Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
Дык вось, я назіраў, як «стратэг» стаяў і чакаў уласнай сьмерці пад ялінай у зімовым парку. Я ўявіў, як заўтра раніцою нехта зьмеціць мужыка: прыедзе патрульны «жыгуль», зьбяруцца разявакі, падыдуць пахмурныя санітары ў кажушках паверх белых халатаў, і здубелы труп нарэшце адвязуць
у морг. I прынамсі да абеду, пакуль нехта з сваякоў мужыка не пачне мэтаскіравана абзвоньваць моргі або калі міліцыя сама не адшукае сваякоў паводле дакумэнтаў, знойдзеных у кішэнях, гэта будзе яшчэ адной дзяжурнай, нічыйнай сьмерцю. Аднак ён, «стратэг», сябе не шкадаваў. He магу сказаць, што ён ня жаліўся, але рабіў тое надта ж дзіўна: бязгучна скардзіўся, што ў будучыні застанецца бязь цела ды што гэтак, памёрлым, ня здолее пільнавацца сваіх, старанна пешчаных, плянаў. Неяк карысьліва, не па-людзку ён тое рабіў.
Я падышоў да мужыка і пачаў тармасіць яго. Сп’яну, асавелы, яшчэ не разумеючы, што да чаго, мужык падняўся з мукамі, хістаючыся, прайшоў крокаў дзесяць і абаперся ілбом аб ліхтарню. Праз колькі хвілінаў ён сёе-тое скеміў, а ягоны твар нават аквеціўся шчырай усьмешкай. Нетрывалай рукой паляпаў мяне па плячы, галёкнуў нешта няўцямнае, і яго вочы затуманіліся ад асэнсаваньня таго, што ён толькі што нарадзіўся другім разам.
Мужык быў нямко. Зь ягоных невыразных пакутаў я ўцяміў, што жыве ён у нейкім новым, пра які я ніколі ня чуў, раёне, і што яму трэба сесьці на аўтобус ля станцыі мэтро «Усход». Я падахвоціўся правесьці яго, і мы ішлі як беглі. Яшчэ не зусім цьвярозы, ён, відаць, усё ж добра ўсьведамляў, якой страшнай сьмерці пад ялінай толькі што ўнікнуў. Усьмешка шчасьлівага ўратаваньня не пакідала BroHara твару. Ён дыхаў на поўныя грудзі, і ўсё жыцьцё было перад ім. Круціў яшчэ млявай шыяй, He­rnia мычэў, раскідваў рукамі, жвава штосыці апавядаў. Відавочна, яго «наіўны» прачнуўся і ўвабраўся ў моц, тым часам як «стратэг» шкандыбаў недзе ззаду, а можа, нават выпарыўся ды зьнік — прынамсі, я болып не адчуваў ягоных злавесных флюідаў і
забыўся наяго. Подбегам мы мінулі «Маскоўскую», дзе я жыву, ды сталі імкліва набліжацца да станцыі мэтро «Ўсход».
На прыпынку зьбірала пасажыраў маршрутка (вось яшчэ наватвор, які я не палюбляю). Цела па-ранейшаму ня слухалася нямка: ён і стаяць роўна ня мог. На мігах растлумачыў мне, што ў яго праязны і што зараз ён не паедзе. Разумееце, ён хацеў дачакацца аўтобуса, каб ня траціцца на маршрутку. Мяне тое страшэнна раззлавала. Ёлы-палы, ты толькі што цудам пазьбег сьмерці! Выдатна ж ведаеш! Усё яшчэ нецьвярозы — ідзі знай, што з табою можа прылучыцца: мабыць, ізноў засьнеш у сьнезе. Дык як тут грошай шкадаваць? Я зрабіў абагульненьне пра ўвесь гэткі мэнталітэт, потым падумаў яшчэ нешта, пасьля сказаў: «Халера!» — ды не пасьпеў далёка сягнуць са сваімі высновамі і праклёнамі, бо над даляглядам узышло паўночнае сонца.
Гэта было менавіта сонца, а ня месяц, хіба толькі невялікае, мэтраў дзьвесьце ў папярэчніку. Колеру кававага лікёру, мо крыху сьвятлейшае, ня дужа так высока над зямлёю, упоравень з шматпавярховікамі, яно нясьпешна плыло да мікрараёну «Ўсход». Мужчыны — а ўсе людзі на прыпынках ператварыліся ў мужчынаў працаздольнага веку — умомант перакіравалі ў бок сонца імгненна загарэлыя цьмяна-залацістым загарам ілбы. He раўнуючы сланечнікі, начныя сланечнікі. Хіба мне падалося, але строгія абрысы такіх нашых, нямецкіх, машынаў дзевяностых, што стаялі на вуліцы, распухлі, азызьлі і перакінуліся ў экзатычныя, валюхавата-вальяжныя формы амэрыканскіх бандураў шасьцідзясятых. У шыбах дамоў люстраваліся маціцова-нежывыя зайчыкі.
