Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
Арт-дырэктар і сябры ўправы агенства ўхвальна захіталі галовамі.
Чон У Чхі працягваў:
— Далей бутэльку паказвае Трэці Хлопец. Гэта этыкетка нашага віна «Гунджон» і лічба — «23 %». Усе хлопцы ды дзяўчаты пляскаюць у ладкі, крычаць: «Файна! Малайцом!» Усе разумеюць, што Трэці Хлопец — кул мэн, бо п’е сапраўдны моцны напой. Прыгажэнная Дзяўчына з захапленьнем глядзіць на Трэцяга Хлопца. Канец першай сцэны.
Чон У Чхі зноў вытрымаў паўзу.
— Другая сцэна. Тая самая кватэра, але музыкі няма, бо пагулянка скончылася. Усе падлеткі валяюцца абы-як, пазасыналі на падлозе. Смаркачы, напіліся...
Дызайнэрка хіхіхнула, а за ёй ад здушанага сьмеху чмыхнуў увесь прадусарскі аддзел. Чон У Чхі працягваў:
— Прытомнымі засталіся толькі Прыгажэнная Дзяўчына, бо яна ж піла мінэралку, і, як ні дзіўна,
Трэці Хлопец, які спажываў якраз моцнае 23-працэнтнае віно. Прыгажэнная Дзяўчына і Трэці Хлопец сядзяць поруч і з асалодай глядзяць адно на аднаго. Тут хлопец абводзіць позіркам сваіх паснулых сяброў і з карцінным засмучэньнем хітае галавой, маўляў, о дзе дурныя — хіба ж так можна?! Потым зьдзірае з этыкеткі на сваёй бутэльцы прылепленую загадзя лічбу 2 і дэманструе лічбу 3. Прыгажэнная Дзяўчына ўсьміхаецца хлопцу. На экране мы бачым назву прадукта і голас за кадрам: «Слабаалькагольнае віно «Гунджон».
Тут Чон У Чхі зыімітаваў нахабна-гнусявы голас сэульскіх гопнікаў:
— «Братэла, цьвяроза мысьліш!»
Усе запляскалі ў далоні. Толькі начальнік рэклямнага агенства, па сумяшчальніцтве артдырэктар, сядзеў нерухома. Нехта з прадусарскага аддзелу, улучыўшы паўзу паміж крыкамі ўхвалы, прыткнуў:
— Нічога сцэнарчык, інтэлігентны такі.
Тут схамянуўся артдырэктар:
— Ага, ёшкін кот, інтэлігентны! Вось менавіта, інтэлігентны!
Арт-дырэктару пайшоў пяцьдзясят другі, але знарочыста пярэстая хіповая майка на наетым пузе і нібыта падраныя кітчавыя кеды ў спалучэньні з даражэннымі абсадкамі сонечных акуляраў і залаценным гадзіньнікам, здавалася, крычалі: «Будзь кім хочаш, хоць ты ўсім адразу, — але толькі круціся!» альбо «Праца — добра! Грошы — добра! Кабрыялет BMW-6 — супэрнішцяк!». Артдырэктарская ўсьмешка выпраменьвала ўсё цудоўна-чароўнае, што ёсьць у гэтым ладзе: дабрачынныя пакункі з шакалядкамі для бедных на Дзень Незалежнасьці, прылюднае паляпваньне бялюткай пульхнай да-
лоньню па сіроцкай шчацэ. Артдырэктар выглядаў, як пасол капіталістычнай добрай волі, якога былі разьмеркавалі ў камуністычны край, але зь нейкіх няўцямных, незалежных ад яго прычынаў ад’езд адклаўся, і ён пакуль вымушаны заставацца дома, сярод сваіх.
А ў прынцыпе, ён быў нармалёвы дзядзька. Работа такая — панты кідаць.
— Вось менавіта інтэлігентны, халера маць! — паўтарыў арт-дырэктар. — Чон У Чхі, ваш сцэнар вельмі цікавы. Якая выкшталцонасьць, мэтафара, мэсыдж! Але, але вы, Чон У Чхі, трохі схібілі... Дайце я.
Арт-дырэктар заплюшчыў вочы і, нібы празорца, які ловіць у паветры тонкія павуцінкі касьмічных сыгналаў з далёкіх зорак, пачаў вяшчаць гартанным, крыху зьбіўным голасам:
— У кадры Прыгажэнная Дзяўчына — зь вялікімі грудкамі, у купальніку — плавае ў джакузі... He, адной Прыгажэннай Дзяўчыны замала... Тры, тры Прыгажэнныя Дзяўчыны... He, пяць, Буда любіць пяцёрку, адным словам, многа, вельмі многа Прыгажэнных Дзяўчат зь вялікімі грудкамі плаваюць у басэйне на віле, дзе шуміць пагулянка.
