Дзіцячы маніфест  Кірыл Стаселька

Дзіцячы маніфест

Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
43.21 МБ
тлумачыць сабе гэты жэст Франка, спрабаваў знайсці ў ім схаваны сэнс. He хацелася верыць, што яму проста паказалі на дзверы. Што гэта магло значыць? Магчыма, ён, прадчуваючы дадатковыя пытанні, намякнуў, што лепш прамаўчаць у гэтай сітуацыі, або што ён сам больш нічога не ведае?
Андрэй спусціўся і выйшаў на двор. Праз пятнаццаць хвілін з’явіўся Тадэвуш ды прапанаваў прайсціся. Яны ўжо даўно не размаўлялі па-сяброўску. Адчувалася, што з кожным днём яны ўсё больш аддаляюцца.
— Слухай, Тадзік, што адбываецца?
— Сам ведаю не больш за тое, што цяпер чуў
— А што гэта за «кіраўніцтва ў Варшаве»?
— Дакладна не магу сказаць, думаю, нават Франка не ведае, але мне здаецца, што гэта людзі з міністэрства.
— I што яны могуць зрабіць у гэткім выпадку?
— Ну, напрыклад, прызначыць галоўным Базалья Франка, а яго месца зойме адзін з дактароў.
— А Штомпка?..
— Адкуль я магу ведаць? Такіх сітуацый раней не было. Да таго ж, я тут працую не так даўно і, як ты, шмат аб чым не ведаю.
Нават Тадэвуш нічога не хацеў расказаць. Як быццам існавала тайная дамоўленасць маўчаць, як быццам ён так і застаўся тут чужым для ўсіх. Ён мог выказаць усю сваю крыўду Тадэвушу, але нічога не змянілася б. Тадэвуш пайшоў у палац, а ён яшчэ некаторы час шпацыраваў. Было цёмна, усе ўжо спалі,
але здалёк заўважыў, што ў кабінеце Штомпкі гарыць святло. Яго было шкада. Іншыя вырашаюць яго лёс, а ён ні пра што і не здагадваецца. Андрэй не ўяўляў, як нейкае невядомае яму кіраўніцтва заўтра вырашыць лёс не толькі Штомпкі, але таксама пацыентаў, дактароў ды яго ўласны.
...У дзверы пагрукалі. За акном было цёмна, але пачынала ўжо днець. Напэўна, было каля пятай раніцы. Стук больш не паўтараўся. Цікаўнасць і хваляванне падштурхнулі Андрэя падняцца, ды хутка нацягнуўшы штаны і кашулю, адчыніць дзверы. Там стаяў задыханы Жыль Арто: «У мой пакой паклалі кагосьці іншага». Андрэй разам з французскім сябрам амаль бегма кінуўся ва ўсім пераканацца. Калі апамятаўся і на хаду павярнуўся спытаць, чаму Жыль свабодна ходзіць па клініцы, таго ўжо не было. На месцы ягонага пацыента ляжаў немалады чалавек. Абрысы твару здаваліся знаёмымі. Падышоўшы бліжэй, разгледзеў у старым Альгерда Францавіча. Той пачаў неразборліва крычаць ды брыкацца, спрабуючы вызваліць рукі і ногі, прывязаныя да ложка.
Андрэй выбег у калідор. Спусціўся да кабінета Штомпкі. На шляху нікога не сустрэў, але чуў шоргаты і тупат за кожнымі дзвярыма. Магчыма, крыкі Альгерда Францавіча ўсіх пабудзілі. Пастукаў ды ўвайшоў у кабінет, але там нікога не было, толькі
цьмяна гарэла настольная лямпа. Заўважыў дзверы, якія раней не было відаць з-за кніжнай шафы.
Андрэй запаліў узятую са стала свечку, прыадчыніў іх. У маленькай неасветленай каморы былі яшчэ адны дзверы, замкнёныя на завалу з вонкавага боку. Яны вялі ў склеп. Паступова навакольная прастора запаўнялася цьмяным мільгатлівым святлом. Уздоўж сцен віселі чалавечыя целы, некалькі дзясяткаў. Ён кінуў свечку на падлогу і загасіў нагой. Хутка ўзбег па лесвіцы. Замкнуў завалу склепа. У кабінеце ўжо чуліся галасы.
