Дзіцячы маніфест  Кірыл Стаселька

Дзіцячы маніфест

Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
43.21 МБ
важыў, што незнаёмы глядзіць яму проста ў вочы. Ці то ад пільнай увагі, ці ад хвалявання, хлопец ледзьве не паваліўся, аб нешта спатыкнуўшыся. Каб згладзіць няёмкасць, Андрэй адразу пачаў гаварыць, не паспеўшы падняцца на ганак.
— Добры вечар! Маё імя...
— Андрэй? Так, я ведаю. Мы чакалі вас сёння на вакзале, — адказаў малады мужчына ў прыгожым чорным касцюме.
— Мы з вамі, напэўна, выпадкова размінуліся. Выбачайце, што прымусіў вас ездзіць дарма...
— Нічога, у любым выпадку мне трэба было ў Познань па справах. Добра, што змаглі самастойна да нас дабрацца. Як даехалі, напэўна, вельмі стаміліся?
— Дзякуй. He, не вельмі, толькі спаць крыху хочацца.
— Есці таксама? — ён паказаў на талерку з вялікім кавалкам мяса і бульбай. — Разумею, што ў вас нямала пытанняў і, магчыма, некаторыя рэчы вас могуць здзіўляць. Таму зробім так: паешце, затым правяду ў ваш пакой. Адпачнеце, а заўтра сустрэнецеся з доктарам Штомпкам, і ён вам усё растлумачыць ды распавядзе пра тое, чым вы тут будзеце займацца. Згодны?
— Так, добра, вялікі дзякуй.
— Прашу прабачэння, што не прадставіўся. Я намеснік дырэктара клінікі, Базалья Франка.
— Прыемна пазнаёміцца. Калі шчыра, нават сумняваўся, ці варта сюды ехаць, бо мне нічога канкрэтна не патлумачылі.
— Разумею вас, але ёсць некаторыя прычыны, па якіх пэўная інфармацыя пра гэту клініку не можа распаўсюджвацца. Заўтра вы зразумееце, з чым гэта звязана.
Болып яны ні пра што не гаварылі. Андрэй так стаміўся, што ўжо не было сіл намагацца пра штосьці даведацца. А малады доктар, як ні дзіўна, нават не рабіў спробаў штосьці даведацца пра яго. He пытаўся, колькі яму гадоў, адкуль ён і дзе вучыўся, нават не спрабаваў згладзіць цішыню лёгкай балбатнёй. Яны сядзелі моўчкі. Андрэй спяшаючыся даядаў прапанаванае мяса, якое наўрад ці загадзя прызначалася яму, а малады доктар спакойна дыміў люлькай, чакаючы пачаткоўца.
Андрэй крадком спрабаваў разгледзець твар свайго будучага калегі. У яго была прыемная, што выклікала давер, знешнасць, але ён быў не з тых, хто будзе цябе панібрацкі весела пляскаць па плячы. У яго рухах, манеры гаварыць і трымаць сябе выразна выяўлялася арыстакратычнасць, адчуваўся моцны характар, незалежнасць. Хацелася яму падпарадкоўвацца. Ва ўсякім выпадку, цяжка было ўявіць, што ён мог камусьці падпарадкоўвацца сам. На выгляд, доктар меў гадоў трыццаць. Кароткія чорныя валасы, высокі магутны лоб, грэцкі, з невялікай гарбінкай, нос, акуратныя вусікі.
Такая знешняя эстэтыка ў такой неэстэтычнай установе навяла Андрэя на думку: «Навошта так добра выглядаць, калі гэтага ніхто не ўбачыць, не адзначыць». Ён ніколі не задумваўся над гэтым раней.
Матывы зразумелыя, калі ты знаходзішся ў грамадстве, дзе кожны дзень сустракаеш мноства людзей: хочацца камусьці спадабацца, зрабіць уражанне, звярнуць на сябе ўвагу жанчыны. Але навошта выглядаць не проста дагледжана, але стылёва ў такіх закрытых установах як армія, бальніца, турма. Магчыма, гэта самалюбаванне, але малады доктар не быў падобны да нарцыса. Магчыма, у такіх месцах, дзе заўсёды ходзіш ва ўніформе, жаданне прыгожа выглядаць абвастраецца, але ён не заўважаў такога вострага жадання ні за сабой, ні за іншымі раней.
