Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
Дарма што збоку гэта выдавала на цуд ці масавы гіпноз. Пасьля моцнага кішэчнага прыступу ў любага правадыра Кім Чон Іля кожны карэйскі хлопчык або дзяўчынка, напярэдадні ў двары пагуляўшы з сябрамі ў «Цара гары» або паплаваўшы ў басэйне, паглядзеўшы ці не паглядзеўшы тэлевізар, а нараніцу атрымаўшы ад школьнай настаўніцы набор каляровых крэйдаў, на сваім кавалку бэтоннай пліты, зусім не задумваючыся і ня гледзячы на рысункі суседзяў (праўда-праўда!), маляваў у духу дзіцячага мілітарызму зухавата задзерты ўгару «калашнікаў» і перакрэсьлены ахайнымі чорнымі паскамі японскі сьцяг.
Сябры журы, у сваю чаргу, самавіта пахаджвалі сярод плітаў, уважліва ўзіраліся ў амаль тоесныя малюнкі і ўпэўнена, бязь ценю разгубленасьці, тыцкалі пальцам: гэты, гэты і гэты.
У тых творчых першынствах адоранасьць спаборнікаў мела другаснае значэньне. Крохкія крэйды і запыленыя, з выбоінамі, пліты нішчылі ўсякую розьніцу паміж таленавітымі творамі і звычайнай пэцканінай. У найлепшым выпадку ў малюнку, акрамя сюжэту, можна было ўбачыць адну характэрную рысу: тут — больш расстрэльнага энтузіязму, у тым вочкі робіць какетлівая крыважэрнасьць, а на тым выпінае знарочыстая дзіцячасьць аўтара — ад нараджэньня недзіцяці. I журы, у сваю чаргу, кіруючыся хутчэй нейкім сьпінным інстынктам, чым акрэсьленымі крытэрамі, вылучала працу зь менавіта той характэрынкай, якая ўсё ж дакладней за астатніх, мо з адрывам на якую сотую дзелечку,
адлюстроўвала апошнія зьмены ў лініі кіраваньня краінай.
Чон У Чхі, аматар пачытаць у піянэрскай газэце адно гістарычныя фэльетоны і дзіцячую фантастыку, зусім ня меў пэўнасьці, што якраз у дзень спаборніцтва ягоныя рэцэптары здолеюць зьветрыць, якую ж адметную рыску трэба надаць выяве, каб перамагчы. Да таго ж, як усякі вялікі гультай, баяўся, што на гарадзкіх і павятовых конкурсах давядзецца шчыраваць над малюнкам нанова.
Конкурс кароткага апавяданьня грунтаваўся на крыху іншых прынцыпах. Пабудова сюжэту твора наўпрост не залежала ад апошніх навінаў або карэктаваньняў пазыцыі ўраду. Тут найбольш заахвочваліся працы з унівэрсальным гучаньнем ды пазачасавымі абагульненьнямі. Ухваляўся не рэпартаж з гушчы падзеяў, не надзённая агітка, а погляд на рэчаіснасьць нібыта здаля, збоку, як на манумэнтальнае палатно. Чон У Чхі ж, які любіў сузіраць рэчы з пэўнай дыстанцыі (бо навуковая фантастыка і гісторыя — гэта якраз погляд на будучыню і мінуўшчыну зь бясьпечнай адлегласьці), адчуў, што дапяў, як і пра што трэба пісаць, каб перамагчы. У дадатак ён рупліва прачытаў у школьнай бібліятэцы анталёгію, складзеную з апавяданьняў-пераможцаў мінулых гадоў.
Чон У Чхі назваў апавяданьне «Сьнегіры».
Сюжэт такі: чарговая японская акупацыя. Вялікі стырнавы Кім Ір Сэн, тады малады камандзір партызанскага атраду, едзе на санях са сваёй адважнай жонкай Па Кё Мун і сынам Кім Чонг Ілем у суседні партызанскі аддзел на нараду. Раптам на іх нападае вялікі атрад японцаў. У завязку апавяданьня Чон У Чхі не забыўся ўкруціць, што ў васьмімесячнага Кім Чонг Іля рэзаўся зубік.
Хлопчык безупынку плакаў, але як толькі сям’я выехала ў лес, ён сьціх, нібы адчуваючы, што сваім енкам можа наклікаць ворага.
Але японскія акупанты ўсё адно вынюхалі пра паездку партызанскага камандзіра. Хмара з куляў засьціць неба над санямі. Таварыш Кім Ір Сэн адкрывае агонь у адказ і забівае 123 ворагаў, а ягоная жонка, доблесная Па Кё Мун, — 45. Аднак японцаў застаецца яшчэ шмат, і страляць іх усё цяжэй, бо яны пачалі хавацца за мёртвымі целамі сваіх паплечнікаў. Раптам маленькі Кім Чонг Іль, які датуль зацята маўчаў, залямантаваў як падсмалены. Ягоная маці азірнулася і ўбачыла, як з боку ўзьлеска да саняў, угнуўшыся, трушком бяжыць яшчэ 67 акупантаў. Яна выпускае па іх чаргу, і ўсе яны валяцца як снапы.
