Душпастарскія спатканьні для дачнікаў
Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
У іх там, у Эўропе, дранікі — гэта такая нацыянальная страва, ледзьве не нацыянальная справа. У сэнсе страва.
Дык вось, у той дзень паміж Хаімам і Цыпі ўсчалася адвечная спрэчка: «Чые дранікі, касьцюковіцкія або пружанскія, найлепшыя ў сьвеце?» Яна заўжды пачынаецца гэтак, цытую:
«Памятаю, прыблізна ў 1920 годзе таварыш Ленін прыехаў з Масквы ў Касьцюковічы папростаму, па-рабочаму ў лімузіне і кажа мне: «Цыпіле! Ну й дзе вашы найлепшыя ў сьвеце дранікі? Мой страўнік ад Смаленска пяе «Інтэрнацыянал»!».
«Пан Пілсудзкі такіх недарэчных выкрунтасаў з самаходамі ніколі не рабіў. Ён цудоўна ведаў, дзе знаходзяцца найлепшыя ў сьвеце дранікі, і таму проста загадваў паслаць спэцрэйсам аэраплян з Варшавы ў Пружаны. Прывязуць яму адтуль элегантную валізу дранікаў і пададуць на вытанчанай парцаляне. Ён той дранік далікатна хоп-хоп у рот, выкшталцона перацісьне зубкамі і скажа: «Пекна!».
На гэтым этапе цытаты рэзка сканчаюцца, бо Хаім і Цыпі бяруцца ўзагрудкі ды пераходзяць на падвышаныя тоны аднаго з дыялектаў мовы ідыш, зразумелага адно вузкаму колу навукоўцаў з Тэль-Авіўскага ўнівэрсытэту.
Цытата з заключэньня тэль-авіўскай філялягічнай навуковай групы па вывучэньні гаворак мовы ідыш:
«У маўленьні жыхароў кібуца Гіват-Шмоцкін Хаіма П. ды Цыпі Р., адзіных носьбітаў своеасаблівага дыялекту мовы ідыш у гэтым паселішчы, зусім ня выяўлена ідыскіх элемэнтаў, за выняткам аднаго — уласна слова «ідыш». Найчасьцей ужываныя, як на думку саміх носьбітаў, ідыскія словы: «bulba», «tabe», «chago», «hren», «duran» i «kabtyzdohhalera» ня ёсьць спрадвечна ідыскімі, а ёсьць халера іх ведае чыймі спрадвечнымі словамі, бо нічога не зразумела».
Але гэтым разам я не хацеў, каб старыя пераходзілі на падвышаныя тоны. Бо ўсё магло скончыцца валідансам і амбудолам. У сэнсе валідолам і амбулянсам.
— Баба Цыпі, дзед Хаім! He сварыцеся! Давайце я пагляджу ў Інтэрнэце, дзе найлепшыя ў сьвеце дранікі. Інтэрнэт ведае ўсё.
Набіраю ў вакенцы пашукавіка словы: «Касьцюковічы» і «Пружаны», заходжу на першы-лепшы сайт. Ага, палітычная мапа невядомай мне краіны. Напісана лацінскімі літарамі: «Republic of Belarus» і год пазначаны — 2004. Нібы брама вялікае таямніцы прачынілася перада мной.
— Які ў нас цяпер год? — усхвалявана пытаюся ў Хаіма.
— 5765 ад стварэньня сьвету, дваццаць першы дзень месяца Хэшван, хутка Ханука, — адказвае Хаім, адпускаючы Цыпіну сукенку і дастаючы валідол з кішэні.
Я хоць пішу непісьменна, але лічу пры дапамозе кампутарнай праграмы-калькулятара выдатна. 5765 мінус 2004. Значыць, магіе 3761 год! I тут Mane як перуном смальнула: гісторыю ж я ведаю нават лепей за матэматыку. 3761 год таму — тое ж час Алімпійскай імпэрыі і Рымскіх гульняў!
I так, пакрысе, зь лягічных высноваў, пачала вымалёўвацца ўся праўда пра гэтую загадкавую краіну. Сумневу не было. Усё выразна сьведчыла пра тое, што на мапе выяўленая магутная дзяржава часоў Траянскай вайны, дзе такія мэгапраполісы, як Касьцюковічы і Пружаны былі адносна невялікімі гарадамі, а меншыя за іх Варшава і Масква наагул не пазначаныя праз сваю малюпацкую непрыкметнасьць. На мапе паміж усходнімі Касьцюковічамі і заходнімі Пружанамі зусім
няма кардонаў, а ёсьць дасюль не вядомы мне горад Менск. Стуль вынікае, што тады паміж Расеяй ды Польшчай не было аніякіх межаў. Іншымі словамі, гэта была адзіная краіна! Значыць, людзі там не марнавалі часу на войны, высьвятляючы, чые дранікі лепшыя. А ўсе высілкі ішлі на абарону супольнае дзяржавы. Такім чынам, левыя вусатыя дзядзькі з Захаду і з Усходу абміналі такую краіну-фартэцыю за мілі. Таму ніхто не перашкаджаў там, ужо тады, амаль чатыры тысячы гадоў таму, квітнець калектыўнай гаспадарцы і гандлю шакалядам. Моладзь не ўцякала ў горад, дый у горадзе ставала сваіх, бо Менск, пазначаны на мапе ў колькі разоў большым нават за Пружаны і Касьцюковічы, быў калясальнаю сталіцай.
