рухам скінула сваю мантыю і засталася толькі ў чадры ды брудных баваўняных шараварах, агаліўшы вытанчаныя, пакрытыя татуяваньнямі грудкі. Танцуючы перад ім, дзяўчына стала хіліцца назад у безупынных зьвіваньнях, поўных спрыту і невымоўнае тугі. Але зрабіла сваё зусім не прынаднае бразгатаньне спакусы, якую можна перасіліць жыцьцёвым досьведам ці проста заплюшчанымі вачамі. Князя прынадзілі жаночыя жэсты, на якія ніводзін мужчына ня ў стане не адгукнуцца, жэсты ўмольваньня і нямое просьбы аб помачы. Князь рушыў за аголенай дзяўчынай, і дзьве яе сяброўкі на манер вартаўнічак суправаджалі іх. Раптам князя пранялі сумненьні, і ён спыніўся. Аднак дзяўчына, што ішла побач, не спудлавала: выскачыла перад князям, і, усьміхнуўшыся, пачала набліжацца да яго, так што яе грудкі ўкалолі ягоныя грудзі амаль бязважкім штуршком, ад якога ён страціў раўнавагу. Дзяўчаты дробна засьмяяліся, нахіліліся над ім, дапамаглі падняцца, струсілі зь яго пыл, ні на хвілю не перапыняючы ціўкаць на сваёй незразумелай мове, плынь якой не дзялілася знакамі прыпынку, і ў гэтым цурчэньні чуліся ноткі спагады і прабачэньня. У дадатак, гэтае слова, хадыду, што ўвадначасьсе лашчыла і раздражняла, таксама не сыходзіла зь дзявочых вуснаў. Яны зноўку абкружыўшы яго, сашчапіліся рукамі, і калі ён пачаў стаяць трывала ды папрасіў ісьці самастойна, адпусьцілі ягоныя рукі, але працягнулі вадзіць вакол яго свой зьвінячабезупынны карагод. Раптам кручэньне спынілася, і ўсе тры дзяўчыны прытуліліся да князя, нагэтулькі нясьцерпна блізкія, што ён быў вымушаны абаперціся на іх, бо сілы зусім пакінулі яго. Засталіся адно іх высокія сьмяшлівыя галасы, духмянае дыханьне, незразумелыя словы і маленькія ласункі, што патыхалі зьвялай ружай і гнілымі мігдаламі, якія дзяўчаты бруднымі пальцамі клалі ў яго разяўлены рот, што прасіў ратунку і сьвежага паветра. — Voulez vous mourir avec moi? — прашаптаў ён, нібыта гэтыя словы таксама паклалі яму ў рот. — Ці не жадаеш памерці са мной? Яны дасягнулі канца завулка, і тут пачуўся жудасны рык, які могуць вывяргаць толькі нямыя балканскія жанчыны, і масіўны абрыс Зогі, якая кінулася бараніць свайго гаспадара, вымаляваўся спаміж муроў. Адна з танцоўшчыц спрытным рухам падставіла мажной Зозе падножку, і пакуль тая ляцела дагары нагамі і ўдаралася галавой аб каменную сьцяну, дзьве другія дзяўчыны спрытна адсоўвалі ў ходніку адну з плітак. Дастаткова было лёгка падзьмуць у патыліцу князю, і ён паваліўся ў старажытны тунэль, што праходзіў пад вуліцай, у абдоймы спрактыкаваных, рук, што чакалі яго тут, у глыбіні, якія нясьпешна спавілі княскае цела, паклалі на зямлю і адсунулі плітку назад. Назаўтра раніцой, па вяртаньні князя Антона ў шацёр, чаляднікі яго ледзь пазналі. Рубінавы пярсьцёнак зьнік, валасы — ускудлачаныя, а на твары расплыўся быдляча-пыхлівы выраз. На носе красавалася татуяванка, а на ілбе — дзіўны грабеньчык з кветак язьміну, што выклікаў на тварах турэцкіх жаўнераў, якія ахоўвалі лягер, ухвальныя і кемлівыя ўсьмешкі. Яны ў момант вока сьцямілі, што дочкі племені навара падпільнавалі князя ў адным з завулкаў, зацягнулі ў каменяломні пад Царквой Рыбаў, дзе хаваюцца іх гашышныя прытоны, абчысьцілі кішэні, напаілі марыянскім віном і потым прабавіліся зь ім усю ночку. А язьмінавым вянком, так патлумачылі жаўнеры княскім выхавацелям, наварскія танцоўшчыцы зазвычай уганароўваюць таго, хто здолеў зьдзівіць іхнія целы невядомым