Крыху пазьней, амаль кранаючы дахі, сонца ўжо плыло па-над шматпавярховікамі ўздоўж праспэкту, адбіваючыся на іх сьценах з гіганцкімі мазаікамі. Я зірнуў на мазаічнага Скарыну: пад сонцам у яго золатам заблішчэлі пальцы — тонкія, доўгія, немужчынскія. А ягоны твар, таксама выкладзены каляровымі каменьчыкамі, хуценька-хуценька, нібы тэкст на вакзальным таблё, ператкаўся ў новае аблічча, і я ўбачыў, што гэта ўжо не Скарына, а ўсемагутная ўладарка пустэльні багіня Сахмэт, гняўлівае вока бога Ра, на галаве якой скруцілася зьмяя. Жняя са снапом не адставала ад першадрукара і ўвачавідкі ператварылася ў напалову мужчыну, напалову шакала — судзьдзю царства памерлых. Мазаічныя навукоўцы ў белых халатах, рабочыя, лясныя браты ў папахах з жычкамі наўскасяк і стылізаваныя буслы — усе яны, як на ўзмах чароўнае палачкі, пераўвасобіліся ў агідных бостваў Сынайскай пустэльні. Змучаная партызанская мадонна надзела пунсовую карону Ніжняга Эгіпту і зрабілася багіняй вайны, Нэйт. На яе руках вышчараўся кінжальнымі ненаеднымі зубамі Сэбэк, бог-кракадзіл. Паўночнае сонца, страшнае, жудаснае, зьлітуйся з нас, нікчэмных, ня трэба ўраджаю, ня трэба даробку, толькі ня дай апекчыся тваімі навостранымі промнямі, ня дай да сьмерці нам заблукаць у полі крывавага жыта, яна мёртвых драздоў зьбірала ў кошык, накрывала абрусам, ня мела дзетак, ноччу сьніла акупацыю, ня еж нашых вачэй, пляменьнікі спрабавалі кантраляваць, хрэн угадалі — засякерыла ўсіх, адпусьці нас, паўночнае сонца, мама, схавай мяне ад ракеты простай наводкі па пад’езьдзе ці звычайнага, простага звычайнага нажа ля батарэі, пад шэрагам паштовых скрыняў, пад шолах спаленых газэтаў...
Сонца праплыло па-над салёнам «Фантазія», дасягнула «Эўрапейскага» і ля вялізнай шыльды «МАЗ», дзе праспэкт робіць круты паварот, зьнікла з вачэй. Стаяла такая вусьціш і гэтак ціснула жуда, што мінус на мінус даваў плюс.
Тэль-Авіў, лета 2006 году
II.	Аркестар вуліцы Мадрэгот
Апавяданьні для жанчынаў
Менскае каханьне Лі Гарві Освальда
Былая каханка забойцы амэрыканскага прэзыдэнта, не старая яшчэ жанчына, ужо пяць гадоў як жыве ў бруднай дзірцы Афакім ды працуе на лініі ўпакоўкі таматнага соку. Пасьля вячэрняй зьмены вяртаецца ў прасторную двухпакаёўку і, зьняўшы сланцы ў вітальні, босымі нагамі ступае на тонкі слой пяску, які за дзень наносіць нечаканы хамсын з пустэльні. Улетку шыбы на вокнах — поўная недарэчнасьць, але ж, бачыш, здараюцца неспадзеўкі. На ступаку костачка ля адзінца вытыркаецца шостым пальцам.
Засынае перад брунатным экранам з пультам у руцэ, так і не пасьпеўшы падключыць расейскія тытры. На экране, узброены, шчыруе містэр Дабро. Ён аўтаматычна залічвае да бэдгайз усіх істотаў, што трапляюцца па дарозе. Памылка выключаная, бо спатканцы і сустрэчнікі — брыдкія прыхадні, якія маюць зялёныя тулавы і шэсьць пальцаў на нагах. 3 ваннага пакою ў варыўню цягнецца ланцуг сьлядоў самотнага прыхадня.
Уранку жанчына не ідзе на работу, а завітвае ў паліклініку. Дзёрзкі ход для таго, хто працуе за пагадзінную аплату. Грошы, якіх на ўсё, дзякуй Богу, хапае, а на астатняе бракуе.
