Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
Павал Касьцюкевіч
ДУШПАСТАРСКІЯ СПАТКАНЬНІ ДЛЯ ДАЧНІКАЎ
Наша Ніва
Кнііарня
Інігаіп
НашаНіва
Павал Касьцюкевіч
ДУШПАСТАРСКІЯ СПАТКАНЬНІ ДЛЯ ДАЧНІКАЎ
Вільня Інстытут беларусістыкі 2008
Сэрыя заснаваная ў 2006 г.
'узрівор Ьзэ о’гзэ’рал пэю D^P О'т
Paval Kastukevic
Good Morning Korea!
Novella and short stories
Касьцюкевіч, П.
K 28 Душпастарскія спатканьні для дачнікаў / Павал Касьцюкевіч. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — 168 с. — (Кнігарня «Наша Ніва»)
ISBN 978-9955-437-31-6.
© Павал Касьцюкевіч, 2008
© Сашко Логвіненко (Ластівка),
ISBN 978-985-6800-73-98-9 малюнкі, дызайн, 2008
Зьмест
I.	Рагу зь дзікабраза:
Апавяданьні для мужчынаў Мундыяль	7
Сэрца танка	11
Адпачынак — гэта	18
Швайцарскі футбол	23
Мапа	27
Паўночнае сонца праспэкту	33
II.	Аркестар вуліцы Мадрэгот:
Апавяданьні для жанчынаў Менскае каханьне Лі Гарві Освальда	43
ССК-1	53
He мычыце, Францаўна!	56
Гурковы цукар	61
III.	Добрай раніцы, Карэя!
Нутраная адысэя 1. Пачатак падарожжа	75
2.	Конкурс кароткага апавяданьня	83
3.	Карабель-Чарапаха і краіна партызанаў	94
4.	Рухавік прагрэсу	108
5.	Габэлен стагодзьдзя	124
б.	Як маўчаць па-карэйску	131
7.	Службовы этуд	141
8.	Добрай раніцы, Карэя!	153
IV.	All I wanted, all I needed (жызн.)	159
Прысьвячаю двум Ігарам — Чэбу і Бутрыму
I.	Рагу зь дзікабраза
Апавяданьні для мужчынаў
Мундыяль
Першы на сёньня «гарчычнік» Адамыч уляпіў свайму, беларускаму, бандыту на польскім адцінку шашы Беласток — Горадня. Перад самай мяжой яны зь зяцем заехалі ў прыдарожнае бістро. Адамыч купляў хот-догі, шчодра пераліваючы іх кетчупам, а зяць сядзеў у машыне. 3 радыё неслася польская папса. У шыбу далікатна пагрукаліся. Стаялі трое. Характар іх заняткаў не выклікаў сумневу. Аднолькавыя скуранкі, аднолькавыя напухла-паголеныя патыліцы і амаль ідэнтычныя залатыя ланцугі. Гаварыў маладзейшы. За трансфэр «немачкі» належала сёе-тое, а дакладней, чатырыста. Трохі зьмярцьвелы зяць каўтнуў сьліну і дастаў з кішэні складзеную ў дзьве столкі паперчыну.
— Мне тут вашыя калегі выдалі пропуск, — дрыготкім голасам сказаў зяць, стараючыся не запнуцца на слове «калегі». — Ага, адразу пасьля Беластоку на запраўцы. Мы там за вашыя паслугі ўжо заплацілі.
Маладзейшы пакруціў у руках паперку.
— Што за хрэнь такая? — сказаў ён. — He, ня наша.
Схлусіў, вядома.
— Але той хлопец, — прыкметна занэрваваўся зяць, — такі бялявы, сказаў, што мы зможам праехаць без праблемаў.
— Праблемаў? Нема праблема, зямеля, — выпнуўшы вусны, пракурняўкаў маладзейшы, і ўся тройца зладжана зарагатала.
Зяць яшчэ паўпінаўся, але другі, са іпнарам на шчацэ, раптоўна перастаў сьмяяцца і зьверавата так чмыхнуў носам.
Зьявіўшыся на парозе бістро з хот-догамі ў руках, Адамыч умомант усё сьцяміў. Нязграбна пераклаў зяцеў хот-дог у правую руку, у якой ужо трымаў свой, надкусаны, а левай спрытна схапіў маленькі сьвісток, што вісеў на шыі. Трэль прымусіла бандытаў гэтак жа зладжана разьвярнуцца. Адамыч кавалерыйскім трушком падбег да машыны. Наблізіўся ўсутыч да маладзейшага, пакорпаўся якую долю сэкунды ў нагруднай кішэні зашмальцаванага джуту і высока ўскінуў перад самым бандыцкім носам руку з жоўтай карткай. Усю тройцу перасмыкнула. Адамыч выцягнуў асадку і проста на картцы пачаў занатоўваць час парушэньня і зьвесткі пра парушальніка.
