Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
Калі ўжо куды ісьці ў адных плаўках бяз пашпарту ў чужой краіне, дык гэта ў беларускае консульства.
— А-а, — кажа супрацоўніца консульства, — нелегальны рабочы! Вас абчысьцілі вашыя нелегальныя працадаўцы? Нелегал?
— He, — кажу, — легал.
I так два разы кажу: «Не, легал. He, легал». Каб было зразумела, што я сапраўдны легал.
— А-а, — кажа, — усё з вамі ясна, нелегал, нелегал! Якім, — кажа, — бізнэсам прамышлялі?
— Бананамі, — кажу.
— А-а, — кажа, — бананы! Бананы — гэта рынкі Тэль-Авіву, Хайфы?
— He, — кажу, — бананы — гэта Камароўка і Ждановічы.
— He дурыце мне галавы, — кажа, — паедзеце на радзіму за кошт радзімы.
Лепш за ўсё ехаць на радзіму за кошт радзімы. Калі ўжо куды ехаць на радзіму — дык гэта ў Беларусь. Беларусь — гэта...
Швайцарскі футбол
Алег Блахін, трэнэр зборнае Ўкраіны, за некалькі хвілінаў да сэрыі пасьляматчавых пэнальці, на якіх павінна было вырашыцца, ці выйдзе ягоная каманда ў чвэрцьфінал, у час, калі памочнікі мітусіліся вакол футбалістаў асноўнага складу з нататнічкамі, а запасныя гульцы нэрвова нішчылі пазногці, нечакана пакінуў трэнэрскае крэсла і спусьціўся ў распранальню пад трыбунамі.
У манастырскай цішы распранальні было халаднавата. Ен накінуў камзол, зьняў абрыдлыя «адыдасы», насунуў батфорты, што стаялі ў куце, з барнага століка ўзяў бутэльку к’янці, наліў сабе поўны келіх і сеў за дубовае бюро. Абмакнуў гусінае пяро ў чарніліцу і вывеў на па-шляхетнаму жаўтаватым аркушы: «Трактат аб швайцарскім футболе».
Пасьля абавязковых у такіх выпадках рэвэрансаў у бок кіраўніцтва ФІФА і ўкраінскага імпэратара ён коратка апавёў пра асноўныя вяхі швайцарскай гісторыі, засяродзіўшыся трохі даўжэй на дваццатым стагодзьдзі. У прыватнасьці, ён як найлепш выказаўся пра швайцарскі нэўтралітэт і падкрэсьліў выключную ролю Швайцарыі ў стварэньні міжнароднага Таварыства Чырвонага Крыжа. Потым правёў трыдыцыйную паралель паміж футболам і жыцьцём і нарэшце дабраўся да сутнасьці трактату. «У швайцарскага футболу, — пісаў Алег Блахін, — як, дарэчы, і ў швайцарскага хакею,— ёсьць адна праблема. Гэта іх поўная, татальная беспэрспэктыўнасьць».
«Як мы ведаем, — працягваў уладальнік «Залатой Буцы», — за радасьцю перамогі ідзе расчараваньне паразы, і футбольнае жыцьцё — бясконцае іх чаргаваньне. I гэта датычыць усіх бяз вынятку камандаў. Розьніца толькі ў тым, — дадала супэрзорка сусьветнага футболу, — што калі некаторым зборным падчас сьветлай паласы нерамогаў дзякуючы якасьцям, якія выпрацоўваліся іхнімі нацыя.мі стагодзьдзямі, можа пашчасьціць заняць у чарговым турніры высокае месца, дык іншым, гэтаксама «дзякуючы» іх нацыянальным адметнасьцям, нават пры ўсіх усьмешках фартуны — ані блізка. Таму бразыльская нязмушанасьць, нямецкая зладжанасьць або ўкраінская ўпартасьць маюць усе шанцы (пры памысным зьбегу абставінаў, зразумела) занесьці зборныя гэтых краінаў на грэбень посьпеху. А вось швайцарская бесстароннасьць, швайцарская пунктуальнасьць, да жалю, — ня тыя рысы, якія патрэбныя ў змаганьні за мяч. I таму швайцарская зборная ніколі, нават у спрыяльны для сябе час, ня здолее ўзьняцца на вяршыню футбольнага алімпу. Швайцарскім зборным будучыні наканавана біцца сваёй зусім не дурной галавой аб сьцяну, толькі зрэдчас бачачы аблудны цень надзеі ў выглядзе асобных перамогаў у адборачных гульнях».
«Аднак, варта зазначыць, — выводзіў уладальнік Кубку кубкаў і Супэркубку, — што Швайцарыя, якая ў іншых галінах мае багаты досьвед захаваньня нэўтралітэту і бесстароннасьці, магла б напоўніцу выкарыстаць гэты патэнцыял і стаць злучальным мастком паміж супернікамі і ў футболе. Трэба, — а ў выбітнага кіеўца не было на гэты конт ані крыхотнага сумневу, — ведаць сваю нішу і валодаць яе перавагамі».
