Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
* * *
Шаша. Залітая промнямі, яна, нібы яшчэ цеплаватая, а колісь распаленая да беласьці магма, ліецца ў рупліва адведзеным ёй людзьмі пакручастым жарале паміж занебакрайнымі абшарамі палеткаў і, далей, паміж замглёнымі мурамі Сангонскіх гораў. Жнівеньскі вецер, прабіваючыся ў салён празь ледзьве прачыненае акно, абяцае няхуткую бязважкую сьмерць. Пра нябожчыкаў, уганараваных такой сьмерцю, не вагаючыся, кажуць: пайшоў
з жыцьця. Тэрасы, засаджаныя аліўкавымі садамі, прыступкамі зьбягаюць да горных ручаёў. На стромах прысадзістыя, прычасаныя ружай вятроў сосны хіляцца на ўсход, і менавіта гэтая скарлючанасьць робіць іх такімі прыязнымі і роднымі. A за зьмяшаным, ялова-эўкаліптавым лесам, што таперчыцца на горным узвышшы, магутнай, але зусім не драпежнай птушкай прыхавалася пакуль што няхуткая ноч.
Год таму, у першы дзень, калі Чон У Чхі вярнуўся на камуністычную Поўнач, быў такі самы прыемны надвячорак. Напрыканцы асмужанага сьпякотай і размытага зыркім сонцам дня абрысы гораў і палеткаў паступова набывалі строгую акрэсьленасьць, дый краявід за шыбай сьцяліўся прамаляваным да апошняй рыскі алейным пэйзажам.
Як і тады, Чон У Чхі ляціць па шашы, абапал якой вясёлымі лапікамі на панурых палетках стракацяць чырвоныя і блакітныя хусткі дзяўчат зь сельскагаспадарчых сацкаапэратываў. Сонца вось-вось схаваецца, накінутая паветру вільготнасьць, выпарыўшыся, саступіць месца доўгачаканай прадусе ды пухкай пасьлясыіёкавай празрыстасьці. Ён успомніў, як колісь наіўна меркаваў, што такой прырода і мусіць быць.
Першыя гады на Поўдні, куды ўцяклі Чон У Чхі з маткай, ён, ушчэнт змораны непамернай дзённай гарачынёй, чакаў такіх вечароў, калі вільготнасьць зьнікне і жаданая палёгка спусьціцца на стомлены твар. Аднак у Сэуле змрочыла, сутоньне ўвачавідкі гусьцела, распускаючы ў прасторы свае жалобныя бутоны, саркафаг ночы ўжо не пакідаў ані шчылінкі, а паветра хоць крыху і астывала, але вільгаць па-ранейшаму ліпла да скуры, ціснула на грудзі. А ён усё чакаў начной сьвежасьці — да
дзьвюх, да трох ночы, ня здольны даўмецца, чаму ж момант ісьціны ніяк не надыходзіць. I толькі з часам прыйшло разуменьне, што задуха і ёсьць праўдзівай сутнасьцю тутэйшай прыроды, яе дном.
Калі ўжо зь цяжкасьцю, у душы ўсё роўна не палюбіўшы, ён сяк-так прызвычаіўся да гэтай заўсёднай вільготнай гарачыні, аднойчы напрадвесьні, засмучаным ранкам, у галаве Чон У Чхі пстрыкнуў нейкі нябачны пераключальнік, запала клямка — і ён пачаў гідзіцца холаду, ды так, як толькі можа чалавек узьненавідзець золкія ночы і пранізьлівыя вятры, — сьлепа і лютасна. Зь цягам часу Чон У Чхі нават убачыў у холадзе праяву беспадстаўнай, скіраванай супроць яго асабіста зламыснасьці прыроды, навалу, якой у адказ трэба абвесьціць сьвятую вайну. Калі сярод яшчэ трывалай верасьнёўскай гарачыні ў Сэул выпадкова завітваў, не, нават ня сівер, а так — адвячоркавы ветрык, што ляцеў з Сангонскіх гор, каб неўзабаве расьцерушыцца на ашмоцьце ля ступакоў вялікага бацькі-акіяна, тая нянавісьць ляскала Чон У Чхі важкім штыром па галаве. I тады Чон У Чхі — за няпоўныя два гады ён канчаткова ператварыўся ў правадніка ўласнай апантанасьці — зь непрыхаванай шляхотнай гідлівасьцю ў жэстах зачыняў у доме ўсе вокны і ставіў на фаерку чайнік, замест вэнтылятара ўключаў сьпіралевы абагравальнік — балазе дастаў з антрэсоляў яшчэ трыццаць першага жніўня, — наліваў у фаянсавую конаўку балбатлівую ад гарачасьці гарбату, сядаў у скураны фатэль і захутваўся да шыі шорсткім пледам. А потым, булькочучы ад злараднасьці, сьцякаючы буйнымі, як арэх, кроплямі поту, абпальваючы паднябеньне гарбатным кіпнем, імпэтна круціў схаванымі пад плед рукамі заваконнаму халадку дуліны і факі.
