Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
Нягледзячы на тую залюстроўную любоў, па відочны бок шкла ў матчынах грудзях паваж-
на бурліла паўнаводная, адчувальная на дотык, ужо сапраўдная нянавісьць — нянавісьць да гэтай палавінкі Бацькаўшчыны, нянавісыдь да краіны партызанаў, партызанак і партызанятаў. I менавіта нянавісьць, а не фрыгідная і няздатная на ўчынкі любоў за люстрам падсьцёбвала матку, зазвычай сарамлівую і недабітную зь людзьмі кабету, на ўсе рызыкоўныя ўчынкі ў ейным жыцьці, сярод якіх стаялі асобна іх дзёрзкія ўцёкі на Поўдзень. Толькі дзякуючы нянавісьці, што вяла яе шляхаводнай зоркай, матка пусьцілася на неймаверную камбінацыю з падробкай дакумэнтаў, на небясьпечны, адкрыты подкуп памежнікаў. Выкрылася б тое злачынства — у карных органаў ад такой дзёрзкасьці пэўна б, на месцы напухла неадолыіае жаданьне перарваць ёй і ейнаму сыну жыцьцё, і не законным расстрэлам, а як-небудзь па-сярэднявечнаму — чацьвяртаваньнем, калясаваньнем нахабаў.
Шалёная злосьць была ейным душэўным спакоем. Думка ня жыць на Поўначы стала яе жыцьцём. I ўрэшце, патрапіўшы на прагна жаданы Поўдзень, яна паглыбіліся ў язьмінавую нірвану, зь якой ужо ня выбавілася да канца сваіх дзён. Магла жэрці адкіды, апранаць сына ў лахманы. Калі мясцовыя зьбівалі на горкі яблык Чон У Чхі, як усіх іншых дзяцей з інтэрнату для перабежчыкаў, за чужынскасьць, і ён, ледзьве перастаўляючы ногі, вяртаўся дадому, яна глядзела і нічога ня бачыла. I зацягнутымі бялёсай пялёнкай вачыма ўсьміхалася сыну лагоднай усьмешкай душы, моцна-моцна абдымала яго, акрываўленага, упэцканага гразюкай і сьлязьмі, нібы кажучы: Божа ты мой, сыне, якая я шчасьлівая, што вось мы з табою ўжо тут, а ня там, на праклятай-клятай Поўначы.
4.	Рухавік прагрэсу.
Празь які месяц пасьля вяртаньня Чон У Чхі на камуністычную Поўнач дабрадзеі ўвапхнулі яго на працу ў «Таварыства сувязі з суайчыньнікамі». Працу несур’ёзную — штатным вяртанцам-перабежчыкам: ад яго патрабавалася зрэдчас даваць газэтныя інтэрвію, у якіх належала ганіць зазнаны на ўласнай скуры капіталістычны лад, і крэмзаць артыкулы-дрындушкі на такую самую тэму. Дарма што праца блатная, але грошай у таварыстве плацілі малавата, і таму неўзабаве ён убіўся яшчэ на адну — у выдавецтва «Карэйская энцыкляпэдыя».
Тады ў выдавецтве рыхтаваўся вялікі праект — 46-томавая энцыкляпэдыя карэйскай мовы. Як Поўнач, так і Поўдзень прэтэндавалі на званьне адзінай Карэі, у школьных атласах абедзьвюх краінаў Карэйская паўвыспа заўжды была выяўленая як непадзельная дзяржава, не пабітая чарвяточынкамі ўнутранай мяжы, ля зграбных абрысаў якой уплішчваўся адпаведны сьцяг. I там, і тут існаваньне мяжы падавалася хутчэй як падлеткавы прышчык бабулькі-гісторыі, прыкрыя наступствы бурлівага, але кароткатэрміновага запою гэтага землямера-самавука, Госпада Богавіча. Таму і на Поўначы, і на Поўдні не шкадавалі грошай на праекты, і чым абмітнейшыя яны былі, тым лепш: ставіліся задача заглынуць суседа, і як не выпадала жыўцом, дык, прынамсі, сымбалічна, па-культурніцку. Моўная энцыкляпэдыя, распрацаваная на Поўначы, і мела зьявіцца такім нівеляваньнем Поўдню, бо зьмяшчала артыкулы пра адметнасьці мовы ўсёй, бяз выняткаў, Карэі.
