Хлеб надзённы беларускай вёскі

Хлеб надзённы беларускай вёскі

Выдавец: Беларусь
Памер: 311с.
Мінск 2016
131.58 МБ

 

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
Першае ўзворванне навіны (аблогі), або папару (узгору), называлася «пад’ёмам», пры заворванні ржышча — «узмётам»38. Другое ворыва называлася «мешанню», а калі поле меркавалася араць тры разы, то «падтройкай». Трэцяе ўзворванне («траенне») сяляне практыкавалі толькі на гліністых і цяжкіх глебах або моцна ўгноеных палях, таму што трэцім ворывам дасягалася лепшае рыхленне і праветрыванне гліністых глеб, а моцна ўгноеныя палі ачышчаліся ад пустазелля39. Трохразовае ворыва поля да сяўбы значна павышала ўраджайнасць: «Хто поле троіць, той хлеб кроіць»40, «Хто тры разы арэ, той тры снапы больш бярэ»41.
На добра ўгноеных прысельных палях пры значнай глыбіні ворнага слоя звычайна аралі глыбей, а на аддаленых, слаба ўгноеных землях, дзе ўрадлівы слой быў вельмі тонкі і не перавышаў 20-30 см, сахой уздымалі
■ Веснавая праца на хутары. Iгуменскі павет Мінскай губерні. Пачатак XX ст.
прыблізна 2-3 вяршкі глебы (9-13 см), каб не выварочваць наверх падглебы, якая шкодзіла ўраджаю. Боязь закрануць неўраджайную светлую падглебу адлюстравалася ў народных прыказках: «Па чорнай зямельцы жыта сеюць, а па белай сабакі бегаюць»42, «Як гары, так гары, абы чорным дагары»43 і інш.
Пры шматразовым узворванні цяжкая гліністая глеба разрыхляецца і ствараюцца спрыяльныя ўмовы для росту і развіцця раслін. Наадварот, пры частым узворванні лёгкіх пясчаных зямель глеба страчвае звязнасць і выветрываецца. Пры баранаванні ворыва пасля дажджу глеба не разрыхляецца, а замазваецца бараной, пасля высыхання на паверхні ствараецца корка, таму сяляне баранавалі палі толькі ў сухое надвор’е, бо пры гэтым яшчэ высыхаюць і знішчаюцца карані пустазелля44.
Баранавалі палі з рознымі мэтамі: выраўнаваць паверхню ўзаранай глебы, перамяшаць яе часткі, разбіць, расцерабіць пласты і камякі, разрыхліць корку, якая атрымліваецца на паверхні глебы пасля моцных дажджоў, знішчыць пустазелле іг.д. Сяляне стараліся схапіць момант, калі зямля слабавільготная, крышыцца пад бараной, не наліпае на яе. Асабліва важна было ў час пабаранаваць палі з цяжкай гліністай глебай. Іх баранавалі адразу пасля ўзворвання, таму што пры высыханні на іх ствараліся вельмі цвёрдыя глыбы і камякі, якія цяжка было разрыхліць.
Значна лягчэй было баранаваць пясчаныя глебы, якія пры высыханні не ўтваралі глыб і камякоў, а калі іх баранавалі ў сухім стане, не так моцна распыляліся, як гліністыя45.
Узаранае поле заўжды пачыналі баранаваць упоперак адваленых сахой або плугам пластоў глебы, якія барана пераразала і крышыла сваімі зубамі. Баранаванне ўпоперак пластоў на Магілёўшчыне называлася «ламаць поле». Калі пласты глебы былі дастаткова расцярэблены папярочным баранаваннем, поле пачыналі баранаваць ўздоўж, што называлася «перахаджываць» поле46.
Пэўных, канкрэтна вызначаных тэрмінаў сяўбы той ці іншай палявой культуры не існавала, таму што гэта ў значнай меры вызначалася ўмовамі года: ранняя ці позняя была вясна, сухі ці мокры выдаваўся год, снеж-
ная або маласнежная была зіма і г. д. Звычайна тэрміны сяўбы збожжавых у сялян падзяляліся на раннія, сярэднія і познія. У залежнасці ад канкрэтных умоў надвор’я і мноства прыкмет і назіранняў, назапашаных на працягу многіх стагоддзяў сельскагаспадарчай дзейнасці, сяляне вырашалі, у раннія, сярэднія ці познія тэрміны пачынаць сяўбу.
