы: «Усе выхаванкі падобныя адна да адной, нібыта смакталі адну матку, і ўсе пагалоўна маюць бровы вяровачкай.» I пасьля, нягледзячы на рэзь у жываце, працягнуў падарожжа.
Праз пыл, які ніколі не асядае, на даляглядзе пачала невыразна сінецца выцьвілая сьцяна Самарыйскіх і Юдэйскіх гор. Абмінуўшы падмуркі пагорка, на якіх колісьузвышаўся горад Гезэр, князь спусьціўся ў Даліну Рабаўнікоў, дзе Ісус Навін2 спыніў Месяц. Потым ён
1 Муэдзін — рэлігійны служка, які зь мінарэта склікае мусульманскіх вернікаў на малітву.
2 Ісус Навін — паводле Старога Запавета пераемнік Майсея, што па сьмерці апошняга скіраваў народ Ізраілю ў межы зямлі Ханаанскай.
шпурнуў, як вядзецца, галіну крушыны ў «крыніцу, што поўніцца атрутнай сьлінаю Д’ябла, і нічога ў той крыніцы плаваць ня здолее». Кавалькада мінула смуродлівы караван-сарай і доўга паўзла па вузкай цясьніне, спускаючыся і караскаючыся ізноў, абапал якой узносіліся голыя ды змрочныя горы, пакуль нарэшце не спынілася, каб адпачыць. Тут, на злучыне ручая, ля маленькай вёсачкі Калёнія, князь падсілкаваўся залаціста-буйным вінаградам, чыя летняя слодыч выклікала ў яго пякотку, кінуў мясцовай дзятве манэтак і папіўз крынічкі, што патыхала шалфеям. Неўзабаве як падсмалены вылецеў з аксамітнага шатра, трымаючы ў руках двух гусянятаў, і, аправіўшыся, разам са сьвітай ускараскаўся па стромым і пакручастым схіле, выбрукаваным каменьнем. Па гэтым самым схіле, так распавёў княскі дарадца, караскаліся войскі Ціта, а Вечны Жыд спускаўся па ім, выпраўляючыся ў сваю вечную вандроўку. Яшчэ два нізенькія пагоркі засталіся за сьпінаю, і перад вачамі князя паўстаў Ерусалім, што разьлёгся ў засадзе за гарою.
Абаронены турэцкай сьцяной, якая выклікала адно іранічную ўсьмешку на твары княскага дарадцы па артылерыі, зеўраючы тысячай амбразураў і асьветлены па-вечароваму нізкім сонцам, старэча Ерусалім абглядаў новую ахвяру. I па невялікім часе абрынуў на князя свой выпрабаваны арсэнал: стрэлы пазалочаных вежаў, нерат нябёсаў і аблуднае сьвятло прыцемкаў, якое, здавалася, можна жаваць. Ногі князя зрабіліся кісельныя. У хуткім часе, як па камандзе, пьянкое паветра над горадам раскроілі нажы ластаўчыных крылаў, бляск трубаў гарадской варты і пах поту малельнікаў. Пра гэтую «вечаровую мяшанку ерусалімскіх вятроў, што сьмярдзела і духмянілася фэкаліямі і ладанам» князь чытаў быў у Мэлвіла, але моцны страх цяпер усё адно праняў княскае сэрца. «Калі дасьць мне Гасподзь век доўгі, дык зваюю цябе». Князь сказаў гэ-
тыя словы ня ўголас, адчуўшы, што ўжо сам сумняваецца ў іх праўдзівасьці.
Тут падаў горад свой заўсёдны дэсэрт: цені ад вежаў, што расьлі ўвачавідкі, рынкі, якія паступова пусьцелі, і залатыя купалы, што пакрыёму бляклі. I яшчэ ў дадатак колькі лірычных вобразаў, цудоўна вядомых заўзятым шанавальнікам горада. Як і абяцалі князю Сьвятыя Пісьмёны і турыстычныя даведнікі, яго праняла ліхаманка, якая адіукнулася ў хвасцы танкой і ўцешнай дрыготкай. У сваім дзёньніку князь занатаваў, што Ерусалім — адзіны ў сьвеце горад, які мае пах чалавечага цела. Да слова кажучы, гэтая заўвага трохі нагадвае зацемку аднаго турыстаантысэміта, Віктора Бурке, які праз трыццаць год пасьля князя адзначыў, што «ад каменьняў Сцяны Плачу патыхае як з рота».
Дробненька крочачы поруч на сваіх маленькіх ножках, гарадзкі галава, які далучыўся да сьвіты ў пладовым садзе Антымоса, спыніў князя на рагу сьцяны і распавёў, што менавіта тут Давід забіў Галіяфа. Потым паведаміў усьцешную навіну, што ў гонар прыезду князя сёньня хрысьціянскім цэрквам і манастырам дадзена права біць у званы, права, якога яны былі пазбаўленыя ўжо трыста год. Гарадзкі галава папрасіў князя ўскінуць руку, і тут жа адусюль грымнулі званы і іх рэха залунала па-над пагоркамі. Старажытныя языкі званоў, большасьць якіх зусім ня знала працы, назапасіўшы ў сабе злосьць і зьнямогшыся ад жарсьці, у экстазе ляснулі па мядзяных карпусах, і вялізная хмара іржы і веры ўзьнялася ў неба і запарушыла вока гораду. Гэтая падзея выпала з-пад увагі гісторыкаў, але была заўважаная дасьледчыкамі музычнай тэорыі, і зьвесткі пра яе пратачыліся на старонкі «Вялікай кнігі званоў» Гюстава Штэрнэра, музыказнаўцы, які напісаў: «Менавіта звон, а ня бубен, ёсьць праўдзівым інструмэнтам катарсысу».
Князем апанаваў рэлігійны шал, і гэта зрабіла яго лёгкай здабычай гораду: моцная трасучка працяла калені князя, і гарачы клінок млосьці павярнуўся ў жываце. Князь заплакаў, самлеў, але ў імгненьне вока быў напампаваны сьвежай крывёй Зогі і гэтым вернуты да жыцьця. Лёкаі ўсталявалі яго багаты шоўкавы шацёр між айвовых дрэваў «Кэрэм-га-Шэйха», няіснага цяпер сада, што ўтыя часы разьлягаўся паміж Бусьляной Вежай і знакамітай сасной-старажылам, якую яшчэ насенінкай завезьлі на Сьвятую Зямлю крыжакі.