Дзіцячы маніфест
Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
Даведаўшыся, дзе знаходзіцца аўтобусны прыпынак, Андрэй затрымаўся каля бліжэйшай крамы. Хацелася перад чарговым ад’ездам яшчэ крыху папаліць, спакойна і без спешкі. Магчыма, трохі спозніцца, ды некалькі хвілін нічога не зменяць. Цыгарэта ішла досыць лёгка, як гэта бывае пасля алкаголю. Хлопец глыбока зацягваўся і выпускаў дым у розныя бакі, назіраючы за тым, як густая субстанцыя павольна растваралася ў цемры. Зацягнуўшыся апошні раз, ён рушыў да прызначанага месца. He даходзячы да прыпынку, заўважыў, што побач стаяла некалькі машын, і толькі адна чырвонага колеру. Андрэй параўнаў запіс у сваім нататніку, але ён не супадаў з нумарам, які прадыктаваў яму Альгерд Францавіч.
Прайшло яшчэ хвілін пяць, ён азіраўся па баках, але іншага аўтамабіля чырвонага колеру так і не з’явілася. He было яго і ў наступныя пятнаццаць хвілін. Андрэй папытаў у людзей. Высветлілася, што гэта не адзіны прыпынак, з якога адпраўляюцца аўтобусы на Мікушэва. Пайшоў на іншы, але і там нікога. Ён не ведаў, што рабіць далей. Некаторы час панічна бегаў паміж аўтобуснымі прыпынкамі, спрабуючы знайсці патрэбную машыну. Наўрад ці яна спазнялася на сорак хвілін, хутчэй за ўсё яны проста размінуліся. Вырашыў трохі пачакаць, а затым на аўтобусе самастойна дабрацца да Мікушэва. Папярэдні аўтобус адправіўся чвэрць гадзіны таму, бліжэйшы, і апошні на сёння, будзе толькі праз гадзіну.
Спрабуючы трохі развеяць напружанне, Андрэй выправіўся ў кароткі шпацыр. Далёка ад вакзалу не адыходзіў, каб не згубіцца і не прапусціць свой аўтобус, ды і з торбамі спакойна не пагуляеш. Ізноў узнікла лёгкае хваляванне. Невядомасць дапаўнялася тым, што ўсё пайшло не так, як планавалася. Андрэй спадзяваўся, што ў рэшце рэшт усё складзецца добра — ён прыедзе і без усялякіх праблем возьмецца за працу. Дабрацца да Мікушэва — гэта палова справы, трэба яшчэ знайсці будынак, у якім месцілася клініка. Толькі як гэта зрабіць ноччу, асабліва калі няма ў каго запытаць.
На прыпынак вярнуўся за дваццаць хвілін да адпраўлення, але маленькі аўтобус з надпісам «Mikusheva» ужо стаяў напагатове. Андрэй са сваімі торбамі ўціснуўся ў дзверы ды спытаў пра канчат-
ковы пункт прызначэння. Добрай ідэяй было ўдакладніць пра палац у пасажыраў, сярод якіх маглі знаходзіцца мясцовыя жыхары. Надышоў час адпраўлення, а іншых пасажыраў, акрамя яго, так і не з’явілася. Тады Андрэй паспрабаваў даведацца хоць нешта ў кіроўцы.
— Прабачце, вы часам не ведаеце, ці ёсць у Мікушэва палац ці нешта падобнае?
— А вы што, на экскурсію вырашылі схадзіць, або да нерухомасці прыглядаецеся? — усміхнуўся кіроўца.
— He, гэта я так, проста спытаў.
— Ага, ёсць нешта такое.
— А ці далёка ён знаходзіцца ад прыпынку?
— Метраў трыста прама, і вы ўбачыце браму.
— Я магу заснуць. Пабудзіце, калі ласка, як прыедзем.
— Вядома. He хвалюйцеся, назад бясплатна я вас не павязу.
— Дзякуй.
«Ну, ужо хоць штосьці», — падумаў Андрэй. Разам з пробліскам аптымізму прыйшла і моцная стомленасць. Таму ён паклаў галаву на торбу ды амаль адразу ж заснуў.
***
У яго даўно ўжо развілася звычка спаць па шэсць гадзін. Клаўся каля адзінаццаці вечара і прачынаўся а пятай раніцы. Хацелася паспець як мага больш.
