Вада заліла апошнюю прыступку і нясьпешна падымаецца на трэці паверх, як кліканы і самавіты госьць. Затым сюды ўрываецца першы цурок — асьцярожнай і невыразнай крывой паўзе ўздоўж калідора. Кружляе ў латачках паміж пліткамі, пакуль не сутыкаецца са сьценкай. Яшчэ трошкі, і вада парукаецца з маімі ступакамі ў вільготным і халодным поціску. Як жа дзіўна бачыць тут, у гэтым замглёным калідоры, часьцінку мора. Час уцёкаў надышоў. Сабакі радасна скуголяць, іх хвасты сьцябаюць падлогу — яны ўсьцешаныя хуткай сустрэчай з гаспадаром-карузьлікам. Апранаю куртку, прывязваю сабак да дзягі кароткімі почапкамі, вешаю ключы да спражкі, чапляю на плячо аўтамат і бяру кодэкс. He магу сказаць, што мне радасна пакідаць гэтую сутонлівую, амаль затопленую морам вязьніцу. На працягу трох дзён я быў тут уладаром, і гэтыя доўгія калідоры мне прыпалі да душы. Нясьпешна мінаю камэры, ключы ціхенька бразгацяць. Апошнім позіркам аглядаю вязьняў. Яны не падымаюць вачэй ад кніг, некаторыя зь іх дрэмлюць. Няўжо такой будзе мая апошняя зь імі сустрэча? Яны зьнерухомелі. У звыклай паставе старэчага спакою дасьведчаных знаўцаў сядзяць яны на ўслончыках, і іх паласатыя робы акцэнтуюць шэрасьць штодзённасьці, якая застанецца тут, кантрастуючы з урачыстасьцю маёй уніформы. Сабакі проста валакуць мяне за прывязаныя да дзягі почапкі. Нехта зь вязьняў скрыгатае зубамі, хто зь іх? Узлаваны, я зіркаю ў той бок — скрыгат спыняецца. Ці яны ціхамірныя і рахманыя напраўду, ці іх спакой — фальшывы? Зараз я пакіну іх. Уяўляю свой маленькі човен, што хутка плыве ў кірунку гор і гэты будынак з замкнёнымі паміж кратамі вязьнямі — і вада хвошча праз вокны. Усё, што я пакідаю тут, безь мяне перастане быць падпарадкаваным закону. Са зьдзіўленьнем зазіраю ў кодэкс. Тут пакрысе зьбіралася ў артыкулы ўсё жыцьцё вязьніцы, іх уклалі ў цэлую кнігу, і раптам разам са мной ёй давядзецца пакінуць гэтыя сьцены. «Беззаконьне», — мільгае ў думках, і мяне працінаюць дрыжыкі. Я спыняюся, зь сілай брытаю задыханых сабак, якія з усяе змогі рвуць почапкі. Начальнік турмы ўцёк і пакінуў вязьніцу на мяне. Цяпер зьбіраюся ўцячы і я. Каму я перадам кіраваньне вязьніцай? На хвіліну захацелася пакінуць замест сябе любы сэрцу кодэкс тут пасярод замглёнага калідору затопленага будынку, але я ведаю, што тады вада захлыне яго, усё роўна як кожны іншы прадмет. Раптам аголены сьцены абступаюць мяне. Гляджу на вязьняў, якія схавалі галовы, і ўяўляю, як яны падымаюць вэрхал, трушчаць дзьверы, рыюць нябачныя падкопы. У злосьці руйнуюць паўабвалены будынак, парушаючы з такой цяжкасьцю здабытую цішыню. Я бы паразьвешваў усюды старонкі з кодэкса, панаклейваў артыкулы на сьцяну. Выкаваў бы іх на жалезе кратаў, падмяшаў вязьням у ежу. «Але цяпер ужо нічога не паробіш!»,— у роспачы кажу сам сабе. Вязьні заўважылі, што я вагаюся. Іх вочы стульваюцца ў пытаньні: ты яшчэ тут? Мой позірк скрыжоўваецца зь іхнімі. Ланцуг маленькіх ліхтароў міргае перада мной. Ці ёсьць сярод іх чалавек годны атрымаць з маіх рук гэты кодэкс? Ня трэба вагацца: мушу вокамгненна прыняць рашэньне, як належыць правамоцнаму намесьніку (сьлёзы шчасьця на вачох!) караля тут, у вязьніцы. Дастаю ключы, павешаныя ля спражкі, ускідваю аўтамат і набіваю яго, потым вяртаюся назад і адна за адной адмыкаю камэры. Замкі зьдзіўлена скрыгатаюць. Здаецца, нават прыкутыя да мяне сабакі агаломшаныя маім непадумным учынкам. Усе дзьверы — наросхрыст. Дваццаць адна важкая жалезная