Позні, ранні і сярэдні тэрмін сяўбы яны вылічвалі тыднямі назад ад свята святога Іллі. Звычайна раннія пасевы ярыцы (яравога жыта), яравой пшаніцы іячменю праводзілі на 12-11-ы тыдзень да Іллі, аднак бывалі выпадкі, як адзначаў М. Я. Нікіфароўскі, што сеялі за 13 і нават за 14 тыдняў да Іллі, але пры такіх тэрмінах існавала непасрэдная пагроза гібелі пасеваў ад марозаў47. 3 восьмага тыдня да Іллі пачыналіся ўжо познія пасевы48.
На Палессі, у паўднёвых паветах Мінскай губерні (Пінскім, Мазырскім і Рэчыцкім) на ўзвышаных месцах сяўба яравых пачыналася ў канцы сакавіка, адразу пасля Дабравешчання (25 сакавіка/ 7 красавіка), і заканчвалася да 15 (28) мая, а на нізкіх палях яна праводзілася з паловы мая да паловы чэрвеня49.
Яравыя збожжавыя культуры вельмі цяжка пераносяць засуху. Авёс нават пры самых добрых усходах у засушлівы год ледзь вяртае пасеянае насенне50. Аднак неўраджай у сухое лета толькі змяншае колькасць сабранага збожжа, але якасць яго бывае лепш за звычайную. У яравых збожжавых, якія перанеслі засуху, зерне звычайна больш мучністае ілепш захоўваецца51.
На нізкіх землях звычайна сеялі ячмень, пшаніцу, лён і гарох, а пад авёс адводзілі болып узвышаныя або недастаткова ўгноеныя палі. Пшаніцу і ячмень стараліся пасеяць далей ад сядзібы, каб на іх менш заляталі вераб’і, a гарох — далей ад дарогі, каб не прыцягваць увагі дзяцей, для якіх зялёны гарох быў любімым ласункам52.
Сяляне ўлічвалі і фазы развіцця пустазелля, якое звычайна суправаджала рост збожжавых культур. Напрыклад, калі сеялі ў вільготную зямлю, то першымі ўзыходзілі каласоўнік і куколь, якія забівалі збожжа, а пры сяўбе ў сухое надвор’е першым узыходзіла збожжа і прыгнятала пустазелле. Пры позняй сяўбе збожжавых культур пустазелле таксама значна зніжала ўраджай: «На ранняй ралліцы родзіць жыта ды пшаніца, а на позняй ралліцы родзіць куколь ды мятліца»53.
Сеялі палявыя культуры мужчыны. Пры сяўбе карысталіся спецыяльна прызначанымі для гэтай мэты рознага тыпу сявалкамі, якія ў розных рэгіёнах Беларусі называліся «сяўнёй», «лубкай», «сеўныком», «сявенькай», «каробкай», «кашэлем» і інш.
Найболып пашыранай была лёгкая плеценая з саломы сявалка, аснову якой рабілі з тонкіх, часцей за ўсё лазовых прутоў. Такія сявалкі пераважалі ў паўднёва-заходніх, заходніх, цэнтральных і паўночных паветах Беларусі. На Магілёўшчыне і ва ўсходняй частцы Міншчыны ўжываліся пераважна лубяныя сявалкі (лубкі), матэрыялам для якіх служыў луб ліпы ці вязу або тонкая дранка з сасны і іншых парод дрэва. Поруч з сявалкамі гэтых тыпаў сустракаліся сявалкі з вельмі тонкіх драўляных клёпак, абцягнутыя палатном па аснове з драўляных дубцоў. Зрэдку сеялі проста з мяшка ці фартука54.
Сявалкі былі самых розных форм і значна розніліся па аб’ёме. Іх умяшчальнасць вагалася ад 10 да 20 кг55. Сярэдняя ёмістасць складала прыблізна адзін пуд збожжа56.
Перад выездам на сяўбу ярыны або жыта сяляне па старажытнаму звычаю рыхтаваліся як да вялікага свята. Напярэдадні ўсё чысцілі і прыбіралі. Мылі падлогу, вокны, лавы і стол, які засцілалі чыстым абрусам. Двор і хату падмяталі чацвярговым57 венікам, каб у пасеве не было пустазелля. Перад выездам з двара сейбіт абавязкова заходзіў у хату, маліўся і тройчы кланяўся перад абразамі58.
