Дзіцячы маніфест
Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
Парачка ведала, што хлопец не прыйдзе, таму паводзіла сябе вольна. Значыць, астатнія сябры ведаюць пра гэта. У няведанні толькі ён. Доўжыцца гэта, напэўна, даўно. Але чаму яму ніхто не скажа? Здавалася ж, што ўсе яны сапраўдныя сябры.
Чаму дзяўчына сама не прызнаецца хлопцу, што хоча сустракацца з іншым? Так, ён, канечне, па-
крыўдзіцца, але гэта лепш, чым хлусіць усёй кампаніяй. А можа, яны яго баяцца? Напэўна. Тады гэта тлумачыць іх дзіўныя паводзіны, калі хлопец жартаваў. Ён жартаваў і кпіў амаль з кожнага, але ніхто не падначваў яго самога. Я памыляўся, калі думаў, што кампанія не крыўдзіцца на гэтыя жарты. Яны ўсе злаваліся, але не выяўлялі гэтага, бо тады паказалі б, што не могуць пастаяць за сябе.
I вось выпала магчымасць адпомсціць. Адпомсціць, так бы мовіць, з-за вугла. Хлопец, калі б і даведаўся, нічога не змог бы ім зрабіць. За што? Яны ж не вінаватыя ўсе. Гэта сябрук цалаваўся з яго дзяўчынай. Гэта сябра, сябра і дзяўчына яму хлусілі.
Калі я крыху апамятаўся ад здзіўлення, змяшанага з абурэннем, то пачаў прыслухоўвацца да гутаркі парачкі. Яны дамаўляліся пайсці ў начны клуб «Enjoy». Значыць, сёння яны збіраюцца ўдваіх ісці ў клуб, і, напэўна, не ў першы раз. Потым пра кагосьці размаўлялі. Я зразумеў, што пра хлопца. Гэта адчувалася па інтанацыі, па сэнсах, якія яны ўкладвалі ў сказанае. Доўжылася гэта нядоўга. Пасля яны крыху паразмаўлялі пра розныя рэчы і пачалі занатоўваць лекцыю ў канспект.
Калі лекцыя скончылася, яны пераселі да кампаніі. Гэта тлумачылася тым, што на наступную пару можа вярнуцца хлопец. А значыць, у мяне ўсё яшчэ маецца магчымасць глыбей зазірнуць у яго гісторыю.
У мяне была магчымасць атрымаць новы досвед, а гэта заўсёды выклікала радасць. Нават тое дрэннае, што ў мяне калісьці адбывалася, я імкнуўся асэнса-
ваць як у пэўнай меры станоўчае. Негатыўны досвед — таксама досвед. Досвед, які, калі правільна яго скарыстаць, абавязкова дапаможа мне ў будучым. Можна сказаць, што негатыўны досвед, абумоўлены ўласнымі памылкамі, з’яўляецца прышчэпкай, якая гарантуе імунітэт ад падобных сітуацый у будучым.
I сапраўды, праз тры хвіліны перапынку хлопец вярнуўся ў аўдыторыю да кампаніі. Усе паводзілі сябе як і раней: быццам нічога не здарылася. Юнак быў даволі вясёлы. Цікава, дзе ён знаходзіўся, што я прапусціў? Шкада, што немагчыма прысутнічаць у некалькіх месцах адначасова.
Пра што яны размаўлялі, я ўжо не мог пачуць, бо, перасеўшы на мінулым перапынку, знаходзіўся далекавата ад іх. Я не мог дачакацца, калі скончыцца лекцыя. Нічога новага не адбывалася. Усе занатоўвалі лекцыю, а хлопец, як і раней, слухаў плэер.
Нарэшце лекцыя скончылася, выкладчык выйшаў з аўдыторыі. Хлопец эмацыйна развітаўся з кампаніяй і пайшоў да дзвярэй. Напэўна, будзе яшчэ адна лекцыя. Але на гэты раз я рызыкаваць не збіраўся. Праз некалькі хвілін таксама выйшаў з аўдыторыі. Хуткім крокам пайшоў за паддоследным. Мы ішлі па ранейшым маршруце: спусціліся на першы паверх і накіраваліся ў бок метро. Доўга ехалі спачатку ў электрацягніку, потым у аўтобусе.
У транспарце і на вуліцы было шматлюдна, таму я застаўся незаўважным для хлопца. Мы падыходзілі да вялікага будынку, вакол якога знаходзілася шмат моладзі. У мяне ўзнікла адчуванне, што я быў тут раней.
Я не адразу зразумеў, што гэта інтэрнат. I тут узнікала яшчэ адна перашкода: я не мог трапіць у інтэрнат без пропуску, а тым болып незаўважаным. Заставалася чакаць. Хлопец зайшоў, я сеў на лаўку каля пад’ езда.