У энцыкляпэдыі Чон У Чхі адказваў за сэульскі слэнг, па сутнасьці, за ўвесь слэнг Поўдню, але словы «Поўдзень», «паўднёвакарэйскі» на Поўначы
былі забароненыя. У гэтай віртуальнай вайне дзьвюх Карэяў за права быць адзінай кожны з варожых бакоў вёў баявыя дзеяньні на два фронты: супроць апанэнта і, у дадатак, супроць самога сябе. Кожны з бакоў ня толькі прадпрымаў ваяўнічыя выпады ў прэсе і пераможныя захопы тэрыторыяў на глянцавых паверхнях мапаў, але да таго ж мусіў адсякаць свае ўласныя міжвольныя памкненьні прызнаць за ворагам права на існаваньне. Бо варта табе зрабіць хоць адно маленечкае паслабленьне — усяго-ткі назваць супраціўніка яго імем, — капец: трывала выбудаваныя муры непрызнаньня руйнуюцца знутры. А словы «паўднёвакарэйскі» і «паўночнакарэйскі» былі менавіта такім паслабленьнем — нібыта публічнае прызнаньне факту падзелу Бацькаўшчыны, а значыць, і існаваньня другой Карэі. Таму абодва бакі для абазначэньня суседа абыходзіліся эўфэмізмамі «сэульскі» і «пхеньянскі».
На моцнае расчараваньне Чон У Чхі, працы ў яго хутчэй не было. Ніхто ня рупіўся задзейнічаць яго ў рабоце над энцыкляпэдыяй. Усе энцыкляпэдычныя артыкулы падзяляліся на тры часткі: спачатку пяем Лазара таварышу Кім Ір Сэну, потым выкрываем гнюсотную сутнасьць капіталізму і толькі пасьля прыступаемся да філялягічных выкладаў. Але нават гэтага Чон У Чхі не давяралі, аддаючы перавагу выдуманым зьвесткам правераных людзей перад грунтоўнымі ведамі перабежчыка. У выдавецтве яго трымалі дзеля той самай патрэбы, што і пісалі энцыкляпэдыі, — каб было. Каб пры нагодзе кіраўнік інстытуту, пульхны мужчына з патрыятычнай, барвова-сіняй, пысай, засьпеўшы зьнянацку пабочнага назіральнка пляскатам пачварнага тома энцыкляпэдыі па стале, мог ура-
чыста і адначасова нібы мімаходзь прамовіць, інтанацыйна падрэсьліваючы, такое рэдкае ў карэйскай мове словаспалучэньне: «А во гэта наш сэульскі таварыш, спэц па слэнгу, Чон У Чхі».
Цяпер, па дарозе ў Пхеньян, зьвёны прыкрых успамінаў паволі, адно за адным, вынырвалі з чорных водаў памяці. Калі пачыналася такая ланцуговая рэакцыя, Чон У Чхі найбольш баяўся, што за чародамі злучвоў, дзе кожнае балесьнейшае за папярэдняе, з глыбіняў зьявіцца важкае цела якара — якаясь яіпчэ пакуль няўцямная, але значна страшнейшая ад усіх астатніх зьвёнаў і ўжо засьведчаная краёчкам сьвядомасьці кашмарная ісьціна.
За згадкай пра пакуты энцыкляпэдыяпісальніцтва на паверхню вынырнула чарговае зьвяно ўспамінаў — прыгадаў сваю няўдалую спробу працаваць капірайтэрам. Пасьля заканчэньня Сэульскага ўнівэрсытэту Чон У Чхі падаўся ў рэкляму: яму хацелася з гразі ў князі, напрасткі махануць у дамкі, зрабіцца тагачасным культурным героем. Пасьля доўгіх утомных пошукаў нарэшце ўбіўся ў адно рэклямнае агенства з выпрабавальным тэрмінам.
Былі дзевяностыя. Адышлі ў нябыт брутальныя ўрады генэралаў, нядаўна трыюмфальна адстралялася, адбегалася і адплавалася сэульская Алімпіяда 88-га году, Поўдзень выкараскаўся з усіх сваіх эканамічных крызісаў, і клішэ «малады тыгр далёкага Усходу» ўсімі кіпцямі намёртва зачапілася за радкі сусьветных выданьняў. Паўднёўвыя карэйцы наўзьдзіў сабе пачалі імкліва багацець. Цяпер, маючы магчымасьць атрымліваць камэрцыйныя каталёгі па пошце, яны, ашаломленыя, заўважалі, што ў сьвеце ня ўсе тавары
і паслугі падпадаюць пад праверанае пакаленьнямі і, як здавалася, усёахопнае патрабаваньне хлеба і відовішчаў. Разгортваючы гэтыя крыклівыя кніжыцы з ілюстрацыямі, што стракацелі маленькімі чырвонымі выбухамі з нанесенымі лічбачкамі цэнаў, сэульцы моцна чухалі патыліцу, да якой, чорт яго бяры, катэгорыі — да «хлеба» ці да «відовішчаў» — занесьці пнэўматычную мухаляпку, што за хвіліну здольная «зь нязмушанай элегантнасьцю пазьбіваць 500—700 мухаў сярэдніх памераў». А тым часам дзеці, карыстаючыся ўсеагульнай зьбянтэжанасьцю, спрытна выцягвалі з бацькоўскіх палітонаў напханыя туды абы-як банкноты: відаць, разумелі па-свойму гэтае новае ў карэйскай мове словазлучэньне — «кішэнныя грошы».