Вось так, адным махам, ён разьлюбіў халоднае і цёплае надвор’е, а мог трываць толькі нейкае неакрэсьленае: ці то з сонцам, ці то з хмарамі, ці то з дажджом, ці то без, ці то калі ўгрэўна альбо, барані Божа, золка. Гэткія недапагодкі панавалі тыдні два на згоне сакавіка і вярталіся на такі самы тэрмін у сярэдзіне кастрычніка. Той парою Чон У Чхі — пасынак прыроды — выяжджаў за горад, каб пад канвоем самога сябе манатонным крокам адмерваць самотныя кілямэтры па акіянскім узьбярэжжы.
Нешта падобнае прылучылася ў яго і з тамтэйшай гароднінай. На ГІоўдні клімат быў лагаднейшы, і фэрмэрскія гаспадаркі працавалі эфэктыўней за сацкаапэратывы, ды фэрмэры зьбіралі не адзін ураджай на год, як на Поўначы, а два ці нават тры. Як вынік, гародніна ў крамах была заўсёды, але, на вялікі жаль, угноеныя найноўшай гадасьцю, паўднёвыя бульба, памідоры і гуркі ўяўлялі вадзяністыя змылкі бяз смаку й паху. Напачатку Чон У Чхі нават адмаўляўся іх есьці, уважаючы за лепшае дзень пры дні мадзець на рысавай локшыне. Яму здавалася, што вось настане жнівень, самы сэзон, і гародніна засмакуе як мае быць. Аднак жнівень надыходзіў, а памідоры і гуркі заставаліся такімі самымі — вадзяністымі і няўежнымі. Давялося прывыкнуць: пачаў завітваць у супэрмаркеты па гэтую дрэнь, хадзіў-торкаўся, бязладна курчачыся, як жаўнер, якому на полі бою толькі што адарвала галаву, ушчэнт адурэлы ад штодзённых нормаў нішчымнага рысу, вялікія дозы якога наганяюць на жыхароў гэтых шыротаў агульную млявасьць і абыякавасьць да жыцьця.
Колькі жыцьцядайнага забірае прыладкавацца? 50 адсоткаў? 85? 2? Колькі каштуе такое пры-
ладжваньне? Які кошт у гэтага заўсёднага быць іншым? Ды ці здольнае людзкое ўвогуле цярпець у сабе кагосьці чужога? Колькі яго самога не было там, на Поўдні, і як многа адсяклося ад таго, што засталося пасьля вяртаньня на Поўнач? Якой колькасьці душы аднаго паўночнакарэйца вымагае крыкнуць няшчырае «Няхай жыве Кім Чонг Іль!» і ў які кошт абыдзецца карпаратыўная ўсьмешка кшталту «ўсё ОК» супрацоўніку сэульскага офіса? 70 адсоткаў? 35?
Як аднойчы сказала яму матка: «Ты прыходзіш дадому, не запальваеш сьвятла, у вопратцы кулём валісься на ложак, і да раніцы ў цябе ёсьць час, каб зжыцца з тым, што кожны твой новы дзень станецца няроўным боем».
Але ён едзе ў Пхеньян — і гары ўсё гарам!_
2.	Конкурс кароткага апавяданьня.
Чон У Чхі прыгадаў, як трапіў у Пхеньян упершыню. Яму восем, яшчэ два гады да ўцёкаў на Поўдзень, ён — фіналіст конкурсу кароткага апавяданьня «Непадзельная Бацькаўшчына».
На камуністычнай Поўначы штогод ладзіліся два вялікія першынствы, у якіх бралі ўдзел усе без вынятку школьнікі: конкурс кароткага апавяданьня і конкурс малюнкаў на асфальце. Спачатку спаборніцтвы адбываліся ў школе, пасьля дзеці, што занялі прызавыя месцы, выпраўляліся на гарадзкі конкурс, потым — на павятовы і гэтак далей. Фінал праходзіў у сталіцы, Пхеньяне.
