• Газеты, часопісы і г.д.
  • Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

    Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

    Павел Касцюкевіч

    Выдавец: Інстытут беларусістыкі
    Памер: 168с.
    Вільня 2008
    33.56 МБ
    — He раўнуючы як ты клеіш свае мадэлькі, сыне...
    Потым маці апавяла, як зладжана працавалі ўсе карэйцы, і як кожны майстраваў сваю частку.
    — Дарэчы, твой прапрапрапрапрадзед, сынок, склеіў компас...
    Урэшце карэйскія ваяры пры поўным рыштунку выправіліся на Кабуксоне ў Японію. Ваяры
    стаялі ля бартавых парэнчаў, годныя, дужыя, і папяровы Кабуксон трымаўся на вадзе насуперак усім законам прыроды. I калі імпэратарскі флёт, гэтыя жорсткія, як засоленая ялавічына, самураі, спрактыкаваныя адбіральнікі жыцьцяў, згледзелі нашых продкаў на караблі, адважных, поўных веры ў сваю перамогу, то вялікі страх апанаваў душы японцаў, і яны жвавенька далі драла.
    Далей матка зазначыла, што карэйцы напалохалі японцаў, але ня так, як можа настрашыць пагрозьлівы вораг, а зусім-зусім па-іншаму. Гэтаксама, як першасьвятароў страшыў зусім ня зладжаны крок рымскіх легіянэраў, а да панічнай дрыготкі даводзіў нязграбны ход басаногіх апосталаў.
    — Бо той, хто сёньня плыве на паперы, заўтра будзе хадзіць па вадзе. I гэта, сыне, няўхільна.
    Потым да Чон У Чхі часьцяком зьяўляўся гэты відзеж.
    Воднае бязьмежжа, гойданьне. Сярэднявечныя мараходы нетаропка пахаджваюць па палубе: халявы ботаў рыпяць, партупея шчыльна ўелася ў косьці, ператварылася ў косьці, арэхавыя прыклады «калашоў» прырасьлі да камлюкаватых патыліцаў, а зашмальцаваныя, колеру выпаленай зямлі кажухі хаваюць у сабе стальныя торсы, жылістыя шыі, чэпкія рукі, бяз права на памылку — раздушы японскую гадзіну. 3 палітонаў вытыркаюцца шурпатыя далоні, пальцы з бруднымі пазногцямі лічаць, як пацеркі, кубікі на паверхні «лімонак». 3-пад папахаў з чырвонымі стужкамі выбіваюцца выпаленыя чупрыны (колер — рыхтык салома), а ў кожным іх завітку хаваецца па сто варожых сьмерцяў.
    Калючы марскі вецер дзьме ў шэрыя абліччы мараходаў, прымушае стульваць васільковыя вочы, скура на тварах курчыцца, напаўзае на лоб, ды зьнізу агаляюцца чорныя ад цынгі ці ад адсутнасьці зубоў зубы — і на момант падаецца, што ваяры ўсьміхаюцца сонцу, якое яшчэ не ўзышло. А палуба, зробленая з далікатнай кітайскай паперы, прагінаецца пад іхнымі крокамі, пад іхнымі каванымі кірзачамі, але нямоцна, зусім трошкі, і адгукаецца прыемным — у-у, у-у! — сухім спружыністым рыпам. Трохкутны папяровы ветразь нясе іхны Карабель-Чарапаху ў бок магутнай імпэрыі, якой яны раней баяліся. I з папяровых бартоў Кабуксона сьцякае чорная вада Японскага мора.
    Яшчэ матка казала, што пад зямлёй няма ніякіх межаў, падзел на краіны штучны і мае на мэце заняць заўсёдную схільнасьць людзей да разбэшчанасьці. Што варта садраць гэты тонкі пласт прыкрай гісторыі, спрасаваную глебу культурнага слою са зьнявечанай зямной кулі, сьцягнуць сьмеху варты вынік намаганьняў пабудаваць замак на пяску, хату на лёдзе, дык воку адкрыецца ядро ісьціны, адзіная праўдзівая краіна на плянэце.
    Потым матка, вядома, рабіла абгрунтаваньне гэтым псэўданавуковым развагам. Сьпярша задавала рытарычнае пытаньне: «Як Зямля, маці-прырода, можа так доўга трываць на сваім абліччы такую агідную сабе істоту, як Японія? Як пагаджаецца на яе гнюсотнае існаваньне, калі на даляглядзе будучыні не відаць ані аблачынкі, што зьвеставала б яе хуткі распад?»
    I вокамгненна, без усякай паўзы, сама ж адказвала на яго: «Адказ, сыне, просты (тут матчыны вочы пачыналі трыюмфальна блішчэць): ніякай Японіі няма ўвогуле, не існуе. Кілямэтар-два
    шалупіны людзкой марнасьці і ўсё — вырачаны на скон лапік зямлі.
