Дзіцячы маніфест  Кірыл Стаселька

Дзіцячы маніфест

Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 192с.
Мінск 2015
43.21 МБ
Жыля было не пазнаць. Погляд стаў спакойным і мяккім, у ім чыталася горкая мудрасць старога. Агрэсіўная тэмпераментнасць змянілася ненадакучлівай лагоднасцю. Раней здавалася, што рост Эга не проста натуральная з’ява, але неабходная і нават карысная. Ён быў упэўнены: Эга адзінае, што заўсёды будзе пры ім, з ім, у ім, часткай яго. Адзінае, што
з’яўляецца стымулам вялікіх дасягненняў і выратаваннем падчас душэўных крызісаў, адзіноты, меланхоліі. Будзе расці яно — будзе мацнець унутраная апора. Жыль мог здрадзіць сваім сябрам, радзіме, высокім ідэалам, але ніколі б не здрадзіў уласнаму Эга.
Шмат у чым ён лічыў сябе чалавекам «анты», быў атэістам, імаралістам, цынікам, рэвалюцыянерам, бунтаром, скандалістам, маргіналам. У немалой ступені гэта выстаўлялася напаказ, гульня на публіку, якая рабіла яго яшчэ больш папулярным, стварала вакол яго загадкавы арэол. Але крайні нарцысізм, эксцэнтрычнасць і чэрствасць у дачыненні да астатніх былі сапраўднымі. Нават калі пачаліся пастаянныя сваркі з сябрамі і жонкай, Жыль успрымаў гэта ўсяго толькі як узлаванасць, зайздрасць нікчэмнасцяў да поспехаў генія. Барацьба за Эга набыла вострыя формы. Клініку ён успрыняў як фінальную бітву. Пытанне ў тым, хто каго. Або ён грамадства, або грамадства яго.
Андрэй у гэтай вайне выступіў жаўнерам варожага войска. Таму Жыль паставіўся да яго з усёй нянавісцю. Але так было толькі першы час. Той нават не спрабаваў атакаваць яго Эга, зламаць, да чагосьці схіліць. Можа, варожыя хітрыкі, стратэгія? Але і далей Андрэй заставаўся ўсяго толькі зацікаўленым слухачом і адкрытым суразмоўцам. Суразмоўцам, які сам цалкам раскрыўся. Перад ім малады доктар вывернуў вонкі ўсяго сябе, свае хваляванні, таямніцы, эмоцыі, усю сваю душу. Жыль бачыў, што гэта не махлярства, і вывернуў усяго сябе ў адказ. Дзяліўся
тым, што яшчэ нікому не казаў. Так, аднойчы распавёў Андрэю, чаму вырашыў займацца мастацтвам.
— Доўгі час я займаўся ўсялякай лухтой, нічога з сябе не ўяўляў. Як і ўсе вакол, бегаў на працу, быў самым звычайным шараговым журналістам у невялікім выдавецтве. Усе дні, як я неўзабаве ўсвядоміў, праходзілі марна, усё аднолькава, ніякага прагрэсу. Вядома, нічога дрэннага многія ў гэтым не бачаць, бо ў мяне было тое, пра што многія толькі марылі, у чым бачаць стабільнасць: я меў кватэру, працу, некаторы заробак, але адчуваў: нешта ідзе не так.
Неяк на выходных я прыехаў у дом бацькоў. Корпаўся ў старых рэчах, пераглядаў фотаздымкі школьных часоў. Сярод іх мне трапіўся здымак брата, калі той вучыўся ў каледжы. Тады ён марыў заняцца навукай. Жазэфу яшчэ не было васямнаццаці, калі яго насмерць збіла машына. Я таксама пра многае марыў. У дзяцінстве ўсе вераць у светлую будучыню, што калі стануць дарослымі, ажыццявяць усе свае задумкі і планы, што менавіта тады пачнецца сапраўднае жыццё. А ў рэшце рэшт, гадоў так у сорак, азіраюцца на мінулае ды разумеюць, што ўсё выйшла зусім не так, але працягваюць і далей жыць, нічога не змяняючы: трываючы нялюбую працу, магчыма, з некаханым чалавекам, без перспектыў, у жудаснай нікчэмнай штодзённасці.
Самае страшнае, што гэта не яны нейкія не таленавітыя, ні на што не здольныя ці ўвесь свет супраць іх. Справа ў іншым, усё значна прасцей: яны проста нічога не робяць, нават не спрабуюць прыкласці
крыху больш намаганняў, чым неабходна для звычайнага існавання, так і працягваючы глядзець з захапленнем, па-злому альбо па-добраму зайздросціць вядомым, багатым, больш паспяховым.