Да таго ж у пяць раніцы, калі большасць людзей яшчэ спіць, жыццё ўспрымаецца зусім па-іншаму. Падсілкаваўшыся бутэрбродам і гарбатай, Жыль сядаў у сваё любімае крэсла і пачынаў чытаць што-небудзь з нядаўна прыдбанага. Яго дзённая норма была каля двухсот старонак. За месяц паспяваў прачытаць чатырнаццаць-сямнаццаць кніг, а гэта прыкладна сто дзевяноста за год. Бліжэй да дзявятай гадзіны ён збіраўся ды ішоў на Сэн-Жэрмэн у Кафэ дэ Флор. Спачатку сядзеў за столікам на вуліцы, піў моцную каву ды назіраў за людзьмі, што праходзілі побач. Затым перабіраўся ўсярэдзіну, каб узяцца за справу. Для яго гэта было накшталт працоўнага месца, дзе ён напісаў свае папярэднія тры раманы.
Для многіх кафэ, дзе шумна і шмат людзей, здаецца непрыдатным месцам для працы такога кшталту. Але не для Жыля. Ён не мог доўга заставацца ў сваёй кватэры. He таму, што даўно жыў адзін і пакутаваў ад адзіноты, але таму, што адразу пачынаў разбэшчвацца ды не мог сканцэнтравацца на галоўным. Увесь вольны, а таксама працоўны час ён спрабаваў праводзіць у цэнтры горада, гуляючы па парку ці седзячы ў кафэ, дзе заўсёды адчуваўся дынамічны рытм, які асабліва неабходны, калі ты сам сабе начальнік ды самастойна вызначаеш, калі і колькі табе варта працаваць.
Аднак апошнім часам гэта не дапамагала. Прайшло крыху менш за месяц, а ён не напісаў і чвэрці ад задуманага. Падоўгу сядзеў над адной старонкай, выціскаючы па сказе для сваёй новай кнігі. Жыль
ведаў, што праблема не ў рамане: задума была добрая. Проста яго раздзіралі сумненні, ці варта ўвогуле пісаць. Што ад гэтага зменіцца? Напіша ён яшчэ адзін раман ці дзесяць, але дзеля чаго? Магчыма, атрымае добры ганарар. I што? Магчыма, кніга зацікавіць многіх чытачоў, стане вельмі папулярнай. I што? Што далей? Жыля хвалявала, што пройдзе, напрыклад, гадоў дзесяць — і напісаў ён цяпер раман ці не — ужо не будзе мець аніякага значэння. Нават спадзявацца стаць найвялікшым пісьменнікам не мае сэнсу, не таму, што гэта нязбытная мара, але таму, што такіх сотні і тысячы: Дантэ, Дзюма, Дыкенс, Дастаеўскі і многія, многія іншыя. Чым горш быць такім самым, адным з сотняў і тысяч, напрыклад, інжынерам або доктарам?
Так праходзілі ўсе ўчора, сёння і заўтра. Раніцай яму не давалі працаваць меланхалічныя думкі і ўвесь дзень праходзіў марна, а ўвечары зноў узнікала жаданне паспець як мага болей, выкарыстоўваць кожную хвіліну. Ён планаваў наступнае сваё заўтра, але сёння зноў станавілася такім самым, як учора. Зрэдку ён наведваў галерэі і музеі, сустракаўся выпіць з некаторымі прыяцелямі. Але гэта, хоць і здаралася не вельмі часта, было як і ў мінулыя разы. Можа здацца дзіўным, але Жылю больш падабалася выпіваць аднаму. Толькі ў такіх выпадках ён клаўся позна ўночы, а падымаўся бліжэй да дванаццаці дня. Часам ён купляў бутэльку віна, бывала, болып, і, паралельна чытаючы ці слухаючы музыку, даходзіў да прыемнага стану, калі ўзнікала мноства ідэй і планаў. У ад-
ной руцэ ў яго была бутэлька, у другой цыгарэта, іх ён па чарзе падносіў да рота.
Падчас аднаго з такіх вечароў ён раптам усвядоміў, што існуе мноства месцаў, дзе ён ніколі не быў і шмат цікавых рэчаў, якіх ён ніколі не рабіў. У яго здарылася нешта накшталт азарэння. Ён не будзе ставіць перад сабой нейкіх маштабных, але па сутнасці бессэнсоўных, мэтаў: стаць вялікім пісьменнікам, разбагацець, дасягнуць улады, несці свету добрае або жудаснае. Усё гэта поўнае глупства. Ён хоча стаць звычайным геданістам, які атрымлівае задавальненне ад новых адчуванняў, новага досведу (ад новых ліній сюжэту ўласнага жыцця). Гэта так элементарна, але Жыль не задумваўся пра гэта раней. У яго з’явіўся стымул, жаданне. Ён будзе пісаць, але цяпер дзеля магчымасці ажыццяўляць задуманае гэтай ноччу.
