Даўным-даўно ў нас дома
Ганс Фалада
Выдавец: Юнацтва
Памер: 301с.
Мінск 1981
Кожны, хто прыходзіў — паштальён, пекар, госць,— даставаў зпад цыноўкі ключ, ні пра што не пытаў гаспадыню і рабіў у кватэры ўсё, што яму было трэба.
Здаралася часам, што, нягледзячы на цэтлік, з кватэры чуліся бадзёрыя гукі раяля. Гэта азначала, што прыехаў мой бацька, які ў халасцяцкія поры часцяком іграў з цёткай у чатыры рукі. Перад музыкай бяссільныя былі і галава і зубы. Але калі хто, пачуўшы фартэпіяна, не зважаў на павешаны цэтлік і званіў, цётка Густхен выскоквала на парог і злосна крычала:
260
— Табе што, павылазіла, чытаць не ўмееш? Тут жа напісана, што я ў ложку!
I бразгала дзвярамі, а парушальнік нагінаўся да цыноўкі па ключ. А ў доме не аціхалі летуценныя мелодыі Шуберта і Шумана.
Але найбольш гневалася цётка, калі хтонебудзь з родзічаў скардзіўся, што і ён хворы. Яна ўспрымала гэта як дзёрзкі замах на свае лёсам дараваныя прывілеі. Хварэла ў нашым родзе толькі яна! Толькі яна перацярпела, перапакутавала ўсе хваробы, адна горш за другую. Нябога Фрыда пасля першых родаў завінула да цёткі Густхен і з непрыхаванай радасцю расказала з усімі падрабязнасцямі пра ўсе перанеселыя пакуты. Па ходу яе расказу пра страшэнны боль цётчын твар выцягваўся ўсё больш і больш і ўсё кіслеў і кіслеў. Калі ж пад канец пляменпіца ўсклікнула: «Вось бачыш, цётачка Густхен, гэтай хваробы ў цябе ўсётакі не было! А можа, была?..» — цётка выставіла нахабную грэшніцу за дзверы,— каб не выстаўлялася, каб не прытваралася!
Праз нейкі час цётка Густхен прыйшла да пляменніцы — Фрыда была яе любіміца,— высыпала на стол сталовае серабро і сказала нетутэйшым голасам:
— Вазьмі вось... усё роўна пяройдзе табе ў спадчыну! Толькі манаграму не сцірай!
Цётку спагадліва распыталі, чаму раптам яна рашыла раздаваць сваю маёмасць, і тая жаласліва растлумачыла:
— Сасніла я сёння, што ўжо сёлета і памру.
— Ах, цётачка Густхен, ды пра што гэта вы такое! Што ж бо табе прыснілася?
— А нібыта я на шпацыры ў Айленрыдзе. I вось паўзе перада мною цераз дарогу жук, а на кожным крыле ў яго дзевятка, і тут чую голас з неба: «Ззіннканнззінн! Ззіннканнззінн!» * А гэта ж мы цяпер якраз і маем тысяча восемсот дзевяноста дзевяты год, і мне спаўняецца пяцьдзесят пяць, значыць — пэўная смерць!
Дарма ўмаўлялі цётку Густхен, што пан бог наўрад ці пачаў бы з ёю талкаваць пафранцузску, ды яшчэ так гаркава! Але ніякія ўгаворы не дапамагалі,
* Cinquantecinq — пяцьдзесят пяць (франц.).
261
цётка Густхен цвёрда сабе пастанавіла прыняць да ведама голас божы і памерці таголета!
Каб супакоіць яе, Фрыда ўзяла сталовае серабро. Яна нават сядытады карысталася ім, а праз некалькі месяцаў аддала гравёру перарабіць манаграму, бо падумала: раз падорана — значыць, падорана.
Але вось на самую куццю 1899 года да яе нечакана прыходзіць цётка Густхен і, замест таго каб паднесці падарунак, зысквае сваё серабро:
— Здаецца мне, сёлета, бадай што, я яшчэ не памру... а заўтра ў мяне гасціна і спатрэбіцца серабро. Так што, мілая Фрыда, аддай!
Мілая Фрыда пачала была выкручвацца, але мусіла ўсётакі прызнацца, што перарабіла манаграму. Цётка Густхен абурылася: ага, значыць, пляменніца спекулявала на яе смерці, не дачакалася нават, калі бог прыбярэ! Значыць, яна зусім не любімая пляменніца, а вымагацелька спадчыны! Цётка забрала серабро і пайшла. Пляменніца Фрыда больш яго не ўбачыла. Пазней яно дасталося камусьці іншаму са сваякоў — з манаграмай Фрыды.