— Я ж нічога ня ўзяў! — гістэрычна заверашчаў маладзейшы. — Ах, ты...
Другі, са шнарам, пачаў прыкладаць пальцы да вуснаў, на мігах упрошваючы маладзейшага спыніць гэтае бессэнсоўнае абскарджаньне. Але маладзейшы не сунімаўся і похапкава, як ланцужны сабака, стаў кідацца на Адамыча. Таму, са шнарам, давялося наваліцца на маладзейшага ўсім целам. Пры гэтым ён шаптаў нешта суцяшальнае, бацькоўскае. Трэці, старэйшы і, відаць, галоўны ў іх, зь ненатуральным такім панібрацтвам пачаў па-ангельску ўмаўляць Адамыча адмяніць картку. Нягледзячы на тое, што яны маглі значна лепш паразумецца на іншай мове, старэйшы бандыт хоць і зь цяжкасьцю, але гаварыў менавіта па-ангельску, прытыкаючы ўсюды выраз «in nature». Ён далікатна тлумачыў Адамычу, што яны зусім не зьбіраліся браць мзду па другім
коле, яны проста хацелі праверыць, што ўсё «оўкей», ды што «гарчычнік» за такую драбязу — занадта. Але Адамыч быў няўмольны. Кінуў колькі адрывістых фразаў, пры гэтым у яго быў той самы акцэнт, што і ў бандыта. Жэстам паказаў, што размова скончаная.
Ужо на беларускім баку, значна паружавеўшы, зяць сказаў:
— Ну, вы, Станіслаў Адамавіч, хапілі — адразу «гарчычнік». Я, вядома, іх не апраўдваю, сволачы яны рэдкасныя, але ўсё-ткі суайчыньнікі, свае.
Адамыч толькі пасьміхнуўся і пачаў ціхенька паўтараць: «Свае, свае, свае».
У Менску зяць адвёз Адамыча да самага пад’езду і адразу зьехаў афармляць новую машыну. Адамыч перасеў на сіненькі «Пэжо» і таксама зьнік у віры працоўнага дня.
Пасьля работы, стомлены, ляцеў дадому начнымі праспэктамі. Сёньня было пяць «жоўтых», лічыў ён, і нават адно пэнальці. Раптам Адамыч рэзка крутануў стырно, выехаў на сустрэчную і заскочыў у прылеглы да праспэкту двор. Ля аднаго з пад’ездаў машына спынілася. Адамыч падняўся ліфтам на апошні паверх і жвавенька забег па жалезных прыступках на прапахлае галубіным памётам гарышча.
Ля мансардавага акна, выглядаючы кагосьці на двары, туліўся чалавек. У руках — варанёная вінтоўка з аптычным прыцэлам. Калі-нікалі чалавек кідаў заклапочаны позірк на гадзіньнік.
Трэль прымусіла снайпэра падскочыць. Вінтоўка гахнулася на падлогу. Чалавек хапатліва абярнуўся. Адамыч, не вагаючыся, прадэманстраваў кілеру сьпярша жоўтую, а потым і чырвоную картку.
Найміт спалатнеў і зь цяжкасьцю вымавіў:
— Аль... але вы ня маеце права! Я — замежнік.
Адамыч ледзь заўважна ўсьміхнуўся, але тут жа ўсьмешка гэтая зьнікла. Ен маляўніча патрымаў руку ў паветры яшчэ колькі імгненьняў ды разьвярнуўся да ашаломленага кілера сьпінай. Найміт з застылым позіркам неяк мэханічна скруціў глушыльнік з рулі і потым запакаваў яго разам з пакарацелай вінтоўкай у сінюю торбу з надпісам «Адыдас».
«Во прыкляпаліся — замежнік, суайчыньнік. Я што ім, АВІР?» — падумаў Адамыч. Меў, меў ён права: з-пад ягонай белай кашулі выглядаў чорны беражок майкі арбітра, арбітра міжнароднай катэгорыі. Панура апусьціўшы галаву, кілер пакідаў мундыяль.
Сэрца танка
— ...Пяцьдзясят сем гадоў таму, гаспада, па гэтых пагорках захопнікі ірваліся да сэрца нашай Радзімы — Ерусаліму. Цяпер тут, ля вунь таго манастыра маўчальнікаў, знаходзіцца танкавы музэй...
Густа нафарбаваная гід праводзіла экскурсію для новых рэпатрыянтаў з СНД. У аўтобусе былі выхадцы з Украіны, Расеі, Прыбалтыкі і Юра Зайцман.
— Ну, за сэрца нашае, за Ерусалім, — сказаў Юру сусед з Харкава.
