Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
Што да саміх песьняў, то болыпасьць як паўночных, так і паўднёвых шлягераў мела практычна адзін сюжэт: пасьля дзённае бітвы, адвячоркам, калі краявід сьцеліцца прамаляваным да апошняй рыскі алейным пэйзажам, малады салдат ідзе па вызваленым ад японцаў (амэрыканцаў, кітайцаў, паганых камунякаў, праклятых паноў) родным горадзе і наноў дзівіцца яго хараству. Песьні, як з прынукі перасыпаныя невытлумачальна дурнаватымі мэтафарамі («завісла поўня стратастатам у высях стратасфэры»), часьцяком з каструбаватай рыфмай ці, наадварот, з зацяганымі «волямі-нядолямі» і «долямі-няволямі», але незвычайныя і ў звыклым — такія, што гарантавана падкінуць цябе на ногі, трапна кальнуць у сэрца, спраўна нагоняць камяк у горла, асабліва калі ты адсюль, калі ты тутэйшы.
Сэуле! Горад залаты!
I срэбраны, і медзяны! Калі забуду цябе, градзе, Хай адцінаюць мне язык!
7.	Службовы этуд.
Дык вось, у першыя паўгоду жыцьця на Поўначы Чон У Чхі працы ў інстытуце меў няшмат. He абцяжараны нічым, дні навылёт сядзеў у сваім прасторным інстытуцкім кабінэце і нудзіўся. Калегі завітвалі толькі адвячоркам. Дакладней, каляжанкі — калектыў падабраўся на рэдкасьць жаночы. Яны прыходзілі пад самы канец, безь пятнаццаці шэсьць, роўна за чвэртку гадзіны да завяршэньня працоўнага дня, і заўжды заставаліся да 18.15, гэткім чынам забіраючы 15 хвілінаў вольнага часу. «Чон, можна?» — «Вядома, можна, заходзьце, сядайце». — «Я тут прыйшла паслухаць пра вашую працу...»
«Вашую працу» вымаўлялася такім тонам, быццам жанчына хацела пагаварыць пра ўзровень халеры ў Катманду, пра высадку расейцаў на Сонцы, пра прыступы гемарою ў Рамзэса III — словам, пра ўсё што заўгодна, абы толькі не пра работу. Чон У Чхі, усьцешаны прадчуваньнем лёгкай нязмушанай гутаркі, стараўся падгуляць наведніцы і какетліва адказваў, што праца пачакае, а жыцьцё — не, і давайце, мая спадарынька, паразмаўляем пра нешта іншае. Але ад ягоных словаў насуперак чаканаму, наведніцы чамусь увачавідкі хмурнелі і, нэрвова паазіраўшыся, драўляным голасам натужліва выплёўвалі якоесь пытаньне пра марфалягічныя асаблівасьці сэульскага слэнгу. Нібыта ім не ставала афіцыйных сустрэчаў і паседжаньняў, гарачыўся ў думках Чон У Чхі, нібыта нельга спытацца пра гэта ў іншым месцы іншым тонам. I, раззлаваны, пачынаў тупамерна гундосіць пра ўсякія марфалягічныя ці фанэтычныя адметнасьці. Яшчэ больш яго заблытвала тое, што падчас аповедаў жанчыны безуважна
тарашчыліся ў акно і, узьняўшыся роўна ў 18.15, зь непрыхаваным расчараваньнем у вачах, суха, бясколерна разьвітваліся і сыходзілі, пакідаючы яго, зьбянтэжанага і ўквеленага, сам-насам з развагамі пра крыніцу ўласнай някемлівасьці.
Аднойчы, калі Чон У Чхі ў чарговы раз перажоўваў гэтыя сытуацыі, яго пеканула, што жанчыны проста заляцаюцца да яго, а тыя словы пра працу ёсьць замаскаванай прапановай быць настойлівейшым, але сам рытуал фліртаваньня вымагае бубніць пра работу, для фону. Ад гэтай думкі ён падхапіўся з ложка. Зайшоў у прыбіральню і доўга-доўга ўглядаўся ў люстэрка, вышукваючы на твары хоць бы які квадратны сантымэтрык прыгажосьці, бо ніхто ніколі не даваў яму ні найменшай нагоды адчуць сябе пекным.
