Дзіцячы маніфест  Кірыл Стаселька

Дзіцячы маніфест

Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
43.21 МБ
Людзі, адумайцеся! Пакуль не позна, называйце майткі майткамі, называйце рэчы сваімі імёнамі!
Галопам па Еўропам
Некаторыя задаюцца пытаннем, як так атрымалася, што Чэхія апынулася ў сацыялістычным лагеры. Прывяду з гэтай нагоды запісы з дзённіка аднаго жыхара Чэхіі тых часоў. Магчыма, што запісы не растлумачаць прычыны, але яны паказваюць пачуцці, з якімі чэхі сустракалі прыход сацыялізму.
«Ён нясецца імкліва. Імчыцца. Імчыцца. Імчыцца ён. Галопам па Еўропе нясецца ён — прывід камунізму. Яшчэ нядаўна ён лётаў па-над Еўропай. Залятаў у дамы манархаў. Прывід камунізму залятаў у іх дамы, каб папалохаць маленькіх дзетак і іх бацькоў. «А-а-а-а-а-а», — крычалі яны. «Ё-хо-хо», — крычаў ён. Ён быў барадаты, як Маркс з Энгельсам, і лысы, як Ленін. Толькі які-небудзь кароль запальваў свой падсвечнік з золата і са смарагдамі, як з цемры выскокваў прывід камунізму ды крычаў сваё «е-хо-хо», а кароль у адказ «а-а-а-а-а-а» — і ўжо стаіць з поўнымі штанамі калісьці мёртвай індычкі, калісьці ўзбітых вяршкоў, калісьці выпітага шампанскага ды шмат чаго іншага. Вось смеху было.
He паспяваў кароль памяняць свае зняважаныя штонікі, як прывід ужо палохаў іншага манарха. I працаваў прывід камунізму як сапраўдны пралетар — зусім без адпачынку. Некаторыя каралі звярталіся да паляўнічых на прывіды, але яны адмаўляліся брацца за гэтую працу, бо самі прадстаўлялі
пралетарыят. Прывід працягваў свае свавольствы. I вось прывід камунізму ў Расіі. Бах. Трах, бах, бабах. Рэвалюцыя.
Кажуць, што прывід камунізму сілкуецца рэвалюцыямі і сацыялістычнымі рэжымамі для таго, каб матэрыялізавацца. Ды гэта зразумела — ён жа матэрыяліст, таму ён паляцеў далей. Ён абрынуўся на Беларусь, Украіну, Літву, Латвію. Ён нясецца. Нясецца далей. Польшча. Ён ужо ў Польшчы. Прывід камунізму ўжо ў Польшчы. Ужо хутка ён будзе тут, у Чэхіі. О не. Чаму ж ён марудзіць. Кажуць, што яму не хочуць даваць візу. О не, толькі не гэта.
Ну і няхай, гэта яго не спыніць. Ён набліжаецца. А-а-а-а-а-а. Е-хо-хо. А-а-а-а-а-а. Е-хо-хо. А-а-а-а-а-а. Ё-хо-хо. Ёпцель. Ёп тваю дывізію. Ура. Ён ужо тут. Ура. Прывід камунізму ўжо ў Чэхіі. Ура, таварышы.
P.S. Ён ужо дае інтэрв’ю.
Звычайная любоу
Была нядзеля. Тут, на кірмашы, Ён шукаў якуюнебудзь экзатычную карціну ў свой пакой. На кірмашы заўсёды было шмат людзей, асабліва ў нядзелю. Ён размяшчаўся ў цэнтры гораду, на плошчы. Кірмаш для жыхароў гораду быў не толькі месцам гандлю, але і крыніцай новай інфармацыі: чутак, згадак, плётак, якія хоць нейкім чынам узрушалі манатоннасць жыцця ў гэтым маленькім горадзе. Акрамя таго, што тут прадавалася, бадай, усё, патрэбнае жыхарам, менавіта тут часта сустракаіся знаёмыя і сваякі.
Нядзельны кірмаш займаў амаль увесь дзень. Пакуль пагутарыш са знаёмымі пра падзеі, што адбыліся на працягу тыдня, пакуль набудзеш усё, што хацеў, пачынае цямнець.
Ён абышоў увесь кірмаш, але нічога асаблівага не знайшоў: усе карціны, нават тыя, што мелі розныя тэмы і прадаваліся ў розных кутках кірмаша, былі напісаныя на адзін капыл, нібыта іх стварыў адзін мастак.
Прыпыніўшыся на хвілінку, Ён пачаў думаць, дзе яшчэ могуць прадавацца карціны. I акурат у той момант, калі Ён збіраўся адмовіцца ад свайго намеру, яму трапіла на вочы прыгожая дзяўчына, што стаяла за пяць крокаў і глядзела на яго (а можа, не на яго, ва ўсялякім выпадку яму так здалося). Ён ніколі не бачыў яе раней, ды і апранута яна была незвычайна, дзяўчына была, напэўна, не мясцовая.