Далей Алег Блахін далікатна прапанаваў швайцарскаму каралю адмовіцца ад удзелу ў чэмпіянатах і іншых турнірах ды перакваліфікаваць усіх бяз вынятку швайцарскіх футбалістаў у футбольных судзьдзяў. «I менавіта ў гэтым рамястве будуць запатрабаваныя пералічаныя вышэй якасьці швайцарскай нацыі, — натхнёна пісаў сяміразовы чэмпіён СССР. — I менавіта на гэтым шляху яе чакае сусьветнае прызнаньне. Зь цягам часу ўвесь сьвет адмовіцца ад паслуг арбітраў — прадстаўнікоў іншых краінаў ды пяройдзе на швайцарскіх, і швайцарскі судзьдзя будзе цаніцца гэтаксама высока, як швайцарскі гадзіньнік або швайцарскі складанчык».
Блахін не абмінуў увагай і недахопаў намаляванай ім пэрспэктывы. Ён зазначыў, што швайцарцы, выконваючы абавязкі выключна судзьдзёвыя, вядома, будуць пазбаўленыя шанцу паспытаць смаку перамогі. «Але зь іншага боку, яны ніколі не зазнаюць паразы», — адзначыў былы форвард кіеўскага «Дынама». У дадатак, зноў жа дзякуючы высокаму, падмацаванаму генэтыкай, прафэсіяналізму, швайцарскія судзьдзі здолеюць заваяваць сымпатыю ды пашану мільёна футбольных заўзятараў па ўсім сьвеце. Прыплюсуем да гэтага акрыляльнае адчуваньне абранасьці, калі ты судзіш учынкі іншых. «У разумных межах эўрапейскага лібэралізму, вядома», — дадаў найлепшы бамбардзір у гісторыі савецкага футболу.
Са столі пасыпаўся пабел, а з трыбунаў наверсе данеслася кананада саракатысячнага натоўпу. Відаць, нехта рэалізаваў пэнальці. Блахін заплюшчыў вочы. Уявіў стадыён футбольнай школы Цюрыху, дзе сотні маленькіх хлопчыкаў у чор-
ных майках адпрацоўваюць прызначэньне адзінаццацімэтровага ўдару ды на-над пляцоўкай стаіць мерны погуд дзясяткаў арбітарскіх сьвісткоў.
Блахін расплюшчыў вочы і завяршыў трактат рытарычным пытаньнем: «Нашто марнець — быць дзясятымі, дваццатымі ў лізе сусьветнай, калі ў сваёй, уласнастворанай лізе судзьдзяў можна зрабіцца багамі... альпійскімі багамі?»
Дапісаўшы апошняе слова свайго трыццацістаронкавага трактату, Блахін паклаў пяро на адмысловы беражок бурштынавага прэс-пап’е і зноўку заплюшчыў вочы. Раптам у распранальню ўварваўся змакрэлы, у жоўта-блакітным касьцюме памочнік галоўнага трэнэра. Ён сьпехам насоўваў белы, шчодра абсыпаны пудрай, парык. Усё ж абмінуўшы абавязковы ў такіх выпадках кніксэн, памочнік узрушана загарлаў:
— Васпан! Бацька Блахін! Віват! Бітва пад Кёльнам скончылася перамогай! Яны не забілі ніводнага пэнальці!
Падкоўкі на батфортах Блахіна пераможна цокнулі.
Mana
Nasci in Oriente Domo'.
Кібуц наш Гіват-Шмоцкін, кібуц без пэрспэкт... без рэспэкт... без праспэкт... без шкарпэкт... бяз посьпех... тыўны, іншымі словамі, няма тут чаго рабіць маладому пакаленьню.
«У кібуцы працаваць ніхто ня хоча. На апэльсінавых плянтацыях завіхаюцца адно залатазубыя румыны і смуглявыя філіпінцы. Каму ж прыемна выйсьці з кібуцнага басэйну ды зьветрыць пах конскіх фэкаліяў? Тут дзіч і пустка. Вось усе і паўцякалі ў Тэль-Авіў. Там цывілізацыя. Эўропа, мала не. Так, пан Пілсудзкі меў рацыю».
Гэта была цытата. Таму напісаная без памылак. Цытата належыць старому Хаіму, уладальніку кібуцнага шапіка, бізнэсоўцу. Яму 96 гадоў. Хаім прадае цыгарэты і шакаляд. Ен пачынаў свой гандаль вельмі даўно ў Польшчы, але прыйшоў вусаты пан з Захаду і ня даў Хаіму і іншым габрэям спакойна займацца бізнэсам. Менавіта тады Хаім пераехаў у кібуц. Пан Пілсудзкі — ягоны герой.