    — I ты хочаш, — працягвала матка, — каб твая дзяржава існавала давеку, а дзе ж гэта мая торба, інакш нашто гэтыя высілкі, забылася, ці купляла бурак, нашто гэтая непад’ёмная справа ўсяго жыцьця, што заўчасна заганяе ў магілу болывую частку гвардыі чалавецтва, нядоўга трымаўся юнак на дапросе, а што ён зрабіць мог — куля-show у пераносьсе, бо рубяжы мяняюцца: навалы ордаў, баю-бай, вачаняты вырывай, і заняпад імпэрыяў, сшытак для работ па горадзе Мінску, і шчыльнасьць насельніцтва, Волечка, а ковдра — это одеяло? I ніхто-ніхто не гарантуе, што твая краіна ня зьнікне, вельмі асьцярожна дзьверы зачыняюцца, і напаміну пра яе ня будзе, як не было зусім, што мова не застанецца паўвыразнымі дробнымі трохкутнічкамі на заімшэлых камянях.
    Напалохаўшы дазваньня, закрануўшы і напяўшы ўсе струны ў душы сына, выпрастаўшы да звонкай роўнасьці ягоныя зьвіліны, яна адным махам рубіла суплёт, давала бліскучае разьвязаньне гэтаму клубку зацягнутых у тугі вузельчык сэнсаў і бяссэнсіцаў. Рабіла сыіярша паўзу, потым уважліва глядзела сваім ўлюбёным пранізьлівым позіркам, на донцы якога плёхкалася вар’яцтва чыстай вады, і, па-анатамічнаму разьбіраючы сказы на словы, казала:
    — I гэтаму, сыне, сапраўды няма разьвязаньня. За адным-адзінюткім выняткам — калі ты служыш адзінай Падземнай Дзяржаве. Бо там, у цёплай наздраватасьці зямлі, Ён, — тут маці паказвала на столь, — даўно парупіўся і ў глыбінях нарадзіў адзіную, непарушную, усярэдзіне стоеную краіну — Нутраны Сэул. Дзе леў цалуе львіцу
    ў хвост, вол пасьвіцца казлом, а арол дзяўбе сабе лапы ў далінах, што сьцякаюць лакам і ёдам.
    Усе гэтыя развагі прыпячатваліся шматвекавым імпэратывам, салодкай аксіёмай: «Бо як ні шалелі вятры гісторыі, карэйцы — самыя разумныя людзі ў сьвеце».
    Пасьля гэтага неаднойчы чутага шалёнага маналёгу, да бляску адпаліраванага трызненьня, у Чон У Чхі штораз зьяўлялася думка, што ў месцы, якое на Поўначы называюць «на сподзе душы», а на Поўдні — «глыбока ў сэрцы», у маткі заўсёды скраблася прыязнасьць да камуністычных парадкаў. Проста яе балесна параніла чырвоная зорка, якая ўсімі сваімі пяцьцю рожкамі бесцырымонна прарасла ў тутэйшым кутку Азіі. I каб ня тая жахлівая высылка, думаў Чон У Чхі, дык матка засталася б найвярнейшай яе прыхільніцай. Бо камунізм той быў
    Яслодычная цыкута хатняга разьліву, надзейная труна мясцовага скалоту,
    Ккапец са смакам чорнага хлеба, дабротнае чучала роднага таты, —
    словам, ён так нагадваў іншыя непадробныя, карэньне якіх гублялася ў смузе стагодзьдзяў, раблёнкі свайчакоў, ды пры ўсёй сваёй навізьне ўяўляў такую спаконвечную няшыну, такое змалку ўзвычаенае купляйцекарэйскае, што адным духам далучаўся да пучка абсалютных праўдаў. I ўсе яго крывавыя зазоры аўтаматам дасталі ад маткі давечную індульгенцыю.
