Дзіцячы маніфест
Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
Вось дзяўчына, апранутая і размаляваная, нібы кіношная ўладарка сэксу на начных вуліцах Бронкса. Вось нейкі дзед у вопратцы, якая нагадвае вопратку беларускіх сялян пачатку дваццатага стагоддзя з падручнікаў па гісторыі. А вось хлопец у жоўтых штанах, зялёных красоўках, чырвоным швэдры і з вяліз-
нымі слухаўкамі на шыі. Хацелася сядзець тут цэлы дзень і ні пра што не думаць. Толькі назіраць.
Я сядзеў тут, але быў нібыта звонку. Усё было не так узаемазвязана, як калі ты знаходзішся ўсярэдзіне. He. Людзі, прадметы, гукі, пахі — усё гэта не злівалася ў адно, а існавала неяк паасобку. Але гэта зусім не перашкаджала, а наадварот, дазваляла мне бачыць нават дробязі. Было ўражанне, што я сяджу ў нейкім утульным месцы, па чарзе бяру розныя рэчы, кручу, разглядаю іх, мацаю, вывучаю.
Маленькая машынка. Мэрсэдэс. Ён чорны. У машынкі няма левага задняга кола, а правае пярэдняе пагрызенае. На дзвярах тры драпіны. Гэтую машынку трымае маленькі хлопчык. На ягонай кашулі пляма ад вішнёвага варэння. На шорціках, на правай назе, невялікая, памерам з семку, дзірка.
Цікава. Сапраўды цікава, кім ён будзе, калі вырасце? Цікава, з кім ён будзе сябраваць у школе? Які будзе ў яго характар? Цікава, дзе ён будзе вучыцца? Што будзе пасля? Колькі ў яго будзе дзяцей? Цікава. Цікава і тое, як і дзе ён пармрэ, і ці будзе ён задаволены сваім жыццём, альбо хацеў бы яго пражыць па-іншаму? Цікава. Можа быць, ён стане вялікім рэжысёрам ці палітыкам, а можа, проста сап’ецца. У гэтага дзіцёнка будзе сваё, ні да чыйго не падобнае жыццё. Свая гісторыя.
У кожнага з гэтых людзей свае гісторыі, звычкі, знаёмыя. У кожнага здараліся нейкія прыгоды, радасці, няўдачы. Як бы я хацеў зірнуць на чалавека і зведаць яго гісторыю. Можа быць нават, аднойчы
я мог бы сказаць: «Ён стаў прэзідэнтам? Ух ты. Я памятаю яго яшчэ дзіцёнкам, калі ён у кашулі з плямай і ў шорціках з дзіркай бегаў у метро».
Я бачу гэтых людзей, назіраю за імі з кутка. Толькі яны мяне не заўважаюць і не бачаць адно аднаго. Кожны кудысьці спяшаецца, заняты толькі самім сабой, сваімі клопатамі, а я назіраю за імі. У гэтым мая сіла, перавага. Я назіраю з кутка, які яны ж самі і стварылі.
Пэўна, я ўсё ж не змагу зазірнуць у гісторыю кожнага. Але паспрабую, хаця б крыху, зазірнуць у гісторыю аднаго. Мяне так натхнілі ўласныя разважанні, што я вырашыў правесці ўвесь сённяшні дзень у такім зазіранні ў гісторыю каго-небудзь з гэтых людзей. Паглядзець, дзе ён сёння будзе, з кім сустрэнецца. Якім будзе рытм яго дня.
Нечакана мне хтосьці наступіў на нагу. Я падняў галаву і ўбачыў высокага хлопца з заплечнікам. Той спяшаўся на цягнік. Паспеў Там было шмат людзей, якія зашчаміліся ды былі як агуркі ў слоіку. Ён паспрабаваў хоць як-небудзь уціснуцца. Але ў цягніку ўжо не было месца. Хлопец быў вымушаны застацца і чакаць наступнага цягніка. Было відаць, што яму такі расклад не вельмі падабаецца. Пытанне, за кім сёння назіраць, канчаткова вырашылася.
У такім тлуме хлопца можна было лёгка згубіць. Таму вырашыў трымацца да яго як мага бліжэй. Я праціснуўся скрозь натоўп пасажыраў, якія, як і юнак, чакалі наступнага электрацягніка. Стаў за ягонай спінай. Прыбыў цягнік, з дзвярэй ледзь вышчамілася чалавек шэсць. Усе, хто стаяў на плат-
форме, рушылі ў вагон. Хлопец быў даволі спрытны, ён хутка заняў больш-менш зручнае месца. Мне ж давялося прыкласці намаганні, каб уціснуцца. Мяне ад юнака аддзяляў адзін чалавек, але, нягледзячы на гэта, я ўсё ж мог чуць музыку, якая гучала з навушнікаў хлопца. Ён слухаў Rammstein. Вось і зроблены першы крок у межы ягонага жыцця.
