Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
прыходзіць выснова, што сын здаўна стаяў на чале краіны разам з бацькам. У дыялёгу бацька і сын пад уплывам моцных пачуцьцяў дзеляцца ўражаньнямі ад зьдзяйсьненьняў супольных, а значыць, бацька і сын — роўныя па велічы правадыры, і вялікая эпоха, нягледзячы на сыход аднаго зь іх, не перарвалася ані на хвілю.
Калі б Чон У Чхі далі магчымасьць выправіць твор (а такой магчымасьці ў яго, вядома, не было), каб ён змог скласьці годную канкурэнцыю той рыжай дзяўчынцы з Супанскага павету, дык з апавяданьня ён мусіў бы далікатна прыбраць з шэрагу галоўных герояў бацьку, падаўшы хіба ў пачатку кароткую згадку: «Таварыш Кім Чонг Іль, Сонца ўзьяднаньня, векавечны правадыр і любы кіраўнік карэйскага народу, змагаўся за незалежнасьць мілай Бацькаўшчыны на пасту камандзіра партызанскага атраду разам са сваім Бацькам, любым правадыром карэйскага народу, таварышам Кім Ір Сэнам». Сюжэт разьвіваўся б наступным чынам: «На паляне, сярод зямлянак партызанскага атраду, дзе яшчэ віецца танюткі слупок дыму ад учарашняга вогнішча, з калыскі падымаецца васьмімесячны таварыш Кім Чонг Іль. Ён жвава апранаецца ў шынэлік, адмыслова пашыты ягонай маткай, працавітай Па Кё Мун, спрытна запрагае каня, ускідвае на плячо ручны кулямёт Дзегцярова і едзе ў лес на зачыстку тэрыторыі ад японаакупантаў».
Далей можна было б пакінуць усе тыя трукі, якія маленькі таварыш Кім Чонг Іль правярнуў у першапачатковай рэдакцыі твору. Завяршалася б апавяданьне так: «Са скальпамі трох тысяч забітых японцаў малец Кім Чонг Іль вяртаецца на санях у партызанскі атрад, а правадыр Кім Ір
Сэн, трохі пажурыўшы сына за самавольную адлучку, але зрабіўшы тое з прыхаванай усьмешкай дужа ўсьцешанага бацькі, працягвае яму алюмініевую конаўку з партызанскімі «стограм». Пасеўшы на пянёк і зацягваючыся махоркай, сын і бацька задуменна назіраюць за патрыятычна расфарбаванымі сьнегірамі, што вяртаюцца дадому, налюбую Бацькаўшчыну». Ці: «...вяртаюцца ў любы дом, на Бацькаўшчыну». Або: «...на любую Бацькаўшчыну, дадому».
Эх, няспраўджанае!..
3.	Карабель-Чарапаха і краіна партызанаў.
Прыкрая параза ў конкурсе кароткага апавяданьня ня дужа сапсавала добры настрой Чон У Чхі: ён заняў належнае трэцяе месца, і да ад’езду ў спэцлягер надарыліся два абсалютна вольныя дні, ды дзе — у Пхеньяне, улюбёным горадзе.
Пхеньян, Пхеньян... рзі... Грузна аблёг, зыркаеш каламутным вокам, выдатна разумеючы, што сёньня нядзельны поўдзень і за плячыма цяжар учарашняй папойкі. Моўчкі пытаесься, чаго хоча ад мяне гэты ажно да млосьці сьвежы, наглянцавана-адпрасаваны гіцаль, хіба ж ён учора зьвячора, як усе, не працаваў да стомы пры стале, не пускаў гаручай вадкасьці па трубах, не саланіў затлушчаных губ трупнымі пальцамі кансэрваваных памідораў, фіксуючы краёчкамі залітых вачэй квадратуру кола кухоннага стала, і потым, у ачмуры, хіба не хістаўся сьляпым кацянём у напрамку роднай койкі па спусьцелых набярэжных падземных рэк?
Дзіва што не пускаў. I не вяртаўся. Я ня твой. Я цябе ненавіджу. Усё тваё мне апрыкрала яшчэ
да майго нараджэньня. Дзіравы ядзерны парасон супраць першых няўдалых каханьняў — вось хто ты. Хранічна няздадзены экзамэн па навуцы перамагаць.
Можаш адвярнуцца да сьцяны і ўдаваць, што сьпіш. Але табе не схавацца. Я тут, Пхеньян. Я чакаю. Падымайся.