Калі Ён злавіў яе позірк, яна збянтэжылася і, каб хутчэй знікнуць ад яго, пайшла хуткімі крокамі праз натоўп. Але дзяўчына зацікавіла яго, зачаравала ці то позіркам, ці то выглядам, а мо чым-небудзь іншым, і Ён накіраваўся за ёй.
Пакінуўшы кірмаш, дзяўчына пайшла па вузкіх вулачках да галоўнай брамы. Усё жыццё Ён пражыў у гэтым горадзе, а што тут такія вузкія вулачкі ніколі не заўважаў. Яна выйшла з гораду і пайшла па сцяжынцы праз парк у бок рэчкі. Дзяўчына ішла даволі хуткімі крокамі, і Ён ледзь паспяваў за ёй.
Ён вельмі хваляваўся, што яна абернецца і зразумее, што Ён сочыць, але яна не абарочвалася, хоць, пэўна, даўно аб гэтым здагадвалася. Дзяўчына пачала спускацца да рэчкі і знікла за густымі кустамі. Ён пайшоў за ёй. Дзяўчына кудысьці знікла, і Ён адчуў, што ў яго хутчэй пачало біцца сэрца. «Што за пастка» — падумаў Ён.
— Ты за мной сочыш, — пачуўся ззаду мяккі голас.
— Вы мясцовая? — не адказаўшы, збянтэжана запытаў Ён.
Зараз у яго была добрая магчымасць разгледзець яе. Ён упэўніўся, што вопратка на ёй была не мясцовая. Дзяўчына была прыгожая. У яе былі густыя чорныя валасы, твар з усходнімі рысамі і спакуслівыя зялёныя вочы, зграбны стан.
— Так.
— Але я вас ніколі не бачыў.
— А я вас часта бачыла.
Здалёк пачуліся мужчынскія галасы. Яны ішлі з гораду, напэўна, рыбакі.
— Ну, усё, мне трэба ісці, — сказала яна і знікла за высокімі кустамі.
— Мы яшчэ сустрэнемся? — спытаў Ён, але ў адказ нічога не пачуў.
Ужо быў вечар, і Ён вяртаўся дадому. У галаве была рамантычная мітусня. Ён шкадаваў, што не праявіў дастатковай актыўнасці і не дамовіўся аб наступнай сустрэчы.
Ён быў малады, прыгожы. Многія дзяўчаты марылі, каб Ён звярнуў на іх увагу, пакутавалі ад кахання, але яго цынізм і самаўпэўненасць не дазвалялі яму каго-небудзь пакахаць. Ён лічыў іншых нявартымі яго, да ўсіх людзей Ён ставіўся звысоку, з пагардай. Але гэтая дзяўчына, якую Ён сёння сустрэў, захапіла яго сэрца, Ён не мог ні аб чым больш думаць. I цяпер ад кахання пакутаваў Ён.
Увесь тыдзень у ягонай галаве ўзнікалі здагадкі, дзе яна магла жыць, і дзе б Ён мог сустрэць яе зноў. Кожны дзень Ён наўмысна праходзіў праз кірмаш, спадзеючыся, што можа там яе сустрэць, але яе нідзе не было.
У нядзелю, зусім страціўшы надзею, Ён пайшоў за горад да рэчкі. Там нікога не было. Ён сядзеў там паўгадзіны, думаў, разважаў, і ў гэты момант Ён убачыў яе. Яна ласкава ўсміхалася.
— Мяне чакаеш?
— Так.
Ён ужо не спадзяваўся сустрэць яе, і таму ўзрадаваўся ўдвая яе з’яўленню. Дзяўчына села побач.
Яны доўга сядзелі на беразе рэчкі. Часам размаўлялі, але часцей проста маўчалі, не парушаючы гармоніі. Яму было спакойна і прыемна з ёй, здавалася, яны разумеюць адно аднаго без слоў. Ён павярнуўся да яе і сказаў:
— Слухай, мне з табой вельмі добра. Здаецца, што я цябе даўно ведаў, яшчэ да той хвіліны, як мы з табой сустрэліся. Я кахаю цябе.
Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але яму аб руку ўдарыўся мячык. Недалёка пачуліся дзіцячыя галасы. Ён інстынктыўна абярнуўся, а калі павярнуўся назад, дзяўчыны ўжо не было. Яму стала сумна, што яна так раптоўна знікла, нічога не патлумачыўшы. Яму здавалася, што яны сталі бліжэй. А яна ўсё цуралася яго. Можа, яе спалохала ягоная шчырасць.
Быў панядзелак, Ён ішоў па вузкай вулачцы. Павярнуўшы направа, Ён убачыў старога, які сядзеў і плакаў, а вакол яго валяліся клункі.
— Што з вамі здарылася?