Назаўтра да яго ў кабінэт завітала невысоканькая, але ого якая супрацоўніца аддзелу экскурсаводаў і кінула нейкае па-заўсёднаму неядомае пытаньне пра слэнг, а Чон У Чхі паставіў крэсла побач зь ейным і, для прыліку завёўшы гаворку пра сэульскія гаворкі, пачаў асьцярожна, нібы незнарок, вандраваць рукамі па яе каленях. Тая імгненна адхіснулася і здушана працадзіла: «Гаўнюк, прыбяры рукі, мой муж — маёр бясьпекі, і табе будзе гамон!» Потым, не мяняючы ранейшай прыязнай усьмешкі, але ўпоравень з ваўчыным бляскам у вачах — ад іх несумяшчальнага спалучэньня Чон У Чхі зрабілася нядобра, і яму падалося, нібыта ў ягоным жываце начныя матылькі зладзілі сабе гняздо, — жанчына чамусьці засталася сядзець і толькі праз паўгадзіны, роўна ў 18.15, сьпінай падалася назад, напятая, як падрыхтаваная да кідка кобра, ды паволі выйшла за дзьверы.
Па дарозе дамоў Чон У Чхі імгненна пасьпеў адляскаць цэлую тэорыю пра прычыны няўдачы з каляжанкамі. Са зграбна выбудаваных разважаньняў вынікала, што жанчыны якраз хацелі пасябраваць з навічком, хай сабе ня як з кавалерам, а проста як з калегам, але ўсё адно ня ведалі, пра што гутарыць варта, а пра што не, з гэтым амаль замежнікам, і таму, завітаўшы дзеля прыватнай размовы, недарэчна бухалі такія самыя абавязковыя рэчы, што і падчас фармальных сустрэчаў. Выснову Чон У Чхі рабіў, як заўсёды, бязьлітасную да сябе: каляжанкі хацелі б пазнаёміцца зь ім бліжэй, але ня могуць пазбыцца гнятлівага пачуцьця, што ён чужаніца.
Але ён памыляўся. Зь цягам часу высьветлілася, што ягоная чужынскасьць ня мае да гэтага аніякага дачыненьня. Паводле аднаго негалоснага, але жалезнага правіла, спушчанага зьверху, за пятнаццаць хвілінаў да канца зьмены кожны супрацоўнік меўся завітаць да свайго калегі, ня важна да каго, і паўгадзіны пагаманіць на «тэмы, блізкія да тэмы работы», скажам, пацікавіцца, над чым той працуе ў дадзены момант. Паводле задумы невядомых аўтараў — а ў няпісаных правілаў аўтары заўсёды ананімныя, — такія паўгадзінныя сустрэчы павінныя былі спрыяць згуртаваньню калектыву. Усталяваўся такі сабе грамадзка карысны рытуал: пятнаццаць хвілінаў за кошт дзяржавы і пятнаццаць за кошт супрацоўнікаў.
У адказ на гэтае правіла, што нявечыла нармальныя людзкія стасункі і ў дадатак забірала 15 хвілінаў вольнага часу, кабеты стварылі невідочную сетку глыбока скардыянаваных дзеяньняў, пры дапамозе якіх абавязковыя для размоваў тэмы абміналіся элегантным фінтом.
Неўзабаве Чон У Чхі выпала папрысутнічаць пры такой узорнай сустрэчы па згуртаваньні калектыву. Якраз у 17.45 ён зайшоў папрасіць цуКРУ Ў суседнім кабінэце. Тым часам туды завітала яшчэ адна супрацоўніца. Раз-пораз кідаючы на яго падазроныя позіркі, абедзьве пачалі гутарку, можа, трошачкі змушана: «А як там твае дзеепрыслоўі маюцца?» Але працягвалі яе ўжо досыць разьняволена: «Ведаеш, учора сядзела дома, пісала сваю працу пра двухскладовыя суфіксы, а тут суседка звоніць: ва ўнівэрмагу выкінулі ў продаж туфлі-лодачкі. Я, дурніца, схапіла пяць параў, але дома памерала, а яны здаровыя, як кітайска-карэйскі слоўнік 62 году, думаю прадаць ці што... Мо зойдзеш, паглядзіш?..» А далей: «Іду я па вуліцы, думаю пра свае гаворкі і дыялекты паўднёва-заходняга краю і раптам бачу, гэтая клізма Пон Мун са сваім новым чэша, ну, гэтым, артыстам, і ён там нешта шэпча на вуха, пэўна, хіхі, табуяваную лексыку кітайскіх анкляваў, а яна кісьне, кісьне, карова...» Ясная рэч, потым усё зьехала на яшчэ болыпае пляткарства, але праз прыблізна роўныя адцінкі часу суразмоўніцы сумленна ўкручвалі фразы «па тэме», пра простаскладаныя апофігсы ці яшчэ якую філялягічную дрэнь.