Андрэ, уяві сабе маленькага хлопчыка з невялікай вёсачкі, напрыклад, у Шампані. Бацькі паабяцалі звазіць яго на выходных у Парыж на атракцыёны. Ён чакаў гэтага ўвесь тыдзень з натхненнем ды радасным прадчуваннем, ні пра што больш і думаць не мог. Кожная хвіліна яго дзіцячага жыцця была прасякнутая чаканнем будучай паездкі. I вось, калі наступіў доўгачаканы дзень, бацькі паведамілі, амаль між іншым, што гэтым разам ніяк не атрымаецца. Ты хоць уяўляеш, што гэтая дробязь для дарослага чалавека значыла для маленькага хлопчыка, ты ўяўляеш, якое расчараванне ён перажыў? I ўсё толькі таму, што бацькі паленаваліся і знайшлі ў сваё апраўданне дзясятак нібыта важных спраў, але насамрэч у сто разоў менш важных, чым ашуканыя чаканні і мары.
Гэткае здарылася з маленькім хлопчыкам на фотаздымку ў маіх руках. Ён верыў у сябе дарослага, верыў у мяне, а я яго расчараваў. Мой брат такога б не ўчыніў. Мне стала сорамна, крыўдна, моташна. У той дзень я вырашыў, што не буду больш марнаваць сваё жыццё на пастаянны адпачынак і няважныя рэчы. Кожны дзень буду імкнуцца да рэалізацыі сваёй мары. Нават калі не дасягну яе, буду ўпэўнены, што зрабіў усё магчымае і ніводнанага дня не пражыў дарэмна. 3 таго часу, Андрэ, усе сілы я аддаваў творчасці.
Жыль адчуваў у сваім суразмоўцу блізкага сябра, якога яму не ставала ўсё жыццё. Малады чалавек быў не проста сябрам, але стаў вучнем. Вучнем не толькі ў літаратуры, але ў жыцці. Жыль адчуваў удзячнасць, праўда, не ўсведамляў, за што. Магчыма, за бескарыслівае сяброўства, можа, за вылячэнне, хоць той і не спрабаваў яго вылечыць, «наставіць на праведны шлях». Ён быў удзячны за тое, што яму зрабілася лягчэй, болып нічога не душыла знутры, за тое, што дні зноў сталі выцерпнымі.
Зранку Андрэй меў гутарку з Жылем, яны разбіралі структуру і стыль ягонага апавядання. А цяпер ён уладкаваўся ў адной з невялікіх залаў палаца і спрабаваў выправіць дробныя хібы. Праца над тэкстам зацягнулася дапазна, бліжэй да ночы ў суседнім памяшканні пачуліся нечыя галасы, але пра што ішла гаворка, Андрэй не мог разабраць. Толькі палічыў, што гэта Базалья Франка зноў усіх сабраў для абмеркавання адміністрацыйных пытанняў. У апошні час той быў не ў сабе, мог сарвацца і накрычаць з-за ўсялякіх дробязей. Для стрыманага і тактоўнага Франка такія паводзіны былі нязвыклымі, таму здзіўлялі і трохі палохалі Андрэя. Здаралася, што памочнік Штомпкі запрашаў некаторых дактароў у адзін з вольных пакояў. Гэтыя незвычайныя сходы праходзілі позна ўночы і насілі адценне сакрэтнасці. Атмасфера ў клініцы станавілася ўсё больш на-
пружанай, дактары — маўклівымі, амаль ніхто не выходзіў са сваіх пакояў у вольны час, як гэта было раней. Напэўна, Андрэй застаўся адзіным, хто не перастаў швэндацца па палацы і яго наваколлі.
У Тадэвуша яму ўдалося высветліць, што незвычайныя змены звязаныя з захворваннем доктара Штомпкі, у якога назіраецца развіццё так званага «Комплексу Бога». Па ягоным целе праходзілі электрычныя разрады. Ён навучыўся павялічваць ды змяншаць ціск току, але не быў здольны цалкам яго кантраляваць. З’яўленне сімптомаў стварала пэўны ўзровень небяспекі як для яго самога, так і для тых, хто яго атачаў. Да прыкладу, Штомпку было небяспечна знаходзіцца на вуліцы падчас дажджу, бо вада магла выклікаць кароткае замыканне ў арганізме. Больш нічога канкрэтнага пра сітуацыю ў клініцы Тадэвуш не мог растлумачыць, а магчыма, не захацеў.