Мне што, згуляць з табой у шахматы на разьдзяваньне? Ты ж прадуеш. Ведаю цябе. Прадуеш, шлімазл, і пашыбуеш дадому зацішна-бярозавымі алеямі парку чалюскінцаў, прыкрыты фігавымі лісткамі з чэрвеньскага лістападу, у сямейных трулях на пабітых каленках, шчымлівы разьдзяўбай, часам вясёлым подбегам, а перад міліцэйскімі нарадамі — роўна, скорагаворкай накрыкваючы непрыстойныя савецкія песьні. I будзе начная зьліва, град, дзявяты вал, і ўсё праваліцца ў зеўру пэрспэктывы, што нагадвае твой бяззубы рот, якім так хораша і зручна на ляту хапаць дажджавыя кроплі — улюбёныя змалку эрзац-ледзянцы.
Аціхацьмуць твае крокі, і я пашкадую аж да беласьці ў пазногцях і буду гатовы аддаць свае посьпехі, дарэшты кожны свой незмарнаваны шанец, усю жменю шчасьлівых юаняў, надраеныя мэдалькі дарослых, за адзін той крывульны шпацыр галяком. Там, па той алеі. Замест цябе. Разам з табою.
Ці мне называць цябе горадам каханым, як тое робяць пхеньянцы?
Пхеньянцы... доўгая гісторыя...
Anyway, засьпявай сам сабе казку, які ты прыгожы. Пацеш сябе і гасьцей сталіцы шырынёй вулак, цнатлівасьцю сьценаў, аб якія варта расквасіць мазгаўню, каб пакінуць сьлед у тутэйшай гісторыі. Сталічная дзяроўня, свайму ба-
лю-бэнэфісу Папялушкі абавязаная бясконцым падзелам Бацькаўшчыны, дзе да яе шмат стагодзьдзяў запар танцы правіў самавіты старпёр Сэул. Як жа цягне на тваіх будучых крушнях станчыць джыгу! Але, бачыць Бог, ты сам не хацеў рабіцца горадам.
Акрамя самога места, Чон У Чхі як магнітам вабіў музэй, прысьвечаны адзінаму экспанату — Кабуксону, Караблю-Чарапасе. Як сьцьвярджалі дапытлівыя гісторыкі, той Кабуксон быў сярэднявечным прататыпам сучасных браняносцаў і, як нескладана здагадацца, звонку нагадваў панцыр чарапахі.
«За трыста гадоў да эўрапейцаў і ўсяго астатняга сьвету, тут, на карэйскай зямлі, — выводзілі свае аб’ектыўныя хваласьпевы палкія навукоўцы, — нашыя продкі пабудавалі першы браняваны і ўвогуле жалезны карабель у гісторыі ЧАЛАВЕЦТВА».
«Кабуксон, — ужо зусш зладжана цягнуў хор натхнёных навукоўцаў, — сканструяваў звычайны карэец, імя якога не дайшло да нашага часу, але вядома, што ён быў праставаты ў побыце, прынцыпова не вучыўся караблебудаўнічай справе, любіў жанчынаў у целе і смажні зь цяляцінай, майстраваў свае вынаходніцтвы без усякіх красьлюнкаў — на храна трэба, без адзінага цьвіка, адзін напільнік, адзін, як Буда, — жых-жых! I, заціскаючы адну ноздру расплясканым указьнікам, пляваць хацеў на ўсіх гэтых сьпінагрызаў, раз-пораз спускаючы іх зь лесьвіцы, калі яны прыпаўзалі па параду, як ім, маўляў, уладкаваць нашую Карэю, хадзіў у вышыванцы нават на прыёмах у караля-бацюхны, дзе па закутках мацаў кастлявых фрэйлін чыста з спартыўнага інтарэсу».
Але тут вэрсіі паўднёвых і паўночных гісторыкаў кардынальна разыходзіліся: магутны мадрыгал карэйскіх навукоўцаў ператвараўся ў задзірлівы двубой рачовак паміж скаўцкім і піянэрскім атрадамі. Паводле вэрсіі паўднёвых навукоўцаў, Кабуксон быў пабудаваны ля старажытнай сталіцы сярэднявечнага каралеўства Кар’ё — Сэула, у ваколіцах якога ў 1960 годзе і знайшлі жалезныя рэшткі карабля. А паўночныя гісторыкі дакладна ведалі (і тое, дарэчы, пацьвердзілі археалягічныя раскопкі 1961 году), што згаданы геній-саматуг адляскаў Карабель-Чарапаху на верфі побач з Пхеньянам — як падавалася, маладым, але, як паказала дадзеная знаходка, старадаўнім горадам.
