Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
Пакупнікі прыехалі ў той самы дзень. Да пад’езду, куды ён з натугай сьцягнуў па сходах шафу, прыйшлі двое, муж і жонка, а ён, не таргуючыся і ня гледзячы ў вочы, аддаў яе за дзясятую частку ад сапраўднай цаны.
Мэбля і іншыя прычындалы пакрысе распрадаваліся: людзі тэлефанавалі, дамаўляліся пра час візыту, прыходзілі да пад’езду, дзівіліся незвычайным умовам угоды, пачыналі падазраваць яго ў махлярстве, нядобра азіраліся, але, атрымаўшы сапраўды нізкую цану, порстка грузілі набытае на легкавушкі і жвава зьяжджалі праз арку.
Ноўтбук ён збыў апошнім. Калі пакупнік, які дамовіўся зь ім пра сустрэчу, заехаў на машыне ў двор, выявілася, што гэта ягоны былы аднакур-
сьнік, таксама хакер. Аднакурсьнік з заплюшчанымі ад захопленасьці вачмі безупынку балбатаў, апавядаючы пра новыя вэрсіі праграм, пра агульных сяброў, а яму ўсё чулася, што той напрошваецца ў госьці. Нарэшце аднакурсьнік паехаў, а ён заскочыў у пад'езд і доўга-доўга стаяў у цемры, нахіліўшыся, прытуліўшыся ілбом да сьцяны, паклаўшы раскрытыя далоні на халодныя батарэі, ахоплены дзікім страхам, што вось хвіліну таму гэты чалавек стаяў за якіх дзесяць, усяго толькі дзесяць сабачых мэтраў ад ягонай кватэры, і пара неасьцярожных згодаў — чалавек мог прабрацца ў кватэру, зайсьці ў пакой і ўбачыць яе.
Адной ночы, за колькі тыдняў да сьмерці, ён прахапіўся ад сну. Махра дажджавых кропляў аздабляла верх аконнага праёму. Толькі праз імгненьні — пра іх ён падумаў: дзіўна, няўжо насамрэч так позьніцца гук — пачуў няўрымсьліва-тупамерны пошчак дажджу. Нязграбна варушачы рукамі, паяшчарынаму зьвіваючыся, выбавіўся з-пад коўдры, і, намагаючыся не патрывожыць русалку, паволі споўз амаль гарызантальна, не раўнуючы адфаксаваны аркуш, з канапы на падлогу. Узьняўшыся, заплюшчыў вочы — каб убачыць хоць што ў такой эгіпецкай цемры — і расплюшчыў зноў. Пасунуўся ў бок дзьвярэй. Запаліў і тут жа, як і не было, маланкава патушыў сьвятло ў вітальні. За гэтае кароткае імгненьне здолеў убачыць на кляновай тумбачцы асадку. Замкнуўся ў прыбіральні, адарваў жмут ад рулёну і асьцярожна, каб не парушыць крохкай далікатнасьці туалетнай паперы, стаў адольваць літару за літарай. Напісаўшы, укінуў кавалак у зеўру ўнітаза і адразу тузануў клямку зьліўні. Падумаўшы, якое бязглуздае дзеяньне, бяссэнсіца, усё адно ведаў, што не напісаць ня можа.
Чытайце:
«Казкі пра русалак — суцэльная выдумка.
Русалчыны сьлёзы — гэта калі плачаш ты, а не русалка.
Калі русалцы добра, табе пагана.
Калі русалцы пагана, табе і пятля — збавеньне.
Русалцы пагана заўсёды.
Ня тое што яна русалка і ёй пагана, гэта пагана яна сама і ёсьць.
Знаёмства з русалкай вядзе ў магілу.
Калі ты перастрэў жанчыну (ці нават убачыў яе на вуліцы, увобмільг)
і разумееш зьнянацку, што яна русалка, — ведай, што
знаёмства зь ёй табе ўжо не пазьбегнуць.
Ханс Крысьціян Андэрсэн — сабачы выціран».
Усё мусіла скончыцца празь лічаныя дні. Ён ведаў гэта і не баяўся. Пад шэрым, правіслым небам адзін на адзін лезьлі дахі з ускудлачанымі антэнінамі.
III.	Добрай раніцы, Карэя!
Нутраная адысэя
Добрай раніцы, Карэя!
Нутраная адысэя
1.	Пачатак падарожжа.
