Душпастарскія спатканьні для дачнікаў  Павел Касцюкевіч

Душпастарскія спатканьні для дачнікаў

Павел Касцюкевіч
Выдавец: Інстытут беларусістыкі
Памер: 168с.
Вільня 2008
33.56 МБ
Усё яшчэ не пускаючы ўсярэдзіну жудасную праўду, пабег дадому, дастаў альбом з маркамі, выпушчанымі да юбілею грамадзянскай авіяцыі, тры наборы, штук трыццаць-сорак, наляпіў усе і таропка вярнуўся ў паштовае аддзяленьне. Тая ж супрацоўніца, агаломшана пераводзячы позірк з абклеенай ушчэнт капэрты на ягоны бледны, аздоблены брыльянцістымі пацеркамі поту, твар, крыху закешкалася, на імгненьне забылася, як трэба абыходзіцца з такімі кліентамі, а ён пачаў нема крычаць.
Любая забаўка, нават самая бескарысная, для чаго-небудзь сапраўды важнага калі-небудзь павінна прыдацца. Там, на Поўдні, маркі не прыносілі грошай. Часам, удала выменяўшы нейкі рэдкі асобнік, ён ляпіў яго ў альбом, а потым штохвіліны адгортваў палюбавацца або, калі ўжо меў такі самы, збываў далей адно дзеля таго, каб прыдбаць яшчэ што.
Астатняе жыцьцё ня клеілася: празь ягонае празьмернае захапленьне філятэліяй сышла жонка, на працы яго падмялі пад сябе адказныя сакратары, кур’еры, стажоры, прыбіральшчыцы, каты, прусакі — трэба зь людзьмі нармальна размаўляць, хоць трошачкі жыць жыцьцём калектыву, дзядзька.
А яму начхаць. Ці месяцовая поўнач, ці млявая раніца або зноўку дзённы бой бясконцы — ён, як наняты, паўтарае малітву: «Любая забаўка, нават самая бескарысная...»
Нават ня вельмі засмучаўся, калі, усплываючы на паверхню па чарговую дозу паветра, бачыў, што жыцьцё зноўку ў руінах. Успрымаў пустэльню наўкола як належны краявід, халодны позірк на сьпічастыя аскепкі, каб неўзабаве нырцануць у твань зьбіральніцтва, гразкае дно. За паўцаны прадаў кватэру дзеля стратнай паездкі ў Японію на штогадовы сход філятэлістаў. Пакрысе дайшоў да няма-нічога, цяжарачы зямлю існаваньнем яшчэ маладога, але ўжо нікому не патрэбнага апантанца. Можа, адзіным ягоным сапраўдным засмучэньнем быў вырак суда абмежаваць сустрэчы з дочкамі да аднаго разу на два месяцы.
I нават калі з валізай, поўнай марачных альбомаў, паўтарыў колішняе падарожжа — уцёкі празь мяжу, празь мінныя палі, — толькі гэтым разам у адваротным напрамку, на Поўнач, дык і тут, у засені любых клёнаў і партрэтаў Кім Ір Сэна, працягнуў сваё філятэлічнае маньяцтва.
«...Для чаго-небудзь сапраўды важнага калінебудзь павінна прыдацца».
Сапраўды важнае ўяўлялася чымсьці зусім неверагодным, а папярэднічаць гэтаму будзе сусьветны вэнэцыянскі карнавал.
...Прышэлец з космасу, гідкая пачвара, што ўварвалася да нас, — нічога не шманае, цьху на род людзкі, — не пакіне на гэтай плюгавай плянэце каменю на камені, а трэба ад вашай гнюснай цывілізацыі адна-адзінюткая марка, якой выпусьцілі 100— 200 асобнікаў, эксклюзіўны наклад, і толькі ў выпадку, калі яна знойдзецца, дык дарую плянэце яе
нікчэмнае існаваньне. Пачынаецца сусьветная кругаверць: напружаныя пошукі, кантынэнты, мацерыкі, чалавецтва на вушах, зямляне з запалам ператрушваюць сваё майно, талібы, пагубляўшы «калашы», шнараць па кішлаках у пошуках каштоўненькай марачкі, глябальнае сьледзтва, ЦРУ і КДБ — сябры навекі, да рэзі ў мільёнах вачэй вывучэньне каталёгаў, паднятыя ўсе сакрэтныя картатэкі, адмененыя межы, бо трэба ж шукаць, ратавацца супольна, у пошуку — усе браты, хуценька заключаецца вечны ізраільска-арабскі мір, крымінальнікі пакідалі нажы і схапіліся за лупы — жыць жа хочацца!
