Дзіцячы маніфест
Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
— Ну, сам паглядзі. Магчыма, я трохі агрубляю, але дадаізм быў рэакцыяй на сусветную вайну, якая стала кульмінацыяй крайняга рацыяналізму. Дадаізм грунтаваўся на ірацыянальнасці, не кажучы ўжо пра антыэстэтызм, ды ўяўляў сабой антымастацтва. Так? Часткова, але гэта справядліва і адносна сюррэалізму, які стаў яго лагічным працягам. Што тычыцца агульных каранёў, то я маю на ўвазе ніцшэанства. Сюррэалісты, у прыватнасці, Далі, як і некаторыя дадаісты, звярталіся да філасофіі Ніцшэ ў аспекце ірацыянальнасці. У сваю чаргу футурызм, з яго рацыянальнасцю і «вайной», гэтаксама ж меў сваім падмуркам ніцшэанства, але ў аспекце сілы ды «падштурхні слабага». Правільна?
— О-о, Андрэй, якімі ты разумнымі словамі кажаш. Давай прасцей. Мяне так рэжа гэты энцыклапедычны стыль, тым больш з тваіх вуснаў. Калі сур’ёзна, ты сам адказаў на сваё пытанне. Па-пер-
шае, гэтыя напрамкі базаваліся не толькі на ніцшэанстве. Па-другое, часта так адбываецца, што з адной філасофскай сістэмы могуць паўстаць абсалютна супрацьлеглыя светапогляды, ідэалогіі, палітычныя рэжымы і гэтак далей. Бо адбіраюцца і ў далейшым развіваюцца, як правіла, асобныя аспекты. Напрыклад, нешта падобнае было з філасофіяй Гегеля. Адны бачаць у ёй тэорыю дэмакратычнай дзяржавы, грамадзянскай супольнасці, а іншыя — тэорыю таталітарнай дзяржавы, з яе дамінаваннем грамадскага над індывідуальным.
Андрэй меў непераадольнае жаданне пазнаёміць Тадэвуша і Жыля асабіста, але, на жаль, гэта было катэгарычна забаронена правіламі клінікі. Ён нават спрабаваў абмеркаваць гэта з доктарам Штомпкам, вядома, не раскрываючы сваіх намераў, але гэта ні да чаго не прывяло. Акрамя таго, было адчуванне, што дырэктар клінікі ўсё разумеў і наўмысна перашкаджаў таму, каб трохкутнік замкнуўся. Таму адзінае, што заставалася Андрэю, — разрывацца паміж імі, спрабуючы хоць неяк злучыць аскепкі свайго маленькага свету.
Тадэвуша ён па-сяброўску называў Тадзікам, а той Андрэя — Андрэ. Гэтаксама ж яго называў і Жыль. Было прыемна чуць уласнае імя з іх вуснаў, а ў такой форме яно набывала некаторы шарм. 3 Тадзікам яны падоўгу шпацыравалі ў наваколлях Мікушэва, часам выпраўляліся на роварах да рэчкі, дзе купаліся і грэліся на сонцы. Як і з Жылем, у іх было мноства тэм для размоў, але малады аднагодка не хацеў замыкац-
ца ў зносінах з Андрэем ды любіў таксама бавіць час у коле старэйшых калег. Гэта часам выклікала ў Андрэя пачуццё крыўды і нават рэўнасці. Таму бывала, што свайму сябру-пацыенту ён дэманстратыўна аддаваў значна больш часу ды ўвагі.
Часам, калі заставаўся адзін, Андрэй зайздросціў Жылю. Яго Эга было сапраўдным стрыжнем, ядром усёй асобы. Зламаць Эга значыла зламаць яго самога. Адзіная слабасць выявілася толькі ў тым, што Жыль перастаў яго кантраляваць, і тады ўжо асоба сталася ядром Эга. Дзіўна, але ён цалкам падзяляў погляды свайго сябра, яго бунтарства, крытычнасць да ўсяго, эгацэнтрычнасць і цынізм. Ён мог быць сабой. Яго не стрымлівалі ні мараль, ні забабоны, ні асуджэнне грамадства. Ён здолеў тое, чаго Андрэй не мог сабе дазволіць з-за ўнутранай слабасці. Сябе ён спрабаваў пераканаць, што прызнанне і падтрымка пацыента ў яго пазіцыі толькі перашкодзяць лячэнню. Аднак насамрэч, хоць ён сам гэтага не ўсведамляў, маладому доктару прыносіла садысцкае задавальненне ламаць такі магутны стрыжань, знішчаць тое, чым сам так хацеў, але не мог валодаць. Паміж імі існавала дзіўная сувязь.