Філятэліст Чон У Чхі вярнуўся з працы і ўбачыў, што ў ягонай галаве рабочыя пачалі будаваць бэтонную перагароду. Ён сноўдаецца паміж сваімі дзьвюма Карэямі і не разумее, як гэта: не было, не было і раптам — ёсьць. Пераходзіць з пакою ў пакой, кранае рукамі знаёмыя змалку рэчы, узіраецца ў іх выгіны з адчуваннем, што прысутнасьць перагароды, нават яшчэ недабудаванай, ужо беззваротна перамяніла ягоны сьвет. Ды ўспамінае, як у дзяцінстве яго агаломшыў выпадак з фальшывым грыбам.
Неяк на выходныя, за некалькі месяцаў да таго, як пасадзілі тату, яны ўтрох з мамай паехалі зьбіраць грыбы за горад. Чон У Чхі, узяўшы сабе пакецік, пайшоў уласнай сьцежкаю, хоць і не адбягаўся ад бацькоў далёка. Акрамя прыземленых суквецьцяў лісічак і яблычных агрызкаў сыраежак па дарозе пракідваліся бясформенныя капелюшы на фіялетава-гнюсотных ножках — паганкі. Яны нахабна вытыркаліся з моху і, здавалася, сьцякалі атрутай. Але Чон У Чхі ня дужа іх баяўся, бо ведаў, як належыць абыходзіцца з гэтай навалай. Трэба яе проста трымаць на адлегласьці: ты ня рушыш яе — і яна ня будзе чапляцца да цябе.
Калі між дрэваў замільгаў прагляд, спасярод чарнічніку, наўзбоч утравелай дарогі, Чон У Чхі нарэшце згледзеў тугі грудок падасінавіка. I ўжо кінуў быў яго ў цэляфанавы пакет, як пачуў баць-
каў голас: «Не чапай, гэта фалыпывы». Толькі бацька сказаў гэта — гамон: сьвет перамяніўся, усё навокал — дрэвы, трава, сонца — зрабілася нязвыклым, чужым, на тым месцам нібыта паўстала ўсё іншае. Іншае сонца, іншая трава. Нават бацькі былі ўжо не бацькі, а нейкія чужыя людзі: незнаёмая жанчына ў вязаным швэдры і патрэсканых гумавых ботах, ды мажны, з агідна прыліплай да губ ігліцай, пахмурны дзядзька. Рука, якая толькі што сарвала грыб, запульсавала набеглай крывёй. Адчуў, як яму здрадзіла тое, што ніколі не павінна здраджваць. Адчуў сябе нямоглым жывуном, якога ў любы момант могуць, не, нават не забіць, проста расьціснуць, як камара пальцам, значна магутнейшыя за яго стыхіі, што з уласнай волі здольныя мяняць сутнасьць рэчаў. Нібы ў жывую тканку пашылася чужынская хвароба, і ён ня ў стане яе ані выдраць, ані вытруціць. I зрабілася нясьцерпна, нясьцерпна: больш не гарнула зьбіраць грыбы, ні добрыя, ні атрутныя, ніякія, не было жаданьня ісьці далей, увогуле перахацелася жыць.
I цяпер, калі паўстала бэтонная перагарода ў галаве, Чон У Чхі зрабілася гэтаксама пякуча-невыносна, і знаёмыя змалку прадметы раптам пачалі выглядаць інакш, нібыта здрадзілі яму. Цяпер нічога ня будзе як даўней. Нават калі заўтра паступіць загад зруйнаваць перагароду ды рабочыя, з такімі самымі, як падчас будаваньня, абыякавымі тварамі, возьмуцца крышыць бэтон, а праз колькі дзён ад сьцяны не застанецца й напаміну, — дык усё адно яна працягне сваё грунтоўнае існаваньне ў ягонай галаве. I здымак бацькоўскага вясельля, і матчына шкатулка, і клеены-пераклеены бюстык Леніна, што належаў дзеду, счужэлі цяпер беззваротна.
Сьпярша Чон У Чхі песьціў надзею, што перагароду хутка зьнясуць, але дзень пры дні пераконваўся: яна расьце, аплятаючы ўсё навокал, маўкліва пагражае дабудавацца да канца, а значыць, у яго не застаецца аніякага шанцу на мэнтальнае суладзьдзе. Час цісьне, і трэба нешта вырашаць.
