Дыскамфорт ад культуры  Зыгмунд Фройд

Дыскамфорт ад культуры

Зыгмунд Фройд
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 100с.
Мінск 2001
18.94 МБ
Пачаць можна проста: кулыурнымі мы называем усякую дзейнасць і ўсякія каштоўнасці, якія нясуць карысць чалавеку, ставячы яму на службу зямлю, абараняючы яго ад прыроды і да т.п. Гэты бок культуры найменш ставіцца пад сумненне. Азірнуўшыся ў далёкую гісторыю, мы ўбачым, што першымі культурнымі
12 Гл.: “Будучыня адной ілюзіі", 1927.
дзеяннямі былі выкарыстанне інструментаў, прыручэнне агню, пабудова жытла. Сярод іх асабліва выдзяляецца прыручэнне агню13, што да іншых дасягненняў, дык з імі чалавек выйшаў на шлях, па якім ідзе і дагэтуль. Пра матывы, якія штурхнулі яго да гэтага, здагадацца няцяжка. 3 дапамогаю інструментаў чалавек удасканальвае свае органы — як маторныя, так і сэнсорныя — альбо, дзякуючы сваёй фантазіі, расшырае рамкі іх эфектыўнасці. Маторы даюць у яго распараджэнне велізарныя сілы, якія ён, як і сваю мускульную сілу, можа выкарыстоўваць у любых мэтах: карабель і самалёт дазваляюць яму рухацца па вадзе і ў паветры; акуляры папраўляюць недахопы крышталіка ў воку; тэлескоп дазваляе бачыць на агромністай адлегласці; з дапамогаю мікраскопа рассоўваюцца межы бачнага, вызначаныя будовай сятчаткі чалавечага вока. Стварыўшы фотакамеру, чалавек стварыў інструмент,
13 Псіхааналітычны матэрыял, няхай няпоўны і неадназначны, усё-ткі дазваляе нам высунуць адну фантастычную гіпотэзу наконт паходжання гэтага вялікага чалавечага ўчынку. Першабытны чалавек, нібыта, меў звычку, сустракаючыся з агнём, гасіць яго струменсм уласнай мачы, чым задавальняў сваё дзіцячае жаданне. Паданні, якія да нас дайшлі, не пакідаюць су.мнення ў тым, што першапачатковае ўспрыманне змяістых языкоў полымя, што імкнуцца ўверх, было фалічным. Гапіэнне агню праз адпраўленне натуральнай патрэбы (а тут можна згадаць і пазнейшых гігантаў —Гулівера ў Ліліпуціі ці раблезіянскага Гарганцюа) было нечым накшталт палавога акту з мужчынам, насалодай мужчынскай патэнцыяй у гомасексуальным спаборніцтве. Той, хто першы адмовіў сабе ў гэтай уцесе, хто ашчадзіў агонь, той змог знесці яго з сабой і паставіць сабе на службу. Падавіўшы агонь уласнага сексуальнага ўзбуджэння, ён прыручыў прыродную сілу агню. Гэтая вялікая культурная заваёва была своеасабліваю ўзнагародай за адмову ад інстынктыўнага памкнення. А далей за ахоўніцу агню, запалоненага ў хатнім агменю, была пастаўленая жанчына, бо сама ўжо яе анатамічная будова не дазваляла ёй задаволіць такой спакусы. Варта адзначыць таксама й пастаянныя сведчанні аналітычнага досведу аб узаемасувязі пыхі, агню і мочаспускальнай эротыкі.
які фіксуе яго бягучыя зрокавыя ўражанні, грамафонная кружэлка робіць тое самае з уражаннямі слыхавымі, і абодва гэтыя вынаходніцтвы па сутнасці з’яўляюцца матэрыялізацыяй дадзенай чалавеку здольнасці запамінаць, яго памяці. 3 дапамогаю тэлефона ён чуе на такой адлегласці, якая нават у казцы лічылася б неверагоднай, пісьмо ўжо ад самага пачатку ўяўляла сабой мову таго, хто адсутнічае, а жытло — займеннік мацярынскага ўлоння, першага і, напэўна, заўсёды жаданага прытулку, у якім чалавек знаходзіцца ў бяспецы і пачуваецца добра.
1 гэта не казка, гэта тое, што чалавек з дапамогай навукі й тэхнікі сам стварыў на гэтай зямлі, на якой некалі ўзнік як слабая жывёла й на якую дагэтуль кожны індывід ягонага віду прыходзіць як бездапаможнае немаўля — oh inch of nature! 14 — гэта не казка, а спаўненне ўсіх — не, большасці — казачных жаданняў. I ўсё гэта чалавек павінен разглядаць як дасягненне культуры. Ен здаўна выпрацаваў у сябе ідэальнае ўяўленне пра ўсёведанне і ўсемагутнасць, якое ўвасобіў у сваіх багах. Ен прыпісваў ім усё, што здавалася недасягальным для яго жаданняў ці было яму забаронена. Можна нават сказаць, што багі былі яго культурнымі ідэаламі. I вось цяпер ён сам вельмі наблізіўся да гэтых ідэалаў, сам стаў амаль богам. Праўда, толькі ў той меры, у якой гэтыя ідэалы могуць быць дасягальныя паводле агульначалавечых уяўленняў. У адных выпадках яны зусім не здзяйсняльныя, у другіх — толькі напалову. Чалавек стаў, так бы мовіць, богам на мыліцах, дастаткова велічным, калі ўжывае ўсе свае дапаможныя органы, але яны яшчэ з ім не зрасліся і часам робяць яму шмат клопату. Зрэшты, ён мае права суцяшаць сябе
14 “О, цаля прыроды!" Гэтыя словы цытуюцца Фройдам з кнігі Г. Брандэса пра Шэкспіра, але належаць не Шэкспіру, а Дж. Уілкінсу (заўв. рэдактара).
тым, што гэтае развіццё не завяршыцца 1930 годам нашае эры. Поступ часу прынясе з сабой новыя, неўяўляльныя сёння дасягненні ў гэтай культуры, якія яшчэ больш павялічаць богападобнасць чалавека. Аднак, зы.ходзячы з інтарэсаў нашага даследавання, не будзем забывацца на тое, што сённяшні чалавек не адчувае сябе шчаслівым у гэтай сваёй богападобнасці.
Гакім чынам, мы ацэньваем культурны ўзровень краіны паводле таго, як у ёй усё дагледжана і наколькі мэтазгодна выкарыстоўваецца: як чалавеку служаць зямля й сілы прыроды і якія ён мае сродкі абароны ад прыроднай стыхіі — карацей кажучы, пад увагу бярэцца крытэрый карыснасці для чалавека. У такой краіне рэкі, што пагражаюць паводкамі, рэгулююцца, лішняя вада скідваецца ў каналы і па іх пераносіцца туды, дзе яе не хапае. Глеба там старанна ўрабляецца і засяваецца злакамі, якія могуць на такой глебе найлепш узрастаць. Падземныя мінеральныя выкапні рупліва здабываюцца і ідуць на выраб патрэбных інструментаў і прыладаў. Гранспартныя сродкі дастатковыя на колькасці, хуткія і надзейныя; дзікія, небяспечныя звяры вынішчаюцца, а гадоўля хатняй жывёлы знаходзіцца ў росквіце. Але мы ставім да культуры і іншыя патрабаванні і спадзяёмся, што яны таксама могуць быць выкананыя ў гэтых краінах. Нібыта аспрэчваючы тое, што мы самі ж сказалі, мы вітаем як з’яву культуры заклапочанасць людзей рэчамі зусім не карыснымі, якія здаюцца хутчэй непатрэбшчынай — напрыклад, кветкавымі клумбамі ў скверах (якія і без іх карысныя сваімі пляцоўкамі для гульняў і зялёнымі насаджэннямі — крыніцаю чыстага паветра), альбо вазонамі, якія ўпрыгожваюць вокны дамоў. Урэшце няцяжка заўважыць, што непатрэбшчынай, ацэнкі якой мы чакаем ад культуры, з’яўляецца якраз прыгажосць; мы патрабуем, каб культурны чалавек шанаваў прыгажосць, дзе б яна ні сустрэлася яму ў прыродзе, і каб ён ствараў яе ў вырабах, наколькі гэта даступна
яго рукам. Але гэтым нашыя крытэрыі культурнасці далёка не вычэрпваюцца. Нам трэба бачыць яшчэ й прыкметы чысціні й парадку. Мы не высока ацэньваем культуру ангельскага правінцыйнага горада за часамі Шэкспіра, калі чытаем, што перад дзвярыма яго бацькоўскага дома ў Стратфардзе ляжала вялікая куча гною; мы не можам стрымаць абурэння, калі бачым на сцежках у Венскім лесе параскіданыя паўсюль паперкі. Мы называем гэта варварствам, ці то — супрацьлегласцю кулыуры. Любая неахайнасць уяўляецца нам несумяшчальнай з культурай; мы пашыраем патрабаванне чысціні й на чалавечае цела, і таму з узрушэннем чуем, якім смуродам патыхала ад асобы КараляСонца; мы толькі ківаем галавой, калі на Isola bella нам паказваюць малюпасенькую місачку, якой Напалеон карыстаўся падчас ранішняга туалету. Нас не дзівіць, калі нехта лічыць карыстанне мылам за паказчык культуры. Тое самае тычыцца й парадку, які, як і ахайнасць, цалкам з’яўляецца плёнам дзейнасці чалавека.