Але дзе там! Вядома, ні ў кога няма. Надта рэдкая тая марка. Чон У Чхі ўявіў, як тую іншаплянэтную пачвару працінаюць дрыжыкі, жоўтая сьліна капае на падлогу і плавіць бэтон, яна сьцябае ад хваляваньня лускавічным хвастом, цягнецца трапяткімі ад узрушэньня шчупалыдамі, калі ён, просты карэец, працягвае ёй пінцэт з той самай — выратавальнай — маркай. Пачвара замілавана стульвае вочы-фотаэлемэнты, шалёна круціць зялёнымі антэнамі і нават забываецца схаваць свой кібэрнэтычны язык, які, гнюсотна высалаплены, валочыцца па зямлі. Чорная эскадра заркалётаў зьнікае ў холадзе космасу. Хэлі-гоў — навала спыненая! Сьвяткаваньні на вуліцах Мадрыду і Касабланкі, ягоныя партрэты ў хатах на пачэсных месцах, мяхі з прызнаньнямі ў каханьні ад зямных дачок, людзі вяртаюцца шчасьлівыя да сваіх дамоў, межы аднаўляюцца, талібы ў сьне зноў шчасьліва мацаюць любыя прыклады, ЦРУ і КДБ варагуюць як раней, Блізкі Усход ізноў на вушах, трэцяя сусьветная і другі патоп, як заўжды, на носе, на вуліцах гарадоў забойствы, гвалт, усё — як заўсёды, жыхары Багдаду, сьпіце спакойна, хэпі-энд — Зямля выратаваная.
Чон У Чхі нават выбраў марку, якая мелася ў будучыні залагодзіць іншаплянэтнага нелюдзя, — самую ўлюбёную, для якой калісьці купіў асобны альбом са скуры, чэхаславацкую, даваенную, з сойкай на галінцы.
А цяпер: дурнаватая ўсьмешка супрацоўніцы пошты — мужчына, вы што, псіх? — абцёрханая сотняй локцяў стойка, ягоныя роспачна-расчэпленыя, бы ўпусьцілі-збаёдалі нешта, пальцы — усё, усё крычала, што ягоныя ліпнючыя сябры, якія ніколі не падводзілі, бо ён ніколі не наважваўся штосьці ім давяраць, ведаючы, што нельга разьменьваць праўдзівую любоў на дробязі, выявіліся непрыдатнымі ні для чаго шматкамі каляровай паперы з дуплаватымі зубчыкамі па абводзе.
Ён прыедзе ў сталіцу, зарэгіструецца ў гасьцініцы «Карэя», папросіць нумар як мага вышэй. Занясе ў пакой набітыя маркамі валізы. 3 альбомаў нядбала, нават груба, што вытрусіцца, вытрусіць. Потым, седзячы на квадартнай лістоце сваёй філятэлічнай восені, нетаропка зьлепіць, мацуючы сьлінай, з тысячы іх, зь мільёну, стракатае, зь белым адлівам, апярэньне. Махне разложыстымі крыламі — і чэхаславацкай сойкай вызваліцца праз акно.
Сэнс прапаў, і ў жыцьці трымае толькі гэтая шаша як неспадзяваны бонус да ягонага дашчэнту высмактанага жыцьця. Ды яшчэ крышку, апошні пагорак — і воку адкрыецца адзін-адзіны горад Бацькаўшчыны, што глыбока пад зямлёй тоіць свайго анёла-ахоўніка, горад, які, калі яму раптам закарціць, дык выратуе ўсіх, загоіць невылечныя раны душы і ўзьнясе нашых нябожчыкаў на неба, — Пхеньян.
Сонца.
IV. All I wanted, all I needed
Дадатковым алавяданьнем
All I wanted, All I needed (жызн.)
Сяргію Жадану
Hy вядома, урэшце «Дэпэш Мод» у Ізраіль не прыехаў. Можна падумаць, мог прыехаць. Я вось, прыкладам, не сумняваўся.
Пакуль Хайфа і Бэйрут сядзелі ў сховішчах ад бомбаў, у Тэль-Авіве зачаравана сачылі за амплітудай далёту ракетаў, як у цырку назіраюць за паветранымі акрабатамі: даляціць — не даляціць, упадзе — не ўпадзе. Ня ўпала. Менавіта тады мае сябры, выхадцы з былога Саюзу, ачмурэлыя ад сабачай працы начнога ахоўніка, душачыся «гашам», запіхваючы ў сябе паўфабрыкаты і праганяючы іх напоем блізкаўсходняга пралетарыяту, «КокаКолай», слабенька так, зусім не ад’ядаючы сабе сэрца, сталі чакаць «Дэпэш Мод». Ён меўся прыехаць. Трэцяга жніўня. I, як вядома, не прыехаў. Мартын Гор і Дэйв Гэган даслалі ліст, што мы, маўляў, хацелі, гэта нашы гукарэжысэры напалохаліся, просім прабачэньня, мы вас любім, заўсёды радыя, шоў маст гоў он ды іншыя ваніты і локшына на вушы.