Спачатку Андрэй сабраўся адразу ж пераказаць пра тое, што адбываецца, свайму адзінаму сябру. PaHeft ён не абмяркоўваў з Жылем унутраныя справы клінікі. Да таго ж, гэта было строга забаронена. Але ў любым выпадку ён і сам ведаў не так ужо шмат. Таму вырашыў пачакаць далейшага развіцця падзей. Жыль заўважыў у паводзінах маладога сябра неспакой, але не стаў турбаваць Андрэя дакучлівымі роспытамі.
Наступнай ноччу Базалья Франка зноў арганізаваў пасяджэнне персаналу, але гэтым разам запрасіў усіх, акрамя Штомпкі. Было зразумела, што размова пойдзе пра сітуацыю, якая склалася. Для Андрэя
было цалкам зразумела, што сітуацыя надзвычайная і набывала пагрозлівы характар.
***
Пасяджэнне праходзіла таямніча. Дактары заходзілі як мага цішэй, паасобку, з розніцай у некалькі хвілін. Пакой асвятляла чырвоным святлом лямпа, якая надавала яшчэ больш загадкавасці гэтай атмасферы. Усе чакалі моўчкі, апусціўшы вочы ў падлогу. Апошнім увайшоў Франка, зачыніўшы за сабой дзверы. Мінула некалькі секунд, як у дзверы пагрукалі. Усе здрыгануліся ад нечаканасці. Франка з хваляваннем абвёў позіркам прысутных, пераканаўшыся, што не хапае аднаго чалавека, ды злосна ўдакладніў: «Гэта Войцах». Пажылы мужчына пракраўся ды сеў на свабоднае месца, спрабуючы не звяртаць увагі на абураныя твары калегаў.
Здавалася, усе, акрамя Андрэя, дакладна ведаюць, пра што будзе ісці гаворка. Базалья пачаў з таго, пра што кожнаму было ўжо даўно вядома. Але развіццё ў Штомпкі «Комплексу Бога» было не самым жахлівым. Уласныя сімптомы ён успрыняў не як небяспечнае захворванне, але як знак неабходнасці вяртання да старых метадаў лячэння. Апрабаваць лячэнне токам ён вырашыў на Дэрба Крузе, які падвяргаўся катаванням па некалькі гадзін на дзень. Падчас адной з падобных працэдур той не вытрываў ды сканаў. На жаль, няўдача не спыніла Штомпку, а толькі пераканала ў неабходнасці ўдасканаліць метад.
— Ніякія мае спробы і намаганні не дапамаглі. Дырэктар не мае намеру слухаць хоць якую крытыку, не паддаецца перакананню. Я ўпэўнены, што няма надзеі ўгаварыць яго прайсці курс лячэння. Гэта толькі пагоршыць яго стан, выклікае агрэсію і можа прывесці да самых кепскіх наступстваў. Пакідаць усё як ёсць таксама немагчыма. Мы знаходзімся ў безвыходнай сітуацыі. Нават адважуся сказаць — у небяспечнай сітуацыі. У сувязі з чым лічу неабходным тэрмінова звярнуцца да вышэйшага кіраўніцтва ў Варшаве і паведаміць пра ўсё, нічога не ўтойваючы. Сам адправіцца я не магу, бо мая адсутнасць можа выклікаць падазрэнні ў доктара Штомпкі, — працягваў Базалья Франка.
Было прынята рашэнне той жа ноччу адправіць у Варшаву доктара Анджэя Валенскага. На месцы ён будзе раніцай. У час сустрэчы, пра якую было ўжо дамоўлена, той апіша ўсё як ёсць і, атрымаўшы падрабязныя інструкцыі, вернецца ў Мікушэва прыблізна ўвечары. Таму чарговы сход, на якім будуць вызначаныя далейшыя крокі, прызначылі на наступную ноч, калі вернецца Валенскі. Пра якое «кіраўніцтва» ішла гаворка, Андрэй не ведаў.
Разыходзіліся ўсе таксама па адным. Пакуль Тадэвуш не выйшаў, атрымалася дамовіцца з ім пра сустрэчу праз паўгадзіны на ганку. У пакоі застаўся толькі Базалья Франка. Андрэй паглядзеў яму ў вочы, спадзеючыся, што той нешта скажа яму асабіста. Але ён толькі стомлена пахітаў галавой і поглядам паказаў на дзверы. Выйшаўшы, Андрэй спрабаваў рас-