Потым адзін захопнік цішком пракрадаецца да саняў ззаду. Таварыш Кім Ір Сэн не заўважае яго. У варожай руцэ бліскае нож. Але нечакана твар японскай дрэні залівае жаўтаватая вадкасьць, і акупант, гідліва крывячыся і засланяючы твар рукамі, выдае сябе голасам. Таварыш Кім Ір Сэн абарочваецца і выпускае ў нелюдзя абойму. Тым часам маленькі Кім Чонг Іль пасьпешліва надзявае скінутыя падгузьнікі.
Найлепш Чон У Чхі ўдалася фінальная сцэна: «Але гнюсныя ворагі паранілі любімага таварыша Кім Ір Сэна ў левую руку, правую нагу, плячо і шчаку. He пашкадавалі акупанты і жонку, верную Па Кё Мун. Ужо трэцяя куля прабіла ёй далонь. Іх васьмімесячны сын бачыць, што становішча ўскладняецца з кожнай сэкундай. «Я змагу», — мільгае ў галоўцы маленькага таварыша Кім Чонг Іля. На паўгадкі тата падарыў яму цацачны аўтамат, і сын даўно вывучыў усе яго
калёсікі і клямкі. Сярод зброі на санях ён зьмячае палегчаную вэрсію ППШ з кулямётнымі ножкамі. «Прынясі мне яго», — вачыма загадвае маленькі Кім Чонг Іль свайму вернаму сабаку Кон До, якога бацькі заўсёды бяруць у паездкі. Сабака паслухмяна выхоплівае з купы патрэбную зброю, зубамі цягне яе да маленькага гаспадара. «Я змагу!» — сьціснуўшы бяззубыя дзясны, думае маленькі Кім Чонг Іль і моцна хапаецца за клямку затвору. Кім Чонг Іль, церпячы моцныя пакуты праз пакуль што непаслухмяны язык, марудна, па гуку, заікаючыся, зьбіваючыся на енк, але даволі выразна раве: «Т-п-р-у!» Верны конь Пон Ху бяжыць зь вялікай хуткасьцю, але, пачуўшы голас маладога гаспадара, рэзка спыняецца. Сані моцна страсянула разам з усімі рэчамі, у тым ліку і аўтаматам, а вось клямка затвора, намёртва схопленая пальчыкамі маленькага Кіма, не зварухнулася, — ППШ зарадзіўся.
Маленькі Кім Чонг Іль порстка скручвае зь пялюшак нешта накшталт вяроўкі і прасоўвае адзін канец у шчыток-пярсьцёнак вакол курка. Двума кулачкамі чапляецца за канцы вяроўкі і тузае з усяе моцы. Курок націскаецца. Ёсьць! 89 забітых японаакупантаў! Ягоны залп дапамог бацьку і маці засяродзіцца на іншых цэлях і зьнішчыць апошніх 300 ворагаў.
Гэта была перамога!
Пад’яжджаючы да партызанскага лягеру, таварыш Кім Ір Сэн паварочваецца да сваёй жонкі, надзейнай Па Кё Мун, і кажа: «Ведаеш, я выгадаваў годнага сына: ён будзе бясстрашна і мудра кіраваць любай Бацькаўшчынай».
Завяршалася апавяданьне сказам: «Чырвона-сінія, як наш сьцяг, сьнегіры ляцелі сярод
вершалінаў па вызваленым лесе. Яны ляцелі дадому».
Супольная барацьба Вялікіх Бацькі і Сына, прырода ў вобразах сабакі і каня, якая дапамагае камуністам, ідэя чучхэ (будзь незалежны і выкарыстоўвай усё, што ёсьць пад рукой і нагой) і шмат якіх іншых зашыфраваных, як кажуць цяпер, мэсыджаў увасобіліся ў гэтым апавяданьні. Хлопчык спадзяваўся на перамогу ў конкурсе. Але, стаўшы пераможцам у гарадзкіх, павятовых і абласных спаборніцтвах, у нацыянальным фінале Чон У Чхі дасягнуў толькі трэцяга месца. Трэцяе месца лічылася несумненным посьпехам, марай любога школьніка, але Чон У Чхі дужа зьдзівіўся, чаму ягоны дасканала распрацаваны сюжэт не прынёс чаканай перамогі.
Цікава, што другога месца ўсё адно што не існавала. У выдадзеных анталёгіях апавяданьняўпераможцаў штогод пад нумарам два стала друкаваліся творы ананімнага аўтара. Грамада даўно з тым звыклася, і таму было цалкам натуральна, калі на ўрачыстай цырымоніі ў цэнтральным Доме юнакоў адразу пасьля абвешчаньня бронзавым ляўрэатам Чон У Чхі пад бурныя воплескі прысутных на сцэну выйшаў пераможца. Таму, па вялікім рахунку, Чон У Чхі заняў другое месца.
