Дзіцячы маніфест
Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
Перачытаўшы зноў, я зразумеў, што там пісалася пра мяне. He Вадзім быў аб’ектам майго эксперыменту, а я аб’ектам ягонага. Я думаў, што ў мяне ўсё пад кантролем, але аказалася, што мной самім кіруюць, а ўсе ягоныя змены былі ім жа самім і запланаваныя. Было пачуццё спустошанасці. Першы раз за сталае жыццё мне захацелася плакаць, але я стрымаўся. Зноў захлынула злосць. Захацелася адпомсціць. Зараз я быў на крок наперадзе. Думкі перабівалі адна адну...
Адзінота
Ішоў дождж. Вокны запацелі, і на іх добра было штонебудзь маляваць: сонейка, кветкі, або ўласнае імя, як любяць гэта рабіць малыя дзеці, адным словам, усё, што пажадаеш.
Васіль павольна вадзіў пальцам па акне, вымалёўваючы рысы чалавечка. Гэта быў дзіцёнак, невялікага росту, хлопчык з кароткімі і даволі густымі валасамі. Хоць хлопчык і быў намаляваны схематычна, але зачароўваў вока сваёй незвычайнай натуральнасцю, нібы нябесны анёл кіраваў рукой Васіля.
Васілю было больш за шэсцьдзесят гадоў. Ён быў сіратой, таму сваякоў ён не меў. Яго маладосць не была насычаная падзеямі: жыццё было манатонным, і ў гэтым назіралася вусцішная стабільнасць. I так атрымалася, што з юнацтва і да старасці ў яго ніколі не было сапраўдных сяброў. I не таму, што ён быў дрэнным, благім, не. Васіль быў чалавекам скрайне сціплым і шчырым, а гэта ў сучасным грамадстве не вельмі цэняць. Людзі заводзілі з ім стасункі толькі дзеля таго, каб скарыстацца з яго дабрыні, атрымаць з яго хоць якую карысць.
Усё сваё жыццё Васіль сумленна працаваў, ставіўся да людзей шчыра, ніколі нікога не ашукаў. Потым выйшаў на пенсію, а на сабраныя грошы марыў набыць невялікую ўтульную хатку ў вёсцы, дзе хацеў схавацца ад гарадской мітусні.
Васіль знайшоў акурат тое, што ідэальна адпавядала ягоным марам і ўжо загарэўся купіць гэты маёнтак, на які натрапіў у газеце. Але жыццё такое непрадказальнае і несправядлівае да сваіх дзяцей. У той час, калі Васіль падыходзіў да канторы, дзе было дамоўлена падпісаць дагавор аб куплі дома, на яго напалі два бамбізы. Яны адабралі ў яго ўсе грошы, а самога збілі да паўсмерці. Пасля гэтага мара перабрацца ў вёску сталася недасяжнаю, і то Васіль дзякаваў Богу, што застаўся жывы.
Жонкі і дзяцей у яго не было: не змог знайсці чалавека, які б яго падтрымліваў і сапраўды яго кахаў, нават пры адсутнасці грошай і ўласнай кватэры. Але каму патрэбны сірата. Ды ўвогуле, дужа і не шукаў. He было калі, думаў, як-небудзь потым. А тут глядзіш — і пенсія. Усе знаёмыя даўно перажаніліся, адзін ён такі застаўся.
Кожны дзень Васіль займаў сябе чытаннем кніг, але і гэта стамляе. Хацелася пагутарыць з жывым чалавекам. Аднойчы нават спрабаваў пазнаёміцца з гуртом пенсіянераў, якія з раніцы да вечара акупавалі лаўку пры пад’ездзе. Але ў Васіля нічога не атрымалася, ён толькі канчаткова расчараваўся ў людзях і яшчэ больш упэўніўся ў іх чэрствасці.
Адзінота страшэнна ціснула, з кожным днём усё мацней. Таму Васіль, гледзячы на хлопчыка, якога намаляваў хвіліну таму, думаў:
— Вось бы мне такога сына. А чаму і не? Хто такі сын? Можна сказаць, што сын — гэта чалавек, якога ты стварыў. Напрыклад, у таты Карла быў сын
Бураціна, якога ён стварыў з дрэва. Казка? Так, але ў кожнай казцы ёсць доля праўды. А хіба не я стварыў гэтага хлопчыка. Так, ён будзе мне сынам, а я буду пра яго клапаціцца.
Васіль разважаў і з кожнай секундай адчуваў прыліў пачуццяў, якіх у яго яшчэ не было ў жыцці.