Тут голас арт-дырэктара зрабіўся яшчэ пераліўнейшым, быццам у лейтэнанта-апалчэнца, а ў цывільным жыцьці опэрнага сьпевака, які вядзе роту ў свой апошні бой зь японскімі акупантамі. Вачэй артдырэктар так і не расплюшчыў. Да таго ж, праз прыблізна аднолькавыя адцінкі часу ягоная прамова была пасечаная на аднолькавыя кавалкі, словаў па 20—25, і Чон У Чхі нават падумаў, што той атрымліваў свой сцэнар праз мысьленчыя эсэмэсы, дасыланыя яму найвышэйшымі цывілізацыямі.
Над авальным сталом апусьцілася зусім ужо гермэтычная ціша.
— Так, віла, джакузі. He забудземся на пену ў басэйне... Дзяўчаты, дзяўчаты, дэманструем грудкі! Оў-кей, Першы Хлопец пайшоў. У руках у яго скрыня з 11-працэнтным напоем. Ён заваблівае рукой Прыгажэнных Дзяўчат: вылазьце — бухнём! Дзьве Прыгажэнныя Дзяўчыны, прынаджаныя, выходзяць з басэйну. Але астатнія засталіся ў вадзе. На беразе зьяўляецца Другі Хлопец са скрыняй 9-працэнтнага: «Вылазьце, дзяўчаты, я тут файную тэму прыцёг!» Але Прыгажэнныя Дзяўчаты сьмяюцца зь яго, дражняць: кладуць вялікі палец у рот і ўдавана смокчуць яго, маўляў, дзіця малое, смакчы свае 9-працэнтныя сікі. У рытме, у рытме ўсё. Ara, ага... I тут падыходзіць са сваёй скрыняй Трэці Хлопец. У ёй — наш «Гунджон». На этыкетках надпіс: «43 %». Прыгажэнныя Дзяўчаты ў ачмурэньні, пляскаюць у ладкі і, сьмеючыся, сьцягваюць Трэцяга Хлопца ў басэйн. Той ледзь пасьпявае паставіць скрыню на беражок. Але ён не пакрыўдзіўся, наадварот, вельмі рады апынуцца сярод красунь. Трэці Хлопец і Прыгажэнныя Дзяўчаты пачынаюць піць напой. Канец першай сцэны.
Адзін з графікаў засоп у прадчуваньні блізкай разьвязкі.
Арт-дырэктар, па-ранейшаму непрытомны, як бажаволак, працягваў:
— Другая сцэна. Канец пагулянкі. Камэра абягае прылеглую да басэйну тэрыторыю. Моладзь паснула, бо напілася. Валяюцца бутэлькі ад 9і 11-працэнтных напояў. Дзьве Прыгажэнныя Дзяўчыны, што абралі 11-працэнтнае віно, сапуць побач зь Першым Хлопцам у недарэчным позах. Сьпіць і Другі Хлопец, абняўшы сваю 9-працэнт-
ную дрэнь. Тут гучыць запальная музыка, камэра наводзіцца на басэйн: там, там пагулянка ў самым разгары! Сотня, ці колькі іх там, Прыгажэнных Дзяўчат, лашчацца з Трэцім Хлопцам. Побач зь ім ідуць бурбалкі: напэўна, адна зь Прыгажэнных Дзяўчат знаходзіцца пад вадой...
— Камісія ня ўхваліць мінэт у рэклямным роліку! — зьнянацку выгукнула дызайнэрка, якая сядзела побач з Чон У Чхі.
Арт-дырэктар незадаволена выйшаў з крэатыўнай мэдытацыі і расплюшчыў вочы:
— Дурніца! Калі кліент улагодзіў усе пытаньні з продажам алькаголю падлеткам, дык ты думаеш, яны не даб’юцца ад камісіі па тэлебачаньні мінэту ў рэкляме?! Завуалюем, замажам, скіруем у прагрэсіўнае рэчышча...
Дырэктар ажно пазелянеў і дадаў па складах: — Запомні, ты! Рэкляма — перадавік прагрэсу...
— Рухавік, — зноў перабіла ўпартая дызайнэрка і адразу густа пачырванела.
Арт-дырэктар так імкліва нахіліўся да яе праз стол, што Чон У Чхі зьветрыў яго францускі адэкалён, якім той заўсёды запшыкваў дрэнны пах з рота, і засыкаў:
— Гэта праўда, ведзьма, рэкляма — не перадавік прагрэсу... тут ты маеш рацыю... рэкляма — гэта перадок прагрэсу.
Вочы дызайнэркі акругліліся, твар зрабіўся зусім чырвоным, і яна неяк па-нябожчыцку зьменшылася ў памерах.
Арт-дырэктар зрабіў у яе кантрольны стрэл вачыма, зноўку заплюшчыў іх і працягнуў свае звышчастотныя адкрыцьці:
— Значыцца, дзе мы былі?.. Ага, ага, басэйн, завуаляваны мінэцік. Трэці Хлопец абводзіць усіх
позіркам з робленым шкадаваньнем і апускае бутэльку з напоем ў ваду. Налепачка з лічбай 4 адклейваецца і сплывае. Застаецца толькі лічбачка 3, то бок 3%. Ага, ага, слёганчык, голас за кадрыкам... Віно «Гунджон». «Братэла, цьвяроза мысьліш...» Ага, усё, здаецца...