Так я праседзеў дзве з паловай гадзіны, а хлопец усё не выходзіў. Можа, ён сёння больш і не збіраецца на вуліцу, а я дарэмна чакаю, можа, юнак толькі пад вечар пойдзе куды-небудзь гуляць. Была палова пятай. Я вырашыў прайсціся, бо не мог больш тут сядзець.
У гэтага хлопца, відаць, шмат сяброў, прыяцеляў, знаёмых. Ён жыве весела, без асаблівых клопатаў. На першы погляд ён падаецца адкрытым для ўсіх, адкрытым для свету. Але я перакананы, што гэта не так. Ён адзінокі ды існуе адасоблена ад усіх. Адасоблена як у часе, так і ў прасторы. Пра што ён марыць? Як плануе жыць?
Сёння яму яшчэ не трэба думаць, дзе ўзяць грошы. У яго няма ўласнай сям’і, таму ён клапоціцца выключна пра сябе. Ён можа напівацца да стану сіняга агурка. Можа цэлы дзень валяцца ў ложку, гуляць з прыяцелямі, хадзіць у кіно, клубы ці на канцэрты. Усё гэта ён можа рабіць, а дакладней, ён можа нічога не рабіць, бо яго не абцяжарваюць праблемы вучобы, будучай працы, не абцяжарвае неабходнасць прыкладаць хоць нейкія намаганні.
Ён нават не задумваецца пра заўтра, паслязаўтра, пра будучае. Гэты хлопец жыве толькі сённяшнім днём, адасоблена ад учора і заўтра. Ён адзінокі для будучыні. Але не толькі для будучыні, ён адзінокі і сёння, ды не заўважае гэтага і не хоча заўважаць.
Неверагодная колькасць прыяцеляў няздольная ўратаваць ад адзіноты. Ён не хоча бачыць, што ўсе гэтыя зносіны павярхоўныя. Ягоныя сябры ставяцца да хлопца не нашмат лепш, чым да ворага, а яго дзяўчына, якую ён, напэўна, лічыць вельмі блізкім чалавекам, якой давярае, хлусіць яму больш за ўсіх. Але аднойчы, хоча ён таго ці не, ён мусіць гэта ўбачыць. I чым пазней гэта адбудзецца, тым горш.
Як жа гэта жахліва, калі здаецца, што ўсё цудоўна. Ты амаль шчаслівы. У цябе ёсць блізкі чалавек, якому ты шчыра давяраеш усе свае сакрэты, мары, спадзяванні.
Яшчэ ёсць сябры, якія цябе заўсёды і ва ўсім падтрымліваюць, якім ты заўсёды гатовы дапамагчы. I вось аднойчы, у самую цяжкую хвіліну, яны ўсе табе здрадзяць. He будзе нават каму паскардзіцца, расказаць пра свае праблемы, атрымаць хоць нейкую падтрымку.
Ты разумееш, што застаўся адзін. Пачынаеш хапацца за ўсё, што толькі трапіць на вочы, але яно выслізгвае з рук. Здзіўляешся, чаму так атрымалася. Злуеш на ўсіх. Ненавідзіш цэлы свет. Чаму людзі TaKia чэрствыя? Але, як вядома, прычыну нельга шукаць у іншых. Вінаваты толькі ты сам. Мне стала шкада гэтага хлопца. Але што я магу зрабіць? Падысці да яго і сказаць: «Слухай, ты няправільна жывеш. Трэба ўсё мяняць».
Яшчэ доўга я ўяўляў, кім ёсць гэты хлопец і якое ў яго жыццё. Думаў пра яго і падсвядома пераасэнсоўваў уласнае жыццё.
Я шмат гуляў. Вярнуўся толькі праз тры гадзіны. На зваротным шляху ледзь знайшоў інтэрнат. Сеў на той жа лаўцы і стаў чакаць. Хлопец усё не з’яўляўся. Мінула каля гадзіны. Магчыма, ён выйдзе пазней, і трэба крыху яшчэ пачакаць, а можа, ён ужо даўно выйшаў, пакуль я гуляў.
...Я дарэмна марную час. Ён, пэўна, ужо з якойнебудзь кампаніяй весяліцца, а я як дурань сяджу і шкадую яго. Праз дваццаць хвілін я падняўся і пайшоў у бок прыпынку. Спадзяванне, што хлопец выйдзе, прымушала мяне час ад часу азірацца ў бок пад’езда, але яго ўсё не было.