У цемры рукі намацалі яшчэ адны дзверы. Схавацца было немагчыма, бегчы — вось адзінае выратаванне. Таму, не доўга раздумваючы, кінуўся ў наступнае памяшканне. Бег з калідора ў калідор, апынаючыся ў новых залах і пакоях. Насіўся, як загнаныя жывёла, спрабуючы выбрацца з палаца, унікаючы галасоў і шоргатаў. Цішыня служыла арыенцірам. Толькі выслізнуўшы з гэтых сцен, ён мог займець надзею. Толькі там, звонку, ён мог схавацца, уцячы. Гэта адзінае, што заставалася. Звярнуцца па дапамогу не было да каго, спадзявацца заставалася толькі на сябе.
He здолеўшы знайсці выйсця на вуліцу, выскачыў у акно. 3 боку брамы ехала машына з ярка запаленымі фарамі. Ззаду нехта гнаўся. Андрэй кінуўся да зараснікаў. Бег з усіх сіл. Ведаў, што здольны хутчэй, але не мог. Дапамагаў рукамі, як бы адштурхоўваючыся ад прасторы, але рухаўся ўсё гэтак жа павольна. Сцены палаца былі не адзінай перашкодай, трэба было яшчэ перабрацца праз агароджу.
Там, за тэрыторыяй клінікі, было шмат людзей, яркія агні. Відаць, праходзіў кірмаш. Прадавалі скаціну, гародніну, і нават людзей. Падбягаў да мінакоў, але яны былі занятыя сваім. Праз імгненне за Андрэем гналіся людзі «з клінікі» і нейкія гандляры. Зноў бег. Нарэшце, схаваўся ў нейкім доме. Там сядзела вясёлая кампанія, некаторыя — ягоныя знаёмыя. Сярод іх прысутнічала жонка Жыля. Ён ніколі яе не бачыў, але дакладна ведаў, што гэта Мішэль. Жанчына не здавалася ўсхваляванай. Андрэй падумаў завесці размову пра яе мужа, але перадумаў.
Усе нешта святкавалі. Пазней зразумеў, што ягоны дзень нараджэння. Дзяўчына, якая дужа яму падабалася, гутарыла з іншым хлопцам, якога ён вельмі не любіў. Звярнуць на сябе ейную ўвагу не ўдалося. Яна размаўляла з маладым чалавекам. Ім было весела, яны смяяліся, сімпатыя між імі была відавочнай. «Чым ён лепшы, ён жа такі непрыемны чалавек, такі нязграбны. Як яна не заўважае», — не давалі супакоіцца бурлівыя эмоцыі. Андрэй паспрабаваў падысці да іншых дзяўчат, але і яны не праяўлялі цікавасці. Гэта ж Яго дзень нараджэння, Яго свята, Яго дом!
Беспадстаўная рэўнасць і крыўда будзілі ўзлаванасць. «Ну і добра, ну і чорт з вамі. Я магу быць адзін. Вы мне непатрэбныя», — Андрэю хацелася плакаць. Ніхто б не заўважыў, але ён ведаў: у любым выпадку гэтага рабіць нельга. Раптам пачаў біць посуд, але ніхто нават не паглядзеў. 3 усяе сілы кінуў кружку ў сцяну.
Глухі гук удару кубка...
Прыўзняўшыся на ложку, Андрэй запаліў святло. Дробныя аскепкі разляцеліся па ўсёй падлозе. Сэрца працягвала біцца, а пачуццё трывогі не праходзіла. Разбітае ён прыбярэ пазней. Зноў лёг, варочаўся з боку на бок, намагаўся ні пра што не думаць, але заснуць так і не здолеў.
***
Ён нібыта прачнуўся ад доўгага сну. Адчуваўся прыліў энергіі і маладосці. Новыя планы і ідэі кружылі галаву. Калі раней спаў па сем гадзін, то цяпер мог дазволіць сабе толькі чатыры гадзіны адпачынку. Часу катастрафічна не хапала. 3 пяці раніцы да гадзіны ночы не было ані хвіліны вольнай. Яго новы рытм жыцця паўплываў і на калег, якія таксама нярэдка сталі заседжвацца дапазна.
Яшчэ зусім нядаўна Штомка думаў, што гады падыходзяць да канца, а ён так нічога і не дасягнуў. Так, ён меў навуковую ступень, немалы аўтарытэт у пэўных колах, цяпер узначальваў клініку. Як навуковец дамогся многага, але такіх жа, як і ён, былі тысячы па ўсім свеце. У перыяды глыбокай адзіноты прыходзіла шкадаванне, што зрабіў выбар на карысць навукі, а не стварыў сям’ю, калі прыйшоў час. Як быў малады, здавалася, усё будзе неяк паіншаму. Але цяпер зразумела, што выбар зроблены няправільна. Часта, думаючы аб пражытым, упадаў у стан бяссілля і расчаравання. Калі ўжо амаль з усім змірыўся, жыццё падкінула яму сюрпрыз, даўшы
новы штуршок. Штомпка, як і трыццаць гадоў таму, цалкам аддаўся працы.
