Душпастарскія спатканьні для дачнікаў
Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
На матчыным габэлене таксама было вышыта, як чалавек абірае іншую зброю: вострае лязо камунізму — крышталёвы, бліскучы, дыямэнтавы мечык, што зіхаціць зь недасяжных пікаў. I процьма няведама з-пад якой калоды павыпаўзалых вешчуноў гучна выдыхае ў вуха: «О, як ён нагадвае бэтлеемскую зорку! Давай, давай, чалавеча, пакаштуй гэтага!»
Чалавек бярэ лязо і наносіць сабе ўдар. У процівагу першаму, лязо камунізму вострае. Але кроў з раны ня пырскае фантанам — надта ўжо тонкае лязо. На руцэ праяўляецца чырвоная нітачка стыгмату. I, пакрываючыся сеткай з чырвоных капіляраў, чалавек поўніцца нязвыклай датуль вытанчанай чысьцінёй — далібог, нічога падобнага ў яго раней не было! Набывае яснасьць думак і цьвёрдасьць жэстаў. Кожны ўдар лязом камунізму прыносіць унутраную сьвежасьць, нязнаную раней ўзьнёсласьць. 3 захапленьнем аглядае чалавек гэтыя ніткі: яны такія прыгожыя, далікатныя, такія дасканалыя ў сваёй далікатнай зграбнасьці, што ён бачыць у іх ня раны, а прыкметы прасьветленасьці і першага кроку да вечнага збавеньня. У адрозьненьне ад практыкаваньняў зь лёзамі капіталізму, частата ўдараў не павялічваецца, бо чалавек смакуе кожны ўдар: нясьпешна выбірае прыдатны лапік скуры, любоўна цэліцца і з замілаваньнем б’е. Дый ня чуе небясьпекі: цела аздобленае танюткімі пунсовымі паскамі, і толькі.
I нягледзячы на тое, што Бог у загадзе казаў адно пра руку, чалавек у прыліве пачуцьцяў пе-
раходзіць на іншыя часткі цела і пачынае лупцаваць лязом камунізму сваё перадплечча, потым грудзі, жывот. Пасьля, цалкам спаласаваўшы сябе чырвонымі пісягамі, бярэцца нявечыць свайго бліжняга. Вядома, першы ўдар ляза прыходзіцца на руку ахвяры: як сябе пачынаў біць ад венаў, мяркуе чалавек, гэтак і іншых трэба. Хоць Бог, загадваючы біць, увогуле не казаў нічога пра іншых і, ясная рэч, па якім месцы лупіць.
Пакрысе цела ахвяры таксама пакрываецца чырвонай сеткай, што лашчыць вока навасыіечанага ката і магутным фантанам сілкуе ягонае нядаўна ўзьніклае пачуцьцё прыгожага. Потым яшчэ хтось робіцца ахвярай, і яшчэ адзін, і яшчэ... Канца няма.... Тым часам кат, дашчэнту ўшпіляны чырвонымі шнарамі, пачынае крывавым манга разпаўзацца, развальвацца на кавалкі.
Чон У Чхі гісторыі пра раптоўнае вар’яцтва прафэсара веры ня даў. Заўжды ёсьць людзі, якія далдоняць, маўляў, псыхіятры — патэнцыйныя вар’яты ці ад нараджэньня ненармальныя, і, пэўна, таму абіраюць гэтую прафэсію, каб быць бліжэй да падобных да сябе. Чон У Чхі належаў да тых, хто, наадварот, лічыць, што дырэктары вар’ятняў — псыхічна здаровыя людзі, іх ня так проста зьвесьці з глузду, а пагатоў нейкім габэленам. Калі ўжо сапраўды дырэктар лякарні крануўся праз матку, дык адбылося тое дзякуючы не габэлену, а гутаркам, у якія, вераемна, яна ўцягвала яго падчас рэгулярных доктарскіх аглядаў. I зноў жа Чон У Чхі моцна сумняваўся, што спрактыкаваны прафэсар трапіць у бездань вар’яцтва праз такія простыя рэчы, як габэлен або збытная гаварнеча. Матка, вядома, была здольная давесьці да шалу каго заўгодна,
але ж прафэсійна падрыхтаваны доктар — занадта нават для яе. Ад матчыных маналёгаў, спрабаваў лягічна думаць Чон У Чхі, сапраўды мог звар’яцець непадрыхтаваны пачатковец, а прафэсар, хутчэй за ўсё, толькі моўчкі разьюшваўся, але ж здаровы сэнс захоўваў. У гэтай вялікай бітве розумаў, разважаў далей Чон У Чхі, псыхіятар усё ж адолеў матку, хоць і зь цяжкасьцю вытрымаў націск яе выкшталцонага трызьненьня.