Аднак, калі чысціню сустрэць у прыродзе даволі цяжка, дык парадак, здаецца, быў закладзены ў яе ўжо загадзя; назіранне за вялікімі астранамічнымі цыкламі не толькі дало чалавеку ўзор, але і паслужыла падставай для перанясення парадку ў яго жыццё. Парадак ёсць мусовае паўтарэнне таго, што было аднойчы ўсталявана. Ен вызначае, калі, дзе і як нешта трэба рабіць, каб у кожным падобным выпадку не марнаваць час на роздумы і ваганні. Дабратворнасць парадку немагчыма адмовіць, ён дазваляе чалавеку найлепшым чынам выкарыстоўваць прастору і час, зберагаючы ягоныя псіхічныя сілы. I таму мы па праву маглі б чакаць, што ён з самага пачатку і без ніякага прымусу зойме ў чалавечай дзейнасці належнае месца. Аднак вельмі дзіўна, што гэтага не адбылося — нядбайнасць, ненадзейнасць і сумбур у працы распаўсюджаныя настолькі, што іх можна лічыць за натуральную
чалавечую схільнасць. Наследаванне ж нябесным узорам выгадоўваецца толькі коштам цяжкай выхаваўчай працы.
Прыгажосць, ахайнасць і парадак, здаецца, займаюць асаблівае месца сярод патрабаванняў культуры. Ніхто не будзе сцвярджаць, што яны гэтаксама важныя для жыцця, як падпарадкаванне сілаў прыроды і пэўныя іншыя моманты, пра якія мы яшчэ будзем весці гаворку. Але ж іх не адкінеш убок, як штось малазначнае. Культура мае на ўвазе не толькі карысць, пра што сведчыць хоць бы адзін ужо прыклад з прыгажосцю, якую нам зусім не хацелася б страціць з пераліку складнікаў культуры. Карысць ад парадку цалкам відавочная, а што да ахайнасці, дык мы не павінны забываць, што яе патрабуе яшчэ й гігіена; ёсць падставы меркаваць, што карыснасць чысціні не заставалася незаўважнаю для чалавека й тады, калі навукова абгрунтаванай прафілактыкі хваробаў яшчэ не існавала. Аднак карыснасць і ў гэтым выпадку не дае поўнага тлумачэння такой схільнасці, тут мусіць хавацца й нешта яшчэ.
Але ж ніводная іншая рыса культуры не дазваляе нам характарызаваць яе лепш, чым шанаванне й культ вышэйшай псіхічнай дзейнасці, інтэлектуальных, навуковых і мастацкіх дасягненняў, наданне ідэям вядучай ролі ў жыцці чалавека. Непасрэдна пад гэтымі ідэямі знаходзяцца рэлігійныя сістэмы, складаную пабудову якіх я паспрабаваў асвяціць у іншым месцы; no634 з імі месцяцца філасофскія развагі, а таксама тое, што можна назваць чалавечымі ідэаламі, яго ўяўленнямі аб дасканаласці (дасягальнай асобным індывідам, народам, усім чалавецтвам), і патрабаванні, якія з іх вынікаюць. Усе гэтыя вытворныя настолькі ўзаемазалежныя і так цесна пераплеценыя адна з адной, што нагляднае іх выяўленне і вывядзенне іх псіхалагічнай матывацыі робяцца вельмі цяжкімі. Калі мы прымаем агульнае дапушчэнне, што прывадною спружынай любой чалавечай дзейнасці з’яўля-
ецца яго імкненне да дзвюх зведзеных у адно мэтаў — карысці й атрымання задавальнення,— то мы павінны прымаць яго й для згаданых вышэй з'яваў культуры, хоць гэта ўяўляецца відавочным толькі для навуковай і мастацкай дзейнасці. Аднак не падлягае сумненню, што й іншыя культурныя формы, .можа быць, нават тыя, што атрымалі развіццё толькі ў нязначнай меншасці, таксама адпавядакшь моцным чалавечым патрэбам. Ацэнкі тых ці іншых асобных рэлігійных ці філасофскіх сістэмаў і іх ідэалаў таксама не павінны ўводзіць нас у зман; усё роўна — ці лічым мы іх за найвышэйшыя дасягненні чалавечага духу ці за найпрыкрэйшыя ягоныя аблуды — трэба прызнаць, што іх прысутнасць і нават іх панаванне сведчаць пра высокі ўзровень культуры.