Зь цягам часу Чон У Чхі зразумеў, чаму пажада мройнай смугой усё ж напойвала паветра ягонага кабінэту, чаму падчас паўгадзінных сустрэчаў вісела важка-п’янкім духам паміж ім і наведніцамі, хоць гэтая наэлектрызаваная схема любоўнага напружаньня аніяк не хацела замыкацца на ім, адзіным мужчыну ў інстытуце.
Яго Вялікасьць Лібіда ўсё-ткі фігуравала ў гэтым службовым этудзе. I, пэўна, толькі чалавек з
Поўдня, якому ажно з калыскі безупынку ўводзілі ў вушы амаль навуковыя выклады аднаго аўстрыйскага дзядка-генія, быў здатны здагадацца пра яго бязважкую паўпрысутнасьць.
Прыходзячы да Чон У Чхі, кабеты прагнулі міжнароднага жаночага сьвята «Love-story». Ад Чон У Чхі — чалавека, які прыбыў з таямнічага Поўдня, краю пажаднай чырвані білбордаў і напятых стрункіх хмарачосаў, — вельмі чакалі такіх аповедаў. Жанчыны песьцілі цьмяную надзею, што ён імпартаваў зь невядомага ім сьвету гісторыі пра дзівосныя любоўныя раманы. Раманы, што віруюць там, на Поўдні, сярод нэонавых агнёў таямніча-сутонлівых мэгаполісаў. Каляжанкі паўсьвядома жадалі адчуць пульс далёкіх амурных прыгодаў, прыпраўленых кісла-салодкімі апісаньнямі закардонных любошчаў, і прыходзілі да Чон У Чхі не па залёты, як памылкова меркаваў ён напачатку, а па міжнародныя навіны каханьня, паслухаць аповеды гэтага ня надта зграбнага, але дужа прыязнага замежніка пра асабістае жыцьцё загадкавых сэульскіх мужчынаў. А гэтыя аповеды, само сабой меркавалі каляжанкі, для прыліку належыць аздабляць філялягічнай рыторыкай. Аднак, да незадаволенасьці супрацоўніц, сумленны, але ня вельмі кемлівы Чон У Чхі засяроджваўся не на сэульскіх мужчынах, а на асаблівасьцях іхняга нікому на хрэн не патрэбнага слэнгу.
Жанчыны бачылі ў Чон У Чхі патэнцыйнага ўзрушальніка, а не аб’ект жарсьці. Гэтае адкрыцьцё трохі засмуціла яго, па дарозе дадому ён імгненна пабудаваў пару-тройку тэорыяў, адна несуцяшальнейшая за другую, дзе прызнаваў сябе дужа непрыгожым. Але назаўтра, прачнуўшыся, як заўжды, у гуморы, ён пасьміхнуўся сьпярша
са сьлязьлівых тэорыяў, а потым — з пажадлівых аматарак лаў-гісторыў, і такая сытуацыя яго моцна пацешыла.
Увечары таго ж дня, калі чарговая кабета неахвотна зайшла да яго, ён, надумаўшы зачмурыць ёй галаву, сказаў, што зараз апавядзе пра палявыя назіраньні за адной моўнай групай сэульскіх студэнтаў у натуральных для іхнага асяродку ўмовах кампусу сэульскага ўнівэрсытэту. Тая скурчыла грымасу ўважлівага слухача. Чон У Чхі пачаў:
— Выбарка моўнай групы ўключала дваццаць сэульскіх студэнтаў. Сярэдні ўзрост — дваццаць гадоў. Колькасьць кубікаў брушнога прэсу — 8—12. Адукацыя — сярэдняя. Рукі — загарэлыя, мускулістыя. Выбарка складалася з асобаў мужчынскага полу, абраных на падставе іхных ведаў карэйскай мовы як роднай і фактару вонкавай прывабнасьці, якая ў варунках драпежнага капіталістычнага грамадзтва зьяўляецца ключом для пасьпяховых моўных стасункаў з рэспандэнтамі процілеглага полу. Губы — пульхныя, чульлівыя. Назіраньні паказалі, што моўная група не гамагенная паводле росту рэспандэнтаў: тут былі і прысадзістыя, камлюкаватыя мужычкі, якіх можна сустрэць па ўсёй тэрыторыі нашай паўвыспы ды якія па праве лічацца палкімі і надзвычай цягавітымі ў любошчах, але пракідваліся сярод іх і ладныя, рослыя хлопцы — такія рэдкія сярод нашай роднай карэйскай нацыі, і чыя прысутнасьць прыносіць у жыцьцё кабеты жаданую разнастайнасьць...