Дзіцячы маніфест
Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
***
Мне заўсёды хацелася кіраваць людзьмі. He аднымдвума, а масамі людзей. Быць прэзідэнтам — не тое: сёння прэзідэнт ты, а заўтра выбралі ўжо іншага прэзідэнта. Дыктатар таксама не тое. Я хацеў чагосьці іншага, чагосьці большага.
Пісаць сцэнары рэвалюцый, задаваць мадэлі паводзін тых ці іншых палітыкаў, кіраваць сацыяльнымі ды палітычнымі працэсамі, круціць туды-сюды дурныя масы — вось што было маёй марай, а калі сказаць больш дакладна, мэтай. Як гэта называецца, не скажу, штосьці кшалту паліттэхнолага, але яшчэ шырэй. Напэўна, гэта лепш назваць сацыяльнапалітычнымі тэхналогіямі.
Я разумеў, што перш за ўсё мне трэба вельмі шмат ведаць, да дробязей вывучыць сацыяльныя навукі, такія як псіхалогія, паліталогія, сацыялогія, эканоміка ды іншыя. Мне трэба бачыць сацыяльнапалітычныя працэсы і разумець іх сутнасць, прычыны, ход, вынікі. Толькі ў гэтым выпадку магчыма кіраваць сацыяльнымі працэсамі.
У гэты перыяд я пачаў ставіць невялікія эксперыменцікі, якія занатоўваў у спецыяльны сшытак. Гэта было, так бы мовіць, штосьці накшталт практыкі, якая
дасць бясцэнны вопыт на будучыню. Першыя эксперыменты былі зусім несур’ёзнымі і падобнымі больш на жарт. Але чым далей, тым больш карысныя вынікі яны давалі мне. Яны станавіліся цікавей, сур’ёзней.
Але я не абмяжоўваўся некалькімі навукамі. Я быў упэўнены, што самае галоўнае — гэта пастаяннае самаразвіццё, а для гэтага трэба развівацца ў розных накірунках, атрымліваць багаты вопыт. Калі ты развітая асоба, дасягнуць чагосьці можна без праблем, трэба толькі шмат працаваць. Вельмі шмат.
Ужо даўно я не верыў ні ў бога, ні ў якія-небудзь там аўтэрытэты. Да ўсяго я ставіўся вельмі скептычна і верыў толькі ў сябе. У мяне было шмат прыяцеляў, якія лічылі мяне сябрам, але я ніколі ім да канца не давяраў, ніколі нават не спрабаваў на іх паспадзявацца ў нейкай сітуацыі, бо лічыў, што ўсе людзі эгаістычныя. Я разлічваў толькі на свае сілы. Калі штосьці не атрымлівалася, я нікога не вінаваціў. Для мяне гэта быў толькі паказчык, што трэба болып развівацца, больш працаваць над сабой.
Але я разумеў, што сёння, якім бы ты ні быў таленавітым, разумным, цудоўным, гэта яшчэ зусім не гарантуе вялікіх дасягненняў. Сёння трэба іншае. Каб чагосьці дасягнуць, трэба быць хітрым, выключна рацыянальным, беспрынцыпным, эгаістычным, сябелюбівым.
Я ж быў іншым, я быў добрым, даверлівым, адкрытым, мне хацелася з усімі сябраваць, кожнаму дапамагчы. Але з часам мне стала зразумела, што гэта будзе толькі перашкаджаць мне ў дасягненні мэты.
Таму я пачаў усяк душыць у сабе ўсе добрыя, з пункту гледжання маралі, рысы і клапатліва выхоўваць усё самае дрэннае і цёмнае.
Калі я вучыўся яшчэ ў старэйшых класах, мая ўласная хатняя бібліятэка налічвала сотні кніг у абсалютна розных галінах: гісторыя, філасофія, псіхалогія, сацыялогія, паліталогія, мастацтва, фізіка, біялогія, мастацкая літаратура ды яшчэ шмат чаго.
Мне было цікава ўсё, я шмат чытаў. He было ніводнага дня, калі б я не чытаў. Дзесяць, пяцьдзясят ці дзвесце дзесяць старонак, але я чытаў штодня. Акрамя гэтага, у мяне былі спецыяльныя сшыткі, у якія я занатоўваў вельмі важныя, як я меркаваў, аспекты, практычна неабходныя мне ў будучым.
Калі прыйшоў час паступаць ва ўніверсітэт, я выбраў паліталогію на юрыдычным факультэце. Юнаму хлопцу здавалася, што там ён стане хаця б паліттэхнолагам. Але там было болып ідэалогіі, чым тэхналогіі. Хутка прыйшло расчараванне. Сур’ёзнай, карыснай інфармацыі там быў мізер, які можна было атрымаць і самому, без універсітэта.