«Таварыш Ленін такога паскудзтва ніколі б не дазволіў! Зьленаваліся дазваньня. Усе ўцякаюць у горад. А трэба ж на зямлі працаваць. Бардак тут у нас, у Ізраілі! Такую вялікую краіну развальваюць! Пралетарыі ўсіх краін, будзьце ж вы людзьмі!»
Гэта таксама цытата. Яна належыць старой Цыпі, заснавальніцы нашага кібуца, камуністцы. Ёй 101 год. Жыцьцяпіс Цыпі просты: яназаймала-
Нарадзіцца ў доме сонца, якое ўзыходзіць (лац.).
ся заснаваньнем кібуцаў. Сьпярша ў Расеі. Потым, калі на замену таварышу Леніну прыйшоў нейкі ўсходні таварыш з вусамі і ня даў дабудаваць Цыпі праўдзівы камунізм, тая паехала засноўваць кібуц у Ізраілі. Ейны герой — таварыш Ленін. Старая Цыпі кажа многа цытат. Таму дазволю сабе падаць яшчэ адну:
«Калі б нашай краінай кіравалі былыя дырэктары кібуцаў, а не адстаўныя генэралы, у ёй было б значна больш парадку».
Хаім ды Цыпі непрыязна ставяцца адно да аднаго, таму бавяць большасьць часу разам. Непрыязнасьць вынікае з сутыкненьня надта ўжо адрозных мэнтальнасьцяў. Цыпі з Расеі, з Касьцюковічаў. А стары Хаім з Пружанаў (Польшча). Ёсьць такія эўрапейскія краіны ў Эўропе. Цыпі ды Хаім шмат апавядаюць мне пра тую Эўропу, пра гарады свайго дзяцінства. Вось Пружаны — вялікі мэгаполіс, значна большы і прыгажэйшы за Варшаву. А ў Касьцюковічы, кажа Цыпі, таварыш Ленін нават хацеў перанесьці сталіцу зь Петраграду. Але замест таго каб паехаць зь Петраграда ў Касьцюковічы напрасткі, таварыш Ленін наказаў машыністу: «Мы паедзем іншым пуцём, каб абдурыць царскіх жандараў». Машыніст той завёз таварыша Леніна ў расейскую глубінку, у Маскву. Ужо з Масквы да Касьцюковічаў забракавала вугольля на топку, таму пастаноўлена было застацца ў Маскве ды пакінуць сталіцу там.
Як да мяне — дык я люблю свой кібуц. I Хаіма з Цыпі я люблю. I нікуды ўцякаць не зьбіраюся. Тут такая прырода, да таго ж, падключыцца да Інтэрнэту (восеньскія зьніжкі — усяго 99 шэкеляў!) можна і ў нашым кібуцы. Нашто ж тады ў горад? Аднак я заўважаю са смуткам, што моладзь усё адно не за-
стаецца ў кібуцы. Чаму такая беспрасьвеціца? Як жа было б добра, каб нашыя хлопцы і дзяўчаты не зьяжджалі у Тэль-Авіў ці куды далей! О, як я хацеў бы нарадзіцца ў такім краі, дзе моладзь зусім-зусім не жадала б, як яна жадае ў нас, сабе такога жыцьця, у якім графа «месца нараджэньня» ў іншаземным пашпарце сталася б адным і адзіным напамінам пра той край! Дзе ж яна ёсьць, абяцаная зямля?..
Усё пачалося як заўжды — з дранікаў. А вы мае, недалёкаўсходнія! Вы ня ведаеце, што такое дранікі? Дранікі — гэта такія катлеты, пры гатаваньні якіх не было забіта ніводнай жывёліны.
— Бо не змаглі дагнаць кароў, — кажа Хаім.
Цытата зь легенды пра вынаходзтва дранікаў, распаведзеная Хаімам IL:
«Аднойчы пан Пілсудзкі, перабываючы ў Пружанах, захацеў есьці і гжэчна так зароў: «Катлетаў жадаю, жадаю катлетаў!» Яго счулі каровы — і ўсе паўцякалі ў варшаўскі заапарк. Бегам марш, абы ня ў фарш, як той казаў. Зірнуў пан Пілсудзкі туды. Зірнуў сюды. Няма кароў. А катлетаў — уга як хочацца. I мусіў ён тады перакруціць на фарш тое, што было пад рукой. А пад рукой, як і пад нагой, у Пружанах толькі бульба. Навінка спадабалася. Яе пан Пілсудскі назваў дранікамі, бо, доўга і дарэмна клікаючы кароў, падраў сабе ўсё горла».