Як толькі Андрэй скончыў есці, яны прайшлі ў будынак. Для палаца, а гэта быў некалі палац, інтэр’ер вельмі просты, а для клінікі незвычайны. Тут не мелася пазалоты, крыштальных жырандоляў і іншых атрыбутаў мінулага багацця, але атмасфера велічы прысутнічала ў кожнай дэталі, кожнай дробязі. Спалучэнне такой атмасферы і штодзённасці клінікі, сутыкненне ўзнёслага і паталагічнага ўтварала дзіўны дысананс. Падняўшыся на другі паверх, малады доктар правёў яго да канца калідора, адчыніў дзверы і аддаў ключ ад пакоя. Развітваючыся, Андрэй увайшоў ды запаліў святло. Абстаноўка сціплая: столік, крэсла, шафа, камод і ложак. Нягледзячы на гэта, тут было вельмі ўтульна. Яму хацелася пракруціць у галаве мінулы дзень і ўявіць падзеі заўтрашняга. Але варта было пакласці галаву на падушку, як вочы самавольна заплюшчыліся.
***
Владэк — адзін з мясцовых жыхароў, які час ад часу падпрацоўваў у клініцы кіроўцам — пакуль яшчэ не прыйшоў. Таму, разабраўшыся са справамі, Базалья выйшаў на ганак, каб распаліць люльку і трохі пагрэцца на сонцы. Але хвілін праз дзесяць Штомпка перапыніў ягоную тытунёвую феерыю і запрасіў да сябе ў кабінет.
— Ты не забыўся, што сёння трэба будзе сустрэць папаўненне?
— He забыўся, вось якраз чакаў Владэка.
— Зразумела. Калі ён прыедзе, будзе ўжо досыць позна. Таму лепш увесці яго ў курс справы заўтра. Абрывачная інфармацыя толькі адпудзіць, так што пратрымайся да наступнага дня. Трымайся, як на допыце, — засмяяўся Штомпка.
— Гэта я і сам разумею.
— Выдатна! Заўтра падрабязна ўсё яму растлумачу і папрашу Тадэвуша яго тут павадзіць. Яны з Тадзікам аднаго ўзросту, таму хутка адаптуецца. I папрашу цябе, калі ласка, першы час паназірай за ім, але не вельмі назойліва.
— Згода.
— Выдатна! Вунь, дарэчы, і Владэк ідзе.
Базалья спусціўся з ганку і пайшоў насустрач.
— Добры дзень, Владэк!
— Добры дзень! Выбачайце, што спазніўся.
— Нічога, мы яшчэ не спазняемся. Машына гатовая, можам выязджаць?
— Так, машыну за брамай пакінуў. Вы яе не пазнае-
це. Пафарбаваў, адрамантаваў, цяпер яна як новенькая.
Яны прайшлі па сцежцы за брамку і селі ў аўтамабіль. Яго на самай справе было не пазнаць. Было відаць, што Владэк вельмі гэтым ганарыцца. Калі б побач стаяла яшчэ некалькі машын, ён пэўна папрасіў бы адгадаць, якая з іх яго. Машына была старая і нязручная, таму Базалья толькі ў крайніх выпадках прасіў куды-небудзь падвезці. Але цяпер у салоне нешта змянілася і было досыць камфортна. Базалья нават паспеў задрамаць, і амаль гадзіна дарогі праляцела, як дзесяць хвілін. Калі прыехалі на вакзал, на вуліцы ўжо цямнела. Ён папрасіў Владэка прыпаркавацца побач з аўтобусным прыпынкам на Мікушэва.
Малады спецыяліст мусіў знайсці іх па нумары машыны. Цягнік з Варшавы ўжо дваццаць хвілін як прыбыў, а госця ўсё яшчэ не было. Базалья гатовы быў і сам пайсці шукаць згубу, ды не ведаў, як той выглядае. Ён адлучыўся, каб патэлефанаваць, пакінуўшы Владэка і пра ўсё таго папярэдзіўшы. Вярнуўся, але малады чалавек так і не з’явіўся. Владэк не мог доўга затрымлівацца, ды і чакалі яны досыць доўга, таму вырашылі пабыць тут яшчэ хвілін дваццаць і вяртацца ў Мікушэва. Магчыма, той нешта пераблытаў. Базалья спадзяваўся, што ў такім выпадку ён здагадаецца сам даехаць на аўтобусе. Яму не хацелася зноў выслухоўваць ад Штомпкі лекцыі на тэму «Што можна было б зрабіць». Да таго ж, калі яны прыедуць назад, ён ужо будзе спаць.