Сапраўды, перада мною на мапе ва ўсёй сваёй велічы расьсьцілалася найбуйнейшая кібуцна-дранікавая імпэрыя ў гісторыі цывілізацыі — Рэспубліка Беларусь. Страчаны рай чалавецтва і мая гістарычная радзіма. Куточак шчасьця, хай сабе даўно-даўно прамінулы, але такі мілы майму сэрцу. Як я хацеў бы хоць на хвілінку апынуцца ў гэтай краіне-мроі!
Шчасьлівы засынаю. Сьніцца антычны Менск, зь яго калёнамі і вісячымі садамі. Зь яго александрыйскай бібліятэкаю ды шматлікімі крытымі арэнамі для галоўнай алімпійскай гульні. Па цэнтральным праспэкце ў бялюткіх тогах ідуць таварыш Ленін і пан Пілсудзкі. «Чаго табе, дурань? Бульбы? Хрэн табе! Каб ты здох, халера!» — прыязна кажа пан Пілсудзкі таварышу Леніну па-лацінску.
Паўночнае сонца праспэкту
У часе аднаго зь нешматлікіх за апошнія гады візытаў у Менск нам з маёй дзяўчынай была дадзеная маёй бабкай парада хадзіць толькі па праспэкце Скарыны і нікуды на іншыя вуліцы ня збочваць, бо ўсе людзі па-за межамі праспэкту — бандыты і алькаголікі. Мы пакорліва прынялі бабціну рэкамэндацыю і два тыдні запар паслухмяна шпацыравалі выключна па праспэкце ад станцыі мэтро «Маскоўская» да станцыі «Плошча Леніна». Праскарыніцца, праскарыніўся, праскарынілася, праскарыніліся. На астатніх вуліцах мы амаль не зьяўляліся. Была гэтаму яшчэ адна прычына: у мяне алергія на англіцызмы. «Гіпэрмаркет», «паркінг», «банкамат», «крама» — словы, ад якіх я плююся, а сёньняшні Менск спрэс у іх. А вось адзіная прастора, дзе драбнее ўсё прыватнае, на якой гэтая нянавісьць неяк улагоджваецца і дзе ствараецца пэўны парытэт паміж ёю і навакольнымі раздражняльнікамі, — магутнае жарало праспэкту Скарыны.
Пасьля тыдня нашых штодзённых праходак мая дзяўчына зьненавідзела праспэкт, і яе стала ад яго нудзіць. На дзявяты дзень яна сапраўды пачала ніштавата ванітаваць. Ля кожнай станцыі мэтро, пачынаючы ад трэцяй, у жалезныя сьметнікі ля сходаў у падземку. Калі побач з гадзіньнікавым заводам ёй станавілася толькі крыху млосна, то ўжо ля кінатэатру «Кастрычнік» ванітныя спазмы пасьпяхова апаноўвалі кволы арганізм маёй дзяўчыны. Трохі акрыяўшы і прайшоўшыся сотню мэтраў
са мной пад ручку ў кірунку станцыі «Плошча Якуба Коласа», яна зноўку адчувала млосьць, і ўсё пачыналася па новым коле. Такім парадкам я штодня станавіўся сьведкам гэтага вартага жалю відовішча: дарослы чалавек, дзяўчына, дваццаць першае стагодзьдзе, на манер страўса хавае сваю галаву ў сьметніку.
Праз тыдзень мы паспрабавалі зьмяніць тактыку: сьпярша даяжджалі на мэтро да канца праспэкту, да станцыі «Плошча Леніна», і адтуль ішлі дадому. Але от хоць ты задушыся, яна ўсё адно працягвала ванітаваць, цяпер ужо пачынаючы з «Плошчы Перамогі». Праз тры дні, зялёная, дзяўчына зьехала да сябе ў Маскву. Увечары патэлефанавала яе маці і сказала, што я сапсаваў ім дачку. Я адказаў: «Марына Арнольдаўна, ну навошта вы перабольшваеце? Вечна вы ўсё перабольшваеце». I кінуў слухаўку аб сьценку.