Чон У Чхі атрымаў заданьне зрабіць сцэнар для тэлевізійнай рэклямы. Рэклямнае агенства было заваленае заказамі, і таму кіраўніцтва, ня надта вагаючыся, дало брыф яму, навічку.
Пэўная харчовая карпарацыя пачала выпуск новага тавару — 3-працэнтнага віна, разьлічанага на спажываньне падлеткамі. Адным з уладальнікаў карпарацыі, вядома, праз падстаўных асобаў, стаў спадар прэзыдэнт, і таму яна зь лёгкасьцю атрымала ад камісіі па сьпіртовых напоях дазвол на продаж слабаалькагольнага віна непаўналетнім грамадзянам. Тавар выходзіў на рынак. Задачай рэклямнага роліка было паказаць мэтавай аўдыторыі, што хлябаньне колы ёсьць заняткам мамчыных сынкоў, а юнакі, якія жадаюць зрабіцца мужчынамі, павінны ўжываць сапраўдны алькаголь. Чон У Чхі мусіў пільнавацца далікатнай мяжы: з аднаго боку, заахвоціць патэнцыйных пакупнікоў, падлеткаў, спажываць віно, а з другога — не напа-
лохаць іх адмоўным іміджам алькагольных напояў ды не настроіць супраць прадукту бацькоў.
Свой сцэнар Чон У Чхі расказаў на ранішнім паседжаньні, па-камсамольску струнка стоячы ля авальнага стала ў канфэрэнц-залі. У гэтыя дні ён хадзіў ап’янёны залічэньнем у супэрстары. Яму лёгка далася ноч на падрыхтоўку. Яна амаль не пакінула сьлядоў бессані на твары, хіба крыху завастрыла нос і запаліла вочы пунсова-хцівым агеньчыкам. Калі прысутныя на паседжаньні ўбачылі яго такім, усёй шаноўнай грамадзе на розум прыйшло адно і тое ж слова. Слова ёсьць пазычаньнем з кітайскай, якое на карэйскую ільга перакласьці словаспалучэньнем «малады як чорт», а на пісьме яно перадаецца адным-адзіным ерогліфам. Да слова кажучы, у японскай мове гэтым самым ерогліфам (з дадаваньнем пары-тройкі нявялічкіх штрышкоў) абазначаюць дзеяслоў «парваць» у будучым часе першай асобы адзіночнага ліку.
Чон У Чхі прыправіў сцэнар вялікай дозай прафэсійна пастаўленага імпэту ды папярчыў шчопцем карпаратыўнага цынізму (усё ж прэзэнтацыя была папярэдняя, перад сваімі).
— У кадры звычайная гарадзкая кватэра. Мамы, таты няма. Пагулянка падлеткаў: дзяўчаты, хлопцы, Nirvana, сьмяшкі, рогат — хатняя дыскатэка. Усе трошкі стаміліся і паселі адпачыць на пуфах. Паселі ў кола з рознымі бутэлькамі ў руках. Пачынаецца нешта накшталт гульні, спантаннай, рытмічнай гульні пад музыку — хто тут самы-самы. Першы Хлопец паказвае сваю бутэльку, на якой пазначаная моцнасьць напою — 11 %. Усе астатнія ўхваляюць яго, крычаць, падымаюць вялікія пальцы ўгору. «Ен — нармуль, поўны парадак!» Другі Хлопец дэманструе сваю бутэль-
ку. На ёй расплывіста напісана назва напою і выразна — «9 %». Астатнія незадаволена сьвісьцяць, паказваюць на Другога Хлопца пальцам: ня вельмі добры вынік, Другі Хлопец не круты, ат сабе, не дацягвае. Далей сваю бутэльку паказвае Прыгажэнная Дзяўчына. На бутэльцы напісана: «Мінэральная вада». Але ніхто яе ня ганіць за адсутнасьць абаротаў...
Тут Чон У Чхі ўсьміхнуўся і абвёў позіркам прысутных, вытрымаў тэатральную паўзу і прамовіў:
— Яе ня ганяць, бо ўсе ведаюць, што прыгажэнныя дзяўчыны не бяруць удзелу ў спаборніцтвах. Яны і ёсьць прыз. Таму ўсе прысутныя ўсьміхаюцца паблажліва, даруюць ёй.