У іх невялікай клініцы гэта быў ужо чацвёрты доктар за апошнія паўтара гады. Базалья не раз спра-
баваў пераканаць Штомпку ў тым, што лепш нікога больш не прыцягваць. Нават калі на тое мелася крайняя патрэба, варта было запрашаць не маладых, а вопытных, і самае галоўнае, правераных спецыялістаў. Апошнія няўдалыя выпадкі мусілі стаць для яго найлепшым аргументам, але Штомпку немагчыма было пераканаць. Па характары Базалья на дзіва стрыманы чалавек, але такое стаўленне прыводзіла яго ў шаленства. Даходзіла да таго, што ён некалькі разоў зрываўся на павышаныя тоны, калі чарговая спроба пераканаць дырэктара заходзіла ў тупік.
Штомпка старанна адбіраў пачаткоўцаў, не паведамляючы пра тое варшаўскаму кіраўніцтву (у яго былі на гэта паўнамоцтвы). Акрамя прафесійных характарыстык, ён таксама вывучаў іх сямейнае становішча. Апошнім быў Тадэвуш; як і Андрэй, ён не меў сям’і. Штомпка пераконваў, што з такімі спецыялістамі, няхай і без вялікага досведу, у выпадку якіхнебудзь праблем значна прасцей, чым з дарослымі сямейнікамі. Сам Базалья лічыў, што менавіта адсутнасць досведу стала прычынай нядаўніх здарэнняў. 3 гэтым неабходна было штосьці рабіць. Бо небяспецы падвяргалася не толькі свежае папаўненне, узнікала пагроза існаванню самой клінікі. Базалья быў гатовы яшчэ трываць, але калі так будзе і далей, ён пойдзе на крайнія меры.
У клініцы было ціха, усе ўжо спалі. Владэк адправіўся дадому, а ён прыгатаваў сабе паесці і сеў за столік на ганку У яго была дзіўная звычка курыць да і пасля прыёма ежы. Базалья даставаў люльку, калі
ўдалечыні заўважыў чыйсьці сілуэт. Спачатку падумаў, што здалося, але фігура працягвала рухацца ў ягоным кірунку. Тады ён выказаў здагадку — і адразу ж у думках папракнуў сябе за някемлівасць, — што гэта Андрэй. Малады чалавек ужо падымаўся і ледзь не паваліўся, спатыкнуўшыся аб прыступку. Ён адразу ж пачаў нешта балбатаць. Моцнае хваляванне чулася ў ягоным голасе, але сам Базалья гаварыў і трымаўся на здзіўленне спакойна, як быццам бы яго не заспелі знянацку.
— Добры вечар! Маё імя...
— Андрэй? Так, я ведаю. Мы чакалі вас сёння на вакзале.
— Мы з вамі, напэўна, выпадкова размінуліся. Выбачайце, што прымусіў вас ездзіць дарма...
— Нічога, у любым выпадку мне трэба было ў Познань па справах. Добра, што змаглі самастойна да нас дабрацца. Як даехалі, напэўна, вельмі стаміліся?
— Дзякуй. He, не вельмі, толькі спаць крыху хочацца.
— Есці таксама? — ён паказаў на талерку з вялікім кавалкам мяса і бульбай. — Разумею, што ў вас нямала пытанняў і, магчыма, некаторыя рэчы вас могуць здзіўляць. Таму зробім так: паешце, затым правяду ў ваш пакой. Адпачнеце, а заўтра сустрэнецеся з доктарам Штомпкам і ён вам усё растлумачыць ды распавядзе пра тое, чым вы тут будзеце займацца. Згодны?
— Так, добра, вялікі дзякуй.
— Прашу прабачэння, што не прадставіўся. Я намеснік дырэктара клінікі, Базалья Франка.
— Прыемна пазнаёміцца. Калі шчыра, нават сумняваўся, ці варта сюды ехаць, бо мне нічога канкрэтна не патлумачылі.
— Разумею вас, але ёсць некаторыя прычыны, па якіх пэўная інфармацыя пра гэту клініку не можа распаўсюджвацца. Заўтра вы зразумееце, з чым гэта звязана.
Госць накінуўся на ежу, быццам ужо месяц нічога не еў. Час ад часу ён паглядаў на Базалья, аднак ніводнага пытання не задаў. Такая тактоўнасць спадабалася Базалья. Магчыма, хаця б для выгляду, варта было яшчэ штосьці спытаць, праявіць увагу да новага чалавека, але ўсё, што трэба было ведаць, ён прачытаў з біяграфіі маладога чалавека, дасланай на разгляд Штомпку. Большае яго не цікавіла. He хацелася найграна ўсміхацца, абменьвацца пустымі фразамі, размаўляць, каб пазбегнуць няёмкага маўчання. Усё гэта было цяжка для Базалья. Ён моўчкі курыў і чакаў, калі можна будзе праводзіць суседа па століку і прыгатаваць сабе новую порцыю.