Як быў глыбока перакананы Чон У Чхі, падзеі ў псыхлякарні разьвіваліся паводле наступнага сцэнару: на першым доктарскім аглядзе матка паводзіла сябе прыстойна, гаварыла толькі разумныя рэчы і напрыканцы сустрэчы ласкавенька напрасілася заходзіць часьцей. Дырэктар, зачараваны далікатнымі манерамі і залагоджаны гіадпушчанымі на яго адрас лёстачкамі, пагадзіўся. Але неўзабаве моцна пра тое пашкадаваў, бо дзень пры дні мусіў слухаць, як матка пранікнёным голасам прамаўляе палымяныя маналёгі пра караблі з паперы, пра падземную краіну і пра тое, што Кінг-Конг быў карэйцам. Выпрабаваньне прафэсарскага глузду доўжылася шмат часу. Год за годам трываючы такія вар’яцкія прамовы, дырэктар лякарні ўшчэнт спакутаваўся. Матка зьяўлялася яму ў жахлівых снах, і ён зь енкам ускідваўся сярод ночы і плакаў, як дзіця. He запальваючы сьвятла, выходзіў на кухню, дзе ад страху і роспачы, што заўтра ў кабінэце зноў убачыць яе, піў валяр’янку, курыў і па-сабачы скавытаў на месяц. Дырэктаравай жонцы тыя начныя канцэрты ў цыгарэтным дыме абрыдлі, і яна сышла. Пакінуты, ён зарос як гамадрыл, пачаў зазіраць у бутэльку.
Гэтак жыцьцё прафэсара ператварылася ў пекла. Але штодня, прачынаючыся ў халасьцяцкай
нары ды гледзячы ў пабітае плямамі іржы ваннае люстэрка на свой непаголены апухлы твар, дырэктар паўтараў сабе, што ён, чорт яго бяры, прафэсіянал і што павінны годна несьці імя прафэсара псыхіятрыі. Дзякуючы аўтатрэнінгу ці яшчэ якім мудрагельствам, якім вучаць будучых псыхіятараў у мэдінстытутах у сукупнасьці зь нязломным характарам, ён годна выстаяў псыхічную навалу.
Пэўна, думаў Чон У Чхі, калі матка памерла, то дырэктар пасьпяшаўся ў пакой, каб чыста па-чалавечы парадавацца матчынай сьмерці, адсьвяткаваць заслужаную перамогу розуму над шалам, клінічнай псыхіятрыі над клінічным псыхам, зазнаць трыюмф лекара над пацыентам. Ён адно хацеў паставіць тлустую кропку ў бітве тытанаў, у якой стаў пераможцам, бо сапраўды адолеў матку ў супрацьстаяньні дзьвюх варожых ідэялёгіяў. Першая ідэялёгія, лютая і змрочная, апантана цьвердзіць, што Барабашка існуе, сьцены размаўляюць, а эгіпецкія піраміды абслугоўвае paca разумных вожыкаў. Другая ж, якой і пільнаваўся дырэктар, чыстая, сьветлая, нясе на бялюткіх крылах толькі дабро і здароўе: усё лухта, не выдумляйце, нічога такога на сьвеце няма і ня будзе, бо жыцьцё чалавечае — адно нудотнае чаргаваньне шэрых запыленых дзён, і нуда гэтая — галоўная перавага і паратунак для розуму.
Але ў палаце былой пацыенткі самыя звычайныя пачуцьці радасьці, што перапаўнялі дырэктара, згулялі зь ім дурны жарт. Прафэсар так моцна цешыўся, што больш ніколі ў сваім жыцьці не пачуе пра папяровыя караблі-чарапахі і пра айчынных зайцоў-іспалінаў, бо сабачая псыхіня нарэшце, хвала Богу, задрала капыты, ажно ягоная аб-
салютна здаровая галава, якая шмат гадоў запар мужна стрымвала наймагутнейшы мэнтальны ціск глузданутых гісторыяў, гэтым разам, на жаль, ня вытрымала непамернай, ўсёпаглынальнай весялосьці — і спадар прафэсар на месцы гэтак бурна адышоўся ад розуму.
А каб зьвесьці з глуздоў спрактыкаванага псыхіятра нейкім там габэленам ці там звычайнымі гутаркамі? He сьмяшыце мяне!
6. Як маўчаць па-карэйску.
Калі б якісь пабочны назіральнік пацікавіўся ў Чон У Чхі пра філялягічныя адрозьненьні паміж Поўначчу і Поўднем — ого, колькі б ён апавёў!