Гэтая спрэчка не павінная бянтэжыць выпадковага назіральніка, бо калі ў краі ў наяўнасьці ёсьць два Арараты, дык Ноевых каўчэгаў таксама павінна выявіцца столькі ж.
Адзінае, у чым цалкам пагаджаліся дзьве непрыміральныя гістарычныя школы, гэта тое, — a на гэтых словах усе карэйскія гісторыкі па два бакі мяжы пачыналі сутаргавата трэсьці перад сабой рукамі, нібыта ў прызнаньні заслугаў палка ціснулі руку невідочнаму закардоннаму калегу, — што ўбачыўшы, як магутны Кабуксон, зіхочучы нашмараванай бранёй, расьсякае хвалі Японскага мора, сонцасьцяжны флёт панічна даў драла.
Наастатку ўзьяднаны хор карэйскіх гісторыкаў зьліваўся ў фінальнай фразе, фразе, якую ведаў кожны — і на Поўначы, і на Поўдні — школьнік: «У выніку слаўнага паходу Карабля-Чарапахі дзьвесьце гадоў нага ўзброенага японца не ступала на сьвятую карэйскую зямлю».
Пазьней, пасьля вяртаньня ў спэцлягер, Чон У Чхі з агністымі вачыма распавядаў матцы пра Кабуксон і пра векапомную перамогу, але яна, ня надта расчуленая, запярэчыла, што «пабудаваць жалезны карабель-фартэцыю і адолець на ім дужага супраціўніка — не вялікая адвага.
— Любы дурань зможа перамагчы японца, калі зробіцца японцам сам, — прыпячатала яна.
Найбольш яна сьмяялася з сынавых словаў, што японцы, угледзеўшы Карабель-Чарапаху, пераляканыя, уцяклі.
— Чаго гэта яны? — зьдзекліва пацікавілася матка. — Радзіма камікадзэ да дваццатага стагодзьдзя не жадала і слухаць пра рэгулярнае, набранае з прасталюдзінаў войска, бо мела сталёвыя харугвы арыстакратаў-самураяў. Дык што, значыцца, гэта яны «ўцякалі ў паніцы» пры выглядзе аднаго-адзінюткага, хай сабе і паўфантастычнага, карабля? He сьмяшыце мяне!
— А ты паспрабуй адужаць японца, застаючыся тым, хто ты ёсьць...
I старажытным карэйцам гэта ўдалося, сьцьвярджала матка.
— Каб ты ведаў, сыне, Кабуксон збудавалі зусім не з жалеза...
Назаўтра, калі нікога з насельнікаў барака, дзе атабарыліся Чон У Чхі з маткай, не было, яна на мігах паклікала Чон У Чхі і на вушка па сакрэце сказала, што насамрэч легендарны КарабельЧарапаха быў зроблены з паперы.
Матка апавяла, што старажытныя карэйцы сапраўды сканструявалі вялікі карабель, каб рушыць на Японію. Але жалеза ў ім ня мелася ні грамулечкі. Ды якое жалеза! Без дазволу японцаў,
якія ў той час акупавалі карэйскую паўвыспу, нельга было сьпілаваць нават карабельнай хваіны. Японцы, ўпэўненыя ў сваіх сілах, пакінулі зваяваную паўвыспу ды адплылі на свой плюгавы востраў, усклаўшы зьбіраньне даніны на намесьнікаў зь ліку мясцовых здрайцаў, і такім чына*м пазбавілі наступныя пакаленьні карэйцаў усякай магчымасьці няхай нават загінуць на полі бою зь мечам у руцэ.
Тады людзі па ўсёй краіне пачалі зьбіраць складкі на будаўніцтва карабля, каб вярнуць карэйскім сынам іхнае пракаветнае права памерці, а прадажным калябаранцкім псюкам сказалі, што грошы пойдуць на будаваньне бібліятэкі. Тыя ахвяраваньні не выклікалі падазрэньняў, бо ў якасьці доказаў патрыёты дэманстравалі купленую на атрыманыя грошы храбусткую кітайскую паперу, маўляў, для будучых бібліятэчных фондаў. Потым паперу меркавалі прадаць назад кітайцам, але, калі прысьпеў час, здрадлівая кітайская вярхушка адмовілася ад такога гешэфту.
— Так, сыне, карэйскія патрыёты засталіся з носам... — дадала маці.
Трэба было нешта рабіць. I легендарны партызан — стотрыццацігадовы дзядок Су У — прапанаваў пабудаваць судна з паперы. Уражаныя пэрпэктывай, карэйцы ўсёй грамадой завінуліся і адляскалі той карабель, а дакладней, склеілі.