Зыходзячы з таго, што хлопец слухае, я пачаў выбудоўваць яго партрэт: характар, што ён любіць, кола яго сяброў... Але памыліўся. Наступная песня, якая загучала з яго слухавак, выконвалася Энрыке Іглесіясам. Такі паварот збіў мяне з панталыку. Я вырашыў крыху пачакаць, перш чым самаўпэўнена маляваць ягоны партрэт. Потым гучалі Queen, 50 cent, Prodigy і некалькі новых папсовых песень.
Пэўна, ён з тых маладзёнаў, якія слепа кідаюцца на тое, што папулярна, што часцей за ўсё мільгаціць па тэлевізары. 3 тых, пра каго можна сказаць «заўсёды ў тэме».
Пасля станцыі «Кастрычніцкая» хлопец пачаў сунуцца бліжэй да выхаду і апынуўся злева ад мяне. Ён выйшаў на станцыі «Плошча Леніна» і ўжо праз сем хвілін уваходзіў у будынак універсітэта. Нягледзячы на тое, што мяне цяжка было вылучыць з натоўпу студэнтаў, я наўмысна ішоў за некалькі крокаў ад юнака. Па дарозе ён вітаўся то з адным, то з другім, жартаваў з дзяўчатамі. Можна было падумаць, што гэта нейкая «зорка» крочыць па калідорах тэлестудыі. Хлопец падняўся на трэці паверх, зайшоў у аўдыторыю.
Пара яшчэ не пачалася. Таму чуліся размовы, крыкі, жарты. Я пачакаў тры хвіліны і таксама ўвайшоў. Мне пашанцавала: аўдыторыя была вялікая, тут сядзела каля двухсот чалавек. Пэўна, што не ўсе знаёмыя між сабой, таму з’яўленне новага чалавека ніхто не заўважыў. Вачыма я хуценька адшукаў рокера-рэпера, сеў за ім.
Хлопец размясціўся ў вясёлай кампаніі сярод трох маладзёнаў і дзвюх дзяўчат. Праз некалькі хвілін ён падняўся з месца і пайшоў насустрач пекнай дзяўчыне, якая толькі што з’явілася ў аўдыторыі. Гэта была ягоная дзяўчына. Дзіўна, але яе твар падаўся мне вельмі знаёмым. Яны пацалаваліся, і хлопец пачаў нешта распавядаць, абдымаючы яе і час ад часу цалуючы. Потым яны разам вярнуліся да кампаніі.
Было зразумела, што хлопцы і дзяўчаты даўно знаёмыя. Жарты, якія пакрыўдзілі б чужога чалавека, у гэтай кампаніі ўспрымаліся даволі лёгка. У асноўным жартаваў хлопец, за якім я назіраў, і пра сябе пачаў называць яго веселуном, астатнія ж смяяліся і толькі часам дадавалі пару слоў. Ён пажартаваў зноў, але ў гэты момант зайшоў выкладчык, і ягоны досціп застаўся не ацэнены.
Першыя пятнаццаць хвілін лекцыі хлопец размаўляў з суседам злева, потым павярнуўся да сваёй дзяўчыны і пачаў штосьці шаптаць ёй на вуха. Часам яна адводзіла галаву і какетліва пазірала на яго. Яшчэ праз дзесяць хвілін юнак начапіў слухаўкі, паклаў галаву на парту і адпачываў ад цяжкіх намаганняў у барацьбе за веды.
Гэты весялун быў звычайным лайдаком і нічога цікавага ў ягонай гісторыі не бачылася. Нікчэмнасць. Я пачаў на яго злавацца і ледзь не адмовіўся ад намеру сачыць за ім увесь дзень, каб зазірнуць у гісторыю яго жыцця. Але раптам незаўважна для сябе стаў уважліва слухаць лекцыю. Пашкадаваў толькі, што не было пад рукой асадкі з паперай.
He было іх і ў хлопца, але ён не вельмі аб гэтым шкадаваў. Здавалася, што ён увогуле ніколі ні пра што не шкадуе. He шкадуе, не клапоціцца, не плануе, увогуле ні аб чым дужа не задумваецца. Жыве бесклапотна і весела. Ён, напэўна, шчаслівы.