3 наступнага вечара я стаў хадзіць уздоўж праспэкту адзін. Тое было на згоне зімы. Раніцой казытала нэрвы адліга, гаманілі птушкі, а надвячоркам уціснуў мароз. Паміж станцыямі мэтро «Парк чалюскінцаў» і «Маскоўская», на ўскрайку парку, мэтраў за дваццаць ад рэстарану «Сьвіцязь», распластаўся мужык, тварам у сьнег. Я толькі паглядзеў на яго, ды адразу зразумеў пра ўсіх людзей тое, што дагэтуль цьмяна адчуваў толькі пра сябе: кожны чалавек — гэта два чалавекі.
На прыкладзе мужыка гэта выглядала так. Першы чалавек, уцелаўлёны, валяўся п’яны і, нячуйны да моцнага марозу, спаў. Другі, нябачны воку, стаяў побач зь целам і пільна ўзіраўся ў першага. На занураным у сьнег твары першага чалавека чыталася ветраўнасьць, незласьлівасьць, простасьць, лёгкая такая дурнаватасьць. Па другім
было відаць, што ён вельмі кемлівы, значна разумнейшы за першага, чалавек-стратэг, які ўшчэнт пазбаўлены пачуцьця спагады. Я неяк адразу сьцяміў, што гэты «стратэг» цярпліва чакае ўласнай сьмерці. Ён быў здольны разбудзіць цела, але таго не рабіў, пільнуючыся нейкіх сваіх, незразумелых мне, плянаў. Ён не адчуваў літасьці, хоць таксама быў тым мужыком.
Нешта падобнае — але тады не надаўшы гэтаму належнага значэньня — я адчуў на сабе літаральна за сто мэтраў адсюль, калі мінаў будынак дзіцячай чыгункі дзесяць гадоў таму. Я ішоў з тагачаснай сваёй сяброўкай да мяне дамоў, на «Маскоўскую», — у нас меў быць сэкс. А па другім баку праспэкту, там, дзе Аграрны ўнівэрсытэт, у супрацьлеглым напрамку шыбавалі двое маіх найлепшых сяброў. Хвілінаў пяцьдзясят да таго мы зь імі ўтрох, безь сяброўкі, яшчэ пілі ў мяне дома. Потым я сказаў, што мне час ісьці, і мы разам выйшлі. Я сеў на мэтро і паехаў да «Акадэмкнігі», дзе ў мяне было прызначанае спатканьне, а Лёха з Кісьлем пайшлі дагнацца півам. Я сустрэўся зь сяброўкай ля «Акадэмкнігі», і мы наважылі два прыпынкі да «Маскоўскай» прайсыді пехатою.
Тым часам мае сябры купілі піва, аднак Лёха (як ён сам потым апавёў), пералазячы на Валгаградзкай празь невысокую агароджу ў забароненым для пераходу месцы, страціў раўнавагу, бразнуўся на зямлю ды даволі моцна парэзаў руку аб пабітую бутэльку. I тады, калі мы зь дзяўчынай падыходзілі да дзіцячай чыгункі, Лёха з Кісьлем заходзілі ў будынак Аграрнага ўнівэрсытэту, каб прамыць скрываўленую руку. Яны нас ня бачылі. Я хацеў быў паклікаць сваіх сяброў, ды менавіта ў той момант адчуў, што сківіцы ня слухаюцца
мяне. Я адкрыў рот, каб крыкнуць, але ня здолеў: нехта мне не даваў гэтага зрабіць. Адчуваньне такое самае, калі цябе, дваццаціпяцігадовага, хлопцы паслалі ў магазін па гарэлку, а выглядаеш ты на дваццаць, і прадавачка з нацяжкай дае табе васямнаццаць ды хоча пабачыць твае, смаркач, дакумэнты. А табе сказаць няма чаго: пашпарту, вядома, з сабою няма, і ніякія доказы не пераканаюць. Сапраўды, ну што ты ёй пакажаш: ужо атрыманы чырвоны дыплём няўдачніка? Чэлес з насечкай? Тым жа часам як унутры цябе ўсё крыкам крычыць: «Цёця, я ж свой, паўналетні!», а ўголас маўчыш, прыдушаны бескарыснымі словамі.
У той сытуацыі зь сябрамі было б цалкам натуральна, калі я паклікаў іх, што я і хацеў зрабіць, аднак на маё памкненьне стомільёнатоннай плітой навалілася ўпэўненасьць, што нікога гукаць ня трэба. I мая сяброўка зьдзівілася: «Ігар, чаго ты іх ня клічаш? Гэта ж твае сябры», але я нават ківам не зрэагаваў на яе словы. Маім целам кіравалі два чалавекі, ды адзін быў мацнейшы за другога. Відаць, мой «стратэг» не жадаў, каб я паклікаў сяброў, бо яму хацелася любошчаў, а я безь яго ня мог самастойна нават галавой варухнуць. Лёха і Кісьля зьніклі ў будынку, а мы зь сяброўкай пайшлі ў бок станцыі мэтро «Маскоўская», да мяне. Верагодна, менавіта ў той момант, зірнуўшы на мяне такога, сяброўка і наважыла канчаткова, што ў нас будзе сэкс.