Існавала негалоснае правіла, што для конкурсу малюнкаў «Таварыш Кім Ір Сэн — Сонца рэвалюцыі» дзеці мусілі шчыраваць над тэмай узьяднаньня Карэі, а ў апавяданьнях на конкурс «Непадзельная Бацькаўшчына» — апісваць жыцьцёвы
шлях вялікага правадыра, таварыша Кім Ір Сэна (на той час ужо нябожчыка), і ягонага сына, цяперашняга кіраўніка краіны, таварыша Кім Чонг Іля.
Нягледзячы на абавязковы ўдзел у двух конкурсах, Чон У Чхі надумаў прыкласьці ўсе свае сілы менавіта ў апавяданьні. Яшчэ задоўга да першынстваў ён выявіў у кожным адметныя законы, правілы гульні, якіх дзеля перамогі і трэба трымацца. Ня тое што ён лічыў сябе таленавіцейшым у пісьменьніцтве, чым у мастацтве, — ягоныя літаратурныя амбіцыі зьявіліся пазьней, у маладосьці, — проста неяк адчуў, што ўцяміў законы напісаныія апавяданьня лепш.
У першым конкурсе няпісаныя правілы былі такія. Малюнак на асфальце павінен адлюстроўваць зьмены ў лініі кіраваньня краінай, той самай лініі, якая ўвесь час (не)заўважна выкрыўлялася і таму штодня вымагала пільнае ўвагі да сябе з боку кожнага шараговага грамадзяніна, і нават школьнага веку. На гэтым конкурсе перад карэянятамі ставілася задача: злавіўшы новыя павевы і зьветрыўшы апошнія подыхі, што ішлі з Дому Ўраду, увасобіць іх у сваім малюнку. Падзеі апошніх сутак у якасьці ўваходных зьвестак касяком нахрапістых галавасьцікаў заплывалі ў дзіцячы мозг. Там разьмерана, па-фабрычнаму пераўтвараліся ў ахайную катлетку выходнай прадукцыі і потым выгілёўваліся вонкі. Як правільнае разьвязаньне матэматычнай задачкі можа быць толькі адзіным, так і «катлеткі» ўсіх школьнікаў смакавалі аднолькава, нібыта ўфармаваныя ў галаве аднаго дзіцяці.
Малеча мусіла добра ўсьведамляць, якія падзеі варта адпрэчыць як нязначныя, другарадныя, а якія дэталі, намёртва зачапіўшыся за іх мэнтальнымі
жгуцікамі, падаць на малюнку. Да прыкладу, толькі ўначы адбыліся выпрабоўваньні айчыннай атамнай бомбы — а пра тое яшчэ не пасьпелі паведаміць ні газэты, ні радыё, — дык нараніцу ўсе дзеці, што прыйшлі на школьны падворак паўдзельнічаць у конкурсе, як адзін малявалі абрысы Карэйскай паўвыспы, над якой ляціць галубка міру. I калі б у тую хвілю нехта, а хоць гэтая самая галубка міру, лунаў па-над краінай, аблятаючы гарады і вёскі, дык ён, пэўна, моцна зьдзівіўся б ашаламляльнаму падабенству ўсіх конкурсных працаў: на малюнках ня толькі сюжэт, але і надпісы, палітра мала не супадалі. I барані Божа, каб хтосьці зь дзетак, так, са свавольства, на злосьць уласнай праніклівасьці, замест паўвыспы і птушкі накрэмзае першага карэйскага касманаўта або танк са сьцягам — да канца школьных дзён яго будуць грызьці кпіны аднаклясьнікаў.
Задума намаляваць той ці іншы сюжэт прыходзіла не адно ў выніку мэтаскіраванага пошуку навінаў. Часьцяком тое заносілася ў дзіцячы мозг мімаходзь, самохаць. Увечары перад сном, ухутанае ў коўдру, кожнае карэйскае малое нейкім сярэднім вухам, трэцім вокам, якімісьці нябачнымі порамі, не раўнуючы як прагна хапае ротам плывец паветра, усмоктвала пажадліва-прывіднае водгульле пхеньянскіх курантаў, што мікраскапічнымі малаточкамі грукаліся ва ўсе шчылінкі прасторы, апавядаючы такім чынам прыспаным школьнікам сюжэт іхнага будучага малюнка. Потым, у сьне, наструненымі вушкамі малеча лавіла сухое рыпеньне вайсковых ботаў заўсёды чуйных правадыроў, якое чорнымі кажанамі разьляталася ўсьцяж краіны — і ў дзіцячых галоўках малюнак набываў колер і аб’ёмны кшталт. I прыпячат-
валася, канчаткова ўфармоўвалася творчая задума абрыўкамі сьпехам задушаных бацькоўскіх размоваў за ранішняй гарбатай.