За ўсё сваё доўгае жыццё цётка Густхен, па вельмі дакладных і даказаных звестках, хварэла толькі два разы. Першы раз, калі зламала на вуліцы нагу ў галалёд і яе паклалі ў бальніцу. Пра гэтую падзею яна паведаміла майму бацьку ў пісьме з прыпіскай: «Дзякаваць богу, з раніцы я надзела чыстае!»
Другім разам у цёткі Густхен было нешта са страўнікам. Яна зноў апынулася ў бальніцы, дзе яе пасадзілі на дыету: белы хлеб і чай. Але яна паламала планы ўрачоў. Сваім наведвальніцам, гэтакім жа старэнькім бабкам, як і яна, цётка Густхен заказвала любімыя наедкі: сачавічны кулешык і гусіную юшку з вантробкай (Цм! цм! — аб’ядзеннеі). Усё гэта дастаўлялася потайкам, каб не бачылі, у вялікіх гліняных гладышах і падвешвалася пад яе акном на галінках плюшчу. Камбінаваная дыета вельмі добра паспрыяла цётаччынаму здароўю, яна ўвачавідкі расцвіла, і ўрачы вельмі ганарыліся дасягнутым медыцынскім поспехам. У душы яна пасмейвалася з гэтага, але скардзіцца на здароўе не перастала.
Наогул цётка Густхен любіла смачна з’есці, вядома, калі частавалі. Калі ж яна гатавала на свае да
262
статкі, дык умела абысціся без лішніх марцыпанаў. Аднойчы ў гасцях яна паспытала рысавай кашы на салодкай смятанцы, і каша ёй вельмі ўсмакавала. Цётка тут жа спісала рэцэпт і неўзабаве ўжо запрасіла сваіх пляменніц на шыкоўную гасціну. Госці, аднак, не памлелі ад пачосткі, бо ласунак цётчын на смак нічым не браў вышэй буднай малочпай рысавай кашы. Але цётка Густхен галаву на адрэз давала, што ўсё па рэцэпту. Значыць, ёй сумысля далі няправільны рэцэпт, каб не раскрыць сакрэту небывалага ежыва. I толькі пасля настойлівых роспытаў удалося высветліць, што замест васьмі яек цётка ўбіла адно, а замест смятанкі ўліла малака. Можна сказаць, што цётка Густхен наперад адгадала эрзацрэцэпты часоў сусветнай вайны.
Калі памянёная Фрыда была яшчэ ў ласцы, гэта зусім не азначала, што з любіміцай цётка Густхен была выключна ветлівая. Наадварот, пляменніца заўсёды была громаадводам, калі ў цётачкі псаваўся настрой. Аднойчы Фрыда паскардзілася на гэта сваёй сяброўцы, а паколькі тая была дачкою сябра дзяцінства цёткі Густхен, яны ўмовіліся наведаць цётачку разам. Цётка Густхен была расчулена, калі ўбачыла дачку сябра дзяцінства, і тут жа пусцілася ў прыемныя ўспаміны. Маладая госця, выбраўшы хвілінку, дастала з сумкі картачку і паказала яе цётцы Густхен.
— Вось мой бацька!
Цётка ўважліва разгледзела картачку і энергічна кіўнула галавой:
— Так, гэта ён! Ён заўсёды быў такі ж прыдуркаваты з храпы!
У дзень вяселля Фрыды цётка Густхен, хоць і скупая была, узяла на сябе вясельны стол. Каб лішне не траціцца, яна не пайшла на вянчальную цырымонію, а засталася ўпраўляцца на кухні. Але тут зазваніў званок, і цётка падумала, што прыйшоў кандытар з тортам і марожаным. Аказалася, што гэта старадаўні прыяцель, які, будучы ў горадзе праездам, рашыў адведаць яе.
Цётка Густхен сказала з жалем:
— Ах, як шкада, як шкада, але ў мяне якраз сёння вяселле!
— Што? — жахнуўся прыяцель.— Густхен, у ця
263
бе? — ляснуў дзвярамі, і больш яго не бачылі ніколі, прыяцеля.