Тады пакаленьне дворнікаў і вартаўнікоў канчаткова пераканалася, што Мартын Гор — прыдурак і імпатэнт, і пашкадавала таго часу, калі на сьценах
блёкавых дамоў у далёкай ужо ў часе краіне выводзілі ацэтонавай фарбай запаветны вэнзэль «D» і «М». I рэч тут зусім не ў вайне, кажуць яны. Сапраўдныя героі прыяжджаюць і на лінію фронту.
Такой бяды, сьпявайце гэтую песеньку разам з намі: «Мы ня любім нікога, наагул, зусім нікога, і ў тым ліку «Дэпэш Мод». Дарэчы, правільна — шэйх Насралла, і ніякі не Насаралла як вы прывыклі сабе думаць, ці пагатоў Насрулла.
Сьпярша хачу паведаміць сёе-тое Вольфу Рубінчыку, рэдактару сымпатычнага бюлетэню «Мы яшчэ тут!» і рэдактару «НН» Андрэю Дыньку. Рэч у тым, што абодва прасілі мяне напісаць для іхных выданьняў: першы што-небудзь пра ізраільскае жыцьцё, другі — апавяданьне. Я пачаў быў крэмзаць і тое і другое, для першага — аптымістычныя ўспаміны-дзёньнік пра цяжкасьці эміграцыі, а для НН — выдумваць апавяданьне пра русалчыны сьлёзы, засмучанае каханьне і да таго падобны мэзальянс. Але надоечы, каб не збрахаць, 6 лістапада, на пляцы перад Тэль-Авіўскім мастацкім музэем сустрэў купку наркаманаў, выхадцаў з былога Саюзу, ім было год па 30. Яны туліліся пад тутавым дрэвам і нешта такое абмяркоўвалі. Напэўна, дзе ўзяць. Я глядзеў ім у вочы і разумеў, што пісаць пра русалчыны сьлёзы я ўжо ня здолею. Такім чынам, шаноўныя Вольф і Андрэй, кіна ня будзе. Я напісаў вам штось больш праўдзівае. Тое-сёе з жыцьця.
Памятаеце, калі былі яшчэ відэакасэты, на іх карэньчыках побач з назвай у дужачках пазначалі жанр: боев. — баявік, др. — драма, ком. — камэдыя? Яшчэ адзін жанр, які сустракаўся трохі радзей, называўся «жнзн.» (жнзненное кнно — кінастужка пра праўдзівае, непрыдуманае жыцьцё). Дык вось,
аднойчы ў менскім камэрцыйным шапіку я ўбачыў касэту, дзе побач з назвай, ня памятаю ўжо якой, была паметка «жызн.». Менавіта так, праз «ы». Вось гэты жызн. — ненаўмысны, крыху кплівы, цынічна-разьдзяўбайскі, як само жыцьцё, — найлепш перадае жанр майго аповеду.
Рэальную гісторыю зь непрыдуманага жыцьця? Ёсьць паміж Хайфай і Галянскімі вышынямі грудок з камяністым плято. Ня дужа высокі такі пагорак, мэтраў шэсьцьдзесят увышкі. Называецца ён Ар Мэгіда. У прынцыпе, проста Мэгіда, бо ар з іўрыту перакладаецца як гара. Цяпер там археалягічныя раскопкі ці нешта кшталту таго. Паводле Новага Запавету, напярэдадні Апакаліпсісу менавіта тут мусіць адбыцца апошняя бітва паміж сіламі Дабра і Ліха. У Адкрыцьці Яна Багаслова гэты пагорак называецца Армагедон.
Дык вось, 31 сьнежня 1999 году семдзесят (а многія крыніцы чамусыді настойваюць на гэтай лічбе) чалавек, выхадцаў з былога Саюзу, — талкіністаў, мэталістаў, панкаў, гіпі, наркаманаў і проста харошых людзей, — надумалі адсьвяткаваць надыход новага міленіюму ў гаёчку пад гарой Мэгіда і ў выпадку канца сьвету, які гэтак назойліва ўпіхвалі шаноўнай публіцы шматлікія мэдыйныя Вангі, тыя семдзесят меркавалі дапамагчы чалавецтву ў фінальнай бітве зь Ліхам. Вядома, каму іншаму ў канец сьвету тады верылася слаба, сьмех дый годзе, але, як апавядае мой сябра — сьведка падзеяў, тыя семдзесят, што сабраліся пад Мэгіда, думалі пра тое ўсур’ёз. Паміж зацяжкамі «дзеда», барбарскімі скокамі ля вогнішчаў і любошчамі ў кустоўі яны прызнаваліся адно аднаму — і полымя ўзносіла іхныя словы ў неба, — што шчыра вераць у хуткі апакаліпсіс, бо ўсе яго прыкметы ўжо