«На поле з засевам выязджаюць досвіткамі, — пісаў пра палянпалешукоў I. А. Сербаў, — каб не сустрэцца на шляху з якім-небудзь дрэнным чалавекам — ведзьмаром альбо сурочлівым, хворым альбо пляшывым. Калі ж пры ўсёй засцярозе нешчаслівай сустрэчы нельга было абмінуць, дык стары палянін абавязкова плюне, паверне назад і праедзе ўжо крадучыся вакольнымі пуцінкамі на сваю паласу. Тут ён зусім спакойна адпрагае калёсы, насыпае зернем поўную «севэньку», перакідае яе праз плячо і, перахрысціўшыся на ўсход сонца, пачынае сеяць»59.
Са старажытнасці збожжавыя сеялі жменямі ўроскід адной або дзвюма рукамі. Пры такой сяўбе расліны раўнамерна размяркоўваюцца па пасяўной плошчы, маюць аднолькавыя ўмовы развіцця, росту, вентыляцыі, добра асвятляюцца, болып устойлівыя да захворванняў і палягання. 3 прычыны адсутнасці міжрадкоўяў у такіх пасевах слаба развіваецца пустазелле.
Як яравыя, так і азімыя збожжавыя сеялі двума спосабамі: «цераз крок» і «за кожным крокам». Самым пашыраным спосабам быў спосаб сяўбы «цераз крок». Пачынаючы сеяць, селянін станавіўся ў пачатку сваёй паласы, хрысціўся, маліўся Богу і першыя дзве або тры60 жмені зярнят сыпаў крыжападобна, а затым пачынаў павольна, з левай нагі крочыць па ніве, правай рукой рассыпаючы цераз крок перад сабой насенне. Каб не было незасеяных або занадта загушчаных месц, сейбіт стараўся рабіць аднолькавыя крокі і браць з сявалкі аднолькавую колькасць зерня. Пры сяўбе «цераз крок» насенне рассыпалася па раллі аднолькавымі паўкружжамі61.
■ «Лубка» для сяўбы з лубу ліпы. Магілёўшчына. 1950-я гг.
Фота I. П. Корзуна
■	«Сявалка». Вёска Гараны Полацкага раёна Віцебскай вобласці. 1950-я гг.
Фота Л.А.Малчанавай
У паўночнай частцы Віцебшчыны62 і некаторых паветах Гродзенскай губерні63, на Палессі64 сеялі «за кожным крокам», у дзве рукі. Пры такім спосабе сяўбы, калі сейбіт наступаў правай нагой, то жменя насення веерам рассыпалася ўперад і направа, калі левай — зерне рассыпалася ўперад і налева. Зерне клалася на зямлю як бы сашчэпленымі паўкружжамі і займала ўшырыню паласу, прыблізна роўную 3-4 аршынам65. Каб не залезці на чужое поле, межы акуратна падсявалі.
Калі сеялі авёс, ячмень, пшаніцу або белы гарох, то мяжу россыпу зерня было ясна відаць, а пры сяўбе жыта і грэчкі за сейбітам абавязкова ішоў хто-небудзь з сям’і і «тычкамі» (вехцікамі саломы або галінкамі) адзначаў мяжу засеянай плошчы66.
Апошнія дзве жмені насення, як і пры пачатку засеву, сейбіт раскідваў крыжападобна на канцы загона і тут жа на мяжы ставіў сявалку. Ён не кранаў з месца пустых мяшкоў з-пад насення, якія ляжалі там-сям на раллі, а толькі перакідваў іх, калі пры загортванні насення даходзіў да іх з канём і бараной67.
Па традыцыі было прынята засяваць у адзін прыём такую плошчу поля, якую можна было б да вечара яшчэ забаранаваць. Сяляне лічылі, што не забаранаванае на ноч зерне губляла палову ў росце і ўраджаі. Таму аб засеяным, але не забаранаваным да ночы ўчастку навакольныя людзі меркавалі як аб няшчасці68.
Сяляне Слонімскага павета лічылі, што калі мужык засявае сваю паласу і тут жа побач сее яго сусед, то нельга сеяць яму насустрач, бо хлеб не ўродзіць69.
На пясчаных і супясчаных глебах пасеянае насенне заворвалі сахой (што называлася «сеяць пад саху»), а потым поле баранавалі70. Глыбокае загортванне насення на лёгкіх глебах забяспечвала яго вільгаццю, давала раслінам магчымасць лепш укараніцца, развіць моцнае сцябло і вялікі колас.
На гліністых глебах сеялі звычайна пасля другога або трэцяга ўзворвання і толькі забараноўвалі насенне («сеялі пад барану»), таму што заглыбленае ў цвёрдай глебе зерне не магло б узысці71.