Другое, але ж ня першае...
Увогуле, ён лічыў бронзу лепшай за золата, бо гэта была праўдзівая, заслужаная ўзнагарода, якой ня сорамна пахваліцца перад унукамі ў старасьці. Першае месца часьцяком дастаецца або шалёнаму генію, які мае свой талент задарма, жыцьцё навылёт гультаюе і зьбірае плыткія вяршкі перамогаў, або чарговаму паталягічнаму шчасьліўцу, чые няз-
датнасьць і няўдоранасьць заўжды напоўніцу акупаюцца памысным зьбегам абставінаў.
Але ўсё адно Чон У Чхі зацікавіўся, што за апавяданьне перамагло ў конкурсе, у чым яго краса і сіла. Народны пісьменьнік, таварыш Чы Чхун Хо, якога прызначылі паляпшаць творы школьнікаўфіналістаў, адказаў хлопчыку, націскаючы на слова «ты»: «Разумееш, сыне, такім, як ты, не даюць першых месцаў». Вядома, ён намякнуў на тое, што Чон У Чхі быў сынам ворага народу. Але паважаны майстра памыляўся. I моцна. Чон У Чхі нават задумаўся, як таварыш Чы Чхун Хо ўвогуле атрымаў годнасьць народнага, калі так дрэнна ведае такія простыя рэчы: журы не турбуе паходжаньне ўдзельнікаў, іх папраўдзе цікавіць мастацкі бок спаборніцтваў, яны былі справядлівыя, хоць ім, пэўна ж, шапнулі на вушка, што хлопчык — сын Bo­para народу і жыве ў спэцлягеры. Чон У Чхі адчуваў, што першае месца яму не дасталося таму, што ягонае апавяданьне насамрэч выявілася горшым, і канчаткова пераканаўся ў гэтым, калі нарэшце яму ў рукі трапіла апавяданьне ляўрэаткі конкурсу — рыжай дзяўчынкі з Супанскага павету.
Перамагла дзяўчынка ня так тэмай апавяданьня (Кім Ір Сэн на божай пасьцелі вядзе апошнюю гутарку са сваім сынам Кім Чонг Ілем), як лепш прадуманай канцэпцыяй. Нягледзячы ні на што, выпадак з сутычкай у лесе быў выбраны ўдала. На вагах мастацкае моцы сюжэты пра супольнае партызанства правадыроў і апошнімі хвілінамі вялікага стырнавога ўраўнаважваліся. Толькі дадатковы ўзьвіў творчай думкі дазволіў дзяўчынцы апярэдзіць Чон У Чхі.
Сюжэт ейнага апавяданьня такі. Восемдзесят другі год чучхэ. Любы правадыр таварыш Кім Ір
Сэн канае. Ля ягонай пасьцелі стаіць сын, таварыш Кім Чонг Іль. «А помніш, сыне, як мы будавалі Ырсунскі мэталюргічны камбінат?» — пытаецца бацька-палкаводзец кволым голасам. «Памятаю, тата, — адказвае сын. — Ты яшчэ сказаў, што гэта найвялікшае зьдзяйсьненыіе ў найноўшай гісторыі нашага народу. Добра ж мы там папрацавалі». Тут у сына на вачах расінкамі заблішчэлі набеглыя сьлёзы: «А помніш, бацька, бітву за ўраджай 1950 году?» Харкаючы крывёй, бацька ледзь варочае непаслухмяным вуснамі: «Як ня памятаць, сыне, мы тады ўратавалі Корбунскі павет ад пэўнага голаду». I гэтак далей, і гэтак далей. Завяршаецца апавяданьне (дарэчы названае «Памяць пра легенды») тым, што сын, захапіўшыся агульнымі ўспамінамі, пытаецца: «А помніш, тата, Сангонскую ГЭС?», а таварыш Кім Ір Сэн не адказвае, бо ўжо пайшоў з жыцьця.
Чон У Чхі з зайздрасьцю адчуў, у чым была дасканалая зграбнасьць гэтага апавяданьня. Кемлівая дзяўчынка з Супанскага павету не рабіла з апошняй сустрэчы бацькавага маналёгу, маўляў, вялікі бацька перад сыходам у магілу дае запавет сыну-пасьлядоўніку, няхай сабе гаспадару, але маладому, неспрактыкаванаму, якому з заўтрашняга дня давядзецца ўзваліць на сябе цяжар кіраваньня дзяржавай. Чытач мог бы падумаць, што разам зь векапомным Кім Ір Сэнам незваротна мінула вялікая эпоха. Насуперак сюжэтнаму ходу, які так і прасіўся на паперу цяпер, калі па ўсёй краіне з размахам адзначалі тры гады з дня сьмерці Кім Ір Сэна, дзяўчынка, своечасова сьцяміўшы, што пра недасьведчанасьць Чонг Іля, цяперашняга кіраўніка краіны, гіісаць не выпадае, абставіла канву такім чынам, што да чытача сама па сабе