Хоць сяброўства і выступала тут у якасці падмурка сістэмы лячэння, але ні ў кога з дактароў не мелася такіх блізкіх стасункаў з пацыентам, як у яго. У тых заўсёды заставалася пэўная мяжа. Магчыма, з гэтай прычыны Андрэю даводзілася адчуваць насцярожанасць з боку астатніх. А вось доктар Штомпка, наадварот, не хаваў празмерную сімпатыю да пачат-
коўца ды яго поспехаў у лячэнні. Дасягненні былі відавочнымі. Прыступы эгазліцця знізіліся з двухтрох на дзень да двух на тыдзень, а потым і да трох на месяц. I гэта ўсяго толькі за тры з паловай месяцы. У першыя дні Андрэй, ды і не толькі ён, нават не мог уявіць, што прапанаваны метад будзе такім простым для яго і такім эфектыўным для Жыля. Той і сам пачаў верыць у сваё хуткае выздараўленне. Калі раней мастак пераважна распавядаў пра сваё мінулае, то цяпер усё часцей дзяліўся планамі на будучыню і аднойчы нават запрасіў Андрэя да сябе ў Францыю.
— Слухай, Андрэ!.. Калі я ачуняю і мяне адсюль выпусцяць, прыязджай да мяне ў госці! Пазнаёмлю цябе са сваёй жонкай і дзецьмі, яны табе спадабаюцца. А пасля пазнаёмлю са сваімі сябрамі, пісьменнікамі і мастакамі, многія з іх дастаткова вядомыя. Асабліва калі надумаеш працягваць займацца літаратурай, для цябе гэта будзе цікава і карысна. Увогуле, гэта было б вельмі добра.
Пра Жыля Андрэй ведаў досыць шмат. Той распавядаў пра ўласнае дзяцінства, сям’ю, прыяцеляў, пра свае дасягненні. Пасля нараджэння ў Алжыры, дзе працаваў яго бацька, сям’я вярнулася ў Парыж. Пасталеўшы, Жыль пазнаёміўся з дадаізмам. А пасля аднаго з падарожжаў у Швейцарыю сустрэўся з самім Трыстанам Тцара. Першыя спробы Жыля ў мастацтве пачаліся з папулярных тады тэхнік калажу і ready-made. Затым былі эксперыменты з аўтапісаннем. За кароткі перыяд ён стаў досыць папулярнай фігурай у свеце мастацтва. Выставы ў розных краі-
нах Еўропы. Маніфесты сюррэалістаў. Знаёмства з Дзюшанам, Эрнстам, Брэтонам, Далі, Арагонам. Уступленне ў Камуністычную партыю Францыі. Паступова пачаў займацца і літаратурнай дзейнасцю.
Натхнення часта шукаў у падарожжах. Спачатку па Афрыцы, потым Лацінскай Амерыцы. Менавіта там Жыль напісаў свае самыя папулярныя кнігі: «Паўстанне сюррэальнага», «Сусветная анталогія левай рукі», «Энцыклапедыя Б ад А да Я», «Лабірынты», «Перпетуум мобіле экзістэнцыі» ды некаторыя іншыя. Творчая плённасць у гэты перыяд дасягала дзвюх кніг і сямі карцін на год. У іншага за ўздымам наступіў бы крызіс, дэпрэсія, пачуццё спустошанасці, але кожны чарговы твор Жыля публіка ўспрымала з яшчэ большым захапленнем. Яго хвалілі, крытыкавалі, пра яго пісалі, бралі інтэрв’ю.
У значнай ступені гэта прывяло да таго, што і так не маленькае Эга пачало павялічвацца. Ён пасварыўся з блізкімі і сябрамі, якія на пачатковых этапах спрабавалі дапамагчы, але ў выніку не вытрымлівалі. 3 кожным днём Жыль мяняўся, паводзіны набывалі незвычайныя праявы, нярэдка даходзячы да вар’яцтва. Прыступы эгазліцця абвастраліся, і адбываліся па некалькі разоў на дзень.
***
Са сваёй будучай жонкай Жыль пазнаёміўся падчас адной з шумных студэнцкіх вечарынак, якія праходзілі ў сяброў з Лацінскага квартала. У невялікую
двухпакаёвую кватэрку набілася чалавек дваццаць. Усе танчылі, спявалі, гралі і пілі. Звычайна такія кампаніі збіраліся каля шасці вечара і разыходзіліся позна ўночы. Тут заўсёды можна было пазнаёміцца з новымі цікавымі людзьмі. Нават самі гаспадары рэдка ведалі ўсіх гасцей, якіх запрашалі сябры іх сяброў. Але ўжо бліжэй да ночы ўсе рабіліся добрымі прыяцелямі. Бесклапотная сяброўская атмасфера і алкаголь самі падштурхоўвалі да таго, каб кожны падурэў у гэты вечар ад душы.