Правучыўшыся адзін курс, я вырашыў перавесціся на іншы факультэт. На які факультэт, пытанняў не выклікала. Узнікла пытанне, на сацыялогію ці на псіхалогію. 3 аднаго боку, сацыялогія была мне вельмі патрэбная. 3 другога боку, і псіхалогія была не менш важная, але вывучаць яе як навуку самастойна мне падалося больш складаным, чым сацыялогію. Здаўшы ўсе патрэбныя іспыты, я паспяхова перавёўся на псіхалогію. Тым больш што пэўная база ў мяне ўжо была.
Акрамя гэтага, калі выпадаў вольны час, ці замест не вельмі важных прадметаў (такіх як ідэалогія, інфарматыка, фізічная кулыура), я паспяваў наведваць і некаторыя лекцыі па сацыялогіі. Працягваў шмат чытаць.
На новым факультэце я без праблем завёў новыя знаемствы. У гэты ж самы час я пачаў практыкаваць на новых прыяцелях уласныя навыкі ў псіхалогіі. Працягваў праводзіць эксперыменты і занатоўваць іх у свой сшытак.
«Эксперымент № 16: Канфармізм»
Мне стала цікава, ці атрымаецца ў мяне правесці эксперымент, падобны да таго, які калісьці праводзіў Стэнлі Мілграм на амерыканскіх вуліцах. Я быў у болып складаных умовах, бо ў мяне не было асістэнтаў. Але вырашыў, што і ўласных сілаў будзе дастаткова.
Я стаў на Нямізе каля шапіка Белсаюздруку, дзе на прыпынку было шмат людзей (для мяне прыпынак — самае зручнае месца, каб праводзіць эксперымент). Уверсе я нібыта штосьці заўважыў і пачаў настойліва туды глядзець. Усе навокал былі занятыя сваімі справамі, і ніхто так і не заўважыў маіх намаганняў (так, без асістэнтаў ні туды і ні сюды).
Гэта мяне крыху засмуціла, але справа, напэўна, была ў тым, што большасць чытала газеты ды часо-
пісы, і проста не бачыла мяне. Тады я крыху прайшоў уздоўж вуліцы да наступнага прыпынку, дзе ўжо не было шапіка, і пачаў свой эксперымент зноў. Я рабіў выгляд, нібыта імкнуся штосьці разгледзець як мага лепш.
Праз пятнаццаць секунд чалавекі чатыры таксама пачалі глядзець уверх, спрабуючы штосьці знайсці. Праз пяць секунд да іх далучыліся яшчэ два чалавекі. Але нічога не ўбачыўшы, усе яны зноў сталі займацца сваімі справамі, а дакладней кажучы, чакаць аўтобус. Так, вынікі былі ўжо значна лепшымі, але чагосьці ўсё-такі не ставала, акрамя асістэнтаў, канечне.
Тады я вырашыў знайсці якую-небудзь дробязь, якая магла б прыцягнуць увагу. На працягу прыкладна сарака хвілін я ішоў па вуліцы, спрабуючы знайсці хоць што-небудзь недалёка ад прыпынку. Нарэшце я заўважыў месца, дзе на сёмым паверсе было крыху разбітае акно.
Пачакаўшы хвіліну, я нібыта заўважыў разбітае шкло і пачаў яго разглядаць. Праз некалькі секунд яшчэ чалавекі два пачалі разглядаць гэтае акно, потым яшчэ чатыры, потым яшчэ і яшчэ. У выніку ўвесь прыпынак разглядаў месца, дзе было выбітае шкло.
Каб крыху разварушыць гэтае разгляданне, я зрабіў хітры крок, выказаўшы версію аб тым, што здарылася са шклом. Пасля гэтага ўсе пачалі шукаць тлумачэнне гэтаму разбітаму акну. Дайшлі да таго, што там, напэўна, штосьці адбываецца:
— Бойка, можа, якая?
— Тады на вуліцы павінна валяцца шкло.
Усе пачалі, як адзін, шукаць вачыма, ці не валяецца дзе пабітае шкло. Нічога не знайшоўшы, хтосьці выказаў версію, што гэта рабаўнікі, і тады акно было разбітае звонку.
Яны працягвалі разглядаць розныя версіі, і не ведаю, да чаго б усё дайшло, калі б мужчына, які толькі што прыйшоў на прыпынак і больш-менш зразумеў, што адбываецца, не ахаладзіў іх сваім каментаром. У выніку ўсе засаромлена пагадзіліся, што гэта было глупства, і шыбы, напэўна, разбітыя ўжо даволі даўно ды выпадкова...