Найлітасьцівейшая доктар Шапіра ўжо даўно не выпісвае лекаў. О дабраславёная эміграцыя, у якой хворы выздараўлівае, а здаровы здаравее! Доктар добра ведае, што хворым не патрэбныя лекі, бо іхная адзіная хвароба — невылечная прага сьвятаў. Заснуўшы ў аўтобусе па дарозе на ад-
вечную працу, гэтыя людзі сьняць, як яны едуць у аўтобусе на адвечную працу, а там і паведамляюць: «Аўтобус далей не ідзе. Калі ласка, вяртайцеся дадому — вашую фабрыку сёньня ўночы ўзарвалі эскімоскія сэпаратысты».
Адзінае, што прапануе найлітайсьцівейшая доктар Шапіра, — гэта бальнічны ліст. Таму нічога дзіўнага ў дыялёгу жанчыны з доктарам няма.
— Доктар Шапіра! Дзень добры!
— Два дні.
— He, доктар, вы не разумееце...
— Чатыры.
— Я сапраўды хворая.
— Пяць. Больш даць не змагу. Прыходзьце, калі яны скончацца, — паспрабую нешта для вас зрабіць.
Пустыя вачніцы доктара Шапіра ў аздобе бранябойных акуляраў скіраваныя ў акно, тым часам як рука робіць звыклыя піруэты на мэдычным блянку. Глыбока пасаджаныя вочы заўсёды невідушча лашчаць бэз, які буяе на другім баку невялічкага пляца.
На бяду просьбітаў, а часам на іх шчасьце, дух доктара Шапіра лунае на недасяжных піках цьвярозых рашэньняў. Тут, на зямлі, адно яе абалонка. Таму фразы «Выпішыце мне анальгіну», «Які ж вы, на халеру, доктар, доктар Шапіра?» заўсёды захрасаюць у бахматых чорных брывах доктара Шапіра і аніяк не трапляюць да ейнай сьвядомасьці. Аднак жанчына — жанчына дабітная, мянчучка (вы ж знаеце менчукоў); яна цудоўна ведае, што і як сказаць, каб спусьціць доктара на альпійскія лугі ўвагі або нават на раўніну спагады.
— Разумееце, доктар, рэч у тым, што я лятаю.
Сын жыве асобна, займаецца творчасьцю і самакалупаньнямі. Самакалупаньні спрыяюць творчасьці. Яны размаўляюць толькі па тэлефоне. Яго цікавяць калярытныя людзі, незвычайныя падзеі, непадумныя супадзеньні і гульня словаў. Складае песенькі, занатоўвае розныя нестандартныя гісторыі. Усё гэта ён захоўвае ў файле skarbonka.doc.
— Разумееце, ня ў сьне ці трызьненьні, не якая там псыхалягічная мэтафара палёту, а напраўду: калі вецер у твар, гарадзкія агні партызанскімі вогнішчамі, зямля падручнікам геамэтрыі. Разумееце, лятаю. На-сам-рэч.
Гісторыя з сынавага файлу. «Інтэлігентная жанчына, былая дацэнтка з Кіева, робіць прыбіральшчыцай у гандлёвым цэнтры. Па просьбе свайго сына сыходзіць раней з працы і едзе ў Тэль-Авіўскі ўнівэрсытэт, каб дапамагчы яму здаць пісьмовы экзамэн па фізыцы. Схема простая: атрымаўшы заданьне, хлопец просіцца ў прыбіральню. Прасоўвае аркуш з заданьнем па падлозе ў сумежную кабінку, дзе павінная знаходзіцца маці. Ля ўваходу ў прыбіральню стаіць правяраючы, таму былая дацэнтка мусіць загадзя зашыцца ў кабінцы і сядзець там невылазна ўсе тры гадзіны, адведзеныя на экзамэн. За сорак хвілінаў да заканчэньня экзамэну хлопец паўторна просіцца нібыта справіць пільніцу, ізноў заходзіць у тую самую кабінку, і маці перадае яму ўжо зробленае заданьне. Хлопец вяртаецца ў аўдыторыю і перапісвае тое на чыставік.
Гэта ў ідэале, але фактычна адбываецца наступнае. Атрымаўшы ад сына заданьне экзамэну і сеўшы на вечка ўнітазу, былая дацэнтка з жахам заўважае, што асадка ня піша. Ведае, што ў туалетах вісяць журналы дзяжурстваў, дзе павінныя расьпісвацца прыбіральшчыцы. Запэўніўшыся, што ля рукамыйніцаў нікога няма, былая дацэнтка, азіраючыся, як драпежны зьвярок, выбягае з кабінкі і пачынае похапкава шукаць той журнал з асадкай. He знайшоўшы яго (пэўна, журнал у жаночай прыбіральні), мусіць хутка вярнуцца ў кабінку: нехта тузае дзьвярную клямку.