Мішэль не з’яўлялася вялікай аматаркай падобных зборышчаў, ды і не вельмі любіла публічныя мерапрыемствы, таму новае знаёмства Жыля ў гэты дзень можна было лічыць шчаслівым выпадкам. Вялікую частку часу яна праводзіла дома або ў каледжы, толькі зрэдку сустракаючыся з нешматлікімі сяброўкамі. Мішэль была схільная да вузкага кола зносін. I нават у гэтай невялікай прасторы яна імкнулася захоўваць дыстанцыю. Пры гэтым назваць яе замкнёным чалавекам таксама было нельга. У некаторай ступені такія паводзіны тлумачылася хутчэй лёгкім снабізмам.
Правёўшы Мішэль дахаты, Жыль запрасіў схадзіць на наступным тыдні ў кінатэатр. Прапанова банальная, але Мішэль пагадзілася. Наступны месяц яны ўжо сустракаліся па некалькі разоў на тыдзень. Гулялі, наведвалі выставы, хадзілі ў кафэ. У галерэі і кіно Жылю даводзілася яе «выцягваць». Мішэль жа больш падабаліся спакойныя прагулкі, падчас якіх можна было проста пагутарыць. Неўзабаве яны ўжо
не маглі пражыць і некалькіх дзён, каб не ўбачыць адно аднаго хаця б на некалькі хвілін. Адносіны паміж маладымі людзьмі развіваліся імкліва, і ўжо праз пяць месяцаў яны пабраліся. Паміж імі была глыбокая сувязь, але без той выбухной жарсці, аб якой пішуць у кнігах. Магчыма, уся справа ў характарах, асабліва ў характары Мішэль — непрыдатнай глебе для эмацыйных усплёскаў, але спрыяльнай дзеля спакойнага, мернага існавання.
Часта здавалася, што яна рухаецца разам з жыццёвай плынню, асабліва не спрабуючы ёй супрацьстаяць. Амбітны Жыль, які актыўна спрабаваў «боўтацца ў малацэ, каб збіць з яго масла», нярэдка здзіўляўся некаторай пасіўнасці сваёй жонкі. Ён не бачыў у ёй аднадумца, што было прычынай многіх унутраных сумненняў. Неўзабаве Жыль прызвычаіўся, пераканаўшы сябе, што яны не супярэчаць, але дапаўняюць адно аднаго. Затым нарадзіліся дзеці, і ўжо не было ані сіл, ані жадання капацца ў тонкіх спляценнях іх узаемаадносін. Ён змірыўся, і ў сям’і таксама стаў плыць па плыні, але ў астатнім усё яшчэ працягваў «збіваць масла з малака».
Ён кахаў сваю жонку, яна кахала яго. У гэтым яны асабліва пераканаліся пасля адной з моцных сварак, калі пад пагрозу стала існаванне іх шлюбу. Першыя гады сумеснага жыцця маладыя часта сварыліся, спрабуючы адстаяць уласную свабоду, а Жыль яшчэ і шырокую асабістую прастору, без якой зусім не мог, але заўсёды мірыліся, і ўсё працягвалася па-ранейшаму спакойна. Часам здавалася, што шлюб існуе ад
сваркі да сваркі, але ў цэлым дома ўсё было добра, ва ўсялякім разе Жыль заўсёды так лічыў. Нават калі гэта было не так, яму неабходна было так думаць, каб аднаўляць унутраную раўнавагу.
***
Жыль яшчэ не ведаў, як будзе жыць далей, пасля выхаду з клінікі. Хутчэй за ўсё, паедзе ў Парыж, вернецца да сваёй сям’і і сяброў. Станавілася шкада, калі ўспамінаў родных. Жыль прычыніў ім нямала болю, і яму хацелася, каб яны хутчэй даведаліся, як ён іх любіць ды раскайваецца ў здзейсненым. Хацелася моцна абняць Мішэль, каб яна ўсё зразумела і даравала. Ён больш не збіраўся займацца мастацтвам публічна, ад усяго гэтага было цяпер моташна. Жыль песціў мару прыдбаць невялікі домік дзе-небудзь у ціхім кутку Нармандыі, але не вельмі далёка ад Мон-Сэн-Мішэль (яму падабалася там), дзе зможа жыць пустэльнікам са сваёй каханай Мішэль, працягваць пісаць, купацца, катацца на ровары па ваколіцах, магчыма, час ад часу прымаць сяброў. Верылася, што ўжо хутка мара зможа спраўдзіцца.