Са знарок урачыстага тону Юра адчуў, што найпазьней праз год экс-харкавец мае намер стыкнуць чарку за новы галоўны орган сваёй Радзімы — хутчэй за ўсё, за Манрэаль. Гарэлка была на «пяцёрку» паводле стабальнай сыстэмы.
— Кіроўца аўтобуса, кіроўца аўтобуса! Дайце дарогу картэжу прэм’ер-міністра! — грымнула з паліцэйскага гучнагаварыльніка. Аўтобус, які і так ужо спыніўся супроць музэйнай брамы, цяпер высаджваў трохі ашаломленых ад сырэнаў і ляманту экскурсантаў.
— Сама не куру і вам ня раю, — гід няўхвальна паглядзела на яшчэ «адтуль» прывезены пачак «Гродна». — I да таго ж, ня нашай вытворчасьці.
Юра сарамліва схаваў цыгарэты. Зрабілася ніякавата. Юра пачуўся здраднікам сваёй новай радзімы, бо, правёзшы пяць блёкаў імпартнага «Гродна», не падтрымаў айчынных вытворцаў тытуню. Але ж і старой радзіме ён здрадзіў які месяц таму, калі
памяняў свой сіні «пашпарт-паспорт-passport» на ізраільскі «тэўдат зэгут» у блакітнай вокладцы. Тут яшчэ ў галаву ўроіліся недарэчныя думкі пра чырвоную кніжыцу зь сярпом і молатам, якую ён здаў у АВІР пару гадоў таму. Колькасьць здраджаных Юрам радзімаў павялічвалася да трох.
— Гаспада! Мы знаходзімся ў музэі пад адкрытым небам. Тут выстаўлены танкі, якія бралі ўдзел у араба-ізраільскіх войнах. Доўгі шлях прайшла наша краіна, перш чым...
Дагледжаныя ізраільскія танкі-вэтэраны амэрыканскай і францускай вытворчасьці прыгожа шыхтаваліся на вялікім пляцы. Пераможна сьвідравалі рулямі неба. Зіхацелі, як велізарныя смарагды, сьвежапафарбаванай бранёю.
— ...Але ня ўсе на Блізкім Усходзе жадаюць міру, гаспада!
Гэтак, пад энэргічнае ціўканьне гіда група экскурсантаў пакрысе наблізілася да задворкаў музэю. Тут было брудна, моцны вецер ганяў газэціны і шматкі цэляфану.
— А гэта выстаўлена зброя нашых ворагаў, — растлумачыла гід.
Танкі, якія стаялі на задворках, вылучаліся сярод астатніх — занядбаныя, завэдзганыя гразёй, пабітыя плямамі ржы. Супрацоўнікі музэю абы-як пафарбавалі іх у недарэчныя чырвоны ці блакітны колеры. Зброі ворагаў тут яўна не любілі, бо танкі на заднім двары былі падобныя да бяздомных клоўнаў. Аглядаючы трафэі, Юра заўважыў, што ворагі нашыя ваявалі на танках нашай жа вытворчасьці — на легендарным «Т-34», на «Т-54» і «Т-62».
Падыходзіць бліжэй. Пяшчотна вядзе рукою па ржавай гусеніцы. Лашчыць позіркам адтуліны
для даўно выкручанай оптыкі. Па-сяброўску ляпае па дзіравым паліўным баку. I забываюцца злыбеды. I нясецца Юра назад у часе. Ён — зусім яшчэ зялёны спэцыяліст на заводзе па вырабе аптычнага аснашчэньня для танкаў. Водары п’янкое вясны: чатырохкапеечных піражкоў зь яйкам; самаробных, пашытых спрытнымі цэхавікамі з Грушаўкі, джынсаў; леташняй лістоты з зацішных куткоў Батанічнага саду, пад шоргат якой так хораша цалавацца, — усе водары разам і кожны зь іх паасобку зьмешваюцца з пахам алівы, які точыцца з танка, прыгнанага для экспэрымэнтальных распрацовак проста ў заводзкі цэх. I складаецца ў паветры магічная формула парфумы «Менск, 70-я», парфумы, якую цяпер рэдка дзе можна дастаць, — паспрабуйце хіба што ў летуценных аддзелах мройных унівэрмагаў гандлёвага аб’яднаньня « Настальжы-каап».
Вандроўкі ў часе спыніў чырвоны колер. Што за блюзьнерская афарбоўка, чаму ржа на брані? За што ж такая зьнявага? Нявыкрутка з цыгарэтамі, наяўнасьць мноства радзімаў, але адсутнасьць сапраўднага дому, выгляд згвалтаванай бранятэхнікі (ягонай кроўнай!) канчаткова спляліся ў Юравым сэрцы шчымлівым клубком крыўды і неспатольнага жалю. Аднак не за сябе і не да сябе. Дзіўным чынам пачуцьці перанесьліся на танк. I гэтае шкадаваньне вырвалася вонкі — Юра загаласіў: