Дзіцячы маніфест  Кірыл Стаселька

Дзіцячы маніфест

Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
43.21 МБ


Час Воблы
Выпуск 7

Дзіцячы маніфест
Аповесць, апавяданні
Мінск «Галіяфы» 2015
УДК 821.161.3-3
ББК 84(4Бен)-44
С77
Серыя заснаваная ў 2012 годзе.
Рэдакцыйная калегія:
Зміцер Вішнёў (галоўны рэдактар), Аляксей Харужка, Арцём Кавалеўскі, Вольга Гапеева. Віктар Жыбуль
Стаселька, К.
С77 Дзіцячы маніфест : аповесць, апавяданні / . — Мінск: Галіяфы, 2015. — 192 с. — (Серыя «Час Воблы»; Выпуск 7).
ISBN 978-985-7140-08-4.
Дэбютная кніга Кірыла Стаселькі — «Дзіцячы маніфест» — спроба аўтара знайсці межы і магчымасці чалавечай свабоды ў грамадстве, зразумець асаблівасці Рубікона, які пралягае між нормай і вар’яцтвам.
У кнізе вы сустрэнеце французскага пісьменніка, цела якога знутры разрываецца ад ціску ўласнага Эга, чалавека, чыя рэальнасць і сон зліваюцца. мастака. чыя галава аддзялілася ад цела, ды шмат іншых герояў, якія па-рознаму намагаюцца напісаць маніфест свайго «Я».
УДК 821.161.3-3
ББК 84(4Бен)-44
ISBN 978-985-7140-08-4 © Стаселька К„ 2015
© Сакалоўская С., вокладка, 2015
© Афармленне. ПВУП «Галіяфы», 2015
У пошуках сябе
Аповесць
На шляху
Па звычцы хацеў узяць шпрыц правай рукой, але яна ўжо амаль не слухалася. Паспрабаваў зрабіць высілак і авалодаць ёю, але ўсё было дарэмна. Цяпер Андрэй перастаў адчуваць нават плячо, невядомая зараза прабіралася ўсё вышэй. Нарастала злосць, напружанне. Трывога пераходзіла ў паніку. Эмоцыі перапляталіся ў жудаснае павуцінне, якое не дазваляла думаць спакойна. Некалькі хвілін пастаяў, спрабуючы хоць трохі супакоіцца, але гэта ў яго не атрымалася. Таму, кінуўшы ўсялякія спробы, паклаў шпрыцы, адзін за адным, у левую кішэню (добра, што ў медыцынскіх халатах яны даволі шырокія) і выйшаў, не замыкаючы дзверы.
Была ноч. Святло з-за перасцярогі вырашылі не ўключаць. Таму давялося ісці навобмацак, абапіраючыся анямелай рукой аб сцены. He чулася ні гуку. Хоць, хутчэй за ўсё, астатнія, гэтаксама як і ён, неўзабаве ціха разыдуцца па прызначаных пакоях. Што адчувалі цяпер яны? Магчыма, былі ў падобным стане, а магчыма, для некаторых з іх гэта было ўжо не ўпершыню. Андрэй падняўся па бакавой лесвіцы, прыступкі якой менш за ўсё рыпелі, на трэці паверх, і прайшоў да канца калідора. Прызначаны яму пакой знаходзіўся злева. 3 кожным крокам сэрца калацілася ўсё мацней. Ужо ля самых дзвярэй ягонае біццё адчувалася ва ўсім целе.
Ніхто ў пакоі не мог прачнуцца, бо кожнаму пацыенту клінікі далі моцнае снатворнае. Але ён як мага асцярожней адчыніў дзверы ды пракраўся ўсярэдзіну. 3 акна на чалавека, які спаў, падала цьмянае святло вулічнага ліхтара. Гэта быў адзін з тых маладых медыкаў, пра якіх распавядаў Франка. Усё ягонае тулава мела зялёны колер і свяцілася, як цыферблат гадзінніка з люмінесцэнтнай фарбай. Ён важыў кілаграмаў трыста. Жалезны ложак ледзь трымаўся пад вагой цела маладога чалавека. Для яго ён быў такі маленькі, што рукі і ногі звісалі ў розныя бакі, амаль кранаючыся падлогі. Пры такім асвятленні відовішча было асабліва вусцішным.
Заціснуўшы карабок з запалкамі ў зубах, шоргнуў левай рукой ды запаліў невялікую свечку, што стаяла побач на століку. Як ні дзіўна, але цяпер рукі (дакладней, рука) не дрыжалі, сэрца перастала шалёна калаціцца, адчуваўся поўны спакой. Добра гэта ці дрэнна, Андрэй не ведаў. Асцярожна дастаў шпрыц. Вырашыў усё зрабіць як мага хутчэй, ні аб чым не задумваючыся. Аднак з першага разу трапіць у вену не змог, не атрымалася гэта і ў наступны раз. Праблема была не столькі ў дрэнным асвятленні, колькі ў нязграбнасці левай рукі. Ён звыкся ўсё рабіць правай, але цяпер яна зусім не слухалася. Да таго ж, рука маладога хлопца была настолькі тоўстай, што знайсці ў яго вену было надзвычай складана, бадай, немагчыма.
Твар чалавека выказваў ці то смяротную стомленасць ад усяго, што прыйшлося тут вытрываць, ці,
хутчэй, стан, блізкі да поўнай абыякавасці. У думках Андрэя прамільгнула, як таўстун раптам прачынаецца і, спрабуючы яшчэ змагацца за сваё жыццё, сколатай шпрыцам рукой хапае за горла свайго ката. Калі яшчэ трохі памарудзіць, то цярпенне магло падвесці, а нядаўна дасягнуты спакой — знікнуць. Варта было перадыхнуць, на хвілінку прысесці ды сабрацца. Але ў пакоі не было іншай мэблі, апрача маленькага століка і ложка, на якім спаў малады чалавек. Сканцэнтраваўшыся, Андрэй зноў увёў іголку. Гэтым разам паспяхова.
Ін’екцыя мусіла падзейнічаць праз дзесяць хвілін...
Цягнік прыбыў на станцыю Minsk Mazowiecki. Прыпынак доўжыўся пятнаццаць хвілін. Таму Андрэй пакінуў торбы ды выйшаў пасмаліць, папярэдзіўшы суседзяў па купэ, што хутка вернецца. Разам з ім з вагона выйшла яшчэ некалькі пасажыраў, хто выкурыць цыгарэту-другую, а хто проста праветрыцца і расцерці цягліцы. Дамы, дрэвы і людзі яскрава выяўляліся на фоне астатняй прасторы. Дажджу пакуль не было, але густыя хмары ўжо зацягнулі неба так, што раніца нагадвала вечар. Яшчэ трохі — і мог хлынуць лівень. Стары будынак вакзала зачынілі на рамонт, таму многія чакалі свой цягнік з парасонамі напагатове.
Ужо менш як праз гадзіну цягнік прыбудзе ў Варшаву, а адтуль Андрэй пакіруе ў Познань, дзе яго
абяцалі сустрэць і адвезці ў Мікушэва. Было дзіўнае пачуццё хвалявання, звязанае з нявызначанасцю. Ён жа нават не ведаў, чым там, у Мікушэва, будзе займацца і што гэта за незразумелая клініка. Калі б не Альгерд Францавіч — яго выкладчык і, як лічыў сам Андрэй, другі бацька — ён наўрад ці ўвязаўся б у гэтую авантуру. Але з іншага боку — адчуванне чагосьці новага, цікавага і нечаканага... Прадчуванне было настолькі вострым, нават дзіцячым, што вельмі хацелася хутчэй дабрацца да месца, як гэта бывае, калі нешта добрае мусіць адбыцца ў бліжэйшы час, ды не зусім уяўляеш, што менавіта.
Альгерд Францавіч, як бацька, настойліва пераконваў, што гэта выдатная магчымасць, якая выпадае адзінкам. Але ён не ўдакладніў, у чым заключаецца гэтая магчымасць, і тым больш па невядомай прычыне адмаўляўся тлумачыць, што гэта за месца. Навошта патрабавалася такая таямнічасць? Альгерд Францавіч заўсёды быў з ім сумленным, і гэткая загадкавасць здавалася нязвыклай. Была гэта псіхіятрычная клініка, шпіталь ці нешта іншае — ён толькі даваў расплывістыя адказы і ўсяляк ухіляўся ад канкрэтыкі, адзінае, прасіў Андрэя трымаць сваю паездку ў сакрэце. Магчыма, нічога канкрэтнага той не ведаў і сам, а мо хацеў зрабіць Андрэю прыемны сюрпрыз. У любым выпадку ён цалкам давяраў свайму настаўніку.