Нягледзячы на выпітае, прачнуўся ён а пятай раніцы. Як заўсёды, паснедаў бутэрбродам і гарбатай. Затым сеў за чытанне ў сваё любімае крэсла. Бліжэй да дзевяці Жыль адправіўся на Сэн-Жэрмэн у Кафэ дэ Флор. Але не сеў за столік на вуліцы, каб папесціць сябе ды паназіраць за мінакамі, як гэта бывала раней, а адразу пачаў пісаць, выпіваючы каву кубак за кубкам. Словы на паперы з’яўляліся хутчэй і хутчэй. Яго рука рухалася рытмічна і хутка, як механізм станка. Героі, сюжэт, дыялогі рамана імгненна кампанаваліся ў яго галаве і адразу ж з’яўляліся на паперы. Ён нават не адрываў погляд ад стала, а ручку ад ліста паперы, каб замовіць яшчэ кавы, наўпрост паказваў
на апусцелы кубачак пры з’яўленні афіцыянта. Калі Жыль вырашыў спыніцца ды трохі адпачыць, да яго падышоў адзін з работнікаў кафэ і сказаў, што ўжо зачыняюцца. На гадзінніку было дванаццаць ночы, рахунак паказваў пятнаццаць выпітых кубкаў кавы, а на стале ляжала сорак новых старонак рамана.
Крыху прагуляўшыся, Жыль вярнуўся дамоў. Ён быў моцна ўзбуджаны. Прыліў энергіі і радасці змяшаліся ў эйфарычны кактэйль. Жыль здолеў бы працаваць усю ноч і напісаць яшчэ столькі ж. Яму зноў хацелася ствараць. Пісаць кнігу або новую карціну — зараз для яго гэта было неістотным. Проста меўся вялізны запас фізічных і творчых сіл. Але ён разумеў, што такі стан можа апынуцца зманлівым. Нельга было цяпер высільваць сябе да апошняга, патрабаваўся запас сілы на наступныя дні, каб хутчэй дапісаць раман і аднесці яго ў выдавецтва.
— Мы на месцы, падымайцеся.
— Ужо прыехалі?
— Так. He мог вас абудзіць. Пачаў падумваць, што памерлі, — пажартаваў кіроўца.
— Прабачце, вельмі стаміўся, даўно ў дарозе. Так значыць, сто метраў прама?
— Трыста. Там будзе агароджа, за якой парк, ідзіце ўздоўж. Там усё зарасло, таму глядзіце ўважліва, каб уваход не прапусціць.
— Ага, дзякуй вам вялікі. Да пабачэння.
— Да пабачэння. Будзьце асцярожныя.
— Дзякуй.
Дзверы адчыніліся, і адтуль хлынула халаднаватае паветра. Пасля сну было асабліва зябка, па скуры пабеглі дрыжыкі. Вуліца практычна не асвятлялася, толькі далёка зялёным колерам свяціў ліхтар, што трохі здзіўляла (чаму менавіта зялёны?). Аўтобус развярнуўся ды з’ехаў у зваротным кірунку, а Андрэй пайшоў прама. Было ціха, нават сабакі не брахалі. Узнікалі сумневы, што тут наогул хтосьці жыве.
Агароджа парку цягнулася досыць далёка. Уваход знайшоў не адразу, давялося хадзіць туды-сюды некалькі разоў, а гэта давалася цяжка з яго багажом. У рэшце рэшт, ён знайшоў дзверы, якія былі трохі ўбаку ад высокай, закрытай з унутранага боку брамы. Прайшоўшы некалькі метраў па сцежцы, Андрэй убачыў удалечыні за дрэвамі абрысы велізарнага дома. Сцяжынка злілася з дарогай, якая ішла ад галоўных варот. Справа ад гэтай дарогі знаходзілася возера, велічыню якога было складана вызначыць уночы.
Перад Андрэем паўстала загадкавая, амаль містычная карціна. Падыходзячы бліжэй, змог разгледзець, што вялізны дом і ёсць тая самая клініка. Будынак амаль не асвятляўся. Дзесьці за ім знаходзіўся ліхтар, чыё цьмянае святло падала з-за вугла. На прыступках, па баках ад дзвярэй, стаялі шкляныя ёмістасці з запаленымі свечкамі. На шырокім ганку быў столік, за якім задуменна сядзеў чалавек, чый твар ён пакуль не мог разгледзець. Па меры набліжэння, рысы выяўляліся выразней і Андрэй заў-