На вясельным стале былі кураняты, якіх цётка Густхен, патузаўшы свае сувязі, па дзяшоўцы прыдбала ў вёсцы. Але, нягледзячы на дзешавізну тавару, разлічвацца за яго цётка не спяшалася. Ёй часта і доўга напаміналі, але кожны раз яна прыдумвала нейкую адгаворку. Добра ведаючы жмінду, ад яе ўжо не адставалі з прынцыпу, і нарэшце такі ёй давялося раскашэліцца. Яна адлічыла грошы і сказала скрушліва:
— Дарагія птушачкі!
У цёткі Густхен быў яшчэ адзін бзік: яна не магла жыць у кватэры, не абсталяванай апошнімі тэхнічнымі навінкамі. Калі прыдумалі газ, яна пераехала ў кватэру з газам, як толькі пачалі праводзіць электрычнасць, зноў памяняла кватэру. I самае дзіўнае, што цётка ніколі не карысталася гэтымі здабыткамі новай эпохі. Да канца жыцця яна запальвала толькі газнічку. Гатавала на прымусе, грэбуючы газавай плітой: на прымусе і рыбу смажыла, і чай заварвала. У тым жа кіпені варылася яйка ўсмятку, і такім чынам эканомілася паліва.
Вечныя пераезды ў пагоні за навінкамі прагрэсу, зразумела, трэба было рабіць з мінімальнымі выдаткамі. А цётка Густхен мела выключную здольнасць шукаць і знаходзіць танную пагрузачнаразгрузачную сілу. Так аднойчы яна пераязджала з дапамогай служачых заапарка,— цётка Густхен жыла ў Гановеры. Паколькі пераехаць можна было толькі ў абедзенны перапынак служачых альбо вечарам, дык і пераязджала яна, так сказаць, у два пахапы. Служачыя недакладна разлічылі час і памчаліся назад у заапарк, пакінуўшы цётку Густхен пасярод вуліцы з усімі яе мэтлахамі. I цётка цярпліва дачакалася вечара — пярэбары ж абышліся так танна! Праўда, потым яна шмат чаго недалічылася з дабра.
Часам цётка Густхен размахвалася і на сякіятакія падарункі, напрыклад, маёй сястры Фітэ, чыёй хроснай яна лічылася. Увогуле, цётка не прызнавала гэтага факта. Бо, калі Фітэ хрысцілі, цётка Густхен якраз ездзіла ў Амерыку да брата Каспара; дзяўчынку назвалі Фітэ, а не імем хрышчонай маці, Аўгусты, чаго цётка зусім ужо не чакала. Ну што ж, значыць,
264
хрысціны песапраўдныя. I ўсётакі аднойчы япа прыслала дарунак — нейкае лядаштае пальцячко, якое да таго ж і карнатае аказалася. У прыкладзеным пісьме маім бацькам цётка пісала: «Ада кажа, што я павінна нешта падарыць, але я ўсё роўна сярдзітая!»
I наогул усе яе падарункі былі каторы з хібай, каторы з вадай, каб не сказаць — з псотай: дыван пабіла моль, сярэбраная лыжачка аказалася паянай і ўвесь час ламалася, а гадзіннік з зязюлькай цэлы дзень маўчаў, затое апоўначы зязюлька выскоквала і, як дурная, дванаццаць разоў гарлала «куку!».
Занятая цётка Густхен была заўсёды; на сем дзён тыдня ў яе было толькі сем зборняў: сястрынская, малая швагерская, вялікая швагерская, місіянерская, біблейская, швівавязальная і цыравальная. Цётка так увіхалася, што ледзьве з ног не падала. I ўсё роўна ёй зборні падабаліся, бо «мы так міла час забавілі».
Калі мама з маімі сёстрамі аднаго разу гасцявала ў цёткі Густхен, дык ніводная з пералічаных зборняў не абмінула іх. Сёстрам — была жывая пакута. Мусіць, цётка Густхен адчула іх маўклівы пратэст, бо неяк па дарозе дамоў яна сказала суцешліва:
— Таак заўтра прагуляйцеся з вашай матуляй да Старога канала. 3 вамі пойдзе настаўніца. Вось і пагаманіце з ёю на ўсякія разумныя тэмы. Нябось, выгаладаліся па духоўнай ежы.
Сёстры засаромеліся, пачалі аднеквацца, і цётка задаволена заключыла:
— Ага ж, цяпер канікулы, і гэта вам не канечне!
Мне ў дзень канфірмацыі цётка Густхен падарыла кнігу з залатым абрэзам, у якой талкавалася пра паводзіны чыстага душой і сэрцам юнака. На жаль, запомнілася з яе толькі тое, што чысты душой і сэрцам юнак павінсн надзяваць у нядзелю чыстую бялізну... Тээк!..