Пасля смерці маці Альгерд Францавіч стаў для яго другім бацькам. Напэўна, нават адзіным, бо свайго сапраўднага тату ён ніколі не бачыў. Маці пра яго
не распавядала. Калі яна памерла, хлопцу было ўжо дваццаць чатыры гады, таму ў апекаванні ён асабліва не меў патрэбы, але і цалкам самастойным яго яшчэ нельга было лічыць. Альгерд Францавіч і раней ставіўся да хлопца па-асабліваму, а пасля гэтага стаў яшчэ больш уважлівым. Дапамог з пахаваннем, увесь час знаходзіў для Андрэя падпрацоўку, не кажучы ўжо, што ўсяляк прасоўваў і дапамагаў у акадэмічным асяроддзі. Таму і цяпер, атрымаўшы загадкавую прапанову стажыроўкі, ці то паўнавартаснай працы, Андрэй ні на імгненне не засумняваўся ў яго добрых намерах. А хваляванне, якое адчуваў цяпер, было хутчэй прыемным, чым страшным.
Да Варшавы дождж яшчэ не дабраўся, ці ўжо даўно мінуў гэты горад. На вуліцы было досыць цёпла і суха. Густыя плыні людзей хаатычна рухаліся ў розных напрамках. Хтосьці спяшаўся на працу, нехта вяртаўся з вучобы, а хтосьці проста сноўдаўся без мэты. Акрамя вакзала, Андрэй нічога не паспеў пабачыць. Але ён быў тут не ўпершыню. Апошні раз, калі падарожнічаў, прабыў тут цэлы тыдзень, ды з таго часу мінула гадоў пяць. Калі б не бракавала сродкаў, было б няблага затрымацца ў Варшаве яшчэ на некалькі дзён. Ды на гэта не хапала не толькі грошай, але і часу. Да адпраўлення заставалася дваццаць хвілін. Хуценька збегаў у бліжэйшую краму, каб набыць вады і чагонебудзь перакусіць у дарозе, а затым, выкурыўшы яшчэ адну цыгарэту, пакіраваў да свайго вагона.
У купэ, акрамя яго, знаходзілася толькі жанчына з малым. Таму было гады чатыры. Ён апынуўся на
здзіўленне ціхім, спакойна сядзеў і разглядаў кніжку з малюнкамі. У Андрэя таксама была з сабой кніга, якую спадзяваўся пачытаць у дарозе, але, нягледзячы на сваю любоў да чытання, за ўвесь час падарожжа нават не дастаў. He тое, каб яна была нецікавая, проста зусім не хацелася чытаць ды пра штосьці думаць. У дарозе з ім амаль заўсёды такое здараецца. Нярэдка ён чытае ў грамадскім транспарце, на хаду, шпацыруючы па горадзе, часам седзячы ў кавярні, але падчас доўгай дарогі Андрэй зусім не мог узяцца за чытво. Можна было сябе прымусіць, і ён рабіў такія спробы, але ў выніку прыйшоў да высновы, што кнігі можна чытаць (менавіта чытаць) толькі добраахвотна. Таму Дэ Куінсі са сваёй «Споведдзю ангельца, які ўжывае опіум» застаўся там, дзе і быў — у правай бакавой кішэні торбы.
Намагаўся заснуць, рабіў спробы дастаць Дэ Куінсі, але ў выніку, пакінуўшы рэчы, пайшоў у вагонрэстаран ды замовіў бутэльку піва з бутэрбродам. Вырашыў расслабіцца і рабіць тое, што хочацца, пакуль ёсць такая магчымасць, а не вымотваць сябе чытаннем, развагамі ды нейкімі планамі. Хто ведае, мо неўзабаве часу адпачыць зусім не будзе. За суседнім столікам па-нямецку размаўляла маладая пара. Андрэй не вельмі добра валодаў нямецкай, зразумеў толькі, што яны плануюць на два дні спыніцца ў Познані, а пасля вернуцца ў Берлін. Астатнія елі і пілі моўчкі, нават калі сядзелі па некалькі чалавек за столікам. Пасля піва вельмі захацелася закурыць, але ў мясцовых цягніках такая асалода забаранялася.
Таму ён, каб падыміць у фортку прыбіральні, у мэтах канспірацыі прайшоў некалькі вагонаў.
Затым вярнуўся і набыў яшчэ піва. За вокнамі было ўжо цёмна, толькі месцамі праступалі агеньчыкі навакольных дамоў. Паступова пасажыры вагонарэстарана пачалі разыходзіцца. Ён застаўся адзіным кліентам, але афіцыянты ўжо прыбіралі і збіраліся самі. Андрэй зразумеў, што хутка канцавая, таму, дапіўшы піва, вярнуўся ў сваё купэ. Маці з малым прайшла да дзвярэй вагона. Дынамік абвясціў, што цягнік прыбывае на канцавую станцыю «Poznan GIdwny». Хутка ён будзе ўжо там, у клініцы Мікушэва. Усё стане вядома, а загадкавая нявызначанасць знікне. Да таго ж, магчыма, па дарозе атрымаецца штосьці высветліць у намесніка галоўнага доктара, які павінен яго сустрэць.