    Бо з Радзімай яе лучыла непарыўная повязь. Гэтая лучнасьць зьявілася аднойчы ці то пасьля выпадку, ці то пасьля сну — матка і сама не Mar-
    ла дакладна сказаць, як яно здарылася, калі ціхім ранкам яна, яшчэ школьніца, вясковая дзяўчынка, прачнулася ад невядомага нутранога голасу. Голас загадваў падацца на фэрму. Упоцемку ўзьнялася з рыпучага ложка і падалася да кароўніка. Наўкола ўсё поўнілася чароўным зіхценьнем. Дзіўна: ноч, але памяшканьне фэрмы стаіць асьветленае напоўніцу, мо забыліся зьвечара сьвятло патушыць. Усярэдзіне, як кінуць вокам, распасьцерлася бітонавае поле. Але ў паветры было нешта такое, што не хацела стаяць-ляжаць-сядзець, — як бы казала, гэй, ня сьпі, тут для цябе прыемная неспадзяванка, сьвяточны прэзэнт, кірмаш душы. Кожны цынкавы бітон, важны красун, нібыта зьзяў словамі: адчыні мяне! I нешта ледзьве пагойдвала, варушыла бітоны. Дзяўчынка ішла і адчыняла вечкі. А ўнутры, на маціцовым экране, акрамя зыркіх лямпачак і адлюстраваньня не да канца адкінутага вечка, адбіваецца кавалак вячыстай нівы. Выгляд малака вабіў і раздражняў адначасова, прымушаў працягваць далей: нібыта малако было з гэтым таямнічым Нешта заадно, запрашаючы гуляць у свае цьмяныя гульні далей. I ўрэшце яе мала не гадзінныя высілкі былі ўзнагароджаныя: у амаль апошнім бітоне па-каралеўску нетаропка гайдаючыся, сплываючы бялёсымі разводамі, зіхцеў бурштынавы мёд. Усе думкі, што мела яна датуль, быццам прысаромленыя, — цвэк! — самасьцерліся, і ў галаве запанаваў новы парадак. Дзе асьветленыя пакоі, высокія столі, чорны акасаміт парцьераў, утульнасьць непафарбаванай вагонкі і сымэтрыя, сымэтрыя — прыхаваная, але строгая і няўхільная. I, стоячы нерухома, але не здранцьвеўшы, а, наадварот, напоўніўшыся па ўсім целе струмянямі бадзёрасьці, і ад таго крыху муляючыся на месцы,
    неўпрыкмет, аднак не атрымаўшы дазволу ад новага гаспадара яе цела на сур’ёзны зрух, аслупянелая, глядзела яна і глядзела на тое чараўніцтва, ня ў стане спасьцігнуць гэтую мэтамарфозу, ня маючы сілаў нават спраўдзіць насланьнё — тыцнуць у вадкае золата пальцам.
    3 тае ночы ў ёй зьмянілася ўсё чыста. Таямніцы сьветабудовы больш не турбавалі яе, не вярэдзілі сьвядомасьці, бо яна ведала, што ведае іх. Стуль яна ніколі не спрабавала высьветліць, што хаваецца там, за паваротам: веды пра тое ўжо ляжалі ў ёй, навюткія, няношаныя, як сукні на пасаг у куфэрку векавухі.
    Гэта Мёд Бацькаўшчыны нябачнай рукой кіраваў ёю, напаўголасу адказваў на ўсе пытаньні, старанна накіроўваў па шапоткіх тунэлях штодзённасьці, атуляў цягучай дрымотнай казкай, запаўняў усе парожніны быцьця. Прылеплены да пачуцьцяў, згладжваючы ўсе прыступы злосьці і ўсе праявы любові ды размываючы вобразы каханых і ненавісных, порстка заліваўся ў мазгавыя столкі. Хоць пачуцьцё віны, самае надакучлівае з чалавечых пачуцьцяў, усё ж вытыркалася з гэтай млявай кашы, але, разьедзенае Мёдам, расталым ледніком абрыналася ў нябыт.
    Пазьней яна бяз дай прычыны апантана зацікавілася хворай на сухоты айчыннай гістарыяграфіяй, пачала наведваць у абласным цэнтры, за трыццаць кілямэтраў (туды на перакладных, назад, уночы, пехам), літаратурны гурток, дзе апроч паўжывых яго членаў жудаснай хеўрай усьлед таўкліся іхныя цені.
    Здаралася яшчэ, што Мёд Бацькаўшчыны, мнагамудры настаўнік, даваў маці лекцыі, і тады ільга было засьпець маці з тэлефоннай слухаўкай на паўдарозе
    да вуха або з поўнай вады каструлькай у руках спасярод спальні: сьціхла-адрынутую і прыкута-сур’ёзную. Яна слухала Ягоныя прыпеўкі:
    Адвечнае маральнае права скрыўленых трактарных восяў і ржавых вадавежаў.
    Давеку амаральная справа грашовых мяхоў і добра экіпіраваных войскаў. Духоўная перавага па праве нараджэньня.
    Калі б насупраць матчынай нянавісьці можна было паставіць люстэрка, дык пабочны назіральнік зь зьдзіўленьнем выявіў бы, што гэта ня што іншае, як любоў, якая пранікліва сьвідруе з таго боку пяшчотным позіркам. Але ў адрозьненьне ад звычайных чалавечых пачуцьцяў, з залюстроўнай любоўю няможна зрабіць нічога: ні сагрэць сэрца іншага чалавека, нават сына, ні ўзмацніць, ні паслабіць яе частату. Немагчыма сублімаваць гэтую дзіўноту ні на які яшчэ чын ці банальна скарыстаць у чужых інтарэсах — нічога з таго, што людзкі род ва ўсе часы вырабляе з простымі любовямі. Аднак Чон У Чхі ня меў сумневу, што гэта была менавіта яна, любоў, адно неймаверна выкрышталізаваная, абсалютная, без дамешкаў нізкага і бруднага, але ж ад таго і нечалавечая. Матчына любоў нагадвала абліччы сьвятых, якія строга, засяроджана і мо крыху сарамяжліва ўглядаюцца з покуці вам у вочы, калі п’яныя акупанты гвалцяць вас пасярод уласнай хаты.