дагэтуль штукарствам, і што да князя толькі чатыры мужчыны атрымалі такі вянок: два янычары, нейкі сьціплы суданскі пастух і якісь французкі кардынал. Сьвіта атачыла млявага князя, а гаротная Зога, у сьлязах, зь вялізным гузаком на ілбе, укленчыла перад ім і, пакрываючы пацалункамі яго брудныя акрываўленыя ступакі, пачала выцягваць са скуры і валасоў калючкі ды каменныя аскепкі. Потым на руках занесла яго ў шацёр, разьдзела дагала, і лекар Рувэн-Якір Прэсьядучу абгледзеў князя. Выявіўшы на целе яшчэ дзьве татуяванкі: адну — на скрайняй плоці, другую — на княскім азадку, ён загадаў як найхутчэй вяртацца ў Эўропу. У той самы дзень шоўкавы шацёр быў згорнуты ды запхнуты ў вялікую кядровую скрыню. Талеры і франкі паклалі ў нашыйныя мяхі сабак. Залатыя відэльцы і лыжкі апынуліся ў жалезных шкатулках. Срэбныя і хрустальныя кубкі лёкаі агарнулі ваўнянымі анучамі, а ацалелых гусянят выпусьцілі на волю. У карэце з зашморгнутымі фіранкамі князя адымчалі ў яфскі порт і не марудзячы перавезьлі на кананэрку, якая цягам апошніх сутак патрулявала берагі Сьвятое Зямлі. Усю дарогу князь спаў як каноплі прадаўшы, a калі прачнуўся, дык еў зь добрым смакам, пасьміхаўся на ўсе бакі, ня мовячы пры гэтым і слова. Нават не пацікавіўся, куды зьнік ягоны ўлюбёнец, ліпіцыянскі конь, і дзе падзелася брычка. У Эўропе князя, пераапраненагаўжанчыну, цішком перавезьлі ў слынны льескі шпіталь. Два тыдні над ім шчыравалі найлепшыя адмыслоўцы: хірургі злушчвалі зь яго зада і носа ганебныя адмеціны тае ночы, тэрапэўты прачышчалі кішэчнік клізмамі з попелу і лаўровай церухі, а паэты і сьвятары вышкрабалі тугу па Ерусаліме з усіх закуткаў ягонай душы. Што да скрайняй плоці князя, дык тут у кансыліюма ўзьнікла вялікая апаска. Урэшце з Эльзаса быў выкліканы стары габрэйскі моэль1, і, не зважаючы ' моэль— адмысловец па абразаньні скрайняй плоці (іўрыт) на ўсеагульнае ўзрушэньне, антысэміцкія праклёны і роспачлівы лямант Зогі, спраўна абрэзаў князя і па сканчэньні апэрацыі неўпрыкмет зьнік са шматком княскай плоці ў кішэні. Праз тры дні зьявіўся палацавы скарбнік, прадэманстраваў скуру з княжацкага носа і патлумачыў прысутным, што дробныя завіткі, якія напачатку здаваліся татуяваным арнамэнтам, ёсьць ня што іншае, як вытанчаны мікранадпіс, які складаецца з напісаных на іўрыце дванаццаці вершаў, узятых з дваццаць пятага разьдзела Кнігі Быцьця. Усе тут жа кінуліся шукаць скрайнюю плоць князя, але да таго часу стары моэль ужо прадаў яе ананімнаму зьбіральніку дзіўнотаў, a сам спрытнюча ўцёк у Амэрыку. Мінуўся месяц. 3 аблупленым носам, палушчаным задам і панурым чэлесам князь Антон узяў у жонкі нелюбоў усяго свайго жыцьця, аўстрыйскую прынцэсу Рудальфіну. Усе былі дужа зьдзіўленыя, што малады зусім не паглядае на прысутных на цырымоніі жанчын. Большасьць зь іх палічыла, што князь пакуль што не агойтаўся пасьля злашчаснага падарожжа і перанесеных апэрацый. Нікому нават да галавы не прыйшло, што Ерусалім, часьціну якога людзі, заражаныя ім, нясуць у сваёй крыві аж да скону, пакуль што не паслабіў ухопу на шыі сваёй новай ахвяры. Толькі праз тры месяцы, калі рана ад абразаньня загаілася, князь зноўку стаў паглядаць у бок жанчын. Але згэтуль ягоныя густы істотна памяняліся. Ен больш не прыціскаўся да суразмоўніц і не казаў ім: «Ці не жадае спадарыня апынуцца разам са мной у адным ложку?» Цяпер ён зь нейкай пякельнай нецярплівасьцю пытаўся жанчын нізкім голасам: «Ці не жадаеш памерці са мной?» — і ягоныя вочы поўніліся такой нечалавечай жудасьцю, што жанчыны, умомант сьцяміўшы, што ён глядзіць не на іх, а на свае ўспаміны, нават не насьмельваліся ад жаху адкрыць рот. Урэшце на яго заклік памерці разам зь ім адгукнулася сямнаццацігадовае дзяўчо, яго стрыечная пляменьніца з матчынага боку. Гэта была маладая швэдзкая баранэса Гэдвік Фрэбос, уладальніца знакамітых мядзяных капальняў ля горада Фалуна. Баранэса была стрункая, дачасна разьвітая юначка, якая ледзьве не з калыскі пільнавалася прынцыпу нічога не паўтараць двойчы. Ясная рэч, гэтая шкодная звычка даводзіла да торбы бацькоў, а выхавацеляў — да роспачы, бо баранэса нізашто не пагаджалася скаштаваць двойчы адну і тую ж страву, ніколі не апранала адну і тую ж вопратку і рашуча адмаўлялася наведваць тыя месцы, дзе ўжо калісьці была. «Жыцьцё мае поўнае права заставацца чарадой непадобных падзеяў», — казала яна. Упершыню князь убачыў баранэсу на балі, калі ёй было тры гады, і цяпер ён зноўку сустрэў яе на банкеце, які ладзіўся ў палацы ягонага цесьця. Пры канцы банкета, калі лёкаі падалі мужчынам каньяк, a жанчынам — мігдалавы ліквор, маладая баранэса адсунула келіх і сказала: — Гэты напой я ўжо піла аднойчы. Князь прапанаваў баранэсе выйсьці зь ім на балькон, дзе згадаў сваё заўсёднае пытаньне. Яго сэрца моцна тахкала, бо ён ужо ведаў адказ. — Згода, дзядзечка, — прамовіла «аднаразовая» баранэса. — Я гатовая памерці з табой — але толькі адзін раз. Потым зірнула ў бок змрочнага парку і дзелавітым голасам заўважыла, што яшчэ ніколі ня бавілася з мужчынам. Назаўтра князь зьехаў з баранэсай у паляўнічы дамок роду Гесьлераў. Зь імі была Зога, якая ўсю дарогу плакала, як плачуць празарліўцы, калі іхняе прадказаньне мусіць спраўдзіцца. Прыбыўшы на месца, Зога плячом выламала апячатаныя дзьверы, праветрыла пакоі павільёна ад цішыні і жалобы, пасьцяліла пась- цель і моўчкі выйшла ў садок. Князь кахаўся са сваёй палюбоўніцай адзін-адзінюткі раз, і потым яны ў чатыры рукі паднялі прасьціну, каб глянуць на яе і даведацца пра свой будучы, зашыфраваны ў крывавых абрысах, лёс. Потым князь дастаў прывезеныя пісталеты. — Мы будзем страляць адно ў аднаго, ці кожны ў сябе? — пацікавіўся ён. — Кожны сам у сябе, дзядзечка, — адказала баранэса. — Я давяраю табе. Потым хіхікнула і дадала: —Але толькі адзін раз. Князь узьвёў абодва куркі і працягнуў адзін пісталет баранэсе. Яны абхапіліся рукамі, як тое робяць швэдзкія жаўнеры, калі п’юць на брудэршафт, і стрэльнулі кожны сабе ў скронь. Паколькі пісталеты грымнулі ў адзін гук, сутарга надзеі перакрывіла твар Зогі. Загырчаўшы, альбанская служанка накінулася на дзьверы сваім важкім целам і, уварваўшыся ў пакой, згледзела два трупы. Дарма што ніводзін з гісторыкаў не прысутнічаў падчас таго падвойнага самагубзтва, але яны ўсё ж сыходзяцца ў думцы, што фраза «Я давяраю табе, але толькі адзін раз», якая суправаджалася дробным сьмехам, была апошнім, што вымавіла баранэса Гэдвік Фрэбос. А вось наконт апошніх словаў князя Антона, дык дасьледчыкі выштукавалі дзьве вэрсіі, і абедзьве, пэўна, памылковыя, бо залішне абгрунтаваныя. «Кніга Сьмерці» Джозэфа Энрайта, якая пабачыла сьвет у Оксфардзе, уважае, што апошнімі словамі князя былі «Добра, дарагая, толькі адзін раз», але аўтар «Найзнакаміцейшых апошніх словаў» Фрыдрых Альтэнберг сьцьвярджае, што словы былі наступнымі: «Вам ня будзе балець, маю спадзевы».