дзьвярына. Кароткім моцным вокрыкам наўвесь калідор загадваю вязьням выйсьці. Дзьверы стогнуць і расчыняюцца. Вязьні выходзяць. Большасьць — высокія ростам, нахіленыя, галовы паголеныя. Сабакі злосна прынюхваюцца. Хваля нянавісьці прабягае па целах жывёлаў пры выглядзе вязьняў, чыя вопратка набрыняла пахам злачынстваў. Зь вялікай цяжкасьцю адцягнуў на сябе почапку, каб яны не вырваліся і не накінуліся на вязьняў. Доўгім цугам ідуць вязьні паўз мяне, басанож ідучы па калюгах. Яны падымаюцца на тры прыступкі і заходзяць у кабінэт. Гэтыя злыдні не забылі захапіць з сабой кнігі, каб я, барані Божа, не знудзіў іх. Я ўжо сяджу за сталом, не раўнуючы начальнік турмы. Два навязаныя да дзягі сабакі як сфінксы стаяць абапал майго крэсла. Аўтамат ляжыць на стале, і яго руля накіраваная на вязьняў. Замест маладога і расчуленага турэмшчыка, выхапленага сярэдначы з ложка, перада мной стаіць дваццаць адзін азызлы і млявы вязень. Набіткавалі сваімі целамі зацеснае памяшканьне, шчыльна абступілі мяне. Мой нос ветрыць цяжкі пах поту. Нясьцерпны смурод. Я падымаю ліхтар над галавой, і сьцены кабінэта стракацяць сылюэтамі даўгіх твараў. Адгортваю першую старонку кодэкса. 3 чаго пачаць? Ці здолею я навучыць іх усяму? Усе сказы ў кнізе зьнітаваныя адзін з адным. У ёй няма разасобленых артыкулаў. Таму я пачынаю з першай старонкі. Чыстым, поўным імпэту, голасам чытаю ім пачатковыя, самыя простыя артыкулы статута. Зусім не імкнуся растлумачыць, што там да чаго, бо даю веры сіле слова. Няшмат часу ў мяне, каб за- ставацца тут, не рызыкуючы жыцьцём. Адчуваю, што яны, застыглыя ў зьдзіўленьні, уважліва слухаюць. Узрушанасьць званчыць мой голас. Усё, чаго я прашу, — каб яны асягнулі розумам закон, які пакідае іх на волю лёсу. Старонка за старонка гартаюць мае пальцы. Выразна дэклямую, замілаваны словамі. Час мінае. Іх увага паслабла. Вачыма шукаюць сьцяну, каб абаперціся. Некаторыя зь іх нават кідаюуь позірк на свае кніжкі, прагнучы ўнурыцца ў чытаньне. Я не зважаю на гэта, але паскараю тэмп. Я не адважваюся адняць вочы ад кодэкса, каб не сустрэцца зь непаразуменьнем, што атачае мяне адусюль. Я ведаю, што хуткасьць майго чытаньня не дазваляе ім як сьлед зразумець напісанае. Але я лічу за лепшае прачытаць як мага больш артыкулаў. Бо нават пры павольным чытаньні яны б усё адно нічога не зразумелі. У маім голасе па-ранейшаму пракідваецца імпэт. Мінае гадзіна. Рука, што трымае ліхтар, пакрысе апускаецца, а голас сіпне і слабее. Сабакі валяцца на падлогу. Я прапускаю цэлыя старонкі, шукаючы любыя майму сэрцу артыкулы і правілы. Але зь цягам прачытанага сэнс усё больш заблытваецца. Я даходжу да артыкулаў, незнаёмых нават мне. Мой язык заплятаецца. Полымя ў ліхтары чэзьне. Вязьні маўклівым гмахам узвышаюцца перада мной. Ужо чуваць храпеньне — некаторыя прыснулі стоячы. Словы і сказы таўкуцца ў паветры. Сілай фантазіі запаўняю прабелы. Сьпехам выштукоўваю новыя інструкцыі. Яны не адчуваюць падмены. Калі мой голас дарэшты ніякавее, полымя нікне таксама. Я ўздымаю вочы. Яны не рэагуюць. Я ўскокваю зь месца, каб зазірнуць ім у твары. Бачу, што іубы некаторых крывяцца і дрыгацяць. На імгненьне захлынаюся літасьцю да іхняй старасьці. Але хутка ачуньваю, шпарка ідуда дзьвярэй і шэптам загадваю ім выйсьці. Згорбленыя, яны праходзяць паўз мяне. Цугам спускаюцца на тры прыступкі і ціха зьнікаюць у сваіх камэрах. Яны дысцыплінаваныя дазваньня, да касьцей, і таму лёгка падпарадкоўваюцца накіраванай на іх