Усе прысутныя, нават абражаная дызайнэрка і пасаромлены Чон У Чхі, як шалёныя, кінуліся пляскаць у ладкі. Але арт-дырэктар, не расплюшчваючы вачэй, ускінуў руку з паднятым указьнікам, каб сьціхлі, і працягнуў свае ультрачастотныя адкрыцьці:
— Кадр наўздагон. Адна з Прыгажэнных Дзяўчат падплывае да беражка басэйну, дзе стаіць скрыня з бутэлькамі нашага «Гунджону». Бярэ агюшнюю бутэльку, адкаркоўвае яе (яе твар буйным плянам), робіць глыток (у кадры налепка зь лічбай 3), косіць вочы, бо думае, што ап’янела. Яшчэ раз сёрбнуўшы, з гарачым энтузіязмам, расьпіхваючы іншых Прыгажэнных Дзяўчат, накідваецца на Трэцяга Хлопца.
Воплескі запаланілі залю. Арт-дырэктар расплюшчыў вочы і порстка пашыбаваў да Чон У Чхі.
— Вы заўважылі, Чон У Чхі, што мой сцэнар на першы погляд амаль ня розьніцца з вашым. Можа падацца, што я тут тое-сёе перакроіў для моды, і толькі...
Арт-дырэктар пахітаў галавой паволі, нетаропка.
— Але гэта ня так. Бо, Чон, ваш сюжэт у процівагу майму — суцэльная дрэнь. Ён прыдатны для гэтага паседжаньня, для гэтых халодных аматараў мэдыйных выкшталцонасьцяў, нам тут усім — мне, маім калегам — было цікава, але людзі па той бок экрану не прынялі б яго.
Арт-дырэктар скалупнуў са сваіх штонцаў няісную пляму.
— Давай во сьпярша прааналізуем сцэнар. Напачатку ты кажаш гледачу: калі вы ня будзеце піць, то зробіцеся неразумнымі, нецікавымі Першым і Другім хлопцамі. Гэта нармальны ход, бо ў нашых рэклямах мы ня толькі кажам: «Рабіце так, купляйце тое і тое — і ўсё будзе добра», мы яшчэ можам зрабіць наадварот — сказаць: «Калі вы ня зробіце так, калі вы ня купіце тое і тое, дык будзе кепска». I ў сваёй рэкляме ты надумаў ужыць гэты «навыварат»-мэтад. Аднак твая праблема, дурылка, што цымус гэтага мэтаду, каб у самым канцы роліка падсунуць гледачу слушны адказ. Калі першыя два хлопцы, пачынаеш ты, — фраеры, няправільны выбар, дык трэці, мусіш дадаць ты, ёсьць правільным рашэньнем. Рабіце, як ён, будзьце ім. Але ж, да вялікага жалю, паглядзеўшы твой ролік, глядач адчувае, што Трэцім Хлопцам, які адпаліў нагэтулькі выхітраваную камбінацыю з налепкай, ім ніколі ня быць — як ні выжыльвайся.
Цяпер артдырэктар немігліва ўперыўся ў Чон У Чхі свамі вачыма.
— I гэта вялікае ўпушчэньне, дзятлік, бо гледачам будзе няўтульна, непрыемна глядзець на занадта разумнага хлопца, ды яны прагартаюць твой ролік як непрыдатны для іх сюжэт. Разумееш, ты не дазваляеш гледачу зрабіцца Трэцім Хлопцам.
Арт-дырэктар неяк імкліва пасур’ёзьнеў, ягоны сыты глянец сышоў, і ён увадначас зблажэў з твару.
— А вось мой сюжэт глядач палюбіць. Ты, даўбенька, заўважыў, што я зрабіў з этыкеткамі, як выяўляецца ашуканства з налепкамі ў цябе і як у мяне, якая паміж імі розьніца? У тваім сцэнары хлопец адрывае налепку жэстам выкшталцонага
камбінатара. Гэткага бліскучага жыцьцязнаўцы. У мяне ж фальшывыя налепкі сплываюць самі. I ведаеш, чаму? Мой Трэці Хлопец не нагружае мазгі нават тымі хітрыкамі, якія сам жа прыдумаў. Мой хлопец не парупіўся іх прыклеіць як сьлед, бо ягоны хітрык — спантанны, ён прыдумаў яго мо за хвіліну да выхаду да басэйну. У адрозьненьне ад твайго генія, які ноч, не, гады ня спаў, жыцьцё ня спаў, прыдумляў, што б яму такога выштукаваць, зімы і леты навылёт цярпліва чакаў свайго шанцу, каб прыгожае жыцьцё скокнула да яго ў ложак. А мой Трэці Хлопец спаў спакойна, бо такія, як ён, сьпяць ой як крэпка, і ўсе дзеўкі будуць яго палюбэйшэн. I яму начхаць, ці атрымаецца хітрык, бо ён ведае, што калі ня пройдзе гэты, ён лёгка прыдумае яшчэ што.