— Трэба прадаць гэтыя рэчы, каб хоць штосьці засталося на чорны дзень, а ў мяне нават няма сіл, каб данесці іх да кірмашу.
— Слухайце, а што, калі я гэта ўсё ў вас куплю і на кірмаш несці не прыйдзецца.
— А хіба яно табе патрэбна?
— У гаспадарцы ўсё прыдасца.
— Дзякуй.
Ён даў старому ўдвая больш, чым той прасіў, і панёс усе клункі дадому. Гэтыя рэчы яму былі непатрэбныя, Ён нават не ведаў, што ў клунках, проста
Ён убачыў гаротнага старога, пашкадаваў яго, і вырашыў дапамагчы.
Здарылася б гэта месяц таму, Ён бы не заўважыў старога, але за апошні час Ён істотна змяніўся. Можа, гэта дзіўная дзяўчына так на яго паўплывала. Ён не ведаў, але сэрца яго стала дабрэй.
Прайшоў тыдзень, два, тры, а яна ўсё не прыходзіла. Кожную нядзелю Ён чакаў яе на беразе рэчкі, але яна з’явілася толькі праз месяц.
— Чаму ты не прыходзіла столькі часу? Дзе ты была, і чаму заўсёды так раптоўна знікаеш? Ды, нарэшце, як тваё імя?
У яго было шмат пытанняў, але дзяўчына стаяла і маўчала, нібыта не чуе. Спачатку Ён не заўважаў, але зараз, калі чакаў, убачыў: твар яе быў не такі лагодны, як раней, на ім адбіліся смутак і крыўда.
— Маё імя Эгаістыка, я ёсць горшая частка твайго «Я», я — гэта ты сам. Заўсёды ты любіў толькі сябе, але не разумеў гэтага, бо не мог прыслухацца да сябе, тваё жыццё было мітуснёй. Гэта была нерэальная любоў, бо калі сапраўды сябе любіш, то любіш і іншых, тых, хто вакол цябе. А ты іншымі людзьмі пагарджаў. Але калі ты паглядзеў унутр сябе, прыслухаўся да свайго сэрца, то зразумеў, сустрэў мяне.
Калі б ты заставаўся такім, як быў раней, мы б з табой яшчэ сустракаліся, але ты пачаў мяняцца. Ты больш не сустрэнеш мяне. Я хачу, каб любілі толькі мяне.
Удалечы пачуліся галасы...
Нататкі эксперыментатара
«Усе, каго ты любіў, ці кінуць цябе, ці памруць.
Усё, што ты стварыў, будзе забыта.
Усё, чым ты ганарыўся, будзе з часам выкінута на памыйку».
Чак Паланік «Байцоўскі клуб» (1996)
Сшытак. Сшытак. Сшытак за сшыткам. Я перакладваў сшытак за сшыткам. Гэта сшыткі таго кшталту, у якіх звычайна малююць на ўроках ці на парах. У іх малююць, пішуць, выкарыстоўваюць і як нататнік, і як чарнавік. Гэта ўніверсальныя сшыткі для ўсяго. Тут шмат малюнкаў, нумароў тэлефонаў, назваў кніг, ідэй, якія прыйшлі ў галаву, і шмат яшчэ чаго іншага. Яны мне вельмі дарагія. У іх прасочваецца эвалюцыя маіх інтарэсаў ды поглядаў, маё развіццё.
Успамінаў універсітэцкія гады, і захацелася перагледзець свае нататкі тых часоў. Гартаю старонкі. Я вельмі змяніўся за пятнаццаць гадоў. Сярод чарнавікоў сустракаюцца і тэматычныя сшыткі. Mae эсэ, штосьці накшталт дзённіка з чатырма запоўненымі старонкамі (мне так і не хапіла трывання весці яго далей), урыўкі з кніг па псіхалогіі.
Вось я дайшоў і да самага стылёвага. На ім напісана: «Эксперыментальныя нататкі». Гэта самы дарагі мне з усіх сшыткаў. 3 ім звязаны вялікі этап майго юнацтва і маладосці. Выпадкова адгортваю тую ці іншую старонку і чытаю...
***
«Эксперымент № 9: Страусы»
Ідэя гэтага эксперыменту прыйшла мне аднойчы, калі ў раёне Зялёнага Лугу (не памятаю, дзе дакладна) я праязджаў каля прыпынку на тралейбусе. На прыпынку я ўбачыў мужчыну гадоў пяцідзесяці, які валяўся на зямлі. Ён быў адзін. Ніхто не спрабаваў дапамагчы яму падняцца. Ніхто нават не правяраў, жывы ён ці не. I тым болып было марна спадзявацца, што хтосьці мог выклікаць хуткую дапамогу. Мяне гэта не толькі здзівіла і адначасова пакрыўдзіла, але пакінула ўва мне глыбокі адбітак. Такое я бачыў не першы раз, але задумаўся чамусьці толькі зараз.