Перад тым, як павярнуць за дом, я азірнуўся апошні раз. Хлопца так і не ўбачыў. Я ішоў павольна. Штосьці ўнутры мяне разрывалася. Усё ж не можа так скончыцца. Нешта невядомае пацягнула мяне да таго месца, дзе я апошні раз азіраўся. Я крычаў пра сябе ад радасці, бо хлопец усё ж такі з’явіўся і ішоў у маім кірунку. Як добра, што я вярнуўся.
Я затуліўся ў куток за газетным шапікам, каб юнак мяне не бачыў. Праз хвіліну хлопец прайшоў міма. Я счакаў паўхвіліны і рушыў за ім. Мы даехалі да цэнтра. Быў ужо вечар, і горад пачаў запальваць агні.
Хлопец ішоў даволі хутка. Я сачыў толькі за ім, каб не згубіць. На момант падняў галаву і ўбачыў праз сто метраў вялікія літары «Enjoy». Там жа мусяць знаходзіцца ягоная дзяўчына і сябрук. У мяне, шчыра прызнацца, з’явіўся нейкі зларадны настрой. Ахапіла радаснае хваляванне, прадчуванне шоў. Я не мог супакоіцца.
Каля ўваходу ў клуб хлопец спыніўся. Ён кагосьці чакаў. Праз некалькі хвілін да яго падышла і пацалавала шыкоўная дзяўчына. На імгненне мой зларадны настрой перабіла зайздрасць. Але адкуль я ведаю гэтую дзяўчыну? Можа, у нас з ім ёсць агульныя знаёмыя? Хлопец нечакана ўскрыкнуў: попел з цыгарэты, якую паліла прыгажуня, трапіў яму на руку.
.. .Я адчуў боль. Штосьці кальнула маю руку. Мне зрабілася халодна. He можа быць! Гэты хлопец — я сам. Гэта ж я стаю з шыкоўнай дзяўчынай і збіраюся ўвайсці ў клуб, дзе мусяць знаходзіцца мая дзяўчына з маім сябрам. Гэта мне хлусяць сябры, гэта мяне яны ненавідзяць.
Няўжо пачуцці да той дзяўчыны, якая цяпер у клубе, захапілі мяне ўчора. Як так атрымліваецца, што адзін і той жа чалавек можа стаць прычынай вялікага шчасця і нясцерпных пакут. Няўжо гэта ў яе я гэтак закахаўся. Калі так, то хто гэтая дзяўчына, што побач са мною? Я аслупянеў. Дзяўчына здзіўлена пазірала на мяне і паўтарала: «Што з табой, зноў абкурыўся? Давай, пайшлі ў клуб».
Але я стаяў на месцы. He заўважаў таго, што робіцца вакол мяне. Нічога не чуў і не бачыў. Думкі несліся з неверагоднай хуткасцю. Я не ведаў, што рабіць. Можа, усяго гэтага не было, можа, гэта толькі мае фантазіі. Трэба праверыць, трэба зайсці ў клуб. Але я баяўся. А што, калі гэта сапраўды Я...
Мозг у слоіку
Іду па вуліцы. Разам са мной, а можа, не разам, а нават супраць мяне, ідзе вялікая колькасць «людзей»: жанчыны і мужчыны, маленькія дзеці са сваімі бацькамі, падлеткі, старыя людзі, белыя і чорныя (вох ужо гэтая сталіца, як вялікі заапарк), касавокія і проста сонныя, бадзёрыя і вясёлыя, сумныя і злыя, са спадзяваннямі і расчараваннямі, прыемныя і мілыя, агідныя і брыдкія. Яны нібы ідуць усе паасобку, але ўсе разам. Нібы розныя, але аднолькавыя. Гэта мешаніна «людзей», эмоцый, галасоў нейкая ненатуральная. Ненатуральныя жаданні, ненатуральныя эмоцыі, ненатуральныя людзі. Усё нейкае нерэальнае, нібы ў сне. Яны апранутыя ў яркую вопратку чырвонага, жоўтага, зялёнага колеру, але вуліца ўсё роўна нейкая шэрая, невясёлая, манатонная. Я паспытаў крыху гэтай манатоннасці і адчуў рэальнасць. Яна апынулася зусім непрыемнай на смак. Я ледзь не званітаваў, але стрымаўся, не хацеў сябе зараз выдаваць.
Вялікая, вялікая колькасць «людзей», усё навокал як мурашнік. Здаецца, знікне адзін, дзясятак, сотня і нават тысяча, а ўсё роўна нічога не зменіцца. Усё застанецца як і хвіліну, месяц, год таму. Нават яны самі не заўважаць, што сярод іх нехта знік: незнаёмы чалавек, сусед, сын альбо муж. Іх усё роўна шмат. I дзе б Я не ішоў, па праспекце, па Нямізе альбо па рынку ў Ждановічах, не важна, іх паўсюль безліч.