Як ніколі дагэтуль, ён разумеў, што выказванне «новае — гэта добра забытае старое» не пустыя словы. Ужо паўмесяцы Штомпка штудыяваў працы класікаў: Жана Шарко, Агюста Льебо, П’ера Жанэ, Эдуарда Брысо і свайго земляка Жазэфа Бабінскага. Многія працы сапраўды бясцэнныя. На нейкія з іх ён амаль забыўся, некаторыя не заўважыў альбо ўспрыняў недастаткова сур’ёзна. Цяпер, праз гады, можна было ацаніць іх аб’ектыўна: вылучыць ідэі, вартыя насамрэч, адшукаць элементы, якіх не ставала ў мазаіцы Штомпкі. Ён быў цалкам упэўнены, што знаходзіцца на правільным шляху. Яшчэ трохі, і ён завершыць сваю канцэпцыю. Смелую, у чымсьці наватарскую. Без сумневу, яна выклікае мноства спрэчак, нязгоды, крытыкі. Так бывае з усімі новымі тэорыямі. Але калі ўсё супакоіцца, магчыма, пасля ягонай смерці, усім стане зразумелай значнасць яго дасягненняў.
Падняўся раней, чым звычайна. Найперш узяўся за чытанне, паралельна робячы пазнакі, выпісваючы найбольш важнае. Затым пачаў пераглядаць і аналізаваць старыя запісы, вынікі эксперыментаў, праведзеных у клініцы. Бліжэй да васьмі раніцы правёў агляд некалькіх пацыентаў. У клініцы панавала адмысловая працоўная атмасфера: дактары працавалі з пацыентамі, нешта абмяркоўвалі паміж сабой, спрачаліся, звычайна спакойны палац цяпер віраваў. Каля кабінета Штомпка сустрэў Базалья Франка ды запрасіў зайсці да сябе.
— Як ідуць справы? У апошні час я ўвесь занурыўся ў працу і крыху аддаліўся ад калектыву.
— Усё добра. Працуем, як і раней.
— Ведаеш, Франка, зараз актыўна займаюся адной тэорыяй, гэта забірае досыць шмат часу. Таму я планую пакінуць працу ў клініцы. Ды і на адпачынак даўно пара. На сваё месца планую прызначыць Анджэя Валенскага. Што думаеш наконт гэтага?
— Нам будзе вас не ставаць, але калі так вырашылі, то я, як і астатнія, з павагай пастаўлюся да вашага выбару.
— Папрашу цябе пакуль нікому пра гэта не казаць. У бліжэйшыя дні хачу правесці сход, абмеркаваць справы. Калі ў цэлым усё няблага, то паведамлю аб сваім рашэнні калегам.
— Так, вядома.
— Дзякуй табе. Ну, тады не буду больш затрымліваць.
Пасля сыходу Франка ён працягнуў чытаць. Скончыў толькі ўночы, калі вочы ўжо невыносна балелі. Якраз у гэты час да яго зайшоў Валенскі ды прапанаваў выпіць гарбаты. Няўжо Франка прагаварыўся? — прамільгнула ў Штомпкі ў думках. Яны пагутарылі хвілін дзесяць на агульныя тэмы, пасля Валенскі сышоў. Штомпка пагрузіўся ў роздумы і неўзабаве заснуў у сваім крэсле, не паспеўшы скласці кнігі і сшыткі з запісамі.
***
Змоўшчыкі баяліся выдаць сябе і ўсяляк спрабавалі стварыць бачнасць звычайнага дня, якога так даўно не было. Павылазілі са сваіх пакояў, гулялі ў більярд, жартавалі і рабілі выгляд, што смяюцца, знарок гучна размаўлялі, каб доктар Штомпка не адчуў атмасферы насцярожанасці і чакання. Нават Франка, як у ранейшыя часы абмяркоўваў з ім надзённыя клопаты ў клініцы. Андрэю было няёмка ўдзельнічаць у гэтым тэатры аднаго гледача, але ён, як і іншыя, з нецярпеннем чакаў вяртання Анджэя Валенскага з Варшавы.
Андрэй спрабаваў пераадолець нервовы стан. Часам яму ўдавалася гэта на кароткі час, але ён зноў звальваўся ў свае думкі. Жыль не мог не заўважыць, што яго малады сябра ўстрывожаны ад учорашняга, але зноў вырашыў не турбаваць роспытамі. Здаралася, што яны падоўгу сядзелі моўчкі, пакуль Андрэй не ўзгадваў пра прысутнасць іншага чалавека.