Голі-молі, адрозьненьні ў карэйскай мове! Маўленьне жыхароў капіталістычнага Поўдня вылучалася вобразнасьцю, квяцістай мэтафарычнасьцю, а параўнаньні былі нагэтулькі выбухова-дзёрзкія і адначасна бязважка-вытанчаныя, што на сэульскіх вулках само паняцьце «прафэсійны літаратар» кожны дзень ставілі пад сумнеў сваімі сакавітымі дыялёгамі звычайныя, шараговыя мінакі. Найтупалобейшы гопнік у лянотнай сваёй гутарцы з такім самым бэйбусам ля піўніцы ў сэрцы сталічнага мікрараёну загібаў гэтак вобразна і ёміста, што любы штатны пісака мог бы ад роспачы зьесьці свой бэрэт.
Сакрэт высокай паэтычнасьці маўленьня жыхароў Поўдня быў такі: прайшоўшы нейкую дзіўную хуткасьпелую мутацыю, жыхары капіталістычнага карэйскага краю неверагодным чынам займелі асобны, незалежны ад галаўнога, дадатковы мазгавы цэнтар, які месьціўся ў роце ды беспасярэдна падначальваў сабе губы, сківіцы і язык. Да
таго ж, бліскавічная эвалюцыя зьліквідавала ўсе перашкоды і шлюзы-тармазы на шляху ад падуманага да сказанага, то бок зусім скасавала частку мозгу, адказную за фільтраваньне базару. Цяпер, калі органы, удзельныя ў маўленьні, ня маючы перапоны, без купюр і стрыманьняў выкідалі даастатку ўсё створанае галаўным мозгам — мудрагелістыя суплёты асацыяцыяў і шматлікія ўзьвівы фантазіі, — на вялікае дзіва, на выхадзе — словы ўжо выляталі вонкі — поўнага бязладзьдзя і надта шчырай дурніны не ўзьнікала, бо ротавы мозг моўцы на ляту брытаў словы, хапаў іх губамі, пры дапамозе языка і паднябеньня карэктаваў прамоўленае, шліфаваў ці нават загадваў горлу ўдыхнуць іх назад, або рабіў, каб яны захраслі на зубах, як у мэмбранах, і потым, хуценька адсеяныя, выплёўваў, рупліва выкалупліваў на белы сьвет заложна, ужо выпрацаванымі, выштукаванымі. Са сказамі адбывалася нешта падобнае: прамовіўшы фразу, але яшчэ ня выпусьціўшы яе за межы ротавай парожніны, моўцы хапалі яе языком, не раўнуючы каровы, маланкава перамолвалі зубамі, а потым шпурлялі тую слоўную жуйку ў нутро, праз імгненьне, хоць сабе і не пазбаўленая дурніны, але ўпарадкавана-перастрававаная фраза зноў вярталася ў ротавую парожніну, каб выскачыць вонкі трапным тугім мячыкам.
Вельмі часта здаралася, што вышпурнутая ў сьвет бздура пасьля дадаваньня да яе некалькіх віртуозных штрышкоў паверх пэцканіны, такога сабе грунтоўнага касмэтычнага рамонту, ператваралася ў эксклюзіўны прыклад людзкога красамоўства. Да таго ж, сказанае, якое было ня вынікам звычайнага, з усімі яго плюсамі і мінусамі, мысьленьня, а, хутчэй, аральных мудрагельстваў,
дзіўным чынам рабілася яскравым узорам непаўторнай аўтэнтычнасьці і адпрыроднага шыку, усё роўна як знарок абцёрханыя фірмовыя джынсы. Такія хай сабе безгаловыя, але як бы ад душы прамовы, бяз хібы заўсёды цалялі ў самае вока: выклікалі праўдзівую, усёабдымную спагаду або глыбокую, аж да трымценьня, пашану ці наструнена-абсалютнае разуменьне — у залежнасьці ад мэтаў моўцы.
Нават ад прыроды непрыхавана дурныя людзі, якія ў іншых краях і ня надта прэтэндавалі б на што, тут, на Поўдні, маглі запакаваць свае жалю вартыя думкі ў прывабную абгортку згламэзданай на скорую руку мудрасьці і, у дадатак, успадкаваўшы спрадвечную здольнасьць карэйскай нацыі спрытнюча карыстацца моўнымі напрацоўкамі мінулых пакаленьняў, маглі аздобіць іх крылатымі фразамі, прымаўкамі з увагай да лягічных націскаў.
Калі раней галаўны мозг марнаваў сілы на кантроль за падуманым, дык цяпер выслабаненую энэргію жыхары Поўдня трацілі на ацэньваньне сказанага: уважліва, як дбайны гаспадар на вясковым кірмашы правярае конскія зубы, аглядалі сказ, каб спрытна абгуляць яго або ўзмацніць наступным, каб запісаць фразу ў памяць дзеля эфэктнага яе паўтору.