***
Ужо другі год я вучыўся на псіхалогіі, то бок, быў ужо на трэцім курсе. Пастаяннае знаходжанне ў акадэмічнай атмасферы паўплывала і на форму маіх эксперыментаў. Яны сталі больш структураванымі, і ўжо крыху сталі набліжацца да навуковых.
Акурат у гэты час да нас перавёўся новы студэнт. Яго звалі Вадзім. Ён быў досыць сціплы, непрыкметны, невысокага росту, але даволі каржакаваты. Менавіта тады ў мяне ўзнікла ідэя правесці болып працяглы па часе і больш сур’ёзны па выніках эксперымент.
Аб’ектам майго эксперыменту стане вось гэты новенькі студэнт, а мэтай — поўнае яго змяненне. He столькі знешняе, колькі псіхалагічнае, душэўнае. Я вырашыў зляпіць з яго новую асобу, цалкам перавярнуць ягоны спосаб мыслення, бачанне самога сябе, іншых
людзей і свету. У сваім сшытку я запісаў гэты эксперымент так: «Эксперымент № 39: Новы чалавек».
У маёй галаве адразу склаўся больш-менш падрабязны план дзеянняў. Перш за ўсё трэба з ім пасябраваць, высветліць яго моцныя і слабыя бакі, трэба прывязаць яго да сябе, атрымаць над ім уладу, а потым я ўжо без праблем змагу з яго ляпіць усё, што заўгодна. Я буду ляпіць яго ідэалы, прынцыпы, я буду ляпіць яго.
Перад пачаткам апошняй лекцыі я перасеў да яго на апошнюю парту. Лекцыя ўжо пачалася, калі я пачаў з ім размову.
— Прывітанне! Як табе першы дзень у нас?
— Даволі добра. Усе такія прыемныя, вясёлыя.
— Ужо з кім-небудзь раззнаёміўся?
— He, яшчэ не паспеў.
— Ну, значыць, я быду першым?
— Ага.
Добра, што я стаў першым. Мне будзе значна прасцей. Калі чалавек апынаецца ў новай абстаноўцы зусім адзін, ён пачынае тады чапляцца за любога, хто яму працягне руку. Яшчэ крыху паразмаўляўшы, я прапанаваў яму схадзіць сёння ў які-небудзь бар. Ён з радасцю згадзіўся.
Я не ведаў наконт яго фінасавага становішча, таму мы пайшлі ў недарагі, але даволі ўтульны бар. Ён размаўляў так жа сціпла, як сёння на лекцыі, калі мы сядзелі разам. Спачатку размова неяк не клеілася, і я пачаў злавацца. Але, крыху падпіўшы, мы знайшлі нямала агульных тэмаў для размовы.
Вадзім аказаўся даволі разумным хлопцам і цікавым суразмоўцам. Ён таксама шмат чытаў. Мы размаўлялі абсалютна на розныя тэмы. Пачалі з кінематографа: Мікелянджэла Антаніоні, Фрыц Ланг, Жан-Люк Гадар, Квенцін Таранціна, Ларс Фон Трыер, Вудзі Ален. Потым перайшлі да літаратуры, як да класікі, так і да сучасных творцаў: Стэндаль, Аляксандр Дзюма, Арцюр Рэмбо, Ален Роб-Грые, Хантэр Томпсан, Мішэль Уэльбэк. Высветлілася, што яму, як і мне, вельмі падабаецца творчасць Оскара Уайльда.
Незаўважна мы перайшлі да тэмы падарожжаў. Расказвалі адзін аднаму, у якіх краінах хто быў, што болып спадабалася. Нам было разам так весела, што пяць гадзін, праведзеных намі ў бары, прайшлі як імгненне. Безумоўна, свой эфект меў і алкаголь.
Але за ўсім гэтым вяселлем я не забываўся паказваць свой характар, навязваючы яму сваё дамінаванне, з якім ён адразу пагадзіўся. Развітаўшыся з ім, я застаўся ў добрым настроі. Усё атрымалася як найлепш. Першы этап майго плана прайшоў вельмі паспяхова.
На наступны дзень мы ўжо былі як найлепшыя сябры. Я пазнаёміў яго з тымі людзьмі ў групе, з якімі лічыў патрэбным, за што ён выказаў мне вялікую падзяку. Ён увесь час задаваў мне нейкія пытанні, а я з выглядам эксперта ўпэўнена адказваў на іх.