3 пачаткам будаўніцтва навакольны сьвет усё прыкметней страчваў сваё адзінства і выратавальную раўнавагу. Рэчы, што існавалі ў ім разам, — васьміпалосны гайвэй, па якім так хораша ляцець пасьля працы начной парой, і Палац Рэвалюцыі, адзін выгляд якога штораз выклікае ўрачыстую багавейнасьць, — хапатліва разлучаюцца, дарэшты рвуць усе сувязі міжсобку. Калі раней Чон У Чхі мог завітаць у францускую рэстарацыю на Пляцы Котак у Сэуле і пасьля вячэры зь белым віном адразу, празь якое імгненьне, апынуцца ў Пхеньяне, ля помніка чырвоным стралкам на плошчы Пятага зьезду, дык цяпер выхад за дзьверы сэульскай рэстарацыі не абяцае нічога — адно абложны боль галавы нараніцу ды вілыотную ад поту прасьціну. Грошы ў кашальку з прыкрай рэгулярнасьцю мяняюцца з паўднёвакарэйскіх на паўночнакарэйскія ды наадварот у самыя нязручныя моманты. Чон У Чхі ўжо не разумеюць на вуліцах: ягоная карэйская прымаецца як добра знаёмы змалку, але пасьля пасьпяхова забыты набор словаў і інтанацыяў, да якіх трэба (і ці трэба?) прывыкаць нанова. Мінакі дранцьвеюць, на тварах вылепліваецца пакутніцкая, нетутэйшая сур’ёзнасьць, вецер ірве крысьсё палітонаў, імпэтныя хітаньні галовамі — я ўважліва слухаю вас, мужчына, — як літасьцівым ківамі заахвочваюцца гаварыць касамозгія адшчапенцы, аднак
людзкая ўвага засяроджаная па самой сытуацыі, а не на зьмесьце прамоўленага.
Нешта невідочнае падштурхоўвае Чон У Чхі як найхутчэй рабіць выбар паміж Поўднем і Поўначчу, калі ён насамрэч жадае захаваць глузд у ладзе. Нейкая невядомая сіла ўсё гучней даводзіць, што іх суіснаваньне — немагчымае, а толькі побыт адной і нябыт другой. Чыйсьці незнаёмы голас з садысцкай насалодай тупамерна выкладае кароткі сюжэт п’есы адасабленьня.
1 -я дзея — маўклівая схватка паміж дзьвюма Карэямі за права быць. 2-я — зможаная палоўка імкліва зьнікае, растае ў бясколерным паветры, а кожны напамін пра яе драчовым напільнікам сьціраецца з памяці. I ўсё — заслона: вока лашчыць акіянскае бязьмежжа адзінотнага плаваньня, самаснага абсалюту.
У апошнюю ноч, калі перагарода амаль завершаная, Чон У Чхі робіць выбар: ён адважыўся на адчайны рывок у сваю п’яную, загульную Поўнач, дзе ні мазгоў, ні справаздачы, толькі цьмяныя агні паўстанкаў і тамбур з бляшаным вядром, у якім гіганцкай атрутнай жамчужынай пераліваецца каламутная вада, закалыхваючы млявыя шыцікі недапалкаў. Так-так, ён нарэшце знайшоў сілы на мэнтальную адысэю ў хрыбеціну кволага арганізму, на даваньне нырца ў найцудоўнейшую дрыгву — углыб, насустрач даўняй традыцыі запіваньня ўсяго танным партвэйнам, напярэймы мудрай завядзёнцы баўленьня вольных аўторкаў перад абязвочаным тэлевізарам, на добраахвотнае далучэньне да крыклівых чэргаў па старасьць, на прыход у кватэры, дзе кішма-кішыць пляменнікамі-неданоскамі, пагадзіўся
на ПМЖ да чыгунавых мядзьведзяў і правадыроў у дзяцінстве, на сталае вяртаньне да засіленых на бальконных вяроўках жаночых вабнотаў і зашчэмленага ў парэпаных дзьвярах камунальнай кухні горача любімага манаршага пальчыка.
Што трымае халат грузчыка крамы «Садавіна, гародніна» ў жыцьці? Што надае яму моцы быць абшморганым, бяз колеру й формы, кавалкам тканіны, калі ў цемры ён вісіць на дзюралевым кручку ў заканурку падсобкі, сярод запаскуджаных скрыняў, хаваючы ў кішэні ўдала скрадзеную і пасьпяхова забытую жменю бочкавых агуркоў бірузовага колеру? Яго грэе думка пра тое, што нараніцу грузчык, ледзьве стаўляючы ногі і харкаючы крывёю, вернецца на працу, і яму, халату, у чарговы раз пашчасьціць, прысмактаўшыся да нямытага карку, быць утаямнічаным, адным махам далучыць да свайго і так багатага архіву ўсе тыя чвэрць-урыўкавыя трэць-мультфільмы пра паўучорашнюю недапапойку.
I не забудзьцеся на адпрыродны аптымізм і рацыянальны склад характару нашых бочкавых агуркоў.