Дождж працягваў ісці ўжо другі дзень. Васіль мусіў час ад часу падмалёўваць хлопчыка на шкле, каб той не знік, не загінуў. Ён размаўляў з хлопчыкам амаль не спыняючыся. Расказваў яму пра сваё жыццё, пра мары, якія ў яго былі, і планы, якія ўзніклі пасля «нараджэння» сына.
Васіль зусім не зважаў на фізічныя патрэбы ў вадзе і ежы. Ён не мог спыніцца, гэтая размова была яму як наркотык, як крыніца энергіі: чым болып ён гаварыў, тым болып знаходзілася новых рэчаў, пра якія ён хацеў расказаць.
У гэтым хлопчыку на шкле Васіль знайшоў сына і сябра, родную душу, істоту, клопат пра якую надаваў сілы. У Васіля з’явіўся сын, з якім ён мог падзяліцца сваімі думкамі і пачуццямі. I гэта нічога, што той не можа адказваць, галоўнае, што Васіль адчуваў яго прысутнасць. Хай не фізічную на яве, а ўяўную ў галаве. Гэта было няважна.
Васіль быў са сваім сынам два дні, нікуды не адыходзячы. Хоць гэта размова і надавала сіл, але Васілю, як і кожнаму чалавеку, патрэбны быў сон. Так не хацелася расставацца са сваім сынам нават ненадоўга. Васіль цвёрда вырашыў, што паспіць толькі тры гадзіны, а потым зноў вернецца да сына, бо хлопчык будзе сумаваць без яго.
Васіль паклаўся спаць, але фізічная патрэба перамагла, і ён праспаў каля дзевяці гадзін. Калі ён прачнуўся, ужо быў сонечны дзень. Васіль падышоў да акна, але ягонага сына не было. Ён загінуў ад сонечных промняў. Сонца было забойцам яго сына.
Васіль не мог паверыць, што хвіліны адзінага ў жыцці шчасця так хутка прамінулі. Яму хацелася заплакаць ад роспачы. Ён абрынуў праклёны на сонца і на свой гаротны лёс. Васіль не ведаў, што рабіць. Бегчы скардзіцца? Але каму? Ды і што ён скажа? Ён нават не паспеў даць свайму сыну імя.
Васіль адчуваў сябе вінаватым, але ў чым — і сам не мог усвядоміць. На яго найшла неадольная меланхолія. Ён не мог нічым займацца. Васілю не хацелася ні есці, ні піць. У такім стане ён прабыў увесь дзень. Яго сілы кудысьці знікалі, нібыта іх знішчаў нейкі цмок унутры яго. Можа, так яму і трэба: гэта Бог яго карае за тое, што не збярог сваё шчасце.
Цела слабла, а душа пакутавала. Хацелася на ўсё забыцца. Таму ён прымусіў сябе прылегчы і заснуць. Заснуў і ўжо больш ніколі не прачынаўся.
Змест
У пошуках СЯбе. Аповесць 3
Апавяданні
Сон? Рэальнасці? 99
Знаёмы незнаёмец 110
Мозг у слоіку 127
Вечныя дзеці 132
Два дні 136
Дзіцячы маніфест (1849 год, Лондан) 148
Як шляўкі парабацілі 151
Галопам па Еўропам 153
Звычайная любоў 155
Нататкі эксперыментатара 160
Адзінота 186
Літаратурна-мастацкае выданне
Час Воблы
Стаселька Кірыл
Дзіцячы маніфест
Аповесць, апавяданні
Адказны за выпуск Зміцер Вішнёў Рэдактар Галіна Дубянецкая Мастак Стася Сакалоўская
Вёрстка Ваперыя Шкляр Карэктар Лізавета Таран
Падпісана ў друк 16.12.2015. Фармат 84x108/32.
Папера афсетная. Друк афсетны.
Ум. друк. арк. 10,08. Ул.-выд. арк. 5,99.
Наклад 300 ас. Замова № 4847.
Прыватнае выдавецкае ўнітарнае прадпрыемства «Галіяфы». Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюджвальніка друкаваных выданняў № 1/48 ад 03.10.2013.
Пр. Партызанскі, 77А, 220088, Мінск.
E-mail: vish@bk.ru www.halijafy.by
ТАА «Полнкрафт».
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюджвальніка друкаваных выданняў № 2/14 ад 21.11.2013.
Вул. Кнорына, 50, 220103, Мінск.
*