рулі. Я іду за імі, спыняюся ля пачатку залітага вадой калідору і чую, як яны зноў выстаўляюць перад дзьвярмі свае ўслончыкі і садзяцца на іх. Зараз я замкну камэры і ўцяку адсюль. Калі пасьпею. Я, пэўна, ужо спазьніўся. Апускаю руку на дзягу, каб намацаць ключы, але не знаходжу іх. Апантаны, шнапару што шалёны па кішэнях гарнітура, ссоўваю рэчы, нахіляюся над падлогай, але ключы зьніклі. Гляджу ў калідор. Глыбокая ціша. Вада мые мае боты. У мяне скралі ключы. Напалоханы, падымаюся па прыступках і скачу назад у кабінэт. Сабакі, прывязаныя почапкай, валакуцца за мной. Дарэмна я шукаў ключы на падлозе, дзе стаяў, абглядаў стол, перакладваў на стале кодэкс. Няма сумневаў: яны скралі іх у мяне. Я вокамгненна вяртаюся ў калідор з аўтаматам напагатоў, адным духам прамінаючы ўсе тры прысіупкі. Як убачу, што яны пакінулі камэры адчыненымі, дык усіх запар расшкуматаю. Але ў калідоры засьпяваю замагільную цішу. Ніхто не пераступіў межаў сваёй камэры. Яны па-ранейшаму тояцца ўнутры, намысьліваць змовы. Я не прыглянуўся ім, а яны — мне. Каб яны не наваліліся на мяне ззаду, не вяртаюся далей шукаць ключы. Стаю напята-наструнены на парозе, з аўтаматам у руках. Яны бязмоўныя. Невядома, хто асабіста зь іх хавае патрэбную мне нізку. Цікава ўсё-ткі: можа, яны кантактуюць міжсобку нейкімі знакамі? Мінае гадзіна, дзьве. Я крыху абапёрся на сьценку. Сабакі прыпадаюць да маіх ног. He скажу, што я прыгнечаны. Наадварот, гэтае неспадзяванае выпрабаваньне мяне моцна ўзрушыла. He жадаю быць прыгнечаным. Як жа мала выпрабаваньняў зазнаў я за сваё жыцьцё. А кожнае выпрабаваньне дасканаліць чалавека. Я забыўся на човен, што калываецца ля вокнаў, забыў пра горы, да якіх зьбіраўся даплысьці. Стаю пільна-наструнены, a варожыя вочы сочаць за мной. Сабакі таксама наставілі вушы і назіраюць за маім хваляваньнем. Я мог бы кінуць якуюсьці каманду ў замглёную прастору, але хто ж мяне паслухаецца. Я не жадаю кпінаў у такую чорную часіну. Дзіўна, але вады запаволіла свой рух. Я паслабляю почапкі, і сабакі адразу валяцца на прыступкі, дзе шнарыць, шукаючы сухое месца, каб легчы. У іх вачох пракідваецца ўзлаванасьць. Я ім ніколі не падабаўся, а гэтым разам цалкам расчараваў іх, і яны не хаваюць гэтага. Я нэрвуюся ўсё болей. Я баюся пайсьці куды, каб вязьні не вырваліся з камэраў і не захапілі ўвесь будынак. Баюся проста ісьці па калідоры, каб яны не наскочылі на мяне ззаду. Хутка мінаюць вечаровыя гадзіны. Я не адчуваю бегу часу. Сяджу галодны, а вязьні мятуць за абедзьве шчакі тое, што я пакінуў ім. Недзе апоўначы апускаюся на прыступкі. Вада падлашчваецца да майго цела. Мая парадная форма заплямілася вадой. Руля аўтамата паранейшаму спраўна накіраваная на дзьверы камэраў. Мушу прызнацца, што стома ўжо добра-такі апанавала маім целам. На хвіліну мне прыходзіць да галавы ўзьняцца, абысьці ўсе камэры і пазабіваць усіх, хто сядзіць там. Але я не магу прыгадаць ніводнага артыкула, які можа апраўдаць такія намеры, хай нават часткова. Я турэмшчык, і ад мяне патрабуецца памерці, ахоўваючы кодэкс. Mae павекі робяцца каменнымі. Колісь я выдатна ўмеў кантраляваць свой сон, а цяпер губляю апошнюю бадзёрасьць. Нават сабакі засынаюць поруч. Адапхнулі мяне да сьценкі і расхамячыліся як схацелі. Дзе падзелася іх гнуткасьць — высалапіўшы языкі, яны непрыгожа распласталіся і сьмярдзяць, а іх лапы бязладна раскіданыя. Але сам я ня сплю, чуйную, мой кароль. Я ня сплю ў тваім далёкім доме, які з усіх бакоў ата-