Калі б у мяне была магчымасць абіраць — не ведаць і быць шчаслівым, або ведаць і быць няшчасным — я б абраў другое. Тым чалавек і адрозніваецца, што імкнецца ведаць. Пакутуе ад таго, што не ведае. А потым пакутуе ад таго, што ведае. У тым і сутнасць чалавека, каб пакутаваць. Пакуты як штуршок, як рухавік развіцця, змагання. Няведанне — пакуты, веданне — пакуты: кола вечнага рухавіка, якое падманвае чалавека, не даючы яму спакою, не даючы дасягнуць шчасця, прымушае ўвесь час рухацца, дзейнічаць. Кола, якое ахоплівае ўсе чалавечыя дзеянні. Развіццё, планаванне, дасягненне, пошукі, мысленне — усё гэта працуе дзякуючы гэтаму рухавіку.
Але ўсё ж такі ёсць магчымасць дасягнуць шчасця: пазбавіцца гэтага ўласцівага чалавеку імкнення ведаць. Той, хто зможа вырвацца з гэтага падманлівага вечнага кола, атрымае магчымасць стаць шчаслівым, пры ўмове, канечне, задавальнення пэўных біялагічных
патрэбаў. Але разам з гэтым ён губляе вечны рухавік.
«...не вечным. Канформнасць можа праяўляцца час ад часу...» Голас выкладчыка быў гучным, упэўненым. Я слухаў яго з цікавасцю і верай. Кожнае слова ўспрымалася як штосьці сакральнае, як вялікае багацце, якое я атрымаў і ніколі не згублю. Яно будзе паўсюль са мной і заўжды мне дапаможа. «Так, паўтараю самае галоўнае. Памятайце, што канформнасць — гэта падатлівасць чалавека рэальнаму ці ўяўнаму ціску групы, якая выяўляецца ў змяненні яго паводзін і ўстановак у адпаведнасці з першапачаткова чужой для яго пазіцыяй большасці. Канформнасць можна падзяліць на вонкавую — калі чалавек дэманстратыўна прымае пазіцыю большасці з мэтай атрымаць адабрэнне ці пазбегнуць групавых санкцый, і ўнутранную — калі чалавек сапраўды прымае пазіцыю групы як больш аб’ектыўную і абгрунтаваную, чым яго ўласная». Пачуваўся я, нібыта пад гіпнозам. He было аніякай стомы. Здавалася, што я прасядзеў бы тут яшчэ некалькі гадзін і не стаміўся б.
Але нечакана выкладчык змоўк і накіраваўся да дзвярэй, сказаўшы перад гэтым: «Усё, лекцыя скончаная, да наступнай сустрэчы». Студэнты пачалі па адным павольна падымацца, як пасля сну. Адны зноў пачалі спыненую лекцыяй размову, іншыя засталіся на сваіх месцах і тое-сёе дапісвалі ў сшытках, а трэція, узяўшы рэчы, выйшлі з аўдыторыі. Хлопец з сябрамі таксама выйшаў. Яны, напэўна, пайшлі перадыхнуць, а я вырашыў, каб не выглядаць падазрона, застацца ў аўдыторыі.
Глядзеў на студэнтаў і адчуваў сябе так, як адчуваў сёння раніцай у метро. Тут таксама было шмат людзей са сваімі гісторыямі, толькі яны не мяняліся і былі між сабою звязаныя пэўным чынам, у адрозненне ад пасажыраў у метро. Я таксама глядзеў на студэнтаў з цікавасцю, вывучаючы кожнага паасобку. Былі тут ціхоні, блазны, фіфы-моднікі і проста абыякавыя, якія глядзелі на ўсё з пагардай.
Вярнуліся сябры хлопца і ягоная дзяўчына. Дзяўчына прысела з адным хлопцам крыху збоку ад кампаніі. Яны ціха пра штосьці шапталіся. Мне стала цікава. Я ўстаў і выйшаў у калідор, каб потым вярнуцца і сесці бліжэй да іх. Мяне шчыра ўразіла тое, што ўбачыў, калі вярнуўся: дзяўчына цалавалася з сябрам хлопца.
Следам за мной у аўдыторыю зайшоў выкладчык. Хуткім крокам я пайшоў у бок парачкі, якая мяне зацікавіла, і сеў за імі. Перапынак доўжыўся каля дзесяці хвілін, а хлопец, за якім я назіраў, так і не вярнуўся. Мяне засмуціла тое, што я згубіў паддоследнага, але не вельмі шкадаваў, бо змог даведацца пра тое, чаго хлопец і сам не ведае. Можна сказаць, што цяпер некаторыя аспекты яго гісторыі я ведаў лепш за яго самога.